...Грышка хадзіў паўз лінію, абапал якой густа раслі маладзенькія бярозкі, прыглядаўся да верасу, што яшчэ не цвіў, але ўжо выкінуў ліловыя кутасікі, шнарыў у асацэ-дуброўцы, што чубчыкамі тырчала на гладкіх мурожна-зялёных падушках імху; наткнуўся на леташні лоўж з сасновых галін, ігліца з якіх паасыпалася, і праз іх, як праз косці, свіціліся шырокія, тонкія шапкі лісічак, ці лепш такія назваць лісіцамі. Болей, канешне, лісічак было на прагалінах, з усіх бакоў даступных сонцу, часам і залішне, бо некаторыя шапачкі патрэскаліся, узяліся белымі глыбокімі праменьчыкамі. Грышка аббегаў усе куткі за лініяй, затым перабраўся на другі бок, дзе раслі таўстыя бярозы ды асіны, сярод якіх пракідалася і сасна; там на зацененай лісцем дрэў і строгім папаратнікам зямлі зазвычай любілі расці абабачкі. Маленькія, цвёрдзенькія, як драўляныя таўкачыкі, і такія ж белыя, вылазілі пад бярозамі барвікі — рэдка па адным, часцей сямейкаю, тры ці чатыры; у іх гладкі высокі корань, і яго добра спілоўваць, не трэба тачыцца нажом у зямлю, як бывае, калі падымаеш дуброўнічак — цёмны і смуглы, што цыганскае семя.
Першым яму трапіўся абабачак — з пахіленаю шапачкаю і на даўгой, як у бусла, ножцы. Затым — во радасць! — два барвічкі; ён тут жа счыкрыжыў іх — у аднаго карэньчык белы і тугі, як сыр, а ў другога, выедзены чарвямі, — мяккі і пусты, як порхаўка. Звычайна па карэнні першых барвікоў Грышка намячаў, будзе лета грыбное ці не, а тут: адзін добры, другі чарвівы — ні тое ні сёе. Затым Грышка нады*баў яшчэ некалькі барвікоў, ужо крэпенькіх, — зашыліся ў сівец ды яшчэ майнікам зверху прыкрыліся, вось і паспрабуй знайдзі іх, хітруноў. Добра, што Грышка ведае, дзе іх шукаць. Заюшыўшыся, ён кружыў каля бяроз ды асін, паднімаючы то абабачак, то лісічкі, не абмінаў і сыраежкі — чырвоныя, жоўтыя, рудыя, бы тое восеньскае лісце, — і радаваўся, што багата пайшлі грыбы. Кошык вачавідкі напаўняўся, аддаваў у вочы крамянаю жаўцізною, быццам нехта махаў перад ім пукам цвітучага лубіну.
У лесе ўсягды так бывае: калі трымаеш у галаве арыенцір — не заблудзішся, ведаеш, дзе ты і куды ісці; чуць выпусціў — перавярнуўся свет, як быццам хто ўзяў цябе і, як ката ў мяшку, перанёс у зусім новае, незнаёмае месца.
Грышка заблудзіўся. Не, ён не спалохаўся, бо, куды ні пайдзі, лучыш на дарогу ці поле, а там ужо знайсці сваю вёску можна з завязанымі вачыма, — але нейкі нутраны халадок перасмыкнуў яго. Што з ім? Заблудзіўся? Куды ж яго занесла? Ён хацеў намеціць, дзе поўнач, дзе поўдзень, ведаючы, што на бярозе болей цёмных плям з халоднага боку; перакруціўся, шукаючы знаёмае дрэва ці палянку, але ўсё было чужое, непрыветнае, бы ў страшным сне: асіна з вялікім чорным дуплом, глыбокі акоп з пазелянелым, скарабачаным кірзачом на дне, быццам нехта высунуў з-пад зямлі нагу. Ён закурыў, раз-другі глыбока зацягнуўся; не перастаючы разглядацца, затушыў недакурак на пясчаным кратовым копчыку і саступіў з месца, зрабіў некалькі бязвольных крокаў, спыніўся, а потым смела пашыбаў далей.
Браўся, здаецца, па адным намечаным кірунку, а праз нейкі час апынуўся на тым месцы, адкуль пачынаў ісці. Што за ліха?.. Во і асіна з чорным дуплом, і кірзач у акопе, падобны на высунутую з-пад зямлі нагу, і раздушаны недакурак на кратовым копчыку... Грышка пасігаў у іншы бок, ішоў-ішоў, як быццам не скрыўляючы, і — дзіва-дзіўнае! — зноў вяртаўся на старое, прыметнае месца. Такое з ім ужо здаралася аднойчы, калі малады быў, таксама ў грыбах. Праўда, тады яны з сябрам, які цяпер палкоўнікам у Маскве, добра падпілі. Алёна Чубатчыха, шустрая, з худымі жылістымі нагамі, якія не стамляліся дзень і ноч бегаць па лесе і каля хаты, напароўшыся на іх, параіла вывернуць нападыспад пінжакі. Цяжка сказаць, што ім памагло, але мінут праз пяць яны ўзбіліся на дарогу.
Цяпер, сталаму ды цвярозаму, было канешне, смешна верыць усякім забабонам, і Грышка, усміхнуўшыся, павесялелы ад успамінаў, няспешна пасунуўся без аглядкі — куды выткнецца, туды выткнецца. Доўгі час перад вачыма маячылі камлі нятоўстых, гонкіх сасонак, потым улез у спелы бярэзнік, густа зарослы верасам і бледна-пунсовымі калмаценькімі, як васількі, кветкамі, якія называліся чамусьці «кіслародам». Зямля, здаецца, кацілася пад адхон, і па тым, як ногі пачалі блытацца ў фіялетава-жоўтым зязюльніку і даўгалыгім шабельніку, а каля твару пагусцела камарэчы, Грышка здаўмеўся, што прыбліжаецца да нізкага месца — мусіць, нейкай балацявіны... Во і прэллю ўдарыла ў нос, як не звярнула, і ўслед асвяжыла вільгаццю. На парэпаным камлі алешыны Грышка раптам убачыў ярка-жоўтую, бы лімон, бародку, падобную на лішайнік, і прыпыніўся, уражаны дзіўнаю нарасцю, але на імгненне, бо тут жа здагадаўся, што натыкнуўся на так званую «грыбную лапшу», якая, па народным павер’і, прыносіць шчасце. Грышка ўсміхнуўся: верыць ці не верыць?
Прадраўшыся скрозь зараснік ляшчыны, ён знячэўку, бы хто адсланіў шырму, убачыў перад сабою раздольную лугавіну, рэчачку на ёй — і ўголас рассмяяўся: выперся аж на Рамідоўшчыну. Во-тка ламануў круга! Але тут жа яму падумалася: няўжо нейкае нутраное, як у звера, чуццё, якое аніяк нельга разгадаць, вяло яго іменна сюды, у гэты бок, да вёскі, дзе жыве Любка Гранцішына, пра якую сёння блізка ўспамінаў, і ўспамін гэты саграваў яго, як і раней, калі разварушваліся нервы і захлістваў грудзі халодны, жудасны сум. Грышка раптам схамянуўся — што ўжо не стаіць на месцы, а рухаецца — у нейкім няцямлівым, адчайным роздуме. Ён перайшоў па кладцы-жэрдках рэчку, якая лагодна пабульквала ўнізе, быццам спявала песню, і апынуўся акурат каля Гранцішынай сядзібы. Узрадаваўся, згледзеўшы на гародзе жанчыну і пазнаўшы ў ёй Любку.
Любка, падпяразаная фартухом, з вядром у руцэ нагінкам ішла між барознаў, лэпаючы паабапал сябе бульбоўнік, — збірала каларадскіх жукоў. Калі Грышка быў ужо зусім блізка — мабыць, пачула шорганне крокаў, — тарганулася, стала загладжваць пад хустку валасы.
— Памошнікі не трэба? — сказаў ён, не даступіўшы крокі тры. Любка спярша зіркнула як бы з недаверам ды насцярожанасцю, але, убачыўшы, што Грышка, бы дзіця, адкрыты і з усягдышняю, як ёй здавалася, вінаватасцю ў вачах, заўсміхалася прыветліва і дабрадушна.
— Сёлета столькі жукоў, што аднаго памошніка мала.
— У нас іх тож хоць лапатаю адграбай, — сказаў Грышка, гледзячы Любцы ў вочы, у якіх апроч радасці тлела, бы вугалёк у прысаку, глыбокая, застарэлая туга, а можа, яму так здавалася. — Я дык хларафосам пырскаю — ніч-чога не памагае!
— А ты ета ў грыбы хадзіў! Набраў, бачу... — Любка дзівілася ўжо на кошык.
— Ды прараслі!.. — сказаў Грышка з радасцю, якой чамусьці не даў волі, хоць яна і прасілася з грудзей: можа, ён проста не хацеў паказваць Любцы, што радуецца і грыбам, а не толькі ёй. Нагнуўся, сашмаргнуў з каліва бульбоўніку жукоў, падышоў да Любкі і ўкінуў іх у вядро, з якога смярдзела бензінам. Яна паціснула плячыма, быццам Грышка вычварыў нешта непамыснае; вусны ў яе былі сухія, абпаленыя сонцам, як і ўся скура на твары. Грышку стала шкада Любку, як і той першы раз, калі павёз яе дахаты, захацелася пагладзіць яе з ласкаю, бы дачку, па якой засумаваў апошняю парою, але ж смешна ўсё гэта — расчульвацца тут, у полі, і ён адно ўздыхнуў.
— Можа, вады хочаш? — спытала яна, паварочваючы да хаты.
— Ага, выбегаўся, як гончы. Заблудзіў... — Словы вырваліся самі, і Грышка разгубіўся — выйшла, быдта ён адно і чакаў, каб Любка пазвала яго да сябе; а калі папраўдзе, дык у Грышкі нават думкі блізкай не было, проста на дабрату душа ўсягды адзываецца шчыра.
— Грышка... ета чула я, што твайго Мішу судзілі? — спытала Любка, калі ўжо ішлі мяжою — Любка першая, за ёю — Грышка; ён бачыў яе спіну, яшчэ, нягледзячы на гады, прамую, туга абцягнутую кофтаю, паясок ад фартуха, які ўрэзваўся акурат па таліі. Яна, мабыць, адчувала, што ён глядзіць на яе, таму не магла разняволіць паходку, ногі ставіла наструнена, роўненька адну за другою.
Грышка падумаў, што няма ўжо тут чаго хаваць, ды яшчэ — ад Любкі, з якою — каб не заводзіць яе ў заблуд — усягды быў шчыры, і расказаў чыстую праўду пра Мішу: за што судзілі і як ездзіў туды — на суд той. Любка, слухаючы, уздыхала ды войкала, склаўшы ў падоле між калень рукі; яна так перажывала, акурат за сына. Хто ведае: можа, на сподзе душы — там, куды ніхто не заглядвае, — і насіла яна грэшную думку: а раптам Грышка кіне Лісаветку, то можа стацца і так, што ён перабярэцца да яе, Любкі, жыць разам з сынам, якога і яна ўжо тады павінна будзе называць не інакш, як сынам, а зачы — дольнікам: глыбіня і наіўнасць жаночай душы настолькі вялікія, што можна даваць волю самай неверагоднай, самай цудатворнай фантазіі.
Грышка глядзеў на яе з тугою ў вачах і надзеяй, але без цвёрдасці — што мае права адкрывацца чужому чалавеку ў самым патаемным. Быццам жонцы. Канешне, гэта ён занадта хапіў — што Любка чужы чалавек, ні яна дрэнна яму не зрабіла, ні ён ёй, па-чалавечы ўсё ў іх было... Дык, разабрацца, па-чалавечы з усімі трэба, адно і бянтэжыць, што іншаму скажаш пра гора, а ён замест таго, каб паспачуваць, здзекавацца пачынае, яхіднічаць, плёткі разносіць і сябе разумным лічыць, а цябе — дурнем.
Прызнацца, Грышка ўжо не раз думаў, ці не заблытаўся ён у жыцці; вельмі падобна, што закруціўся ён, як тая трэска ў віры, — і няма як выбрацца і прыстаць да цвёрдага берага. А можа, чалавеку якраз на латву гэтыя вось муштроўкі, каб, так сказаць, душа не драмала, каб — жыла і на бяду адгукалася. Здаецца, Грышка пачаў знаходзіць апраўданне сабе, сваім ваганням, і тое, што ён рабіў далей, ужо не бянтэжыла яго. Спытаў у Любкі — можа, трэба пасобіць што, падладзіць ці прыбіць, але яна захітала галавою — «добра й так». Тады ён маўчаком узяў свой кошык, які пакідаў каля парога, і адсыпаў ёй на анучу пад загнетам грыбоў. Яна паспела адно падхапіцца ды сігнуць пару крокаў. Горка грыбоў была ладнаватая, але акуратная, быццам цацачная, — на шапачках грыбоў ні шыгалінкі, ні шматочка ліста. У Любчыных вачах стаяў нямы дакор: «Навошта?» — але і тая пакора, што яшчэ ў маладыя гады згладжвала няёмкасць між імі.
— Назад буду ісці — дабяру, — сказаў Грышка на ўсякі выпадак, калі запярэчыць Любка — што няпоўны кошык панясе дахаты.
Яна правяла яго з двара, і ён пайшоў не азіраючыся, а яна яшчэ доўга стаяла каля весніц, абхінуўшыся на слупок, аж пакуль знерухомелі галінкі лазняку, які схаваў яго.
...Грышка паставіў кошык у кладоўку, зайшоў у хату — Лісаветкі не было, — мабыць, яшчэ не вярнулася з тока, дзе адносіць мяшкі ад машыны, што перацірае траву і прасуе ў патрончыкі — гранулы, як іх называюць; увогуле не падкая да работы Лісаветка ў ахвоту памагала іншым і ні разу не ішла дахаты першаю.
Грышка тыцнуўся кружкаю ў вядро, але яно было пустое, нават высахла дно — Лісаветка сцадзіла ваду да апошняй кроплі — ці піць, ці на нейкую патрэбу. Тады ён адчыніў суднік, знайшоў там гарлач з сыраквашаю і папіў набгом. Адчуваў, як звіняць ногі — дзіва што, столькі выхадзіў, адмераў, лічы, кіламетраў дзесяць, не менш. Тут і ў маладога язык вываліцца. Ён прылёг на верандзе на ложак, захінуты выцвілай квяцістаю шырмаю, — тут усягды добра адпачывалася, калі не лезлі мухі ці, як цяпер, камары. У хаце за сцяною мерна, сумна цікалі ходзікі — закалыхвалі... «Многа мошак — рыхтуй кошык», — падумаў ён.
Здаецца, не паспеў заснуць, толькі мляваю стомаю затуманілася галава ды пацяжэла, як пачуў стук хатніх дзвярэй — мяккі, без рыпу. «Прыйшла Лісаветка...» Ён адплюшчыў вочы, але не падымаўся, глядзеў, як лётае над ім худы, празрысты камар. За гэтай забаваю яго і застала Лісаветка — адхінула шырму зялёнаю ад травы рукою. Сіняя хустка, абвязаная ўкруг галавы, закрывала ўвесь яе лоб; шчокі, загарэлыя, але не да чорнае смуглаты, туга блішчалі, як памазаныя здорам аладкі. Спытала — як грыбы.
Грышка стаў гаварыць — са шкадобаю ў голасе,— што крыху зазяваўся сёлета, затлуміўся з «етым Мішам»; ужо можна было б адкрываць грыбаварню. Грыбы пайшлі ваўсю — пакуль, праўда, лісічкі, але пракідаюцца і абабачкі, нават барвікі. Усё-ткі не памыліўся Грышка, што грыбны будзе год — зямля, бачыў, скрозь цвіце. Ён гаварыў і гаварыў, хаця гаварыльня ніколі не была яму да сэрца, — пра свае клопаты, што чакаюць яго, грыбавара, акурат баяўся няўзнак прагаварыцца пра Любку ці, можа, такою шчыраю гаворкаю стараўся павініцца перад Лісаветкаю, апраўдацца за тое, што не суняў сябе — хоць і не наўмысна, ды ўсё-ткі заглянуў да Любкі, адсыпаў ёй грыбоў.
Лісаветка слухала, ківала галавою, а часам звужала вочы, моршчыла лоб, і было відаць, што думкі яе далёка-далёка, можа, нават на тым няпэўным краі, за якім бачылася ёй змоладу райскае, бестурботнае жыццё яе летуценнай напаўцыганскай душы. І як яна пазвала Грышку абедаць, абарваўшы яго на паўслове, вязалася якраз з тым, што яе мала займаюць мужавы клопаты, факт, душа за іх не баліць, як гэта бывае ў гаспадарлівых жонак.
Яны пасёрбалі булёну, ці, па-іхняму, жыдкай бульбы з квасоляю, паелі проста з чыгунка дранікаў, якія, пастаўленыя глыбока ў печ, добра ўжалелі — сталі рудаватымі.
— Ну, пайду гатовіцца, глядзець там, што ды як,— сказаў Грышка, зноў папіўшы сыраквашы з гарлача, і, падумаўшы, дадаў: — Вады няма ў хаце...
— Піць? — спытала Лісаветка — яна ўсягды на любую мужаву закідку выстаўлялася так, каб выгарадзіць сябе ад далейшых папрокаў. — Дык я ж кампот з сушаных груш зварыла — стаіць у каструлі... Во бязмозглая! — Стукнула далоняю лёгенька па лбе.