Грышка нічога не сказаў і выйшаў з хаты.
Грыбаварню ён паставіў на гародзе там, дзе і лазню, — крыху бліжэй, чымся ліпы. Прымеркаваў так назнарок, каб лазня таксама служыла на грыбаварню: не захламляць жа гарод рознымі пабудоўкамі. Вось навесчык зрабіў і — хапае. Чатыры слупы, бэлькі, кроквы, жардзё, і на дах — толь: улетку ад сонца і дажджу — схоў. На зіму вагу зацягваў у прымыльнік, а катлы — на лазню: і снег ці вада не страшныя.
Перш Грышка пахадзіў пад навесчыкам, пакратаў слупы, якія за гады пацямнелі, узяліся сіваватым машком, наваліўся рукамі і праверыў, ці не хістаюцца сталы. Задраў галаву — дах, здаецца, нідзе не свіціўся, але, мабыць, ужо сатлеў: кінь на яго каменьчык зверху, а пад навесчыкам знойдзеш. Трэба неяк шыферу разжыцца ды перакрыць — надзейней будзе. Гэта раней дорам ты толем крылі, а цяпер шыфер у модзе. Глянь на Малінаўку — колькі тых дамоў, але ўсе пад шыферам, акурат снег на іх выпаў. Балазе шыферны завод, лічы, пад бокам — у Крычаве.
Ну, вага пакуль няхай пабудзе у прымыльніку, за зіму ў сухім не сапсавалася; гіры да ее розных калібраў у кладоўцы на вугольніку ляжаць — таксама есці не просяць. А вось катлы... Катлы на лазні. Грышка палез па лесвіцы да дзверцаў, што былі ў франтоне, скінуў кручок і адчыніў іх. Ад самае восені ён сюды не заглядваў амаль. Скразнякі пазмяталі з гары імшынкі (мохам некалі ўцяпляў столь), лісце, што нацерушылася ад сухіх венікаў, і пясок быў гладзенькі, чысценькі, акурат той, што вылізаны на беразе хвалямі Сажа; не відаць было і слядоў, што, помніцца, засталіся ад ботаў.
Чатыры катлы стаялі папарна — адзін на адным, большыя на меншых — і, закураныя, былі падобныя на гіганцкія грыбы... А што — бываюць: вунь у «Звяздзе» Грышка нядаўна чытаў, што ў Сібіры дзеці знайшлі грыб каля паўпуда вагою.
Грышка ўзяў за вуха верхні кацёл («шапку»), другой рукою падтрымаў пад днішча, саступіў ніжэй на адну пярочку і выпусціў з рук кацёл — ён мякка гупнуўся на зямлю, і пад ім нешта дзвыкнула, можа, патрапіў на шкло ці каменьчык. Гэтак жа зняў і астатнія, адкінуўшы іх далей. Катлы знутры пацямнелі, узяліся шэрым, у крапінку, налётам — тады, помніцца, як усцягваў, яны блішчалі. Кажнагод адно і тое — прывык ужо Грышка і ведае, што рабіць з катламі.
Ён схадзіў у прымыльнік — па анучу, старую капронавую вяхотку, мыла... Але, падумаў, лепш, мусіць, будзе ад’ядаць гэты налёт мыцельны парашок — балазе, Лісаветка неяк гаварыла, што купіла дужа добрага, замежнага (індыйскага, ці што?) парашку. Усё-ткі, як-ніяк, варыцца ў катлах будзе тое, што людзям есці.
Прынёс растрыбушаны вялікі пачак з намаляванаю на ім жанчынаю ў белай даўгой сукенцы, сыпнуў на далонь парашку — ён быў сіні, акурат сінька, якой некалі фарбавалі сшытае з палатна адзенне: налівалі ў шайку гарачае вады, сыпалі туды сінькі ды яшчэ крушынавай кары, размешвалі і загружалі на гадзіну-другую адзенне, якое потым высушвалі ў цяні. Колер парашку і тое, на што ён прызначаўся, крыху збянтэжылі Грышку. Ён паціснуў плячыма, укінуў у кацёл анучу, вяхотку, прыставіў пачак і, прысеўшы, паддаў ношу на плячо. Пайшоў мяжою, абапал якой прутка стаяў бульбоўнік, асыпаны, бы ягадамі, каларадскімі жукамі; пайшоў да канавы — яна была ў канцы сядзібы, паўз дарогу, якую называлі сценкаю; неглыбокая і нешырокая, канава сцягвала ваду да балотца, а калі доўга не было дажджу — перасыхала, і тады дно яе, роўненька ўсланае ліпкім глеем, трэскалася, нашчаціньвалася крохкімі лушпінкамі.
Крайні ад сядзібы бераг канавы шчытна зарос дзяцелінаю, што акурат рудзела круглымі, як арэхі, мяккімі галоўкамі, па іх поўзалі пчолы, пераляталі з кветкі на кветку; Грышка прымеціў і чорнага чмеля, які басавіта, што бамбавоз, гуў і пад якім, калі садзіўся, згіналася галоўка дзяцеліны: чмелю было зручна тачыцца хабатком у нектарныя чашачкі — ён упіраўся нагамі, быццам нешта цяжкае перад сабою пхнуў.
Хоць і было горача, кацёл, пакуль Грышка нёс, настудзіў яму шчаку, і адчувалася — яна зашэрхла; ён пацёр яе далоняю, прысеў і намачыў у канаве анучу: вада была жаўтлявая, але, сцэджаная з анучы ў кацёл, стала як бы светлая. Грышка насыпаў у кацёл жменяю парашку, паквэцаў анучаю — узбілася шума, беленькая, як цукар, сінява пералівалася на сонцы.
Грышка пакінуў кацёл, каб парашок ад’ядаў цвіль са сценак і дна, а сам павярнуў да лазні. Раз за разам прынёс астатнія катлы. У першым тым часам шума асела, тонка ўляглася на вадзе. Вяхоткаю, што, як жывая, спружыніла ў руках, стаў шараваць кацёл — сценкі памалу адбельваліся, святлелі, а потым заблішчалі, як люстэрка, хоць заві Лісаветку глядзецца. Грышка так завінуўся, што аж пот выступіў на лбе, стаў уядацца ў вочы і скочвацца з носа. Грышка не зважаў, быццам яго гналі ў каршэль ці край змусілі выдраіць усе катлы. Калі б хто глянуў на яго са спіны, то ўбачыў бы, што кашуля між лапатак прамокла, ліпне да цела, як не распаўзаецца па нітках. Дурны ён, Грышка, ці што, так рупіцца? А можа, гэтаю завішнасцю ён проста хацеў адкупіцца перад сабой за тое, што прамарудзіў трохі, так яму здавалася, прыпазніўся, хаця з раёна яшчэ ніхто нічога не гаварыў, — бо яму ўсягды страх было падумаць, што з-за яго недзе нехта ці нешта пацерпіць? Здаецца, ці не з вайны прынёс ён гэты страх ці, лепш сказаць, — боязь перад людскою думкаю, быццам ён, Грышка Пруцікаў, нешта ў сабе затаіў і робіць усё, каб выехаць на іншых ці, ва ўсякім выпадку, застацца ў цяні. Там, на вайне, маракаваць ды рассусольваць не было як: куля жартаў не любіць: або — або, сярэдзінкі залатой не бывае. Помніцца, вёску адну бралі, на пагорку, ліха яе, стаяла... Май, яблыні белыя, аж кіпяць, акурат у бацькавым садзе, і так не верыцца, што, можа, апошні раз бачыш такі цуд. Немцы пры ваколіцы акапаліся, толькі каскі нізенька ля зямлі бліскаюць — здалёку не возьмеш. А тут і каманда: «Уперад! За Радзіму! За Сталіна!..» Камандзір першы ўскаквае, торгае руку з пісталетам уверх — і... Грышка паспеў убачыць, як спачатку вываліўся з рукі пісталет, а потым камандзір сам неяк запаволена, бы нехаця, асеў у траву. Далей Грышка мала што помніць, бо якраз аднаго баяўся — апынуцца за спінамі, у той суматосе ніхто б, канешне, не разглядаў, але... — з вінтоўкаю наперавес, угнуўшы галаву, нёсся ён па нізкім хмызняку да вёскі. Кулі ссякалі лісце, і яно сыпалася, акурат увосень пры ветры, той і розніцы, што — дробненькімі шматкамі ды зялёнае.
Не ўсе, канешне, дапялі нямецкіх акопаў, але тым, што ацалелі, раз’юшанасці і спрыту было не займаць — штык Грышкавай вінтоўкі мільгаў то спераду, то ззаду, то з бакоў, і, здавалася, на імгненне, на тысячную долю секунды замарудзь... толькі замарудзь — і будзе канец.
...На вечар хіліць пачало, калі Грышка скончыў мыць катлы, паставіў іх радочкам — ну, люстры ў рэстаране! Сонца ўжо барвовасцю аддае, і катлы як бы свецяцца, далікатна, тоненька. Беражна, бы ёлачныя цацкі, Грышка аднёс і паставіў іх у прымыльніку, мяркуючы, што скора знадабяцца. Хоць і напацеўся добра, але не катлы самае балючае для Грышкі — іх, як ён жартуе словамі жонкі, і «ў цыгана выпрасіць можна». З бочкамі год ад году замінка — саленні-варэнні і ўсё такое надта ж цяпер у модзе. Разабрацца, дык аж дзіва бярэ: у людзей, якія не так і даўно гналіся за ўсім куплёным, апошнія гады раптам аб’явілася такая галадуха на дамашняе, самаробнае, што паліцы паграбоў і кладовак аж трашчаць ад банак-шклянак розных, вёдраў і кадушак. Накрыўкі — смех! — звычайны бляшаны кружок — паспрабуй дастань. «Каб мне самому, — разважаў Грышка, седзячы з папяросаю ў руцэ на парозе прымыльніка,— дык гары б яны гарам, бочкі етыя ці накрыўкі! А тута ж — для дзела... — Ён выкурыў папяросу, а тады ўспомніў, што яшчэ трэба агледзець мешалку; пазалетась рабіў — з бярозавай чачоткі, ёмкая такая, як не сама ў руках скача. Здаецца, зусім нядаўнечка яна лучала яму на вочы. Але дзе? От, сівая, дурная галава, ужо нічагуткі не дзяржыць! Пайшоў у двор, гледзячы сабе пад ногі і ўсё прыпамінаючы, дзе ён бачыў мешалку.
Лісаветка на ганку перабірала грыбы — брала з кошыка, выцірала белаю хусцінкаю і кідала ў вялікую місу з вадою.
— Лісаветка, дзе-та мая мешалка? — спытаў ён у яе.
— Якая мешалка? — Лісаветка скрывіла твар і падкусіла ніжнюю губу.
— Ну, такая палка... — Грышка грабянуў рукамі.— На вясло маленькае падобна.
Лісаветка паднялася, моўчкі пайшла пад павець.
— Ета? — трымала ў руках мешалку — закарузлую, у лушпінах ад бульбы і ў муцэ. — Яна ў кладоўцы была, я ёй пойла карове мяшаю...
— Ну ты, баба!.. — Грышка мацюкнуўся. — Што за натура? Схаваю так, што сам не магу найсці, а яна...
— Грыша, ну Грышута... — Лісаветка скаліла зубы.— Плюнь ты на ету мешалку задрыпаную — яшчэ лепшую здзелаеш сабе.
— Ага, мне тока і ёсць час мешалкі дзелаць!.. — Грышка абураўся, але злосць ужо мінула: не мог ён доўга злаваць на сваю жонку, бо ў ёй зусім не было той сляпой бабскай упартасці, што прыводзіць да зацятасці і сварак. Ён паківаў, як на дзіця, галавою, усміхнуўся.
...У райспажыўсаюзе Міротнікава, старшыні, не было: бухгалтарка, адных з Грышкам гадоў, але з даўгімі, па-маладому распушчанымі па плячах валасамі жанчына, неахвотна сказала, што ён паехаў на базу. База, ведаў Грышка, не так і далёка, можа, з кіламетр які набярэцца. Чымся чакаць і гадаць, вернецца старшыня да абеду ці не, дык лепей схадзіць пашукаць яго, балазе на вуліцы (не ў кабінеце) і размову латвей весці, бо не вельмі бянтэжыць, што перад табою начальнік. Заадно, падумаў Грышка, і ў «хазмаг» зайдзе — летась долата сваё аддаў нейкаму падарожнаму шафёру, той і прысабечыў яго, а цяпер абручы набіваць на бочкі няма чым; дый на базары — там побач — пацяміцца, чым гандлююць, можа, ужо і грыбамі. Праныр жа хапае — не паспеюць тыя грыбочкі вылузнуцца, як пачынаюць мох драць, шыгалле грэбаць, надта гарадскія, асабліва з тых, што прыязджаюць здалёку. Граматныя дужа, а не разумеюць, выходзіць, што жылку — грыбніцу парушаюць і яна тады сохне, не дае прыплоду. А можа, і разумеюць, ды не асцерагаюцца... Што ім, налётчыкам гэтым? Напляваць — душа не баліць. Навыкалуплівалі якіх пупсікаў — і будзьце здаровы, «гуд бай» — як яны кажуць. Другім разам — зноў. Варвары, а не людзі! Грышка, калі пра іх думаў, усягды — непрыметна для сябе — пачынаў гаварыць уголас і, калі спахопліваўся, збянтэжана азіраўся на бакі.
На базары людзей было зусім мала. Стаялі калёсы з даўгою, як труна, скрыняю, у якой вішчэлі парасяты, і ў шчылінах між дошак былі відаць іх ружовыя пятачкі. За прылаўкам сядзелі дзве-тры пажылыя жанчыны, прадавалі яйкі, тварог і ці не суніцы — горка чырвоных ягад. Грыбоў не было відаць.
Грышка пратупаў між прылаўкамі, звярнуў да «хазмага». Пры дзвярах стаяла «будка» — крытая сіняя машына, — і з яе нешта выгружалі дзядзькі ў даўгіх ірваных халатах. Прадаўшчыца ў магазін Грышку не пусціла, сказала — прымае тавар, а «таргаваць» будзе толькі пасля абеду; малады вусаты грузчык з чырвоным тварам, размінаючыся з ёю ў дзвярах, шчыпаў яе за бок, і яна гучна ды гулліва ляпала яго далоняю па спіне. «Клопат... — падумаў Грышка. — Зайду пасля абеду». І павярнуўся ісці, але яго нечакана дагнаў вусаты і шэптам спытаў:
— Што хацеў?
— Ды мне долата... — Грышка адказаў не зразу, бо перш падзівіўся: «Няўжо які знаёмы хлопец?..»
Вусаты склаў два пальцы ў колца і міргнуў:
— Лішні на бочку — і праз мінуту будзе долата. Жалеза — ноне дарагое.