— Што ўжо тута, — раптам сказала яна, сарамліва апускаючы вочы і не хаваючы пакоры ў голасе. — Паехалі ка мне — пакармлю. — На вейках у яе трымцелі, растаючы ад дыхання, пылінкі снегу.
Адчыняючы тугія весніцы, Грышка пачуў, як яны зарыпелі, згортваючы набок снег. На двары ляжала гара парэзаных бярозавых дроў, каля якіх жаўцела перамешаная са снегам пырса. Нехта з мужчын рэзаў, падумаў ён, і яму зразу размарыла душу, цяпло пракацілася па спіне. Што за мужчына? Можа, хто ўжо ў «хазяіны» набіваецца? А што — баба ладная, маладая, клопату — што замужам была: з вайны ў многіх мужыкі не паварочаліся. І хата яшчэ што звон, хаця і нізкая, але з тоўстых стрыжоністых бёрнаў, пабеленая мелам, акурат церам які, і крытая бляхаю. Доўга прастаіць.
Любка запаліла карасінавую лямпу; павесіла яго кажух на цвік каля парога. Ён абабіў аб калена шапку, пакамячыў яе ў руках і накінуў на той самы цвік, на якім вісеў кажух, — чорная шапка злілася з чорным каўняром. Хацеў быў зняць і галёшы з валёнак, ужо нацэліўся заднікам, ды яна мякка падпіхнула яго ў спіну:
— Ідзі, не трэба...
Ён сеў на лаву, утупіўшы вочы ў валёнкі — на кроплі, белыя ад таго, што ў іх адбівалася печ; потым у прасветліну між шырмамі ўбачыў ложак з дзвюма падушкамі, закрытымі вышыванымі накідкамі; над ложкам вісела рамка з картачкамі, якія зводдалі няможна было разгледзець. Каб уведаць, ці ёсць там картачка Любчынай «дзевачкі», дачкі, што не перажыла вайну, памерла ад тыфу, ці паспелі яе хоць разок зняць на картачку, — Грышка хацеў спытаць, але, падумаўшы, не стаў варушыць балючае і даўняе.
Любка ўжо прычасалася перад люстэркам, уробленым у печ побач з пячуркаю; патрымаўшы заколкі ў вуснах, зашчаміла імі скручаныя на патыліцы куклаю валасы. Бачыў Грышка, не саромеецца яна яго ў сваёй хаце, пачувае сябе так, быццам даўно яны жывуць удваіх і прызвычаіліся адно да аднаго; калі яна паднімала да патыліцы рукі, ён убачыў, як напялася ў яе на грудзях кофта і з-пад яе выткнулася ў поясе зборка белай сподняй кашулі; ён адвярнуў галаву, прыцінаючы ў грудзях дрыготку, што замуціла яму вочы.
Гэтак жа няспешна, акурат наўмысна хацела аддаліць час, яна сабрала на стол — выняла з печы смажанай бульбы; парэзала сала, салёных гуркоў; паклала ў талерку сырых яек. Паставіўшы бутэльку і дзве чаркі, сказала, каб садзіўся бліжэй да стала. Ён чамусьці шумна ўздыхнуў і падышоў нехаця.
Яна наліла ў чаркі, кіўком запрасіла выпіць. Ён пацягнуўся да яе чокнуцца — трымаў чарку шчытна ўсімі пальцамі. Яна, гаспадыня, не прысела, узлокцілася леваю рукою на стол, а праваю брала закусваць, і Грышка міжволі чапляўся краем вока за адкрыты куточак цела ў нізкаватым выразе кофты.
Хоць і выпіў чарку, а затым і другую, п’янь не брала яго і яда не лезла ў рот — нешта падкацілася пад грудзі, цвёрдае, даўкае, як недаспелы, аскомісты яблык-дзічак, было цяжка дыхаць, не тое што есці. А Любка наўпярок, пачувала сябе спакойна, а гэты бляск у вачах і чырвань на твары хутчэй ад выпітае гарэлкі, чымся ад нейкай нутраной узрушанасці. І Грышка падумаў, што ім, мабыць, цяжка будзе паразумецца між сабою. Калі чэсна, дык ён ні на што не намерваўся з самага пачатку, проста пашкадаваў жанчыну-ўдаву, што ёй, беднай, грэбціся адной па снезе, а потым ужо, у санях, раптам павярнулася ўсё іначай, і яму падумалася, што яны, пэўна, ужо даўно гарнуліся, каб пабыць вось так адзін на адзін; загадзя ведаючы, што няпроста ім будзе на пару, не на людзях, не маглі перабароць у сабе сілу, якая збліжала іх, прымушала хаця б у думках падступацца да таго, што назолаю лезла з кожным днём мацней і ўедлівей.
Грышка ўжо кінуў есці; кладучы відэлец, нейкі міг не адымаў ад яго рукі — каб Любка, зразумеўшы, што ён хоча пайсці, нешта паспела яму сказаць, бо маўчанне цяпер — звінела яму ў галаве — найгоршае, што можна было прыдумаць. Чуваць было, як за цёмнаю шыбінаю форскаў конь. На жэрдачцы каля печы мноствам гарачых вачэй блішчала пляцёнка цыбулі.
— Ужо наеўся? — здзівілася Любка проста, ані блізка да паказухі, на якую часам латвыя жанчыны, у якіх наўме свой, жаночы, намысел. — Ці, можа, мала выпіў?
— Хапіла ўсяго. Дзякуй табе, — сказаў ён, глянуўшы ёй у вочы з-за аддзякі, а не з панадлівым намерам нешта прачытаць у іх, і ўстаў — з калень ссыпаліся крошкі хлеба.
Яна тады заступіла яму дарогу, без настырнасці і без рук, проста стала перад ім, сумам і тугою з вачэй абліўшы яго ўсяго, як кіпетнем, што ён не ўтрываў, хапатліва, неяк нязручна абняў яе і цвёрда прыцяўся да вуснаў... Пасля яна не раз успамінала яму той адзіны калючы пацалунак, ад якога доўга шчымелі шчокі.
На яго і праўда найшла нейкая ўтрапёнасць, ён — як ачмурэў, чуў у сабе лёгкасць і сілу. Спаць яна паслала яму на лаве, і ён моцна заснуў, акрыўшыся цёплым кажухом, які не раз выручаў і тады, калі начаваў на смалакурні — а ўзімку гэта надаралася часта. Уранні, яшчэ прыцемна, ён спытаў у Любкі тапор і завінуўся калоць дровы. Прыпякаў сухі марозік, у ружовай імглістасці ўставала сонца, а цені ад яго былі мяккія, лёгенькія, як хто накідаў на снег блакітных стужак. У ленай нерухомасці драмаў пад павеццю конь з дранаю пасцілкаю на спіне — адно варушыліся на пысе заінелыя, тоўстыя, як галінкі, вусы.
Чурбакі, нечачоцістыя, прамёрзлыя, расколваліся лёгка, пругка, аж звінелі. Плашкі ад іх былі роўныя, жоўценькія, што масла. За нейкія паўгадзіны Грышка перамахаў усю кучу дроў, памог Любцы згрудзіць іх пад павець. З кажуха, які ён зняў і кінуў на сталюгу, кучаравілася пара — Любка ўзяла яго і неяк клапатліва, акуратна згарнула аўчынаю ўсярэдзіну.
З той пары*, лічы, і цягнула яго на Рамідоўшчыну, як магнітам. Што пяшком ішоў, а часцей — на кані, і тады вёз Любцы ці смалянога карча, які потым шчапаў на дробныя трэскі, пахучыя, бы ліпавы мёд, і складваў іх за комінам; ці бярозавых чурбачкоў; а то і сена таўсцей падкладзе на сані, бо знаў ужо, што ў Любкі не дужа ёсць чым пасуліць карове; калі ездзіў у раён — так чаго, па хатняй надабе, ці з паперамі па рабоце,— то ўсягды прывозіў ёй пару буханак «гарадскога» хлеба, пакідаў яго ў сваёй скрыні, а ўвечар аддаваў Любцы. Яна адмахвалася, не брала, ды ён сілаю разводзіў ёй рукі, усоўваў буханкі, і яна ўжо тады не адкладвала іх... Наўзамен Грышка ад Любкі нічога не прасіў, бо пасля таго, першага, разу засеў у душы нейкі незразумелы, цяжкі дакор, ды такі назойліва-балючы, што Грышка нават хацеў назусім забыць Любку, закрыць на яе вочы, але той жа час падумаў, што нягожа так будзе, выходзіць, ён, Грышка, слімак нейкі, душыць у сабе тое, чым, разабрацца па шчырасці, ганарыцца трэба... Ну і што — што жанчына, што адзінокая і што падумаць усякае можна; галоўнае, каб перад сабою чысты быў, да яе па-чалавечы ставіўся... Добра яму і ёй — і няхай. Ён, калі трэба, і Лісаветцы ўсё раскажа, яна, факт, не асудзіць яго, адно пасмяецца: душа ў яе шырокая, незамкнутая. Гэта такія, як Любка, перажываюць з-за ўсякай макулінкі, і ён жа, Грышка, такі самы — можа, таму і зблізіліся яны.
І аднаго дня ўсё-ткі не ўтрываў — каб палёгкаю заручыцца, сказаў Лісаветцы, што памагае адной «удовушцы». Спярша яна засмуцілася, бы цень лёг ёй на вочы, але, відаць, да таго моманту, пакуль раздумвала, а потым заламала над галавою рукі і доўга білася ў вольным, сутаргавым смеху: «Воечкі!.. Напужаў! Ха-ха!.. Што ж тута благога, мужычок мой любы?..» Шчокі ў яе былі ад натугі чырвоныя, як бакі яблыкаў, у кожнай мясцінцы, здавалася, скакаў гарэзлівы, мяккі праменьчык, якім Грышку аж закарцела пагрэць і сваю шчаку. Ён прытуліўся да Лісаветкі, вінаваты, як дзіця, а яна стала гладзіць яго па валасах, казытаць каля вуха — словам, не паверыла баба; у Грышкі не павярнуўся больш язык што-небудзь гаварыць, і трывогу ён зноў паклаў на душу цвёрдым, чорствым каменем.
...Грышка звярнуў з дарогі на лінію — шырокую, некалі развораную паласу, а цяпер утравелую, — па якой ездзілі машыны ў лес — на пяску былі выціснуты ромбікі пратэктараў; лінія выводзіла на поле, на якім звычайна раслі жыта ці авёс. От што не трэба шукаць, дык гэта паганкі, зразу сталі лучаць на вочы — выткнуліся, не хаваючыся, на самай лініі, як парасоны, шэраю стракатасцю сваёю на соў падобныя. Грышка нават падфутболіў адну, і яна, вырваўшыся з булдоўкаю-каранём, шлёпнулася каля бярозы. І мухамораў чырвоных ужо процьма, а знаць — і барвікі павінны быць, бо хаця і ніякія не сябры гэтыя грыбы, але пачынаюць расці ў адзін час.
Скрозь пад бярозамі — бачыў Грышка — стаялі і ляжалі вялікія паржавелыя бляшанкі — з-пад павідла, няйнакш, вясною ў іх збіралі бярозавік, а цяпер у тых, каторыя стаялі, дождж наліў вады, і ў ёй плавалі разбрынялыя чорныя жукі. Дзіркі, праточаныя ў камлях бяроз, заброснелі ды так і засталіся, падобныя на вялікія бяльмастыя вочы. Грышка ўспомніў, што некалі ў калгасе быў конь Белазоры, дык у яго былі акурат такія вочы, — добры конік быў, цягучы, але...
«А можа, і ў ласёў тож такія вочы?» — раптам падумаў Грышка, ведаючы, што тут пратаптана ласіная сцежка, па якой ласі з Вялікага Балота, дзе днююць у змрочнай, вільготнай зацішы на мяккім імху і дзе пладзяцца, хаваючыся ў глыбокіх, ад бомб, ямах, зарослых тонкім бледным асіннікам, прыбягаюць на поле, на якім пасвяцца, скубуць яшчэ несаспелы, салодкі авёс, храбусткую, мяккую лебяду. І цяпер Грышка бачыў на лініі іх начныя сляды — то акуратныя, са шчытна зведзенымі вілкамі капытоў адбіткі (гэта калі лось ішоў спакойна), то проста ўзрыхленую зямлю, быццам падзяўбанаю жалезнай скабою.
Неяк па восені Грышка бачыў тут ласіную сутычку. Ён тады насек жардзя і браўся напрасткі дахаты. Раптам глянуў, бы хто штурхнуў, уперад і здрыгануўся: убачыў ласёў. Два грамілы стаялі блізенька адзін да аднаго, трэці — крыху воддаль, насцярожана і пудка кратаў даўгімі вушамі — пазней Грышка зразумеў, што гэта была самка.
Грышка заступіў за таўстую асіну і стаіўся, гэтак жа сцішана стаялі і ласі. Потым нечакана, як хто пуднуў іх, рэзка рвануліся насутыч — і па сасняку панёсся гулкі стук касцяных рагоў. Тузанулася і нервова пераступіла нагамі вушастая самка.
Грышка прытуліўся да асіны, адчуўшы шчакою яе каструбаватую кару.
Ласі, не падымаючы ад зямлі рагоў, разышліся — і зноў шалёная сіла кінула іх адзін на аднаго; сцегнякі напружыліся, як не лопнуць, ноздры расшырыліся, а бялкі вачэй сталі чырвоныя. Ласі доўга пераважваліся то ў адзін бок, то ў другі, і было відаць, як заднія капыты мякка патанаюць у зямлі.
Калі яны зноў адступілі, лось, што стаяў направа, грабянуў пярэдняю нагою па ігліцы, і на спіну яму ўпала некалькі камякоў зямлі, ён злосна раўнуў і скочыў на свайго саперніка. Той удала вывіхнуўся, і лось перацяў капытом маладую, таўшчынёю з руку, бярозку; прамашка, мусіць, яшчэ болей раз’ятрыла, і ён, развярнуўшыся, зноў рушыў на саперніка, але той нечакана тыркнуўся яму наперад і лучыў рагамі ў храпу.
Здрыганулася, быццам ад укусу авадня, самка.
Падранены лось матлянуў галавою, каб выбавіцца, але пераможца дужа напіраў на яго, і ён, выгнуўшыся лукам, адскочыў убок, яшчэ ніжэй угнуў галаву ў калені і сам пайшоў у наступ, ударыў рагамі свайго саперніка ў цвёрдую лабаціну так, што той рухнуў на зямлю... Адчуваючы новы ўдар, зароў дзіка і бяспомачна, як просячы літасці, адно вочы, налітыя крывёю, як агнём, гарэлі шалёным адчаем і рашучасцю.
Грышка зажмурыўся і чакаў... доўга, думаючы: вось зараз звалены лось, так і не падняўшыся, недарэчна і пакутліва прыме сваю смерць, — але калі адплюшчыў вочы, то ўбачыў, што ён стаіць, ужо адбегшыся, а вушастая самка, зразу рахманая, супакоеная, ліжа пераможцу дрыготкі ўскалмачаны бок, пакідаючы на поўсці цёмныя мясціны, якія так былі падобныя на лапікі, прышытыя да выцвілай адзежыны.