Ад гэтага дзіўнага адказу валасы на галаве ў дона Хуана сталі дыбарам, але праз хвіліну ён супакоіўся і ўсміхнуўся.
«Відаць, я не расчуў,— падумаў ён,— або гэты стары памыліўся».
Ён увайшоў у царкву разам з працэсіяй. Пачаліся жалобныя спевы пад гукі арганаў, і святары, убраныя ў жалобныя шаты, зацягнулі De profundis[40]. Нягледзячы на намаганні здавацца спакойным, дон Хуан адчуў, як у яго ў жылах стыне кроў. Падышоўшы да другога пакаяльніка, ён запытаўся:
— Дык каго ж гэта хаваюць?
— Графа дона Хуана дэ Маранья,— адказаў пакаяльнік глухім і страшным голасам. Дон Хуан прытуліўся да калоны, каб не ўпасці. Ён адчуваў, што траціць прытомнасць, мужнасць пакінула яго. Тым часам набажэнства працягвалася, і пад скляпеннямі яшчэ грымелі гукі арганаў і галасы, што спявалі жудаснае Dies irae[41]. Яму падалося, што ён чуе спевы анёлаў на страшным судзе. Урэшце, набраўшыся сілы, ён схапіў за руку святара, што праходзіў міма. Рука была халодная, як мармур.
— У імя неба! Ойча,— закрычаў ён,— за каго вы тут моліцеся і хто вы такія?
— Мы молімся за графа дона Хуана дэ Маранья,— адказаў святар і пільна паглядзеў на яго вачыма, поўнымі смутку.— Мы молімся за яго душу, якая гіне ў смяротным граху, а самі мы — душы, якія імшамі і малітвамі яго маці былі выбаўленыя з чыстцовага полымя. Мы сплочваем сыну тое, што былі вінаватыя яго маці, але гэтая імша — апошняя, якую нам дазволена адслужыць за душу графа дона Хуана дэ Маранья.
У гэты момант царкоўны гадзіннік прабіў адзін удар — час, на які было прызначана выкраданне Тэрэсы.
— Час настаў,— закрычаў голас недзе з цёмнага кута царквы,— час настаў! Цяпер ён наш!
Дон Хуан павярнуў галаву і ўбачыў жахлівае відовішча. Перад ім паўстаў крывавы і бледны дон Гарсія, а разам з ім — капітан Гамарэ, твар якога скруціў страшны курч. Абодва яны падышлі да труны, і дон Гарсія, з лютасцю скінуўшы века на дол, паўтарыў:
— Цяпер ён наш!
Тым часам з-за яго спіны вылезла вялізная змяя, гатовая кінуцца ў труну.
— О Божа! — закрычаў дон Хуан і ўпаў непрытомны на каменную падлогу.
Стаяла ўжо глыбокая ноч, калі варта заўважыла чалавека, што ляжаў нерухома каля царкоўнай брамы. Стражнікі падышлі, думаючы, што гэта цела забітага чалавека. Яны адразу пазналі графа дэ Маранья і паспрабавалі прывесці яго да памяці, пырскаючы ў твар халоднай вадой. Але, бачачы, што гэта не дапамагае, яны занеслі яго дадому. Адныя казалі, што ён п’яны, другія — што яго набіў нейкі раўнівы муж. Ніхто ў Севільі, прынамсі, з людзей прыстойных, не любіў яго, і кожны сказаў цяпер сваё слова. Адзін бласлаўляў кій, які так добра яго ўходаў, другі спрабаваў угадаць, колькі ж пляшак улезла ў гэты нерухомы мех. Слугі дона Хуана атрымалі свайго гаспадара з рук стражнікаў і пабеглі па хірурга. Яму пусцілі кроў, і ў хуткім часе ён апрытомнеў. Спачатку ад яго пачулі толькі бязладныя словы, незразумелыя воклічы, плач і стогны. Але паволі ён пачаў разглядацца навокал. Ён спытаўся, дзе ён, пасля — што здарылася з капітанам Гамарэ, донам Гарсіям і жалобным шэсцем. Слугі вырашылі, што ён звар’яцеў. Аднак, выпіўшы ўзмацняльных лекаў, ён загадаў прынесці распяцце і пачаў яго цалаваць, патанаючы ў слязах. Урэшце ён запатрабаваў, каб яму прывялі спавядальніка.
Усіх гэта вельмі здзівіла, бо ўсе добра ведалі пра яго бязбожнасць. Некалькі святароў, якіх запрашалі слугі, адмовіліся да яго прыйсці, думаючы, што ён хоча састроіць з імі злы жарт. Нарэшце адзін манах-дамініканін згадзіўся. Іх пакінулі сам-насам, і дон Хуан, кінуўшыся манаху ў ногі, расказаў, што яму прымроілася. Пасля ён выспавядаўся. Расказваючы пра кожнае сваё злачынства, ён часта спыняўся і пытаўся, ці магчыма, каб такі вялікі грэшнік, як ён, атрымаў некалі нябеснае прабачэнне. Манах адказваў, што літасць Божая не мае межаў. Заклікаўшы яго быць непахісным у сваім раскаянні і даўшы яму суцяшэнне, якое царква не адмаўляе нават найстрашнейшым злачынцам, ён паабяцаў зайсці ўвечары. Дон Хуан маліўся праз цэлы дзень, і, калі ўвечары дамініканін вярнуўся, ён абвясціў сваё рашэнне аддаліцца ад свету, дзе ён нарабіў столькі злачынстваў, і паспрабаваць адкупіць раскаяннем незлічоныя грахі, што загубілі яго душу. Манах, крануты яго слязамі, падбадзёрыў яго як мог і, каб пабачыць, ці дастаткова ў яго рашучасці для выканання свайго намеру, намаляваў яму суровую карціну цяжкасцяў і нягод кляшторнага жыцця. Але пасля кожнага апісанага ім спосабу марэння плоці дон Хуан казаў, што яго гэта не палохае і што ён заслугоўвае на значна суравейшае абыходжанне.
Ужо назаўтра ён падараваў палову маёмасці сваім бедным сваякам. Частку грошай ён адпісаў на пабудову шпіталя і фундацыю капліцы. Ён раздаў значную суму ўбогім і заказаў нямала імшаў за душы чыстца, асабліва за душу капітана Гамарэ і за душы тых няшчасных, каго ён забіў на дуэлях. Нарэшце ён сабраў усіх сваіх сяброў і павінаваціўся перад імі ў тым благім прыкладзе, што ён так доўга ім даваў. Узрушанымі словамі ён абмаляваў ім пакуты сумлення за свае колішнія паводзіны і надзеі, якія ён захоўваў на будучыню. Яго словы кранулі некаторых распуснікаў, і яны выправіліся. Іншыя ж, непапраўныя, пакінулі яго, халодна ўсміхнуўшыся.
Перш чым замкнуцца ў кляштары, які ён выбраў ддя ўсамотнення, дон Хуан напісаў доньі Тэрэсе. Ён прызнаўся ёй у сваіх ганебных намерах, расказаў ёй пра сваё жыццё, пра сваё наверненне, прасіў у яе прабачэння і заклікаў пайсці за ягоным прыкладам і шукаць уратавання ў раскаянні. Ён перадаў гэты ліст з дамініканінам, паказаўшы яму, што ў ім напісана.
Няшчасная Тэрэса доўга чакала тады ў садзе ўмоўнага знаку. Правёўшы некалькі гадзін у невыказнай узрушанасці, бачачы, што ўжо бярэцца на дзень, яна вярнулася ў цэлю, ахопленая несуцешным смуткам. Яна тлумачыла сабе адсутнасць дона Хуана тысячай прычын, аднолькава далёкіх ад праўды. Так прайшло колькі дзён, яна не атрымала ад яго ніводнай навіны, ніякая вестачка не даляцела да яе, каб суцешыць яе роспач. Урэшце манах, параіўшыся папярэдне з прэоркай, атрымаў дазвол сустрэцца з ёю і перадаў ёй ліст скрушанага спакусніка. Тым часам, як яна чытала, на лобе ў яе выступілі буйныя кроплі поту, яна то чырванела, як полымя, то бялела, як смерць. Ёй, аднак, хапіла сілы дачытаць ліст да канца. Тады дамініканін паспрабаваў апісаць ёй раскаянне дона Хуана і павіншаваць яе з тым, што яна пазбегла страшнай небяспекі, што чакала іх абаіх, калі б своечасовае ўмяшанне Божага правіду не разбурыла іх план. Але на ўсе гэтыя ўшчуванні донья Тэрэса адказвала з плачам: «Ён ніколі мяне не кахаў!» Няшчасную ахапіла гарачка, і ёй не дапамаглі сродкі медыцыны і рэлігіі: першыя яна адхіліла, другія ўспрымала абыякава. Праз некалькі дзён яна згасла, не перастаючы паўтараць: «Ён ніколі мяне не кахаў!»
Дон Хуан, стаўшы паслушнікам, паказаў, што яго наверненне было шчырае. Любыя пакуты здаваліся яму недастаткова суровымі, і прэор часта быў вымушаны загадваць яму, каб ён не так заўзята марыў плоць. Ён тлумачыў, што так ён скароціць свае дні і што больш мужным будзе цярпець як найдаўжэй ад памяркоўных пакутаў, чым адразу спыніць пакаянне, адабраўшы сабе жыццё. Калі тэрмін паслушніцтва скончыўся, дон Хуан даў зарок і, узяўшы імя брата Амбросіо, працягваў дзівіць увесь кляштар сваёй суровасцю і набожнасцю. Пад грубай світай з радна ён насіў валасяніцу з конскага воласу, вузкая і кароткая скрынка была яму за ложак. Звараная ў вадзе гародніна складала ўсё яго харчаванне, і толькі ў святочныя дні на загад прэора ён згаджаўся есці хлеб. Большую частку ночы ён не спаў і маліўся, развёўшы рукі ў бакі, як жывы крыж. Карацей кажучы, ён стаўся прыкладам гэтага пабожнага супольства, як некалі быў прыкладам сваім распусным аднагодкам.
Пошасць, якая абрынулася на Севілью, дала яму магчымасць выпрабаваць новыя якасці, дадзеныя яму наверненнем. Хворых бралі ў заснаваны ім шпіталь. Ён даглядаў убогіх, сядзеў цэлымі днямі каля іх ложкаў, заклікаў іх маліцца, падбадзёрваў, суцяшаў. Небяспека заражэння была такая, што ні за якія грошы нельга было знайсці людзей, якія згадзіліся б хаваць памерлых. Гэтую службу выконваў дон Хуан, ён хадзіў па спустошаных смерцю дамах і збіраў для пахавання трупы, што ўжо пачыналі гніць, бо ляжалі там ужо некалькі дзён. Яго паўсюль бласлаўлялі, а як падчас пошасці ён так і не захварэў, дык некаторыя прымхлівыя людзі запэўнівалі, што Бог учыніў праз яго новы цуд.
Ужо некалькі гадоў дон Хуан, або брат Амбросіо, жыў у кляштары, і жыццё ягонае было бясконцай чарадою малітваў і самакатаванняў. Успаміны аб колішнім жыцці яшчэ не сцерліся з яго памяці, але душэўныя пакуты суняліся, сумленне супакоілася пад уплывам зменаў, што ў ім адбыліся.
Аднаго дня пасля абеду, калі бязлітасна паліла сонца, усе манахі, як звычайна, адпачывалі. I толькі брат Амбросіо працаваў у садзе з непакрытай галавою пад сонцам — гэта было адно з пакаранняў, што ён сабе прызначыў. Схіліўшыся над рыдлёўкай, ён убачыў цень чалавека, што спыніўся побач з ім. Ён падумаў, што нехта з манахаў спусціўся ў сад, і, не спыняючы працы, прывітаў яго словамі з Ave Maria[42], але не пачуў адказу. Здзіўлены гэтым нерухомым ценем, ён падняў вочы і ўбачыў, што перад ім стаіць высокі малады чалавек, укрыты плашчом, што спадаў да зямлі, з тварам, напалову схаваным пад капелюшом з белым і чорным пяром. Чалавек моўчкі глядзеў на яго са злоснай радасцю і глыбокай пагардай у вачах. Некалькі хвілін яны ўважліва разглядалі адзін аднаго. Нарэшце незнаёмы, падышоўшы бліжэй і зняўшы капялюш, каб адкрыць твар, спытаўся:
— Вы мяне не пазналі?
Дон Хуан яшчэ ўважлівей угледзеўся ў твар, але не пазнаў.
— Ці памятаеце вы аблогу Бэрг-оп-Зума? — спытаўся незнаёмы.— Вы, пэўна, забыліся пра салдата, якога звалі Мадэста?..
Дон Хуан здрыгануўся. Незнаёмы халодна прадаўжаў:
— Салдата, якога звалі Мадэста, які забіў з аркабуза вашага шаноўнага сябра дона Гарсію, хоць і цэліўся ў вас?..
Мадэста — гэта я! Але ў мяне, дон Хуан, ёсць яшчэ адно імя. Мяне завуць дон Пэдра дэ Охэда, я — сын дона Альфонса дэ Охэда, забітага вамі, я — брат доньі Фаўсты дэ Охэда, забітае вамі, я — брат доньі Тэрэсы дэ Охэда, забітае вамі.
— Брат мой,— сказаў дон Хуан, укленчыўшы перад ім,— я — нягоднік, што ўчыніў шмат злачынстваў. I, каб адкупіць іх, я надзеў гэтае ўбранне і адмовіўся ад свету. Калі ёсць хоць нейкі сродак заслужыць вашага прабачэння, назавіце мне яго. Самае суровае пакаранне не спалохае мяне, калі я здолею зняць з сябе вашае пракляцце.
Дон Пэдра горка ўсміхнуўся:
[40] «З глыбіняў (я азваўся да цябе)» — першыя словы каталіцкае малітвы, якая спяваецца пры пахаванні (лац.).
[41] «Дзень гневу» (лац.).
[42] «Будзь прывітаная, Марыя» — першыя словы каталіцкай малітвы (лац.).