— Не будзем крывадушнічаць, сеньёр дэ Маранья. Я вам не прабачаю. Што да маіх пракляццяў, дык вы іх заслужылі. Але я занадта нецярплівы, каб чакаць іх дзеяння. У мяне з сабою ёсць штосьці больш дзейснае за ўсякія пракляцці.
Сказаўшы гэта, ён скінуў плашч і паказаў дзве шпагі. Ён дастаў іх з ножнаў і ўтыркнуў абедзве ў зямлю.
— Выбірайце, дон Хуан,— сказаў ён.— Кажуць, вы ўмелы забіяка, але я таксама прэтэндую на ўмельства ў фехтаванні. Паглядзім, на што вы здатны.
Дон Хуан перажагнаўся і сказаў:
— Брат мой, вы забыліся, што я даў зарок. Я ўжо не той дон Хуан, якога вы ведалі, я цяпер брат Амбросіо.
— Ну дык вось, брат Амбросіо! Вы — мой вораг, і якое б імя вы ні насілі, я вас ненавіджу і хачу вам адпомсціць.
Дон Хуан зноў укленчыў перад ім.
— Калі вам патрэбнае маё жыццё, брат мой, дык бярыце яго. Пакарайце мяне так, як хочаце.
— Крывадушны баязлівец! Думаеш мяне абдурыць? Калі б я хацеў забіць цябе, як шалёнага сабаку, ці стаў бы я сюды валачы гэтую зброю? Ану, выбірай хутчэй і абараняйся.
— Паўтараю вам, брат мой, мне нельга біцца, але я гатовы памерці.
— Мярзотнік! — закрычаў раз’юшаны дон Пэдра.— Мне казалі, што ты адважны чалавек, а ты, як я бачу, подлы тхор!
— Ты кажаш пра адвагу, брат мой? Я прашу Бога даць мне адвагу, каб не ўпасці ў роспач ад успамінаў пра мае злачынствы. Бывайце, брат мой, я пайду, бо бачу, што мой выгляд вас раздражняе. Хай маё раскаянне падасца вам некалі такім шчырым, як яно ёсць на самай справе!
Ён павярнуўся, каб выйсці з саду, але дон Пэдра спыніў яго за рукаў.
— Адзін з нас не выйдзе адсюль жывы. Вазьміце любую з гэтых шпаг, бо хай мяне д’яблы возьмуць, калі я веру хоць аднаму слову ў вашым мармытанні!
Дон Хуан умольна паглядзеў на яго і ступіў яшчэ адзін крок, але дон Пэдра рэзка схапіў яго за каўнер і сказаў:
— Дык ты думаеш, гнюсны забойца, што выслізнеш з маіх рук! О не! Я раздзяру твае махлярскія шаты, пад якімі хаваюцца д’яблавы капыты, і тады, можа, ты наважышся біцца са мной.
Сказаўшы гэта, ён груба штурхнуў яго да муру.
— Сеньёр Пэдра дэ Охэда,— закрычаў дон Хуан,— забіце мяне, калі хочаце, але я не буду біцца!
I ён склаў рукі і спакойна, але з гонарам паглядзеў на дона Пэдра.
— Так, я заб’ю цябе, паскуднік! Але спачатку я абыдуся з табою, як з пужлівым тхаром.
I ён даў яму поўху, першую ў жыцці дона Хуана. Твар дона Хуана збарвавеў. Юнацкая гордасць і гнеў абудзіліся ў ягонай душы. Не сказаўшы ні слова, ён схапіў шпагу. Дон Пэдра ўзяў другую і падрыхтаваўся біцца. Абодва раз’юшана кінуліся насутыч і адначасна праткнулі адзін аднаго. Шпага дона Пэдра заблыталася ў адзежыне дона Хуана і прайшла міма цела, не зачапіўшы яго, а шпага дона Хуана ўвайшла па рукаяць у грудзі супраціўніка. Дон Пэдра сканаў на месцы. Дон Хуан, убачыўшы, што вораг ляжыць ля яго ног, нейкі час не мог паварушыцца і стаяў, няўцямна ўтаропіўшыся ў яго. Паволі ён апрытомнеў і зразумеў цяжкасць свайго новага грэху. Ён кінуўся да нябожчыка і паспрабаваў вярнуць яго да жыцця. Але ён добра знаўся на ранах і мог не сумняваючыся сказаць, што гэтая была смяротная. Скрываўленая шпага ляжала пад нагамі і, здавалася, сама прасілася ў рукі, каб ён пакараў сябе. Але, хутка адхіліўшы гэтую новую д’яблаву спакусу, ён пабег да прэора і задыханы ўварваўся ў яго цэлю. Там, упаўшы ніцма да яго ног, ён апісаў гэтае жахлівае здарэнне, праліваючы патокі слёз. Спачатку прэор адмовіўся яму паверыць і падумаў быў, што самакатаванні брата Амбросіо адабралі ў яго розум. Але кроў на руках і на адзенні дона Хуана не далі яму доўга сумнявацца ў страшнай праўдзе. Прэор быў чалавек разважлівы. Ён адразу зразумеў, які скандал абрынецца на кляштар, калі нехта даведаецца пра гэтае здарэнне. Ніхто не бачыў гэтай бойкі. Ён паклапаціўся, каб пра яе не даведаліся нават насельнікі кляштара. Ён загадаў дону Хуану ісці за ім, перанёс з яго дапамогай нябожчыка ў склеп і забраў з сабой ключ. Пасля, замкнуўшы дона Хуана ў сваёй цэлі, ён пайшоў папярэдзіць карэхідора.
Можна было б здзівіцца, што дон Пэдра, які ўжо аднойчы спрабаваў падступна забіць дона Хуана, адкінуў думку пра паўторную спробу забойства і імкнуўся расправіцца з ворагам у сумленным двубоі. Але ў гэтым быў разлік пякельнай помсты. Ён чуў пра суровае жыццё дона Хуана, розгалас пра яго святасць разышоўся вельмі шырока, і дон Пэдра не сумняваўся, што, забіўшы яго, ён адашле яго простым шляхам на неба. Ён спадзяваўся, што калі, выклікаўшы яго на дуэль і змусіўшы біцца, ён заб’е яго, дык дон Хуан сканае ў смяротным граху і пагубіць такім чынам сваё цела і душу. Але ж гэтая д’ябальская задума павярнулася супраць яе аўтара.
Прыкрыць справу было няцяжка. Прэор дамовіўся з карэхідорам, і той згадзіўся адвесці падазрэнні. Іншыя манахі паверылі, што забіты загінуў у дуэлі з невядомым кавалерам, і смяротна параненага яго прынеслі ў кляштар, дзе ён неўзабаве сканаў. Што да дона Хуана, дык я не буду апісваць ні яго пакутаў, ні яго раскаяння. Ён з радасцю прыняў усе пакаранні, што яму прызначыў прэор. Да самай яго смерці шпага, якою ён забіў дона Пэдра, вісела над яго ложкам, і, бачачы яе, ён заўсёды маліўся за душу няшчаснага забітага і за душы яго родных. Каб адолець рэшткі свецкай пыхі, што яшчэ заставаліся ў ягоным сэрцы, прэор загадаў яму штораніцы прыходзіць да кляшторнага кухара, каб той даваў дону Хуану поўху. Атрымаўшы поўху, брат Амбросіо заўсёды падстаўляў другую шчаку і дзякаваў кухару за тое, што ён так яго зневажае. Ён пражыў яшчэ дзесяць гадоў у гэтым кляштары і ні разу не спыніў свайго пакутлівага пакаяння, каб вярнуцца да страсцяў сваёй маладосці. Ён памёр, шанаваны, як святы, нават тымі, хто ведаў яго колішняе распуснае жыццё. Перад смерцю ён папрасіў як аб найвышэйшай ласцы, каб яго пахавалі пад парогам царквы і каб кожны, хто б туды ўваходзіў, таптаў яго нагамі. I яшчэ ён хацеў, каб над яго магілай выбілі такі надпіс: Тут спачывае найгоршы з людзей, што жылі на зямлі. Але не ўсе просьбы, прадыктаваныя яго надмернай пакорлівасцю, было палічана дарэчным выканаць. Ён быў пахаваны побач з галоўным алтаром фундаванай ім капліцы.
Праўда, на надмагіллі згадзіліся выбіць надпіс, які ён хацеў, аднак да яго дадалі пахвальную аповесць аб яго наверненні. Яго шпіталь і асабліва капліцу, дзе ён пахаваны, наведваюць усе, хто прыязджае ў Севілью. Мурыльё[43] аздобіў капліцу сваімі шэдэўрамі. «Вяртанне блуднага сына» і «Ерыхонская купальня», якімі цяпер захапляюцца наведнікі галерэі маршала Сульта[44], некалі ўпрыгожвалі сцены шпіталя Міласэрнасці.
Венера Ільская
Я спускаўся з апошняга адхону гары Канігу і, хоць сонца ўжо зайшло, мог разгледзець на раўніне дамы маленькага мястэчка Іль, куды я накіроўваўся.
— Ці ведаеце вы, дзе жыве пан дэ Пэрарад? — спытаўся я ў каталонца, які ўжо другі дзень быў мне за правадніка.
— Ды ўжо ж! Я ведаю ягоны дом, як свой! — адказаў ён.— Калі б цяпер не было так цёмна, я б вам яго паказаў. Гэта самы прыгожы дом у Ілі. У яго, пана дэ Пэрарада, кішэня не пустая. А зараз яшчэ ён жэніць сына з дзяўчынай, багацейшай за яго.
— А ці скора будзе вяселле? — пацікавіўся я.
— Скора! Мо ўжо нават і музыкаў запрасілі. Можа, сёння, можа, заўтра, а мо і паслязаўтра. Вяселле будзе ў Пюігарыгу, бо наш паніч жэніцца з тамтэйшай паннай. Будзе на што паглядзець, ага!
[43] Мурыльё Барталамеа Эстэбан (1617—1682) — славуты іспанскі мастак.
[44] Сульт Нікаля-Жан (1769—1851) — французскі маршал, удзельнік напалеонаўскіх войнаў; камандаваў французскімі войскамі ў Іспаніі, адкуль вывез мноства выдатных твораў мастацтва.