І тут Грышка ўлавіў думку, якая спярша акурат варам яго абдала, закруцілася-зазвінела ў галаве, бы пчала. Ён ухапіўся за яе і ўжо не адпускаў — сеўшы пад лазню, круціў яе і так, і гэтак — блага, што рукамі не памацаеш, і чымся далей над ёю мучыўся, тым ясней праяўлялася, крэпла, прыдавала радасці. Грышка падняўся, акінуў паглядам гарод — сотак пятнаццаць ён займае, расце на ім бульба, яблынькі сохнуць пачалі, некалькі выкарчаваў; схіліў, бы ў жалобе, жоўтую галаву-кацелку сланечнік, што выткнуўся з-за паграбні; магутна стаялі адно ліпы — адцвіталі ўжо, скідвалі свой жаўтацвет, пакідаючы замест яго зялёныя мяккія бубкі, што к восені зацвярдзеюць, а ўвесну, яшчэ пры снезе, на вусіках-прапелерах разляцяцца па гародзе, прарастуць у траве пад плотам. Грышка падышоў да ліп, змераў перамежак між імі — набіраецца метраў дваццаць. Але, Грышка пашкроб галаву, навошта шчаміцца, ён паставіць хату крышачку воддаль, каб галіны ліп адно краналіся даху і сцен, затулялі ад нягоды. Так, гэта думка прыбілася зусім зняцяйкі, бо выспявала, мабыць, не адзін год, і цяпер так ускалыхнула Грышку, што ён не мог суняцца, спакойна разважаць, а бегаў, як ачмурэлы, па гародзе, прыкідваў і замяраў. Услед хадзіў сабака, Босы, нюхаў зямлю, акурат правяраў, ці свая, ці не чужая.
І цяпер ніякая-ніякая сіла, ніякія і нічые ўгаворы-адгаворы не перапруць Грышку на інакшае — ён цвёрда наважыўся будаваць сыну хату: сказаў жа ў апошні міг: «Тата, чакай мяне!..» Прыйдзе, ажэніцца... Хаця тут цяперака і дзеўку са свечкаю шукаць трэба — раней адна Чубатчыха магла ашчаслівіць усю Малінаўку нявестамі... Хоча, няхай са свету бярэ, як ён сам некалі, Грышка, узяў. Так ці іначай, сям’ю завядзе, і трэба будзе свая хата, свой курэнь, як кажуць, а ён, Міша, будзе ў ёй «хазяінам». Навошта яму чужы, мітуслівы свет, куды ўсе рвуцца і адкуль з плачам варочаюцца, але ўжо не могуць адарваць сябе ад яго — во, хаця б той Валодзька Шапялёў... І ўнукаў яму, Грышку, край хочацца — не прывозных, інкубатарных, як у Шапялёвых, а сваіх, пастаянных, выняньчаных ад пялёнак...
Першае, што Грышка зрабіў назаўтра, — гэта з’ездзіў у лясніцтва і выпісаў пятнаццаць кубаметраў лесу: пакуль надыдзе восень ды скапаюць бульбу, дык і вытралюе, сцягне хлысты на пагон, там распілуе, а тады ўжо прасцей будзе рубіць з бёрнаў хату.
...З гаркавым дымком спаленага на сядзібах бульбоўніку прыйшла восень. Як баючыся, што запазнілася, яна неяк вобміг зжаўціла на ліпах лісце, вецер шуршэў ім, мёртвым, падбіваў да частаколу, круціў разам з папераю ў закутках, а то паднімаў у паветра, што сваёю празрыстаю яснасцю аж калола ў вочы, і нёс у чыстае поле. На пагоне, сабраўшыся ў чародку, дажыроўвалі астатнія дні шпакі, крута заломвалі ўверх, спытваючы моц крылаў перад далёкаю дарогаю. Толькі, бадай, вароны з усяго птушынага царства пачувалі сябе спакойна — мерна, ківаючы хвастамі, расхаджвалі ўслед за трактарам; шукаючы спажыву, разбівалі шэрымі дзюбамі свежыя камякі зямлі, ляніва пераляталі і бестурботна патрэсвалі пер’ем, акурат выстаўлялі яго перад хмарамі — такімі ж шызавата-цёмнымі і густымі, яны выплывалі з-за небасхілу маленькімі рэдзенькімі шматкамі, якія ўсё згушчаліся, зрасталіся ў вялізныя кудзелі, з якіх ужо сыпаўся шорсткі, ядраны халадок.
Змораныя, зацяганыя за лета коні звозілі з поля тугое, што камяні, качанне капусты, водар якой не выветрываўся нават уночы, а калі нахапіліся першыя замаразкі, яшчэ пагусцеў, сачыўся ў хаты праз няўцепленыя вокны і дзверы, нёс з сабою свежасць і крамяную гаркавінку. Дзеці з асалодаю грызлі сакавітыя храпкі, кідаліся імі, азартна смяяліся, быццам лепшае забавы яны ў жыцці не бачылі і не ведалі. Хіба што цяпло ды печаная бульба маглі гэтак жа забавіць іх.
Акурат гэтаю парою Малінаўку абудзіў стук тапара, і па вуліцы разгуляўся нязвыклы для восені пах смалы — ну, бывае, што пахнуць трэскі на дрывотні, калі падмерзнуць, але нядоўга і тоненька, — а гэты з кожным днём цяжэў і мацнеў, акурат нехта варыў у двары жывіцу. Стук тапара і пах смалы браліся з аднога месца — на гародзе пад ліпамі Грышка Пруцікаў ставіў зруб: паклаў ужо некалькі вянцоў, і яны кожнаму кідаліся ў вочы спелай, васковаю жаўцізною. Вёска, канешне, не сундук пад сямю замкамі, і людзі ўжо ведалі, што не сабе і не на продаж ладуе хату Грышка — дзеці ў яго дарослыя, хутка Міша вернецца, дый Ленка не будзе ж век на тым БАМе.
Калі надаралася пагода і колькі дзён стаялі сонечныя дні, на бёрнах зруба празрыстымі крышталікамі выступала смала — яна блішчала, як слёзы, і салодка пахла.
Калі б ад мяне залежыў лёс Зямлі і калі б яна апынулася ў такім становішчы, што адным голасам гэты лёс можна было навечна засцерагчы ад ліха, і ў мяне спыталі б, як гэта зрабіць, я сказаў бы: усім людзям (у тым ліку і героям аповесці) трэба ў космас, каб адчулі, з касмічнай вышыні ўбачылі, што планета ў нас — адна і яна маленькая, безабаронная і блакітная, як дзіцячы шарык... Пасля гэтага, думаю, кожнаму, нават самаму чорстваму чалавеку не працівіла б жаданне — стаць спінаю да злога ветру і затуліць сабою гэты кволы, далікатны шарык, каб не напароўся ён на патарчаку, якую, пераводзячы на мову электронікі, іначай можна назваць кнопкаю. Толькі для малінаўскага грыбавара Грышкі Пруцікава (прабачце за такую выбраную прыязнасць) я зрабіў бы выключэнне і не пасылаў у космас з падобнаю мэтаю. Хіба што дзеля цікавасці, і то — калі б здароўе дазволіла.
1 Добры чалавек (цыган.).