– Не, я не буду, – адмовіўся Мацвей, хвіліну павагаўшыся.
Хлопец паціснуў плячыма, крануў за плячо папярэдняга і між імі завязалася гутарка, яны і селі разам за стол. Мацвей мусіў чакаць, пакуль для яго вызваліцца месца. Аднекуль з’явілася інфармацыя, што машына прыйдзе толькі праз гадзіны дзве, мужыкі ўжо перазнаёміліся, пацягнуліся зноў да касы – па чарговыя порцыі.
Праз тры гадзіны ля кафэ нарэшце спынілася фура, і той самы нізкарослы са шчэццю стаў гукаць усіх на вуліцу. З цвярозых заставаўся адзін Мацвей. Некаторых мужчын давялося расштурхваць.
Ужо надыходзіў вечар, калі фура кранулася. Ехалі ў зачыненым наглуха, без адзіна акенца, вялізным прычэпе, асветленым трыма цьмянымі лямпачкамі на столі. На падлозе – старыя матрацы, які, трэба разумець, і былі тым абяцаным спальным месцам. Мацвей міжволі думаў: гэтае кафэ як месца збору, танная гарэлка і гадзіны чакання між сабой звязаны, бо ці так борзда палезлі б у чорнае і глухое нутро фуры будучыя бетоншчыкі, каб не яднала іх ўсіх адно жаданне: упасці і спаць…
Пад галаву Мацвей паклаў заплечнік. І хоць холадна ў фуры не было – працаваў каларыфер, гнаў гарачы струмень паветра, але лёг і накрыўся з галавой тонкай шарсцяной коўдрай сіняга колеру з белымі паскамі. Хацелася адгарадзіцца ад усяго, і нейкая дзіцячая кволае спадзяванне варушылася ў галаве: варта заснуць – і прачнешся тады ў сваім пакоі ў інтэрнаце, а гэта ўсё – сон, цяжкі, доўгі…
За ноч спыняліся двойчы – мужыкі ціскалі на паказаную ім раней кнопку, каб выйсці да ветру. Курылі наўпрост у фуры – тут хапала дробных скразнякоў, праз якія выцягваўся цыгарэтны дым.
Ужо і развіднела добра, вадзіцель паабяцаў раней, што спыніцца ля добрага кафэ, каб паесці гарачага, а фура ляцела і ляцела далей. Практычна ва ўсіх разрадзіліся мабільнікі – тут падзарадзіць не было як. Адключыўся і мабільнік Мацвея, паказаўшы апошні раз час – было напалову адзінаццатай. Фура ўрэшце збавіла ход і прыпынілася. Дзверы шырока расхінуліся, вадзіцель гукнуў:
– Эй, вылазь, каму шашлык гарачы, каму плоў, каму шурпу – усё свежае і смачнае!
Гэтыя словы ў фуры сустрэлі радасным гулам. У кафэ іх, пэўна, чакалі – заказанае прыносілі бегма, абслугоўвалі ветліва. Мацвей сядзеў за сталом з трыма мужыкамі, якія, відавочна, паспелі пасябраваць. Бачыў, як засвяціліся іхнія вочы ад гарачых блюдаў, ад гарэлкі ў шклянках (яе прапанавалі яшчэ да гарачага). Як жа мала іншы раз трэба чалавеку для шчасця: апахмяліцца і добра закусіць, седзячы за чыстым сталом…
На гэты раз Мацвей прынцыпова адмовіўся піць – недзе раней прачытаў, што каб не стаць алкаголікам, дастаткова выконваць усяго два простыя правілы: не спажываць алкаголю раней за пяць гадзін вечара і не пахмяляцца.
На яго забыліся тут жа.
Снедалі (ці рана абедалі) недзе з гадзіну, нарэшце іх начальнік – той самы чарнявы нізкарослы, стаў прыспешваць:
– Заканчвайце, хто жадае – бярыце з сабой у дарогу. Нам яшчэ нямала ехаць…
Тут Мацвей насцярожыўся. Чаму – нямала? Яны выехалі вечарам, у дарозе больш за дванаццаць гадзін… Ад Масквы да Валгаграда… колькі ж там? Ну, хай тысяча кіламетраў. Але ж за 10 гадзін павінны прыехаць, фура, адчувальна ж, бяжыць недзе пад сотню.
Ён знарок прыпыніўся на выхадзе, пачакаў наймальніка:
– Здаецца, ужо б павінны прыехаць?
Твар мужчыны непрыемна скрывіўся, ён пытліва угледзеўся ў цвярозыя вочы Мацвея і нехаця выціснуў з сябе:
– Вы спалі, а вадзіцелі не павінны былі спаць? Дарога была зусім дрэннай, ледзь валакліся. Цяпер у аб’езд паедзем – наперадзе рамонт… даедзем…
Мацвей хацеў запярэчыць: ён чуйна спаў, аўтамабіль ехаў усю ноч, але позірк наймальніка быў не проста халодным – варожым, пагрозлівым. Мацвей прамаўчаў, палез за астатнімі ў фуру, дзе самыя нецярплівыя з мужыкоў ужо разлілі ў чаркі.
Праз гадзін пяць збочылі некуды – пачало пагойдваць, праз шчыліны стаў прабівацца пыл. Праз паўгадзіны спыніліся, дзверы разнасцежыліся:
– Выгружаемся з рэчамі!
Удалечыні былі горы – і на іх многія пачалі дзівіцца. Машына спынілася ля нейкай вялікай будынінай. Некалькі розных машын стаялі на стаянцы, у асноўным – мікрааўтобусы, стаялі-хадзілі людзі, мужчыны, жанчын не было відаць увогуле. Побач з наймальнікам стаяў паліцыянт з кароткім аўтаматам цераз плячо.
– Мы прыехалі! – гучна загаварыў наймальнік. – Зараз, такое патрабаванне, вы мыецеся ў лазні, – ён паказаў рукой на будыніну. – Гэта санпрапускнік, без яго далей нам нельга, за гэтым вось як пільна сочаць, – усміхнуўся ён у бок паліцыянта. – Пасля пераапранаецеся – вам усё выдадуць.
Да яго падышоў нехта, мабыць, з работнікаў гэтага санпрапускніка, каўказкай знешнасці, з рэчамі ў руках, наймальнік стаў перабіраць тыя рэчы і паказваць – куртка, сарочка, штаны, ніжняя бялізна.
– Ёсць усе памеры, хуценька назавіце свае, і памеры абутку, усё запішуць і пакладуць для вас.
Каўказец з адзеннем стаў запісваць лічбы – нумары выкрыквалі бадзёра, бо ўсіх уразіў падыход да справы: і аванс паабяцалі, і лазня, спецвопратка…
Пайшлі ў будынак, доўгім калідорам – у пакой для распранання с шафкамі.
– Не бойцеся, рэчы пакідайце смела, тут ахова, – заспакойваў іх каўказец. – Распранайцеся, праз тыя дзверы, па калідорчыку – у мыйню. Тазікі, мыла – там. Парылкі няма… мылам мыцца абавязкова, яно спецыяльнае, дэзынфіцыруе.
…Толькі паспеў апошні набраць ваду ў тазік з двух вялікіх кранаў, як у сцяне неспадзеўкі расчыніліся дзверы, адтуль у цьмяную мыйню бліснула зыркае дзённае святло, мільганулі цені і пачуўся злы гартанны крык:
– Выходзь усе! Бягом! Хутка выходзь!