Разгубленыя голыя мужчыны тапталіся на месцы ля лавак, гледзячы няўцямна на двух рослых мацакоў у ці то вайсковай, ці то міліцэйскай форме з кароткімі аўтаматамі.
– Дык не памыліся шчэ, – пачуўся нечы голас, і на яго кінуўся адзін аўтаматчык:
– Выходзь, сука!
Размахнуўся і штурхнуў у спіну голага чалавека аўтаматам. Мужчына ледзь утрымаўся на нагах, подбегам падаўся да дзвярэй. За ім – астатнія, збянтэжаныя.
Там быў падворак, невялікі, агароджаны высокім металічным плотам, шчыльным. Яшчэ двое было з аўтаматамі. З усіх бакоў нёсся рэзкі пагрозлівы крык:
– Хутчэй! Бягом! Да сцяны ўсе, да сцяны шчыльней!
Мацвей быў у сярэдзіне натоўпу. Аглушаны, як і іншыя, ён адной рукой інстынктыўна прыкрываў сараматное месца, другой балансаваў, каб не ўпасці ў таўханіне.
Іх урэшце паставілі ўсіх дванаццаць ля агароджы – голых, бездапаможных супраць апранутых і са зброяй.
– Вы ў Чачні і мусіце працаваць, – казаў адзін у форме, мо старэйшы. – Тут нашы законы, а вы – па-за законам. Хто будзе паслухмяны – той будзе жыць. Вы тут бурылі і забівалі нашых, цяпер будзеце будаваць…
Сярод іх, голых мужчын, пачуўся рух, наперад падаўся мо самы рослы і дужы на выгляд:
– Што за фігня? Ды я, сука, зараз…
І тады раздаліся стрэлы – аглушальная, кароткая чарга па-над галовамі. Да гэтага рослага падскочылі двое і ён атрымаў зараз жа два ўдары – у жывот і твар прыкладамі аўтаматаў. Сагнуўся на калені і яго ўдарылі па галаве, шыі, упаўшага колькі разоў стукнулі нагамі…
Шэраг голых мужчын ля агароджы замёр у страху.
Мацвей не быў ні шакаваны моцна, ні разгублены дашчэнту. Усё нібы праходзіла збоку, яго не тычылася. Рэчаіснасць быццам блакіравалася часткай мозга, шкадуючы свядомасць.
Рослы мужчына ўстаў на калені, расціраў кроў па твары. Нехта выносіў з будынка іхнія рэчы, кідаў у кучу.
– Усе ўсё зразумелі? – хіжа ўсміхнуўся старэйшы з аўтаматам. – Вашы дакументы будуць у вашых гаспадароў. Кожны атрымае свайго…
Голыя мужчыны, цалкам падаўленыя, мерзлі на стылым паветры, пераступалі з нагі на нагу, цярпліва чакалі з’яўлення на двары чарговага “купца” – каўказца у цывільным адзенні. Той тыцкаў пальцам у аднаго-двух ці трох чалавек, тых выдзіралі з агульнай кучы, прымушалі спешна апрануцца, і яны знікалі за варотамі.
Мацвея выбраў малады, можа, трохі старэйшы за яго, чачэнец, з густой шчэццю на твары і кароткай чорнай барадой. Загадаў апранацца, сам тым часам уважліва вывучаў ягоны пашпарт.
– Беларусь? Мой бацька быў там… за мной! – скамандаваў.
Бегчы не было куды. Мацвей толькі цяпер пабачыў, што да гэтага “санпрапускніка”, які мясціўся ля падножжа невысокай гары, ішла адзіная дарога. Яго давялі да патрапанага УАЗіка, пасадзілі на заднім сядзенні. Салон унутры быў падзелены рашоткай з тонкага дроту на дзве часткі. Такім чынам Мацвей апынуўся бы ў невялікай камеры. Вокны дзвярэй былі таксама закратаваныя, ручкі з іх – знятыя. Малады чачэнец сеў наперадзе, кінуў вадзіцелю:
– Паехалі…
УАЗік трэсла і кідала – з добрай шашы звярнулі на іншую дарогу. Мацвей пакутліва разважаў над тым, чым урэшце гэта закончыцца. Ён ведаў пра чачэнскую вайну, чытаў пра канфлікт гэтай рэспублікі з Расіяй. Але ён – прычым?
Кідала і трэсла аўтамабіль, вытрасала з ягонай свядомасці ўсё, што было звязана з мінулым жыццём. Крыўда – на лёс, на жыццё, расла, запаўняла нутро. За што яму так? Дзе ён каму што зрабіў дрэннага? Ён жа не лез ні ў якія спрэчкі-мітрэнгі, ён займаўся тым, што нічым не магло шкодзіць людзям. Ён хацеў быць вучоным, сапраўдным вучоным…
Пачаліся горы. Спыніліся на нейкім мосце праз раку – яна шумела недзе далёка ўнізе. Чорнабароды чачэнец выйшаў з будкі, зазірнуў у салон, з ім загаварылі. І гэты момант стаў для Мацвея пераломным – ён не разумеў мовы. Дарэшты ўсвядоміў сваё становішча: ён у чужым краі, сярод чужых людзей, без грошай (іх забралі разам з пашпартам), без дакументаў, без ведання, куды ісці, калі б нават і мог ісці. Ягоны “гаспадар” павярнуўся да Мацвея, павёў галавой на таго, хто стаяў ля УАЗіка:
– Глядзі… Гэта сюды адзіная дарога і адзіны мост, які ахоўваецца. Надумаеш збягаць, помні пра гэта. Цябе не прыстрэляць адразу, але ты папросіш, каб застрэлілі. Запомні яшчэ: тут табе ніхто не дасць глытка вады, мы ненавідзім вас, рускіх…
– Я – беларус, – змог запярэчыць Мацвей.
– Пляваць… Для нас вы аднолькавыя гяуры.
І зноў была дарога, вузкая – аўтамабіль ці не драпаў бокам скалы, з другога боку – глыбокая цясніна.
…Старому чачэнцу ў чорным доўгім халаце з поясам, з пасівелай доўгай барадой было каля шасцідзесяці, хоць хто яго ведае, мо меней ці болей. Ён наблізіўся да Мацвея, бесцырымонна, бы ў якой жывёліне, памацаў рукі, зірнуў у вочы – і Мацвей адчуў, што стары сапраўды разглядае яго, як рабочую жывёлу. Кіўком галавы і кароткім “ідзі” ён загадаў Мацвею ісці за ім.
Тут было жытло: гара мела вялізную выемку ў сваім баку, і ў гэтым зацішку – вялікі надворак, невялікая хата, круглая печ, хлеўчыкі. Да аднаго з іх пасунуўся стары, адчыніў дзверы.