Залямантаваў, як звар’яцелы, Грышка.
Укруг каня падняліся бурбалкі — яны лопаліся, і ад гэтага, здавалася, на глыбіні вызваляецца месца каню, які асядаў неяк надзіва спакойна і да болю прыгожа. Грышка на імгненне заплюшчыў вочы: «Можа, сон?.. » Падбег Міша: «Тата!..»
Раска з двух бакоў, як шлюзамі, зацягнула спіну Белазорага, засталася адно крывая рудая звіліна, быццам у зялёнае радно, якім накрылі каня, уплялася недарэчна чужая нітка. І тады конь, пэўна, адчуў смерць. Ён гоцнуў — аж паказалася спіна — і забушаваў нагамі, як кувалдамі, па вадзе так, што прыбой пырскаў абдаў Грышку і Мішу з галавы да ног, і твары іх, дасюль белыя-белыя, сталі смаляна-чорныя, як у неграў. Белазоры вярнуў да грэбелькі, але яму, мабыць, не давала вяроўка — напіналася, рэзала шыю.
— Нож-ж-ж!.. — суматошна закрычаў Міша, лэпаючы сябе па кішэнях; нож быў у Грышкі. — Тата, нож!
Грышка са сцятымі кулакамі тупа глядзеў на каня: «Што?.. Нож?..» Не паспеў дастаць — Міша выхапіў у яго нож.
— Куды-ы!.. — закрычаў Грышка: Міша, не раздумваючы, скочыў на капу; перавесіўся, папоўз на жываце з яе. — Назад!!! Утопішся!!!
Белазоры, акурат меў розум, сцішыўся; з шырокіх ноздраў туга выходзіла паветра і выбівала каля храпы ў расцы глыбокія ямкі. Міша цягнуўся нажом да вяроўкі. Грышка маўчаў — зарвала мову, — але вусны варушыліся, як усё адно шапталі малітву.
Вяроўка, мокрая, цвёрда звітая, але ненапятая, не паддавалася нажу — ён саслізгваў, не ўядаўся ў пяньку. Міша, трымаючыся адной рукою за сена, не гледзячы, шмуляў і шмуляў нажом... А конь тым часам асядаў, задзіраючы галаву, як не адрываючы яе ад шыі.
— Вылазь! Сын, вылазь!.. — неяк похапкам, сутаргава, быццам замест зубоў у роце стаялі цвікі, ускрыкваў Грышка, гледзячы на каня.
Міша нарэшце перацяў вяроўку і карабкаўся на капу, але, цяжкі ад вады, засмактаны ў багавінне, абскаўзаўся — вырывалася жмутамі сена...
Трываць ужо не было як — вада падпірала да ноздраў,— і Белазоры зноў забушаваў нагамі, аж кіпела вакол, бурліла бела-зялёная, як на губах, пена. Капа асела ніжэй — паменшала, бы зляглася, як бывае з начы, — і Міша ўспоўз на яе — рукі, парэзаныя асакою, крывавілі. Грышка бачыў толькі гэту кроў і вочы ў каня, якія, набліжаючыся да вады, рабіліся з белых цёмна-сінімі — расшыраліся зрэнкі.
Міша стаяў ужо на грэбельцы, брудны, у расцы і траве, як лясун, і бачыў, што Белазораму ўжо не павярнуцца, не дастаць капытамі грэбелькі. Грышка чамусьці ўзяў сына за плячо, мусіць, каб абаперціся, і выдыхнуў з нейкаю адчайнай злосцю на сябе:
— Амбец!.. Утапілі каня...
Бацька і сын глядзелі на рваную, непрыгожую мясціну ў шчытнай свежа-зялёнай расцы, і старэйшы з іх, выціраючы вочы, размываў на кулаках закарэлую гразь.
Недзе ў глыбіні конь яшчэ сучыў слабымі, спутанымі тванню нагамі, і вочы яго, крануўшыся вады, ужо фіялетавыя, пустыя без зрэнак, былі падобныя на бурбалкі, што неяк сумна і ўжо спакойна ўсплывалі напаверх і — патухалі, як неўзабаве патухлі ў рудой цёмнай вадзе і фіялетавыя разумныя вочы Белазорага... Назаўсёды.
Блізіўся час, калі во-во павінны наскочыць госці, і ў душу Грышкі міжволі запаўзала хваляванне — не таму, што баяўся чым-небудзь не ўгадзіць незнаёмым людзям (звычайна яны мала зважалі на яго), а таму, што чалавеку ўсягды няпроста спасцігнуць тайну першай сустрэчы — сяброў, ворагаў, дзелавых людзей, закаханых; у ёй, мабыць, і спее зародак, з якога вырастае потым і дае сабе волю дабро ці зло. Грышка, вядома, іначай думаў, ён больш адчуваў нутром, як гэта край важна цяпер, пасля сутычкі з Марчанком, застацца калі не ўважлівым, то, сама меней, цярплівым і спакойным да іх, шаноўных гасцей. Не трэба, зусім не трэба яму гэткай адплаты: мне наплявалі ў душу, і я ў даўгу не застануся; а чаму б не так: мне перапала, але я не абазліўся, не азвярэў, бо я... Тут Грышка і не падабраў слова, якім бы мог назваць такога чалавека ці тое, што ў сэрцы яго. Мучыць галаву не стаў, махнуў рукою ды пайшоў падкладаць у печку дровы.
...Піпканне машын учуў зразу — густое, пругкае, як мяч, яно ляцела здалёк: госці, мабыць, назнарок загадзя абвяшчалі аб сваім прыездзе.
Пад’ехалі тры «Волгі», адна з якіх (Грышка пазнаў па імклівым алені на капоце) была міротнікаўская. З іх вылезлі расчырванелыя, з вясёлымі тварамі людзі, адзетыя ў спартыўныя касцюмы. Жанчыны і мужчыны. Нават хлопчык год пяці — у кепачцы і кароткіх чырвоных штоніках з вышытым ільвянём на кішэні, поўненькі, як памідорчык, — ён стаяў ззаду легкавушкі і на некага нецярпліва, аж дрыгаў ножкамі, зіркаў; нарэшце да яго падышоў мужчына ў белай майцы і сінім, з палосамі трыко (акурат у Валодзькі Шапялёва!), адчыніў багажнік і дастаў адтуль вялікі дзіцячы аўтамабіль — на чырвоных гумавых колах і з напраўдашным рулём.
Жанчыны выцягвалі з машын напакаваныя, цяжкія сумкі; а два мужчыны (адзін з іх тоўсты пузан, другі — лысы) неслі ў дом вялікую скрыню свежай рыбы, здаецца, ляшчоў — шырокіх, здаравенных, па засланцы, з ружаватаю лускою; павіталіся з Грышкам, ён адказаў ім похапкам, бо глядзеў ужо на Міротнікава, які спяшаўся да яго, заклапочаны, з гармоняю ў дзвюх руках.
— Ну як — усё гатова? — спытаў ён, тузануўшы гармоняю, каб паказаць, што занятыя рукі і таму не можа павітацца за руку. Грышка кіўнуў галавою і ўжо ўслед сказаў, што ўсё «на мазі», вуголле счахае і праз мінуту-другую можна ісці мыцца.
Мітусня чужых людзей Грышку была ўжо прывычная, а таму нішто ў ёй востра не ўражвала, акрамя хіба скрыні ляшчоў, якую, параіўшыся, тыя двое мужчын зразу пацягнулі да рэчкі; следам за імі праз нейкі час падаліся і жанчыны з нажамі ды місамі ў руках. «Ну і ляшчы!.. — цмокаў сам сабе Грышка. — Такенных у Сажы са свечкаю не вылавіш...»
Хлопчык сеў у сваю машыну, узяў у рукі вяровачку і хацеў паехаць, націскаючы на педалі, але дзе там: зямля — не асфальт, колы глыбока ўразаюцца, і не хапае духоў, каб зрушыцца з месца. Тады хлопчык вылез з машыны і, убачыўшы ў траве белыя мячыкі, стаў збіраць іх у кепачку. Гэта былі, канешне, не мячыкі, а звычайныя дажджавікі ці, як малінаўцы іх называюць, заечая бульба, а саспелыя — порхаўкі. Хлопчык вельмі хутка разабраўся, што да чаго, і, згледзеўшы порхаўку, тупаў на яе нагою, з-пад якой густа вырываўся рудаваты дым. Хлопчык смяяўся.
Вольныя ад рупаты мужчыны тым часам аблажылі лазню, і Грышка зразумеў, што мыцца яны будуць групамі, каб не надта цясніцца. Міротнікаву, здаецца, пакуль было не да лазні, ён бегаў па двары, як забрытаны, і ўсё пытаўся ў гасцей — што трэба; жанчыны пасміхаліся, мабыць, уяўляючы, якое б шчасце было мець такога спрытнага, скоранькага на падхват мужа.
З адчыненых дзвярэй кухні цягнула смажанай цыбуляю, мяккім пахам лаўровага ліста, разам з якім, здаецца, выплывалі і галасы жанчын — нейкія ўважліва-спакойныя, пакорныя, як у манахінь. А з лазні, напроці, ляцелі крамяныя воклічы, сыты, бадзёры смех мужчын. Нарэшце з прымыльніка ўвесь у клубах пары выхапіўся той пузаты мужчына, які ў пары з лысым нёс скрыню ляшчоў, і на пятках, паднімаючы кверху пальцы ступакоў, пабег да Сажа; цела яго, чырвонае, распаранае, дрогалася, як студзень. Грышка не бачыў з-за пагорка, але чуў, як пузан плюхнуўся ў Сож, загагатаў, бы гусак, ад холаду вады. «Няйначай, хоча жывот трохі скінуць, — падумаў Грышка. — Дзіва што — пырні іголкай, дык гадзіну шыпець будзе».
Грышка стаяў, прысаджваўся і хадзіў, як непрыкаяны, не ведаў, куды сябе дзець. Хоць збірайся ды сунься дахаты зусім, але ж не кінеш дом без прыгляду. Мала што здарыцца можа — тады наракай на сябе. Але такая дарэмная прывольнасць гасцей знелюбела яму аж да грэблівасці, ён не прымаў яе ні ў чым і, каб не распякаць сваю душу, надумаў сысці хоць на якую гадзіну. Падручны ў гасцей гэты раз, дзякуй богу, ёсць, і не абыхто, а сам Міротнікаў. Дзе гэта ён зараз — нешта не відаць?
Грышка пайшоў па гары, каля самага абрыву, што крута спадаў да лугу і быў наўскасы зрэзаны кароўскімі сцежкамі, на якіх гарбякамі выпіралі выбітыя з зямлі тоўстыя і шэрыя, бы чарапахі, карані дубоў і сосен; цяпер, калі ўжо не ганяюць на луг кароў, сцежкі, вылізаныя дажджом, — гладкія, неўскапычаныя, са шчытнымі астраўкамі шыгалля, шышак ды смецця. Грышка спыніўся і доўга глядзеў на высокі, ужо добра струпехлы асінавы злом, з частымі нарастамі, падобнымі на абернутыя талеркі, а яшчэ больш — на моцныя конскія капыты. У зломе было шмат дуплаў (з аднаго ці не чулася санлівае цыгканне маладых дзятлаў?), усякіх шчарбін і дзірачак; здаецца, у ім, гэтым зломе, мірыліся птушкі, мурашы, розныя казюлькі, шашалі і вусачы, што былі ці маглі стаць адно аднаму ворагамі, але валтузні іх не відаць было і не чуваць. Роўна, як па нітачцы, снавалі ўверх-уніз чорныя, бліскучыя, як пакрышкі вугалю, мурашы, скрыгаў усярэдзіне шашаль, а з кругленькай, бы ад цвіка, дзірачкі высоўвала залацістую галоўку асцярожная аса-журчалка. Каля злома раслі асінкі з чырвонымі, як брушніцы, бародаўкамі на лісці.
Нечакана на палянцы Грышка ўбачыў чалавека, які сядзеў на дыбках і нешта ў траве шукаў. Грышка прыхінуўся да сасны. Чалавек акурат павярнуўся бокам, і Грышка пазнаў Міротнікава — ён трымаў у руцэ шклянку, напалову — аднізу — чырвоную. «Суніцы збірае!..— здагадаўся Грышка. — Надумаўся ж...» Не зганяючы з твару ўсмешку, абагнуў Міротнікава і пайшоў сваёю дарогаю, выглядаючы бярэзіны, каб пазней, як пагрубее лісце, навязаць на зіму венікаў.
Калі ён вярнуўся, сонца, стухаючы, садзілася за ружавата-дымныя вольхі на Глубцы. Яно было круглае, бы яго нехта, акуратны, абтачыў з усіх бакоў ці сцяў у абруч, — спакойная, мяккая чырвань зусім не сляпіла вочы, разлівалася на лузе неназойлівай, вадзяніста-ружоваю светласцю. У паветры яшчэ вісела млявасць, але адчувалася — у зусім блізкім часе яна ападзе на зямлю расою, асвяжыць кусты і дрэвы, звялую на ўзлобках траву, скрозь якую свіціцца белы, што вапна, пясок. Каля Сажа ажывіліся надвечар гранкі, як называюць тут ластавак-берагавушак, — чуваць было іх змяшанае, густое цывіўканне.
Госці, аказваецца, вынеслі сталы вонкі і цяпер сядзелі ўкруг іх — вясёлыя і ўсё такія жвавыя, бы тыя матылькі, што напырхаліся ўдзень каля кветак, а ўвечары ім заманулася пагарэзнічаць. Згледзеўшы Грышку, госці замахалі яму рукамі, падзываючы да сябе, і ён нехаця падышоў, але сядаць не спяшаўся, хоць яму і выслабанілі месца за сталом — акурат каля хлопчыка, перад якім стаяў сподак з кавалкам смажанай рыбы.