— Бога,— адказаў дон Тарывіо.
— Бога? А і праўда, тут няма манашак. От, халера! Дзякуй, што падказаў. Ну дык вось, я табе прысягаю на гонар двараніна, што не пройдзе месяца, як ён будзе ў маім спісе перад імем папы і што мы будзем вячэраць тут з манашкай. У якім севільскім кляштары ёсць прыгожыя законніцы?
Праз пару дзён дон Хуан распачаў пошукі. Ён наведваў цэрквы жаночых кляштараў і там маліўся, укленчыўшы побач з кратамі, што аддзяляюць нявест Гасподніх ад рэшты вернікаў. Там ён кідаў нахабныя позіркі на нясмелых цнотак, як воўк, што ўлез у авечнік, шукае самую гладкую авечку, каб зарэзаць яе першую. Пахадзіўшы нейкі час, ён заўважыў у царкве Ружанцовай Божай Маці маладую манашку незвычайнай прыгажосці, твар якой быў агорнуты задуменным смуткам. Яна не паднімала вачэй, не глядзела ні налева, ні направа і, здавалася, цалкам паглыбілася ў боскае таемства, што чынілася перад ёю. Вусны яе ціха варушыліся, і можна было лёгка ўбачыць, што яна малілася з большым запалам і асалодай, чым усе яе сёстры. Яе твар абудзіў у дона Хуана старыя згадкі. Яму здалося, што ён недзе бачыў гэтую жанчыну, але ніяк не прыгадвалася, дзе і калі. Столькі жаночых твараў больш ці менш выразна паўставалі ў яго памяці, што было немагчыма ў іх не заблытацца. Два дні запар ён прыходзіў у тую царкву, кленчыў каля кратаў, але ніяк не мог змусіць сястру Агату падняць вочы. Так яе звалі, як ён здолеў даведацца.
Цяжкасць змагчы жанчыну, так надзейна абароненую яе становішчам і яе сціпласцю, толькі распальвала жаданні дона Хуана. Самым важным і адначасова самым цяжкім было прымусіць сябе заўважыць. Ён быў абсалютна ўпэўнены, што варта было толькі прыцягнуць увагу сястры Агаты і перамога будзе напалову забяспечаная. I вось што ён прыдумаў, каб змусіць гэтую прыгажуню падняць вочы. Ён стаў як мага бліжэй да яе, і, прычакаўшы моманту ўзнясення святых дароў, калі ўсе падаюць ніцма, ён прасунуў руку між кратаў і разліў перад сястрой Агатай бутэлечку з парфумай, што ён прынёс з сабою. Моцны пах, што імгненна разліўся навокал, змусіў маладую манашку падняць галаву, і яна не магла не ўбачыць дона Хуана, які апынуўся проста перад ёй. Спачатку на яе твары адбілася здзіўленне, пасля яна збялела як смерць, застагнала і ўпала непрытомная на каменную падлогу. Сёстры падбеглі да яе і занеслі яе ў цэлю. Дон Хуан адышоў задаволены, кажучы сам сабе: «Гэтая манашка проста чароўная. Але чым болей я на яе гляджу, тым болей мне здаецца, што яна павінна ўжо быць у маім спісе!»
Назаўтра перад пачаткам імшы ён ужо стаяў каля кратаў. Але сястры Агаты не было на яе звычайным месцы, у першым радзе манашак, яна хавалася за спінамі сясцёр. Тым не меней дон Хуан заўважыў, што яна раз-пораз крадком паглядае навокал. Ён палічыў гэта за добры знак. «Малая баіцца мяне,— думаў ён,— але яна хутка прызвычаіцца». Калі скончылася імша, ён заўважыў, што яна зайшла ў спавядальню, але, ідучы туды, мінула краты і нібыта незнарок выпусціла з рук ружанец. Дон Хуан быў занадта спрактыкаваны, каб не зразумець, што гэта была не простая няўважлівасць. Спачатку ён падумаў, што яму б не зашкодзіла займець гэты ружанец, але ён ляжаў з таго боку кратаў, і, каб яго дастаць, трэба было дачакацца, пакуль усе выйдуць з царквы. Каб дачакацца гэтай хвіліны, ён прытуліўся да калоны і, стоячы так у задуменні, закрыў вочы рукой, трошкі развёўшы пальцы, каб не прапусціць ніводзін рух сястры Агаты. Кожны, хто б пабачыў яго ў гэткай паставе, прыняў бы яго за прыстойнага хрысціяніна, паглыбленага ў пабожны роздум.
Манашка выйшла са спавядальні і ступіла пару крокаў да сярэдзіны царквы, але хутка заўважыла ці зрабіла выгляд, што заўважыла, што згубіла ружанец. Яна азірнулася і ўбачыла, што ён ляжыць каля кратаў. Яна падышла і нахілілася, каб яго падняць. У той самы момант дон
Хуан убачыў, як нешта белае праслізнула пад кратамі на гэты бок. Гэта была маленечкая паперка, складзеная ўчацвёра. Манашка адразу знікла.
Дон Хуан ад нечаканасці, што перамог раней, чым спадзяваўся, адчуў нават нейкае шкадаванне, што перад ім болей не стаіць ніякіх перашкод. Амаль такое самае шкадаванне адчувае паляўнічы, які палюе на аленя, прадчуваючы доўгую і цяжкую пагоню: раптам алень падае на самым пачатку гону, пазбаўляючы паляўнічага задавальнення і заслужанай узнагароды, якіх ён спадзяваўся ад палявання. Тым не меней ён хуценька падабраў цыдулку і выйшаў з царквы, каб спакойна яе прачытаць. Вось што там было напісана:
— А! Дык гэта Тэрэсіта! — закрычаў дон Хуан.— Вось чаму мне здавалася, што я яе недзе бачыў.
Ён прачытаў ліст яшчэ раз. «Я мусіла б Вас ненавідзець». Гэта значыць — я Вас кахаю. «Вы пралілі кроў майго бацькі!» Тое самае Хімена казала Радрыгу[39]. «Не прыходзьце болей у гэтую царкву». Гэта значыць — буду чакаць Вас заўтра. Выдатна! Яна мая.
Сказаўшы гэта, ён спакойна пайшоў абедаць.
Назаўтра ён прыйшоў у царкву з загадзя падрыхтаваным лістом у кішэні і надта здзівіўся, не ўбачыўшы на сваім звыклым месцы сястры Агаты. Ніколі імша не здавалася яму такой доўгай. Ён збялеў ад злосці. Пракляўшы сто разоў ваганні Тэрэсы, ён пайшоў прагуляцца на бераг Гвадалквівіра і падумаць, што яму рабіць. I вось на чым ён спыніўся.
Кляштар Ружанцовай Божай Маці быў вядомы сярод севільскіх кляштараў сваімі выдатнымі канфітурамі, што гатавалі самі сёстры. Ён пайшоў у пакой для прыёмаў, паклікаў брамніцу і папрасіў даць яму спіс усіх канфітураў, што былі ў продажы.
— Ці няма ў вас цытрынаў а ля Маранья? — спытаўся ён як мага натуральней.
— Цытрынаў а ля Маранья? Першы раз чую пра такі канфітур.
— Аднак жа ён цяпер самы модны, а мне дзіўна, што ў вас яго не вырабляюць.
— Цытрыны а ля Маранья?
— А ля Маранья,— паўтарыў дон Хуан па складах.— Не можа быць, каб ніводная з вашых манашак не ведала, як яго рабіць. Спытайцеся, калі ласка, у сясцёр, ці яны не ведаюць гэты канфітур. Заўтра я зайду зноў.
Праз некалькі хвілін у кляштары ўжо толькі і гаварылі што пра цытрыны а ля Маранья. Нават самыя спрактыкаваныя ніколі пра іх не чулі. I толькі сястра Агата ведала, як трэба гатаваць. Трэба было дадаць да звычайных лімонаў ружовую ваду, фіялкі і г. д. Яна сама ўзялася прыгатаваць. Дон Хуан, прыйшоўшы назаўтра, знайшоў гаршчочак канфітуру з цытрынамі а ля Маранья. На самой справе гэта была неверагодная, зусім не ядомая мешаніна, але пад паперай, у якую быў загорнуты гаршчочак, ён знайшоў ліст, напісаны рукою Тэрэсы. Гэта зноў былі просьбы адмовіцца ад яе і забыцца. Бедная дзяўчына спрабавала зманіць сама сабе. Вера, любоў да бацькі і каханне змагаліся між сабою ў душы гэтай няшчаснай, але няцяжка было заўважыць, што каханне відавочна перамагала. Назаўтра дон Хуан паслаў у кляштар свайго пахолка са скрынкай, поўнай лімонаў, каб з іх зварыла канфітур тая самая манашка, што і напярэдадні. На дне скрынкі быў умела схаваны адказ на пасланні Тэрэсы. У ім пісалася: «Я быў вельмі няшчасны. Маёй рукою кіраваў тады злы лёс. З тае злавеснае ночы я не перастаю думаць пра цябе. Я не асмельваўся спадзявацца, што ты не зненавідзіш мяне. Урэшце я цябе знайшоў. Не кажы мне болей пра твае зарокі. Перш чым пайсці ў кляштар, ты была мая. Ты не магла распараджацца сваім сэрцам, бо яно належала мне... Я прыйшоў патрабаваць скарб, які я цаню больш за жыццё. Я вярну цябе або загіну. Заўтра я прыйду пагаварыць з табою ў пакой для прыёмаў. Я не асмеліўся прыйсці туды, не папярэдзіўшы цябе. Я баюся, каб тваё хваляванне нас не выдала. Набярыся смеласці. Напішы мне, ці можна падкупіць брамніцу».
Дзве кроплі вады, умела разлітыя на паперы, удавалі слёзы, што нібыта капалі падчас пісання.
Праз некалькі гадзін кляшторны садоўнік прынёс яму адказ і запрапанаваў свае паслугі. Брамніца была непадкупная. Сястра Агата згаджалася спусціцца ў пакой для прыёмаў, але толькі на тое, каб развітацца назаўсёды — такая была яе ўмова.
Няшчасная Тэрэса прыйшла на спатканне ледзь жывая. Яна мусіла трымацца аберуч за краты, каб не ўпасці. Дон Хуан стаяў непарушна спакойны і з асалодай цешыўся з яе замяшання. Спачатку, каб збіць з тропу брамніцу, ён пачаў безуважна расказваць пра сяброў Тэрэсы, што засталіся ў Саламанцы і прасілі перадаць ёй прывітанні. Пасля, прычакаўшы хвілі, калі брамніца адышлася, ён пачаў ціхенька і хутка гаварыць Тэрэсе:
— Я гатовы пайсці на ўсё, каб выцягнуць цябе адсюль. Калі спатрэбіцца падпаліць кляштар, я падпалю. Не хачу нічога слухаць. Ты належыш мне. Праз некалькі дзён ты будзеш мая або я загіну, але разам са мною загінуць і іншыя.
Падышла брамніца. Доньі Тэрэсе заняло дух, яна не магла вымавіць слова. Дон Хуан тым часам безуважна прадаўжаў гаварыць пра канфітуры, пра вышыванне, якім займаліся манашкі, паабяцаў брамніцы прыслаць ёй ружанец, пасвянцоны ў Рыме, і падараваць кляштару парчовыя шаты, каб падчас фэстаў прыбіраць у іх святую заступніцу. Пагаварыўшы так паўгадзіны, ён самым паважным чынам развітаўся з Тэрэсай, пакінуўшы яе ў стане неапісальнага ўзрушэння і роспачы. Яна ўцякла, зачынілася ў сваёй цэлі, і там рука яе, больш паслухмяная за язык, напісала доўгі ліст, поўны папрокаў, мальбы і плачу. Але яна не магла не прызнацца ў сваім каханні і прабачала сабе гэтую правіну, думаючы, што адкупіць яе адмовай саступіць намаўленням свайго каханка. Садоўнік, які спрыяў гэтым злачынным зносінам, прынёс у хуткім часе адказ. Дон Хуан зноў пагражаў, што пойдзе на апошнія крайнасці. Ён меў да паслугаў сотню малойцаў. Святакрадства яго не палохала. Ён быў бы шчаслівы памерці, калі б толькі мог яшчэ раз сціснуць у абдымках сваю каханку. Што ж магло гэтае слабое дзіця, звыклае слухацца чалавека, якога кахала больш за жыццё? Цэлымі начамі яна плакала, а ўдзень яна не магла маліцца, бо вобраз дона Хуана не пакідаў яе ні на хвіліну. Нават калі ўсе сёстры навокал самазабыўна маліліся, яна толькі машынальна паўтарала малельныя рухі, а душа яе гарэла згубнай страсцю.
Праз некалькі дзён у яе больш не засталося сілы супраціўляцца. Яна паведаміла дону Хуану, што гатовая на ўсё. Яна бачыла, што выйсця ў яе няма, і вырашыла, што калі ўжо паміраць, дык перад тым варта перажыць хоць бы хвіліну шчасця. Дон Хуан, акрылены радасцю, падрыхтаваў усё, каб яе выкрасці. Ён выбраў бязмесячную ноч. Садоўнік перадаў Тэрэсе шаўковую лесвіцу, каб яна магла пералезці цераз кляшторны мур. Пакет са звычайным убраннем быў схаваны ў садзе ў дамоўленым месцы, бо не было і гаворкі пра тое, каб выйсці ў горад у манаскім уборы. Дон Хуан мусіў чакаць яе пад мурам. Непадалёк будзе стаяць партшэз, запрэжаны магутнымі муламі, які завязе яе ў маёнтак за горадам. Там яе ніхто не знойдзе, і яна будзе спакойна і шчасліва жыць з каханым чалавекам. Такі быў план, складзены самім донам Хуанам. Ён замовіў пашыць неабходнае адзенне, падрыхтаваў вяровачную лесвіцу, паслаў разам з ёй парады, як лепш яе замацаваць. Карацей кажучы, ён прадугледзеў усё, што б забяспечыла поспех яго задумы. Садоўнік быў чалавек надзейны, ён меўся зарабіць добрыя грошы за сваю вернасць, і таму ў ім можна было не сумнявацца. Да таго ж былі прынятыя захады, каб ён быў забіты наступнай ноччу пасля выкрадання. Урэшце ўсё было так удала задумана, што, здавалася, нічога не магло перашкодзіць гэтаму смеламу плану.
Каб адвесці ад сябе падазрэнні, дон Хуан ад’ехаў у замак Маранья за два дні да таго, як мелася адбыцца выкраданне. У гэтым замку ён правёў большую частку свайго дзяцінства, але пасля свайго звароту ў Севілью ён яшчэ не быў тут ні разу. Ён прыехаў пад ноч, і першым яго клопатам было добра павячэраць. Пасля ён загадаў сябе раздзець і лёг спаць. У сваім пакоі ён загадаў запаліць дзве васковыя свяцільні, на стале ў яго ляжала кніга з легкадумнымі апавяданнямі. Ён прачытаў колькі старонак і, адчуваючы, што засынае, загарнуў кнігу і патушыў адну свяцільню. Перш чым патушыць другую, ён няўважна абвёў позіркам увесь пакой і раптам убачыў у сваім алькове карціну, на якой паказваліся чыстцовыя пакуты, карціну, якую ён так часта бачыў у дзяцінстве. Міжволі яго позірк спыніўся на чалавеку, якому змяя выядала вантробы, і, хоць цяпер гэтая выява абуджала ў ім яшчэ болей жаху, чым даўней, ён не мог адвесці ад яе вачэй. Тым часам яму прыгадаўся твар капітана Гамарэ і жудасныя сутаргі, што на ім адбіліся. Ад гэтай згадкі ён здрыгануўся і адчуў, як валасы ўсталі дыбарам на галаве. Аднак, набраўшыся мужнасці, ён патушыў апошнюю свяцільню, спадзеючыся, што ў цемры ён вызваліцца ад агідных вобразаў, якія не давалі яму спакою. Але цемра нагнала яшчэ болей страху. Вочы яго ўсё шукалі карціну і не маглі знайсці, але ён так добра яе ведаў, што ў яго ўяўленні яна малявалася гэтак жа выразна, як удзень. Часам яму нават здавалася, што твары пачынаюць свяціцца, быццам чыстцовы агонь, намаляваны мастаком, быў сапраўдны. Нарэшце ён так расхваляваўся, што гукнуў з усяе моцы сваіх чаляднікаў, каб яны знялі карціну, якая так яго страшыла. Калі яны ўвайшлі ў пакой, яму зрабілася сорамна за сваю слабасць. Ён падумаў, што гэтыя людзі будуць смяяцца з яго, калі даведаюцца, што ён спалохаўся карціны. I таму ён папрасіў іх, надаўшы голасу як мага болей натуральнасці, каб яны запалілі свечы і адышлі. Пасля ён зноў узяўся за чытанне, але позірк яго безуважна прабягаў па старонках, а з галавы ўсё не ішла карціна. У гэткім невыказным узрушэнні ён правёў усю ноч, не заснуўшы ні на хвіліну.
Як толькі развіднела, ён паспешліва ўстаў і паехаў на паляванне. Фізічныя рухі і свежае ранішняе паветра паволі яго супакоілі, і калі ён вярнуўся ў замак, уражанні, выкліканыя карцінай, забыліся. Ён сеў за стол і напіўся. Трошкі ачмураны віном, ён пайшоў спаць. Паводле яго загаду, яму было пасцелена ў іншым пакоі, і, вядома ж, у яго і ў думках не было перанесці туды карціну, але ўспамін пра яе быў такі моцны, што ён і гэтай ноччу доўга не мог заснуць.
Зрэшты, усе гэтыя жахі зусім не навялі яго на думку раскаяцца ў сваім марным жыцці. Ён працягваў займацца падрыхтоўкай да выкрадання і, аддаўшы чэлядзі неабходныя загады, ад’ехаў адзін у Севілью сярод спякотнага дня, каб прыехаць туды толькі ўночы. I сапраўды, была ўжо глыбокая ноч, калі ён праехаў каля вежы дэль Льёро, дзе яго чакаў слуга. Дон Хуан перадаў яму каня і спытаўся, ці партшэз з муламі быў гатовы. Паводле яго загадаў, партшэз мусіў чакаць на вуліцы недалёка ад кляштара, каб яны з Тэрэсай маглі хутка да яго дабегчы, і разам з тым не надта блізка, каб не выклікаць падазрэнняў варты, калі яна ім сустрэнецца. Усё было гатова, усе яго распараджэнні былі выкананыя да драбніц. Заставалася яшчэ гадзіна да таго, як можна было падаць Тэрэсе ўмоўны знак. Слуга накінуў яму на плечы шырокі цёмны плашч, і дон Хуан увайшоў адзін у Севілью праз Трыянскую браму, закрыўшы твар плашчом, каб ніхто яго не пазнаў. Знясілены спёкай і стомай, ён сеў на лаву на пустыннай вулцы і, каб прабавіць час, пачаў напяваць сабе пад нос песні, што прыходзілі яму на памяць. Час ад часу ён паглядаў на гадзіннік і з прыкрасцю адзначаў, што стрэлка рухаецца занадта павольна... I раптам да яго вушэй данеслася ўрачыстая жалобная музыка. Спачатку ён пазнаў спевы, што Царква прысвячае памерлым. Неўзабаве з-за рога паказалася жалобнае шэсце і накіравалася да яго. Дзве доўгія чарады пакаяльнікаў з запаленымі свечкамі ішлі перад пакрытай чорным аксамітам труною, якую неслі людзі, убраныя па-старадаўняму, з сівымі бародамі і шпагамі на баку. Шэсце замыкалі дзве чарады пакаяльнікаў у жалобных строях, яны, як і першыя, неслі запаленыя свечкі. Ішлі яны павольна і паважна. Іх крокаў не было чуваць, і здавалася, што кожная постаць плыве ў паветры, а не ступае па бруку. Іх доўгія шаты і плашчы здаваліся нерухомымі, як мармуровыя ўборы статуй.
Спачатку гэтае відовішча выклікала ў дона Хуана агіду, якая ўзнікае ў эпікурэйца на думку пра смерць. Ён устаў і хацеў адысці, але колькасць пакаяльнікаў і пышнасць працэсіі здзівілі яго і распалілі яго цікаўнасць. Шэсце накіроўвалася ў бліжэйшую царкву, дзверы якой са скрыгатам расчыніліся, і дон Хуан спыніў за рукаў адну з постацяў, што несла свечку, і ветліва запытаўся, што за асобу хаваюць. Пакаяльнік падняў галаву: твар у яго быў бледны і бясплотны, як у чалавека, што перанёс доўгую і пакутлівую хваробу. Ён адказаў магільным голасам:
— Графа дона Хуана дэ Маранья.
[39] Тое самае Хімена казала Радрыгу.— У рамансах пра Сіда гаворыцца пра тое, што пасля слёз і папрокаў Хімена ўсё ж згаджаецца выйсці замуж за Радрыга, забойцу свайго бацькі.