За гэтыя мінуты Грышка потым не будзе сябе ганіць, бо ўсё-ткі на сваім паставіў, як кажуць, не змаладушнічаў, даказаў сабе перш за ўсё і сыну, што ёсць нешта вышэйшае, ці як тут сказаць, чымся бацькоўскае патуранне, і што на сваю, родную табе душу таксама трэба глядзець па справядлівасці, а не паддавацца бабскаму хлюмканню ды забываць пра ўсё на свеце. Ён разумеў, што Міша настроіў сябе на мяккасць, паблажлівасць, як і на тое, што бацька яму спачувае і падзяляе з ім бяду, у якую недарэчна, па дурноце сваёй трапіў, але — не, Грышка не даў сыну ніякага спуску, ні на каліўца, і Міша не змог паступіцца сваім зацятым форсам і, думаючы, што ўпячэ бацьку, зробіць яму балюча, крутнуўся назад за дзверы і ўпаў там на цвёрды ложак тварам уніз.
Назаўтра ў зале суда, адгароджаны высокай дубоваю стойкаю, бліскучаю і чорнаю, Міша сядзеў як бы хворы, бледны нейкі, не падымаў галавы. Бачыў Грышка, што сыну не ўдалося адыграцца на ім, бацьку, выпрасіць літасці, вось і перажывае ён цяпер... Не крыўдуе ўжо, не злуе на бацьку, а, пэўна, сябе чахвосціць, каецца, і гэта вярэдзіла Грышку, ціснула грудзі, але сцярпеўся, скруціў свае нервы ў жмут, каўткамі праганяў каляны ком, што, бы калючка, распіраў горла, і не заплакаў нават тады, як запыталі прысуд — «год дысцыплінарнага батальёна»; і адно калі сына ўжо вялі ў машыну, а Грышка, бяспомачны і разгублены, трухаў услед, і ён, Міша, павярнуўся і, не спыняючыся, на хаду наўмысля зухавата крыкнуў: «Тата, чакай мяне!..» — вочы ў Грышкі засціліся слязамі.
...Валодзька Шапялёў прыехаў з Мінска ў Малінаўку на адпачынак і прывёз з сабою трохгадовую дачку — зрэшты, калі б не думаў пакідаць Васіліску ў дзеда і бабы да восені, то наўрад ці выбраўся б сюды, хутчэй за ўсё махануў бы з жонкаю на поўдзень; мора ён бачыў адзін толькі раз (падчас вясельнага падарожжа), яно яму спадабалася і тады-сяды нават выплёсквала з душы шчымліва-салодкую тугу па нечым недасяжна-летуценным і неразгаданым. Але дачка ўсю зіму хварэла, у яслі амаль не хадзіла і няхай бы за лета акрэпла; а дзе гэта лепей зробіш, як не ў вёсцы, на чыстым паветры ды роснай траве.
За гэтыя дні, якія Валодзька прабыў у бацькоў, ён паспеў ужо добра-такі засумаваць. Бацька яшчэ хадзіў у школу (там рабілі рамонт), а з маці — так ужо сталася з самага пачатку — ён рэдка знаходзіў паразуменне, і размовы іх не заходзілі далёка — так, пра тое-сёе, звычайнае, вясковае.
Вось так, Валодзька, які нарадзіўся і вырас у вёсцы, што здавалася самым дарагім, адным-адзіным месцам тады, як яшчэ не ведаў свету, цяпер сумаваў у ёй, не знаходзіў занятку рукам і проста дзівіўся, зусім шчыра, як тут можна жыць, у такім абмежаваным коле і пастаянстве. Не, гэта і блізка не значыць, што ён не любіў сваю вёску, што яна не была яму блізкая і ён гатовы быў выракчыся яе; наўпярок, чалавек адукаваны, так званы гуманітарый, а значыць, і не зусім глухі да лірыкі, ён з безагляднаю апантанасцю лічыў, што ў чалавеку на ўсё жыццё застаецца ўспамін аб кутку маленства — з адметнасцю яго лясоў, дарог, рэк, палёў і нават птушак ды звяроў. Проста змест ягонае душы, калі можна так сказаць, быў ужо на ўзроўні, калі, акрамя той сажалкі на пагоне, у якой ён мог прабоўтацца ўвесь дзень хлапчуком дый цяпер пакружыць вакол яе з вялікай асалодаю, пацікаваць за чорнымі галавасцікамі, што вяртлява ўсплываюць напаверх, а на дно апускаюцца нерухома, як мёртвыя, яму патрэбен быў нейкі важкі інтэлектуальны патэнцыял, які ўзбагачаў бы яго далей ці, прынамсі, чараваў невядомасцю і навізною, як тое Чорнае мора, куды цягнула яго, але з якім расстаўся першы раз (і — упэўнены! — расстанецца другі) без болю і шкадавання.
Сёння ён схадзіў у грыбы і варочаўся дахаты; набраў амаль поўную сумку, хоць і быў нядоўга, гадзіны якія дзве, і цяпер з прыемнасцю адчуваў у руцэ цяжар. Ішоў праз усю вёску, бо ўрочышча Шахты, дзе ён збіраў грыбы, было на тым канцы. Даўно, ой, даўно ён не бачыў Малінаўку на ўсёй яе працяжнасці: раней калі прыязджаў, дык хіба да магазіна, які пасярод вёскі стаіць, прагульваўся — цыгарэт купіць або маці што-небудзь з хатняй драбязы. Во некалькі новых хат з’явілася — канешне, не ў датык да старых, а на месцы старых, — такія цагляныя махіны, з верандамі, ганкамі разьбянымі, гаражамі — яўна маладыя гаспадары пастараліся. Побач з гэтымі збудовамі старыя выглядалі яшчэ болей запакінутымі і занядбанымі, нейкімі нехлямяжа-прыземленымі, якімі тады, у дзяцінстве, ані блізка не здаваліся. А можа, і яны, хаты, пастарэлі разам з людзьмі, ім, Валодзькам?
Дзяцей, што бегалі па вуліцы і віталіся з ім, спыняючыся і доўга праводзячы яго вачыма, ён пазнаваў адно тых, што былі падобныя на бацькоў, а то і на дзядоў ужо. «Як хутка ўсё цячэ, мяняецца!..» — думаў Валодзька з нейкаю сполашнаю ўзнёсласцю ці, хутчэй, расчуленасцю, якая тым больш агортвала, чымся далей Валодзька ішоў, бо малюнак вёскі западаў у вочы нейкім панурым, выцвілым адбіткам, быццам яго знарок нехта квэцаў толькі змрочнымі фарбамі. З дарослых яму ніхто не сустракаўся — і не дзіўна: хто ў полі, хто на сене ці ў лесе, — і ён трохі сумеўся, калі ўбачыў на лавачцы Грышку Пруцікава: той сядзеў, унурыўшыся вачыма ў зямлю і як бы нейкі зажураны. Валодзька павітаўся і, можа б, не прысеў, калі б Грышка не пазваў яго.
— Хіба з грыбоў?.. — спытаў ён нейкім сутаргава-перацятым голасам, разглядаючы з несхаваным здзіўленнем Валодзьку, які быў увесь яркі, акурат паўлін: у жоўтай, размаляванай спераду майцы і сініх спартыўных штанах з шырокімі, як у генерала, белымі палосамі па баках; на нагах кеды, якія, недзе чуў Грышка, вельмі ж хораша называюцца — красоўкі.
Валодзька расхінуў сумку, і жаўцізною з яе асвятліла Грышкаў твар, які ён нахіліў блізка-блізка.
— На Шахты бегаў? — спытаў Грышка як бы з рэўнасцю, не чакаючы, аднак, што скажа Валодзька. Такую назву — Шахты — Грышка даў мясціне ў лесе сам (для прыметы)—тады, як вазіў адтуль карчы на смалакурню, — з таго часу, лічы, усе людзі і сталі называць лес Шахтамі, гэтым самым як бы ўпісаўшы навек у бывалішняе вёскі і тое, што Грышка Пруцікаў некалі глытаў пыл на данбаскіх каменявугальных шахтах. — Во, глядзі-тка, лісічак напароў... — і як бы спахапіўся... — А я...
Дзядзька Грышка, здалося Валодзьку, пастарэў, прынамсі, з твару: вочы запалі, затачыўся нос і маршчакоў падбавілася, у голасе няма той сакавітасці, якая ўсягды здзіўляла Валодзьку. Звычайна, прыязджаючы, Валодзька за дарослымі змен не прымячаў, яны як бы застылі ў адной нерухомай масцы — загарэлыя, абветраныя, быццам знарок падсушаныя.
— Ты ж у Мінску ета? — спытаў Грышка, калі ўдосталь налюбаваўся грыбамі. Спытаў, каб распачаць гаворку, бо пра Валодзьку Шапялёва кожны ў Малінаўцы ведаў — з самага дзяцінства ён быў спакойны, старэйшых паважаў, не гойсаў па вуліцы, на пяцёркі вучыўся і першы з вёскі ў інстытут паступіў. Цяпер — рабіў ужо, ды не абы-дзе, а ў Мінску і — казалі — нейкім вялікім начальнікам па кіно. Якім там можна быць начальнікам, гэта мала каго займала, бо ўжо адно тое, што ў Валодзькі ёсць свой кабінет, тэлефон, падбівала вясковага чалавека (па даўняй звычцы) калі не на пакланенне, то на павагу абавязкова.
Валодзька не любіў фанабэрыі і пра сябе абмовіўся словам, праўда, тое, што мае двухпакаёвую кватэру, упамянуць не прамінуў, і не таму, каб абудзіць у Грышкі зайздрасць, проста гэта была падзея вельмі важная і для яго самога, рэха якой яшчэ жыло ў душы аж дасюль. І ўсё-ткі спахапіўся, успомніўшы, што чуў ад маці пра Мішу і Ленку, пашкадаваў: навошта была пахваляцца, во — зразумеў нарэшце — дзядзька Грышка і так не вельмі пачуваецца. Валодзька быў старэйшы ад Мішы на чатыры гады, і яны хлопцамі мала стыкаліся ў кампаніях, але ўсё роўна іх можна было лічыць равеснікамі і цяпер прыкладаць адзін да аднаго — хто, што і дзе. З Ленкаю іх рознілі пяць гадоў, але яна была ў свае шаснаццаць такая пекная смугляначка — невысокага росту ды поўненькая, тугая, бы гумка, з цёмнымі вачыма і бліскучымі валасамі мала не да пят, — што на яе заглядваліся не толькі малінаўскія жаніхі, але наязджалі і з суседніх вёсак. Нават Валодзькаў бацька, хоць і настаўнік, але неганарлівы па натуры, іншы раз на падпітку сватаў яе да сына, ды яна, какетлівая і ў ладзе з жартам, адказвала, што ён, Валодзька, «ні ў жысць» яе не возьме замуж, а яна — хоць зараз згодна. І Валодзька, каб не варушыць усяго гэтага, не выстаўляцца і не наводзіць Грышку на невясёлае думанне, спытаў:
— А вы, дзядзька Грышка, дзе? Па-ранейшаму?
— Ды вот, усё грыбы вару, — сказаў Грышка, і было відаць, што ён нечым дужа заклапочаны. — І шчэ ж, каторы во год дом рыбака сцерагу. Па сумясціцяльству, так сказаць... Цяпер ета ў пашане.
— Добра вам, — сказаў Валодзька з нейкаю дзіцячаю прастадушнасцю; ён хацеў сказаць толькі тое, што работа — на прыродзе, жывая дый не такая ўжо адказная, і гэта як жа добра.
— А вам кепска? — раптам ухмыльнуўся Грышка, і насмешлівая нотка, што дрыгнула ў ягоным голасе, крышку зачапіла Валодзьку, але не тым гукам, які прыдаваў ёй іронію: Грышка хацеў сказаць, што калі ім, такім, як Валодзька, блага ў горадзе, дык няхай не стогнуць, а прыязджаюць сюды і робяць, балазе прычэлле рукам і галаве знойдзецца, надта пры цяперашняй электрыцы і механізацыі; Валодзька ж падумаў, што Грышка папракае яго гарадскімі выгодамі і ўсякай там хатняю бестурботнасцю.
«Не, — думаў тым часам Грышка, — такіх ужо ў вёску не зацягнеш — аселі ў гарадах намёртва, прыкіпелі, во што...» — ён ужо даўно прымеціў, што ніводнае з дзяцей, чые бацькі так-сяк навучыліся грамаце, не заставалася ў вёсцы, што б там ні было — некуды ехала вучыцца... Ды што тут — дзеці тых жа старшынь (колькі іх перавярнулася!), аграномаў, брыгадзіраў, якія іншых агітуюць у калгас, ідуць якраз не ў тую навуку, якая б варочала іх назад, да бацькоў. А што ўжо крывіцца на настаўнікаў, тых жа Шапялёвых?
Валодзька пачакаў, калі Грышка перадумае ўсё, а тады, як убачыў, што той паварушыўся і памякчэў тварам — пачынала сыходзіць строгасць, — сказаў:
— Яно, канешне, кожнаму сваё: без крылаў не паляціш. Я дык люблю зямлю... Як і помню сябе, у ёй корпаўся, кветачкі ўсякія садзіў ды мурашачак-мошачак разглядаў, а цяпер шкадую вельмі, па сённяшні дзень, што на ёй мазалююць іншыя... вот вы, а не я. Ды што зробіш — кіно пацягнула...
Грышку такая шчырая Валодзькава споведзь лягла на душу — разабрацца, дык правільна: не ўсе ж малінаўцы павінны быць толькі малінаўцамі. А можа, яны такія спраўныя і ўпраўныя, што недзе ім і замены няма. Вунь нядаўна — гэтак жа сама сядзеў Грышка на лавачцы — бачыць, ад грэблі пыліць легкавік. Мала які, можа, хто ў ягады едзе—не даў таму ўвагі. Прамінае яго легкавік гэты і ўжо наводдалі спыняецца. Вылазіць з яго чалавек, ідзе... Не прыглядаецца Грышка — яўна дарогу бяжыць пытаць. І раптам: «Ета ты, дзядзька Грышка? Здаецца, ты... Прывітанне!..» — Падае ёмкую, як даўбешку, руку... А каб ты спрах! Васіль Муранкоў, не разлі вада з Мішам былі. Іці твае пяткі!.. Здаравенны, адкормлены, у міліцэйскай форме, і на пагонах зорачкі. Лейтэнант! Падсеў, чынна гэтак, важна шмаргануў калашыны, каб не напіналіся на каленях. Пагаманілі, паківалі галовамі. Аж яно во што, Васіль зразу пасля арміі ў міліцыю падаўся — добрую суправадзілаўку заслужыў; потым павучыўся ў Мінску колькі там, і вось... «Твой?» — кіўнуў Грышка на легкавік, ужо як памаўчалі, можа, нават не столькі з радасцю, колькі з павагаю да Васіля — моў, бачу-бачу: салідны чалавек. «Мая, — адказаў Васіль абы-як, прыжмурыўшы, як лены кот, вочы, акурат гаварыў аб нейкай зусім нягеглай дробязі. — Цешча пару тысяч аджалела...» — І зноў сказаў з такім гонарам, быццам яму, такому зяцю, хоць і дзесяць тысяч адвалі, дык усё роўна не загнеш казе хвост. Вось табе і маеш! А быў жа такі гультаіна, горшы за Мішу.
Але і Малінаўка не прападзе, будзе ў ёй каму жыць — як ні круці! Вось толькі б Мішу дачакацца, там яны памудруюць, што рабіць, адно шкада, час не падгоніш — не конь. Добра, як жа добра, што хаця гэты Валодзька падвярнуўся — з новым чалавекам усягды латва душу адвесці, во колькі тае гаворкі было, а разварушыўся, у вачах пасвятлела... А то ўжо так занудзіўся быў, як прыехаў ад Мішы, хоць у пятлю лезь. Грэх сказаць, грыбы ледзь не прамаргаў, калі б не Валодзька. Малайцом, золата хлопец — першы пранюхаў. Цяпер самому трэба сцягацца, праверыць дый зачынаць сваю кухню. А клопату-клопату яшчэ... Нечакана ўсё, а думаў жа ён, як дажджы лілі, што рана сёлета грыбы вылезуць. Ёсць у Грышкі, мабыць, як і ў кожнага грыбніка, свая мясціна, дзе ўсягды самаперш пачынаюць расці грыбы, — гэта ў Панітоўшчыне.
...У грыбы Грышка стаў збірацца зрання — смех, якія тут зборы: уссунуў на ногі лягчэйшыя чаравікі, нож у кішэню ўткнуў, узяў з кладоўкі кошык — і хоць у строй станавіся. Сумак Грышка не любіў — церліся ў іх грыбы, трацілі свежасць і ядронасць сваю, — а кошык паветра прапускае, таму і не псуецца грыб, не «згарае» — якім паклаў, такім і дастанеш. Іх, гэтых кошыкаў, у Грышкі з добры дзесятак на гарышчы сохне — сам пляце, балазе лазовага пруцця на лузе хапае, а ён там з вясны, лічы, кожны дзень.
Грышка хацеў ісці ў Панітоўшчыну грэбляю, цяпер, як палажылі трубу ды засыпалі гравіем, тут нават увесну, у самую распуціцу, хоць бокам каціся, але падумаў, што кружна, а дарога і без таго немалая, і скіраваў да балотца. Сцежачка, схаваная ў ліловай гушчыні мятліцы, вывела яго на поле, на якім рос лубін — акурат цвіў — жоўтае мора. Нягледзячы на свае гады, Грышка хадзіў вельмі зграбна, зусім не нахіляючыся ўперад,— маладзён, дый толькі!
Панітоўшчына была за шашою, і назва гэтая, нераўня Шахтам, ішла са старых часоў — некалі край малінаўскі належаў багатай графіне Варанцовай, якая сама жыла аж у Кіеве і толькі зрэдку летам наязджала песціцца на беразе Сажа. Была яна, расказвалі, не вельмі злая да прыгонных, а з выгляду надта мажная — высачэнная і надзіва тоўстая, не абхапіць; адсюль і назва — Панітоўшчына.
Дарога туды Грышку, ох, як знаёмая, лічы, кожнае дрэва ведае. Вунь за тою лагчынкаю, вытканаю зялёнай муравою, здаўна растуць дзве сасны з дзіўнымі, падобнымі на мётлы, кучомкамі на галлі. Здаецца, ад бабкі сваёй ці, можа, ад якой іншай старой чуў Грышка, што гэтыя кучомкі вырастаюць на дрэвах, зачараваных ведзьмаю, — трэба ж ёй, ведзьме, на нечым лятаць, вось яна і вырошчвае мётлы. А на самай справе, калі па-сур’ёзнаму браць, дык гэта хворасць такая нападае на дрэва і шыгалле слаба расце, хутка адмірае.
А далей, акурат сярод прагалу, бяроза пахілая стаіць, тая бяроза, на якую каляднаю ноччу Грышку ўзагналі ваўкі, і ён праседзеў аж да віднаты, не сваёю ахвотаю стаўшы «госцем» ваўчынага вяселля.
І не толькі таму так добра вызнаў Грышка дарогу, што па ёй у грыбы хадзіў ды карчы на смалакурню вазіў. Дарогаю гэтаю можна выйсці на Рамідоўшчыну, дзе жыве Любка Гранцішына... І Грышка выходзіў не раз. Які салодкі быў той малады чад, як п’яна кружыў галаву— адкуль і што, Грышка не ведаў, можа, гэта і зусім нельга ўлавіць, разгадаць, з чаго пачынаецца яно, жаданне да чужой жанчыны. І праўда, ён ніколі не думаў дрэнна пра сваю Лісаветку, хоць трохі і шухавейная яна ў яго — семкі на лавачцы лушчыць будзе ці перад тэлевізарам выскаляцца, а пыл на падаконніку не бачыць. Грышка тады-сяды бурчаў на яе, прывучаў да рупаты, дбайнасці, хацеў, каб Лісаветка яго была як усе жанчыны — трохі скупаватая і да яго стражэй, а ёй усё смешачкі. Здаецца, і сама яна ўся з усмешкі, як рамонак. Праўда, калі на шчырасць, Грышка нават радаваўся іншы раз, што яны з жонкаю характарам розняцца — лёгка яму з ёй: ён са сваёю сур’ёзнасцю гатовы крахтаць-мудраваць над любою макулінкаю, а яна на жарцік звядзе — глядзіш, і ўсё проста. І грошы ў Грышкі Лісаветка ніколі не выграбала, не пыталася, ці ўсе аддае. Каб якому забулдыгу такую жонку — у раі жыў бы, няйнакш. А можа, усягды так здаецца, што ў людзей лепей, чымся ў цябе, таму і падганяеш сябе пад іх, а каб быў які-небудзь цар ці бог, што па справядлівасці мог расцаніць, то сказаў бы наўпярок — на цябе трэба раўняцца іншым. Ну, а што да красы, то з Лісаветкаю наўрад ці паставіш каго побач, нават тую Любку Гранцішыну... І ўсё адно, гэта часта дзівіла Грышку, Лісаветка была незачэпа. Шмат хто з мужчын клаў на яе вока, на легкамыснасць змушаючы, а былі — што і рукам волю давалі, моў, баба сіле скараецца, ды дзе там: як агрэе поўху — дзесятаму закажаш. От пахіхікаць, зубы пасушыць — на гэта яна майстрыца. Грышку, канешне, усё гэта лесціла, цешыла яго мужчынскі гонар — на любую гулянку, надта ў маладосці, ішоў з задзёртым носам: глядзіце, як трымаецца зубамі і рукамі за мяне жонка. І не страх — відаць было — перад чужым краем ці ад таго, што Грышка кіне, калі яна пераспіць з кім чужым, супыняў Лісаветку, гэта — факт! А што тады? Няўжо яна разгледзела ў Грышку нешта такое схаванае, чаго нельга ганьбаваць, брудзіць? Не, лухта ўсё гэта, нічога такога ў ім няма — мужчына як мужчына. І хто ведае, можа, якраз во тут з Грышкавай душы, неўпрыцям яму самому, пачаў наклёўвацца той слізкі расточак эгаізму, сок якога і ёсць не што іншае, як вера ў сваю беспакаранасць; а эгаізм — ён усягды ў хаўрусе з паслабкаю. Смех, Грышка так і блізка не думаў, гэта аўтар, каб яму памагчы, наважыўся ўнесці хоць якую яснасць у тое, пра што пойдзе далей расказ.
...Яны тады рабілі на смалакурні, якую ўжо даўно знеслі, бо не было з чаго гнаць шкіпінар. Грышка вазіў на кані смаляныя карчы, якія рвалі аманітам па ўсім лесе, часам вельмі далёкім, як той, названы Грышкам Шахтамі, а Любка дзяжурыла каля жалезных чанаў і пільнавала, каб шкіпінар і дзёгаць лішне не наліваліся ў бочкі. Да Рамідоўшчыны, дзе жыла Любка адна-адною, было кіламетры два, а то і больш. Зімою дзень — як зайцаў хвост, і часта ёй выпадала ісці дахаты ўжо цёмначы. Грышка тады-сяды набіваўся — то жартам, то ўсур’ёз — у праваднікі, ды яна адварочвалася. Але каторага дня, пасля замеці, на якія тады зімы былі шчодрыя, Грышка, шкадуючы Любку, усё-ткі ўгаварыў яе сесці ў сані. Ехалі, блізка прытуліўшыся, не гледзячы ў вочы, бо кожны, мабыць, думаў пра адно і тое. Пусціўшы каня самаходам, ён нечакана сарваў з рук вязёнкі і, расшпіліўшы кажух, акрыў Любку крысом; адной рукою стаў шукаць цяпло пад яе старэнькім там-сям прапаленым паліто; яна, удзячная Грышку, не працівілася. Шчытна седзячы, дыхалі адно на аднаго марозам; Грышка быў ужо і намацаў Любчын бок, адчуўшы, як гарачыня жаночага цела пабегла па пальцах у руку і ў самае сэрца, але зняцяйкі таргануліся моцна сані — конь зачапіўся аглобляю за крывулястую бярэзіну, — і на іх пасыпаўся зверху снег.