– Тут жыцьмеш. Печку многа не паліць. Будзеш працаваць – будзеш есці.
Падышоў маладзейшы чачэнец з УАЗіка.
– Ты добра працуеш – добра жывеш. Я тут буду бываць кожныя тры дні. Хай ларамэ стаг на цябе пакрыўдзіцца ці будзе незадаволены тваёй работай, я буду рэзаць на спіне паскамі тваю скуру і здзіраць. Запомніў?
Ён пытаўся з пагрозай і патрабаваннем адказу.
– Мне зразумела, – выцісну з сябе Мацвей.
Стары падпіхнуў яго ў хлеўчык, Мацвей ступіў, і дзверцы за ім зачыніліся.
Частка 7
Знутры хлеўчык выглядаў больш прывабліва: нізкая столь і сцены былі абмазаныя глінай ці яшчэ чым і пабеленыя. Невялікае акенца з мутнай шклінай. Ля адной сцяны – нешта з камянёў кшталту каміна, ляжалі дровы, скрыня. Узбоч двух другіх сцен – два драўляныя тапчаны, на левым ляжала свежая салома і складзеная коўдра, на правым грувасцілася куча старога рыззя, накінутая кавалкам чорнай поліэтыленавай плёнкі. Адтуль невыносна несла смуродам.
Мацвей прысеў на вольны тапчан, паставіў ля ног заплечнік.
І раптоўна навалілася, бы прарвала плаціну: адчай задушваў, захацелася завыць дзіка, закрычаць, падхапіцца і бегчы, казаць гэтым людзям, што гэта памылка, што ён – будучы вучоны, паехаў зарабляць грошы, каб вярнуць доўг, што яго чакае дома маці, што гэта ўсё няправільна, нелагічна, гэта неверагодная памылка ў стройнай сістэме ягонага жыцця: трэба ўсё наладзіць, вярнуцца ў Мінск, пайсці да таго следчага і падпісаць паперку…
Колькі ён прасядзеў у здранцвенні, Мацвей не мог сказаць – заўважыў, што ў хлеўчыку прыкметна пацямнела. Да рэчаіснасці яго вярнуў холад. Прымусіў сябе ўзняцца, падышоў да ачага. Побач ляжалі дровы, каробку запалак, кавалкі кары. Стаў разводзіць агонь, злавіўшы сябе на думцы, што не рабіў тое так даўно. Ды і ці рабіў? У ягоных дзіцячых забавах і прыгодах не было кастроў у лесе ўпотайкі ад дарослых. У студэнцтве два ці тры разы яго, яшчэ не ўсім вядомую зануду, бралі з сабой аднагрупнікі, ды да такіх адказных дзеянняў ён дачынення не меў.
Але атрымалася – агеньчык засквірчэў на кавалку кары, захапіў у свой чырвоны палон дробныя галінкі. Дым не пацягнула адразу ў трубу – ён напачатку разыходзіўся па хлеўчыку, саладкавы, удушлівы, збіраўся пад нізкай столлю. Заслязіліся вочы, Мацвей прылёг.
І адразу ж падхапіўся, перапуджаны – не ўбачыў, а хутчэй адчуў шавяленне ў кучы рыззя на суседнім тапчане. Ледзь не закрычаў, калі з-пад чорнай плёнкі долу пасунулася… чалавечая рука. З тахканнем сэрца недзе пад горлам падышоў і асцярожна адкінуў плёнку, стараючыся не дыхаць ад смуроду. Адкінуў і шэрую тонкую коўдру. І ўбачыў зарослы валасамі твар. Глыбока запалыя вочы адкрыліся.
– Ты хто? – спытаўся Мацвей.
Чалавек не зрэагаваў на пытанне.
Мацвей падскочыў да дзвярэй, штурхнуў іх і яны адкрыліся. На двары яшчэ стаяў УАЗік, але нікога не было відно. У хацінцы свяцілася акно, і ён паспяшаўся да яе.
Дзверы хаты знянацку расчыніліся, выскачыў малады чачэнец, а за ім паказаўся стары. Мацвей не паспеў выдахнуць свае словы, як чачэнец з размаху ударыў яго нагой у жывот. Пякучы боль кінуў Мацвея на зямлю, ён сагнуўся, а на яго пасыпаліся яшчэ удары – у спіну, бакі, галаву. Не паспеў прыкрыць твар рукамі – цяжкі чаравік чачэнца прайшоўся па ягоным носе і роце. І ўсё гэта ў поўнай цішыні.
Колькі момантаў ён ляжаў нерухома, аглушаны і расціснуты. Малады падхапіў яго за каўнер, прымусіў узняцца. Мацвей ацёр абкрываўлены рот – у яго была разбітая губа.
– Сучара! Ты – жывёла, запомні! – запырскаў слінай у твар чачэнец, трымаючы яго за грудкі. – Цябе завялі ў стойла – там і сядзі, пакуль не пазавуць! Хто табе дазволіў хадзіць на нашай зямлі? Ты можаш хадзіць сваімі бруднымі лапамі толькі там, дзе ходзяць жывёлы, дзе табе дазволяць! Ты запомніў? Ну?!
– Запомніў…, – праглынуў сліну з кроўю Мацвей. – Там… там чалавек ляжыць. Яму… ён, здаецца, хворы…
– А табе справа? Хай здыхае! Хто не працуе – таго не кормяць! Здохне – выкінем шакалам. І ты здохнеш, як не станеш слухацца. Ясна?
– Ясна…
– Прэч, гяур! У хлеў, сука!
Нясцерпна балела ў жываце ад кожнага кроку. Мацвей датупаў да хлеўчыка, зайшоў і прысеў. Нечакана адчуў сябе нібыта пад абаронай: тут сцены, столь, зачыненыя дзверы, полымя ў ачагу разгарэлася і струменіла адчувальным цяплом, дым выцягнула праз комін.
Вось так і прывыкаюць жывёлы да свайго стойла, так яно робіцца мілым ім – бо ў стойле жывёлу не б’юць, падумаў Мацвей. Зірнуў на тапчан насупраць – мужчына ляжаў з расплюшчанымі вачыма.
Мацвей пачаў разбіраць свой заплечнік: застаўся цэлы выдадзены сухпай – кансерваваная тушонка, пачак галет, цукар, пакецік чаю, дома маці палажыла ладны кавалак сала, паў-бохана хлеба, палку вэнджанай каўбасы. Яшчэ вялікі пачак чаю, асобна ў пакеціку – самыя розныя таблеткі, маці настойвала, і ён мусіў узяць іх з сабой, папярэдне падпісаўшы кожную упакоўку: што ад прастуды, што ад паносу… Згадваў маці, якая угаворвала яго і ён паслухаўся: відэлец і лыжка, нож, місачка, два пластыкавыя кубкі. Пластыкавая “паўтарачка” з простай вадой. Адпіў ён зусім нямнога за дарогу. Наблізіўся да мужчыны і спыніўся нерашуча: як яго напаіць і ці хоча ён піць? Паднёс кубак з вадой да вуснаў, тыя здрыгануліся і зрэнкі вачэй забегалі. Гэта надало смеласці, Мацвей падсунуў адну руку пад галаву мужчыны, прыўзняў. Мужчына піў, вада цякла за шыю…
Позірк мужчыны набыў асэнсаваны выгляд, ён імкнуўся разгледзіць Мацвея. Вусны шавяльнуліся раз і другі, нарэшце мужчына выдыхнуў сіпла:
– Дзякуй.
Ён зашаварушыўся, спрабуючы сесці, Мацвей дапамог, скінуў чорную плёнку.
Мужчына сеў, прыхінуўшыся да сцяны. Твар ягоны быў неверагодна схуднелы, смуглы, аброслы густой чорнай з сівізной, шчэццю, але відавочна ён быў не каўказцам, хоць нос быў доўгім і завостраным яшчэ ад худобы.