Да пана дэ Пэрарада мне параіў звярнуцца мой сябар пан дэ П. Гэта быў, як казаў мне сябар, даволі адукаваны аматар старасветчыны, прыязны і ветлівы, гатовы заўсёды дапамагчы, чым толькі мог. Ён, казаў сябар, з найвялікшым задавальненнем пакажа мне ўсе старажытнасці за дзесяць лье навокал. I я якраз разлічваў на яго, каб наведаць ваколіцы Іля, бо ведаў, што там захавалася шмат антычных і сярэднявечных помнікаў. Але гэтае вяселле, пра якое я чуў цяпер упершыню, разбурала ўсе мае планы.
Эпіграф да навелы ўзяты з XVII раздзела дыялога «Аматар хлусні» старажытнагрэчаскага сатырыка Лукіяна з Самасаты (125— каля 180).
«Я там буду лішні»,— падумаў я. Але ж мяне там чакалі, пан дэ П. паведаміў пра мяне, і я мусіў там з’явіцца.
— Давайце паспрачаемся,— сказаў мне праваднік, калі мы ўжо спусціліся на раўніну,— давайце паспрачаемся на цыгару — я ведаю, што вы будзеце зараз рабіць у пана дэ Пэрарада.
— Але ж,— адказаў я, падаўшы яму цыгару,— пра гэта не так ужо цяжка здагадацца. У такую часіну, прайшоўшы шэсць лье праз Канігу, найлепшая справа — гэта павячэраць.
— Ну, так, але заўтра?.. Іду ў заклад, што вы прыехалі ў Іль, каб пабачыць стодзіва. Я адразу здагадаўся, калі ўбачыў, як вы малявалі серабонскіх святых.
— Стодзіва? Якое стодзіва?
Гэтае слова мяне зацікавіла.
— Як! Хіба ж вам не казалі ў Перпіньяне, як пан дэ Пэрарад знайшоў у зямлі стодзіва?
— Вы маеце на ўвазе тэракотавую статую? З гліны?
— Ды не, не з гліны, а з медзі, хоць медзякі з яе рабі. А важыць, дык як звон у царкве. Мы знайшлі яе ў зямлі, пад алівай.
— Дык вы самі былі там, калі яе знайшлі?
— Так, пане. Тыдні два таму пан дэ Пэрарад сказаў нам — мне і Жану Колю — пайсці выкарчаваць аліву, што змерзла той зімою, бо зіма, як памятаеце, была надта халодная. Дык вось, Жан Коль надта ўжо шчыраваў, капаючы, і як суне рыдлёўку — і толькі бомм... як у звон ударыў. Што ж гэта, думаю я. Тады мы капаем, капаем, аж пакуль не паказалася чорная рука, быццам нябожчык закапаны. Я дык спалохаўся. Бягу да пана і кажу: «Там,— кажу,— пад алівай мерцвякі! Трэба паклікаць святара!» — «Якія мерцвякі?» — кажа ён. Тады пайшоў і не паспеў яшчэ пабачыць тую руку, як закрычаў: «Антык! Антык!» Ну, не раўнуючы, скарб які знайшоў. I во, бярэ рыдлёўку і капае, як мы ўдвух.
— I што ж вы знайшлі?
— Вялікую чорную бабу, амаль зусім голую, хай пан прабачае. Уся з медзі, і пан дэ Пэрарад кажа, што гэта стодзіва з паганскіх часоў... часоў Карла Вялікага[46], ці што...
— А, разумею... Якая-небудзь бронзавая Божая Маці з разбуранага кляштара.
— Божая Маці? Хэ!.. Дык я б пазнаў, калі б гэта была Божая Маці. Гэта стодзіва, кажу вам: па ёй жа ж відаць. Вытрашчыць свае белыя вочы і глядзіць на цябе... Быццам разглядвае. I глядзець не захочаш, вочы апусціш.
— Белыя вочы? Яны, пэўна, інкруставаныя ў бронзе. Мабыць, гэта нейкая рымская статуя.
— Во-во, рымская. Пан дэ Пэрарад казаў, што рымская. Дык вы вучоны, як і ён.
— Яна цэлая? Добра захавалася?
— О пане, у яе ўсё на месцы. Яна яшчэ прыгажэйшая і цалейшая за бюст Луі-Філіпа з фарбаванага гіпсу, што стаіць у мэрыі. I ўсё ж твар яе мне не надта даспадобы. У яе злосны выгляд... дый сама яна злая.
— Злая? Што ж злога яна вам зрабіла?
— Дакладней, не мне, зараз раскажу. Мы ўчатырох узяліся яе паставіць, і пан дэ Пэрарад таксама цягнуў за вяроўку, такі з яго асілак, не дужэйшы за кураня! Добра напяўшыся, мы яе паставілі. Я падабраў чаропак, каб яе падперці, аж раптам — бух! — яна падае наўзнак усёй сваёй грамадзінай. Я кажу: «Гэй там, беражыцеся!» Але ж позна — Жан Коль не паспеў прыняць нагу...
— I ён скалечыўся?
— Ага, нага пераламалася, як жэрдка! Небарака. Я, калі ўбачыў, раззлаваўся. Хацеў ляснуць стодзіва рыдлёўкай, але пан дэ Пэрарад не дазволіў. Ён даў Жану Колю грошай, той дык яшчэ дагэтуль ляжыць і не ўстае, хоць прайшло ўжо два тыдні. А лекар сказаў, што ён ужо ніколі не будзе хадзіць гэтай нагой, як другой. Шкада, ён у нас быў самы спрытны і, пасля паніча, найлепшы гулец у мяч. Пан Альфонс дэ Пэрарад надта бедаваў, бо Коль гуляў з ім разам. Як прыгожа яны перакідвалі мяч — бац! бац! — і ні разу на зямлю не ўпадзе.
Так гаворачы, мы ўвайшлі ў Іль, і неўзабаве я ўжо стаяў перад панам дэ Пэрарадам. Гэта быў невялічкага росту стары, яшчэ бадзёры і поўны сілы, з напудранымі шчокамі, чырвоным носам і вясёлымі, трошкі насмешлівымі вачыма. Перш чым раскрыць ліст пана дэ П., ён пасадзіў мяне за багата накрыты стол, адрэкамендаваў мяне жонцы і сыну як славутага археолага, які мусіць вярнуць з забыцця занядбаны навукоўцамі Русільён[47].
Добра налягаючы на вячэру, бо нішто так не абуджае апетыту, як свежае горнае паветра, я разглядаў гаспадароў. Я ўжо сказаў пару словаў пра пана дэ Пэрарада. Дадам яшчэ, што ён быў поўны кіпучае жвавасці. Ён размаўляў, еў, ускокваў, бег у бібліятэку, прыносіў мне кнігі, паказваў эстампы, падліваў мне ў чарку. Ні хвіліны ён не мог уседзець спакойна. Яго жонка, трошкі распаўнелая, як большасць каталонак пасля сарака гадоў, падалася мне глухой правінцыялкай, занятай выключна гаспадарчымі клопатамі. I хоць вячэры хапіла б як найменей чалавек на шэсць, яна збегала на кухню, загадала забіць пару галубоў, напячы кукурузных аладак і адчыніць незлічоную колькасць слоікаў з канфітурамі. Праз хвіліну стол быў завалены стравамі і бутэлькамі, і я, напэўна, памёр бы ад нястраўнасці, калі б толькі пакаштаваў усё тое, што мне прапанавалі. I кожнага разу, як я адмаўляўся ад нейкай стравы, гаспадары засыпалі мяне перапрашэннямі. Яны баяліся, што я няўтульна сябе адчуваю ў іх мястэчку. Тут у правінцыі надта не размахнешся, а парыжанам так цяжка дагадзіць!
У адрозненне ад сваіх мітуслівых бацькоў пан Альфонс дэ Пэрарад сядзеў нерухома, як Тэрмін[48]. Гэта быў высокі дзяцюк дваццаці шасці гадоў з прыгожым, але невыразным тварам. Яго рост і атлетычны склад спраўджалі яго славу нястомнага гульца ў мяч. Гэтым вечарам ён быў адзеты па-элеганцку, як з гравюры ў апошнім нумары «Часопіса мод». Але, здавалася, яму было няёмка ў гэтым убранні. Ён сядзеў са сціснутай аксамітным каўняром шыяй, як кій праглынуўшы, і калі паварочваўся, дык адразу ўсім целам. Яго вялікія апаленыя сонцам рукі і кароткія пазногці дзіўна кантраставалі з ягоным гарнітурам. Здавалася, рукі ратая тырчаць з рукавоў франта. Дарэчы, хоць ён і агледзеў з цікавасцю мяне як парыжаніна з галавы да ног, за ўвесь вечар ён толькі аднойчы да мяне звярнуўся, і тое, каб спытацца, дзе я купіў ланцужок на мой гадзіннік.
— Дык вось, мой дарагі госць,— сказаў мне пан дэ Пэрарад, калі ўжо канчалі вячэраць,— цяпер вы мой, вы ў мяне дома. I я вас не адпушчу, пакуль вы не пабачыце ўсё, што ёсць цікавага ў нашых гарах. Трэба, каб вы зведалі наш Русільён і аддалі яму належнае. Вы сабе нават не ўяўляеце ўсё тое, што мы вам пакажам. Фінікійскія, кельцкія, рымскія, арабскія, візантыйскія помнікі — вы ўбачыце ўсё да апошняга каменьчыка. Я папаваджу вас паўсюль, мы не прапусцім ніводнай цаглінкі.
Прыступ кашлю не даў яму дагаварыць. Я скарыстаў момант, каб сказаць яму, што мне было б вельмі прыкра забіраць у яго час, калі ў сям’і адбываецца такая важная падзея. Калі б ён згадзіўся даць мне свае каштоўныя парады адносна прагулак, якія мне варта было б зрабіць, дык я мог бы, не турбуючы яго...
[46] ...часоў Карла Вялікага...— Кароль франкаў Карл Вялікі (742—814) быў абвешчаны імператарам у 800 годзе.
[47] Русільён — даўняя французская правінцыя з галоўным горадам Перпіньянам.
[48] Тэрмін — рымскае боства, ахоўнік межаў; меў выгляд слупа з чалавечаю галавой.