— Вось мой малітоўнік,— сказаў дон Гарсія, падаючы пляшку з віном.— Выпіце для смеласці.
Вочы ў старога ваякі згасалі. Ён ужо не пачуў жарту дона Гарсіі, але старыя салдаты, што стаялі навокал, абурыліся.
— Дон Хуан,— сказаў паранены,— падыдзіце бліжэй, мой сыне. Вы будзеце маім спадкаемцам. Вазьміце гэты капшук, у ім — усё, што я маю. Хай ён лепш застанецца вам, чым тым недавяркам. Адзінае, пра што я вас папрашу,— закажыце некалькі імшаў за спачын маёй душы.
Дон Хуан паабяцаў і паціснуў старому руку, тым часам як дон Гарсія шэптам яму тлумачыў, якая розніца паміж тым, пра што думае чалавек перад смерцю, і тым, чым занята яго галава, калі ён сядзіць за сталом, застаўленым бутэлькамі. Некалькі куляў прасвісцела ў іх над вухам, што азначала набліжэнне галандцаў. Салдаты занялі свае месцы. Кожны паспешліва развітаўся з капітанам Гамарэ, і цяпер усе думалі адно пра тое, каб суладна адступіць. Зрабіць гэта было цяжка, бо ворагаў было шмат, дарогу размыла дажджамі, а салдаты былі змардаваныя доўгім пераходам. Аднак галандцы не здолелі іх дагнаць і спынілі пагоню ўночы, не захапіўшы сцяга і не ўзяўшы ў палон нікога, апрача параненых.
Увечары абодва сябры сядзелі ў намёце з іншымі афіцэрамі і абмяркоўвалі бой, у якім ім давялося ўдзельнічаць. Яны ганілі дзеянні камандавання і выказвалі свае думкі, што і як трэба было рабіць. Пасля загаварылі пра забітых і параненых.
— Што да капітана Гамарэ,— сказаў дон Хуан,— я доўга буду тужыць па ім. Гэта быў адважны афіцэр, добры таварыш, сапраўдны бацька салдатам.
— Так,— згадзіўся дон Гарсія.— Але я, прызнацца, надта здзівіўся, убачыўшы, як ён засмучаецца, што побач няма ніводнай чорнай сутаны. Усё гэта гаворыць пра адно: лягчэй быць смелым на словах, чым на справе. Хто насміхаецца з далёкай небяспекі, той бялее ад страху, калі яна набліжаецца. Дарэчы, дон Хуан, вы ж ягоны спадкаемца, дык скажыце, што ў тым капшуку, які ён вам пакінуў?
Тады дон Хуан упершыню развязаў капшук і ўбачыў у ім каля пяцідзесяці залатых манет.
— Калі мы цяпер такія багатыя,— сказаў дон Гарсія, які меў звычку глядзець на сябравы грошы, як на свае ўласныя,— дык чаму нам не згуляць партыю ў фараона замест таго, каб хліпаць носам, згадваючы забітых сяброў?
Прапанова ўсім была да густу, аднекуль прынеслі пару барабанаў і накрылі іх плашчом. Стол пад гульню быў гатовы. Дон Хуан гуляў першы, дон Гарсія быў за дарадцу. Але перш чым паставіць на банк, ён дастаў дзесяць манет, загарнуў іх у хустку і паклаў у кішэню.
— На якую халеру вы гэта зрабілі? — спытаўся дон Гарсія.— Салдат адкладае грошы! Ды яшчэ перад боем!
— Вы ж ведаеце, дон Гарсія, што тут не ўсе грошы мае. Дон Мануэль перадаў мне спадчыну sub poenae nomine[37], як мы казалі ў Саламанцы.
— Але ж і марнатравец, халера на яго! — закрычаў дон Гарсія.— Напэўна, каб мяне д’яблы знеслі, ён збіраецца аддаць гэтыя дзесяць экю першаму стрэчнаму святару!
— А чаму не? Я ж паабяцаў.
— Маўчыце, у імя Магаметавай барады! Мне сорамна за вас, я вас не пазнаю.
Гульня пачалася. Спачатку яна ішла з пераменным поспехам, а пасля ўдача рашуча адвярнулася ад дона Хуана. Тады, каб паспрабаваць шчасця, за карты ўзяўся дон Гарсія, але марна: праз гадзіну ўсе грошы, што яны мелі, а таксама пяцьдзесят экю капітана Гамарэ перайшлі ў рукі банкіра. Дон Хуан сабраўся пайсці спаць, але дон Гарсія распаліўся і замануўся вярнуць усё, што ён прайграў.
— Ну, пане Разумнік,— сказаў ён,— дзе там вашыя апошнія экю, што вы так далёка схавалі. Я ўпэўнены, што яны прынясуць нам шчасце.
— Дон Гарсія, не забывайцеся на маё абяцанне!..
— Ну, але ж вы і дзіця! Зараз толькі пра імшу і думаць! Ды капітан, каб ён быў тут, хутчэй абрабаваў бы царкву, чым прапусціў гульню, не паставіўшы на банк.
— Вось вам пяць экю,— сказаў дон Хуан.— Не стаўце ўсе адразу.
— Не бойцеся! — сказаў дон Гарсія і паставіў усе пяць экю на караля. Ён выйграў, паставіў удвая і прайграў.— Ану, дзе астатнія грошы,— закрычаў ён, бялеючы ад злосці.
Дон Хуан спрабаваў запярэчыць, але ўрэшце здаўся і аддаў чатыры экю, якія адразу ж пайшлі за папярэднімі. Дон Гарсія падскочыў ад злосці і шпурнуў карты ў твар банкіру, пасля сказаў дону Хуану:
— Вам заўсёды шанцавала, да таго ж я чуў, што апошняя манета мае чароўную сілу і можа змяніць лёс.
Дон Хуан быў цяпер раззлаваны не менш за свайго сябра, ён не думаў ужо ні пра імшу, ні пра сваё абяцанне. Ён паставіў на туза свой апошні экю і ўмомант яго прайграў.
— Да д’ябла душу капітана Гамарэ! — закрычаў ён.— Яго грошы зачараваныя!..
Банкір спытаўся, ці будуць яны яшчэ гуляць, але грошай у іх болей не было, а людзям, якія штодня рызыкуюць жыццём, ніхто б не пазычыў ні шэлега, і таму яны мусілі пакінуць гульню і шукаць суцяшэння пры чарцы. Пра душу няшчаснага капітана было незваротна забыта.
Праз колькі дзён іспанцы, дачакаўшыся падмацавання, зноў перайшлі ў наступ і пасунуліся наперад. Яны праходзілі праз мясціны нядаўняе бітвы. Забітыя ўсё яшчэ ляжалі непахаваныя. Дон Гарсія і дон Хуан падганялі коней, каб хутчэй прамінуць мерцвякоў, каб не бачыць іх страшных твараў і не чуць агіднага смуроду. Але раптам салдат, што ехаў наперадзе, нема закрычаў, убачыўшы ў равочку нежывое цела. Яны пад’ехалі бліжэй і пазналі капітана Гамарэ. Аднак твар яго быў страшна знявечаны. Рысы твару, скрыўленыя і застылыя ў страшным курчы, гаварылі пра тое, што яго апошнія хвіліны прайшлі ў невыносных пакутах. Хоць і прывыклы да такіх відовішчаў, дон Хуан здрыгануўся, убачыўшы нябожчыка, чые згаслыя, залітыя крывёю вочы, здавалася, з пагрозай глядзелі на яго. Ён прыгадаў апошнюю просьбу няшчаснага капітана і тое, як ён не паклапаціўся яе выканаць. Аднак удаваная суровасць, якою ён здолеў запоўніць сваю душу, хутка прыгасіла ў ім пакуты сумлення, і ён не марудзячы загадаў выкапаць магілу і пахаваць у ёй капітана. Манах-капуцын, які выпадкова аказаўся побач, паспешліва адгаварыў пару пацераў. Нябожчыка, пакропленага свянцонай вадою, засыпалі каменнем і зямлёй, і салдаты паехалі далей, але ўжо цішэй, чым звычайна. Аднак дон Хуан убачыў, як адзін аркабузнік, доўга шукаючы ў кішэнях, дастаў адтуль урэшце залатую манету і падаў яе манаху, сказаўшы:
— Вось, калі ласка, на імшы па капітане Гамарэ.
Таго дня дон Хуан праявіў незвычайную адвагу і ішоў пад варожы агонь з такой неабачлівасцю, быццам шукаў смерці.
— Грошы скончыліся, дык ён і не баіцца,— казалі таварышы.
[37] Умоўна, пад абавязкам (лац.).