— Не трэба.
— Вы нейкі дзіўны... Вы прыйшлі паведаміць мне нешта непрыемнае... Скажыце, з донам Гарсіям здарылася няшчасце?
Каб пазбегнуць непрыемных тлумачэнняў, дон Хуан падаў няшчаснай дзяўчыне нягодны ліст дона Гарсіі. Яна паспешліва яго прачытала і спачатку нічога не зразумела. Пасля, перачытаўшы, не магла паверыць сваім вачам. Дон Хуан уважліва за ёй назіраў, ён бачыў, як яна то бралася за лоб, то працірала вочы, яе вусны дрыжалі, твар пакрыўся смяротнай бледнасцю, і яна мусіла трымаць ліст аберуч, каб ён не ўпаў долу. Урэшце, падняўшыся з адчайным намаганнем, яна закрычала:
— Усё гэта няпраўда! Гэта жахлівая мана! Дон Гарсія не мог гэткага напісаць!
Дон Хуан адказаў:
— Вам знаёмы яго почырк. Ён не ведаў цаны скарбу, які яму належаў... а я згадзіўся, бо кахаю вас усім сэрцам.
Яна кінула на яго позірк, поўны пагарды, і пачала ўважліва перачытваць ліст, як адвакат, які падазраефальшаванне судовае справы. Яе вялікія вочы былі шырока раскрытыя і неадрыўна глядзелі на паперу. Час ад часу з нерухомых вейкаў на шчокі падалі вялікія слёзы. Раптам яна ўсміхнулася, як вар’ятка, і закрычала:
— Гэта жарт, праўда? Гэта ж проста жарт? Дон Гарсія тут, ён зараз прыйдзе!..
— Гэта зусім не жарт, донья Фаўста. Няма на свеце нічога праўдзівейшага за маё каханне да вас. Я быў бы вельмі няшчасны, калі б вы мне не паверылі.
— Нягоднік! — закрычала донья Фаўста.— Але калі ты кажаш праўду, дык ты яшчэ большы нягоднік, чым дон Гарсія.
— Каханню прабачаецца ўсё, мілая Фаўста. Дон Гарсія кінуў вас. Дык вазьміце ж мяне, каб суцешыцца. Вось на карціне Бахус і Арыядна, дазвольце ж мне быць вашым Бахусам.
Не кажучы ні слова, яна схапіла са стала нож і, узняўшы яго над галавою, кінулася на дона Хуана. Але той паспеў заўважыць яе рух, схапіў яе за руку і без цяжкасці яе абяззброіў. Адчуваючы за сабой права пакараць яе за такі непрыхільны прыём, ён тры ці чатыры разы яе пацалаваў і пацягнуў яе да невялічкага ложка. Донья Фаўста была слабая і кволая жанчына, але гнеў дадаў ёй сілы, і яна працівілася дону Хуану то чапляючыся за мэблю, то абараняючыся рукамі, нагамі і зубамі. Спачатку дон Хуан адказваў на яе ўдары ўсмешкай, але хутка гнеў у ім пачаў перамагаць каханне. Ён моцна сціснуў Фаўсту ў абдымках, не баючыся папсаваць яе далікатную скуру. Гэта быў разлютаваны барацьбіт, які хацеў любой цаною перамагчы свайго суперніка, гатовы, калі спатрэбіцца, задушыць яго, каб толькі перамагчы. I тады Фаўста звярнулася да апошняга сродку, які ёй заставаўся. Дагэтуль жаночы сорам не дазваляў ёй паклікаць на дапамогу, але бачачы, што злачынца перамагае, яна закрычала на ўвесь дом.
Дон Хуан адчуў, што яму ўжо не ўдасца авалодаць сваёй ахвярай і што цяпер ён мусіў найперш думаць пра ўласны ратунак. Ён хацеў адштурхнуць Фаўсту і кінуцца да дзвярэй, але яна так учапілася за яго вопратку, што ён ніяк не мог ад яе адбіцца. Тым часам у доме ўжо чулася пагрозлівае лясканне дзвярэй. Мужчынскія крокі і галасы набліжаліся, нельга было губляць ні хвіліны. Ён яшчэ раз намогся адштурхнуць ад сябе донью Фаўсту, але яна з такой сілаю трымала яго за камізэльку, што ён толькі крутнуўся вакол сябе разам з ёю, нічым не палепшыўшы свайго становішча. Фаўста якраз стаяла каля дзвярэй, што вялі ўнутр дома. Яна ўсё крычала і крычала... У гэтую хвілю дзверы расчыніліся, і ў іх з’явіўся чалавек з рушніцай у руцэ. Пачуўся здзіўлены вокліч, а за ім грымнуў стрэл. Лямпа згасла, і дон Хуан адчуў, што рукі доньі Фаўсты расціскаюцца, а па яго руках цячэ нешта цёплае. Яна ўпала, ці, хутчэй, з’ехала на падлогу, куля перабіла ёй хрыбет: бацька замест гвалтаўніка забіў сваю дачку. Дон Хуан, адчуўшы сябе свабодным, кінуўся да сходаў праз парахавы дым. Бацька паспеў ударыць яго прыкладам, а лёкай, што пабег за ім, здолеў тыцнуць яго шпагай, але гэта не зрабіла яму ніякае шкоды. Схапіўшы сваю шпагу, ён паспрабаваў прабіць сабе дарогу і патушыць паходню, што трымаў лёкай. Напалоханы рашучым выглядам дона Хуана, той адступіў. Што да дона Альфонса дэ Охэда, чалавека гарачага і бясстрашнага, дык ён не вагаючыся рушыў на дона Хуана. Той адбіў пару выпадаў, збіраючыся, вядома ж, толькі абараняцца. Але, як спрактыкаваны фехтавальнік, ён, адбіўшы ўдар, міжвольна і машынальна сам зрабіў нападны рух. I праз хвіліну бацька доньі Фаўсты глыбока ўздыхнуў і ўпаў смяротна паранены. Дон Хуан, убачыўшы, што праход свабодны, кінуўся маланкаю да сходаў, адтуль да дзвярэй, і праз імгненне ён ужо быў на вуліцы. Пагоні за ім не было, бо ўсе слугі завіхаліся вакол забітага гаспадара. Донья Тэрэса, якая прыбегла на стрэл рушніцы, убачыла гэтае страшнае відовішча і ўпала непрытомная побач з бацькам. Яна ведала яшчэ толькі палову свайго няшчасця.
Дон Гарсія дапіваў апошнюю бутэльку мантыльскага віна, калі дон Хуан бледны, запэцканы крывёю, з шалёным позіркам, у парванай камізэльцы і з каўняром, што тырчаў на далонь вышэй, чым трэба, паспешліва ўвайшоў у пакой і зваліўся ў задышцы ў фатэль, не могучы вымавіць ні слова. Дон Гарсія ўмомант зразумеў, што адбылося нешта сур’ёзнае. Ён даў дону Хуану трохі перадыхнуць і спытаўся пра падрабязнасці. Пару словаў — і ён усё зразумеў. Дон Гарсія, як звычайна спакойны і абыякавы да ўсяго, выслухаў, не міргнуўшы вокам, урывісты расказ свайго сябра. Пасля ён наліў чарку віна і падаў яму, сказаўшы:
— Выпіце, вам гэта будзе зараз вельмі дарэчы. Кепскія справы,— дадаў ён, выпіўшы сваю чарку.— Забіць бацьку — гэта ўжо не жарты... Праўда, прыкладаў такіх шмат было і раней, пачынаючы хоць бы з Сіда[35]. Аднак у адрозненне ад яго з вамі няма цяпер пяціста сваякоў, убраных у белае, каб абараніцца ад стражнікаў Саламанкі і блізкіх людзей забітага... Але пагаворым спачатку пра самае важнае...
Ён прайшоўся два ці тры разы па пакоі, быццам збіраючыся з думкамі, і пасля сказаў:
— Заставацца ў Саламанцы пасля такога скандалу было б вар’яцтвам. Усё ж дон Альфонса дэ Охэда — не нейкі там аднадворак, дый слугі, напэўна, вас пазналі. Дапусцім на хвіліну, што вас не пазналі; але ж у вас цяпер ва універсітэце такая зайздросная рэпутацыя, што вам адразу прыпішуць гэтае ананімнае злачынства. Паверце мне, трэба ехаць, і чым раней, тым лепей. Вы тут зрабіліся ўтрая больш вучоным, чым належыць двараніну з прыстойнага роду. Пакіньце Мінерву і паспрабуйце паслужыць Марсу[36], гэта ў вас атрымаецца лепш — з вашымі здольнасцямі. У Фландрыі цяпер вайна. Паедземце біць ерэтыкоў — няма нічога больш прыдатнага, каб адкупіць нашы маленькія грахі ў гэтым свеце. Аман! — канчаю, як у малітве.
Слова «Фландрыя» прагучала для дона Хуана ратункам. Яму здавалася, што, пакінуўшы Іспанію, ён уцячэ ад самога сябе. Сярод нягод і небяспек ваеннага жыцця яму не застанецца часу на пакуты сумлення!
— У Фландрыю! У Фландрыю! — закрычаў ён.— Едзем шукаць смерці ў Фландрыю.
— Ад Саламанкі да Бруселя далёка,— сур’ёзна адказаў дон Гарсія,— а ў вашым становішчы трэба спяшацца. Уявіце, што вы трапіце ў лапы пану карэхідору, і тады вам нідзе болей не прыйдзецца ваяваць, калі толькі не на галерах Яго Вялікасці.
Параіўшыся пару хвілін са сваім сябрам, дон Хуан хуценька скінуў свае студэнцкія ўборы. Ён надзеў вышываную скураную куртку, якую насілі тады вайскоўцы, і вялікі капялюш, не забыўшы напоўніць пояс залатымі дублонамі, колькі дон Гарсія мог яму даць. Усе гэтыя прыгатаванні занялі некалькі хвілін. Ён рушыў у дарогу пешкі, выйшаў з горада непазнаны, ішоў усю ноч і ўсю наступную раніцу, пакуль пякучае сонца не змусіла яго спыніцца. У першым горадзе, куды ён прыйшоў, ён купіў сабе каня і, далучыўшыся да падарожнага каравана, без перашкодаў дабраўся да Сарагосы. Там ён пражыў некалькі дзён пад імем дона Хуана Караска. Дон Гарсія, які пакінуў Саламанку на другі дзень пасля яго адыходу, пайшоў іншай дарогай і дагнаў яго ў Сарагосе. Яны не бавіліся там доўга. Паспешліва памаліўшыся Піларскай Божай маці, паспеўшы, аднак, падчас малітвы пакасавурыцца на арагонскіх прыгажунь, яны, узяўшы кожны надзейнага слугу, выправіліся ў Барселону, дзе селі на карабель, які ішоў у Чывіта-Векію. Стома, марская хвароба, новыя мясціны і прыродная легкадумнасць дона Хуана — усё гэта разам прымусіла яго забыцца на жахлівыя карціны, што ён цяпер пакідаў за сабою. На некалькі месяцаў салодкія забавы, якія абодва сябры знайшлі ў Італіі, зацьмілі ім галоўную мэту падарожжа. Але грошы выйшлі, і яны далучыліся да кампаніі сваіх суайчыннікаў, гэткіх жа адважных і бедных на грошы, як і яны, і накіраваліся ў бок Германіі.
Прыехаўшы ў Брусель, кожны з іх запісаўся ў роту да таго капітана, які каму спадабаўся. Абодва сябры захацелі прайсці жаўнерскі хрост у роце капітана дона Мануэля Гамарэ, бо, па-першае, ён быў андалусіец, а па-другое — як казалі, не патрабаваў ад сваіх салдатаў нічога, апроч смеласці і добра дагледжанай зброі,і не быў занадта суровы ў пытаннях дысцыпліны.
Вельмі задаволены іх выглядам і манерамі, капітан паставіўся да іх добра і знайшоў ім занятак, што быў ім да густу — пасылаў іх у самыя небяспечныя выправы. Лёс ім спагадаў, і там, дзе багата іх таварышаў напаткала смерць, яны не атрымалі ані драпінкі і трапілі на вочы генералам. Абодва яны ў адзін дзень атрымалі афіцэрскі чын. З гэтай хвіліны, упэўненыя ў павазе і прыхільнасці сваіх начальнікаў, яны назвалі свае сапраўдныя імёны і вярнуліся да свайго звычайнага ладу жыцця — цэлы дзень пілі або гулялі ў карты, а ўначы спявалі серэнады найпрыгажэйшым жанчынам тых гарадоў, дзе яны стаялі на зімовых кватэрах. Яны атрымалі ад бацькоў прабачэнне, што мала іх кранула, і акрэдытывы, выпісаныя на антверпенскія банкі. Яны знайшлі грошам добры ўжытак. Маладыя, багатыя, адважныя і вынаходлівыя, яны перамагалі часта і хутка. Не буду спыняцца падрабязна на гэтых перамогах, чытачу будзе дастаткова даведацца, што, убачыўшы прыгожую жанчыну, яны імкнуліся дамагчыся яе, не выбіраючы сродкаў. Абяцанні і клятвы былі для гэтых нікчэмных распуснікаў адно гульнёй, а калі нечыя браты або мужы спрабавалі ім запярэчыць, дык яны мелі напагатове свае лёткія шпагі і бязлітасныя сэрцы.
З надыходам вясны вайна распачалася зноў.
У адной няўдалай для іспанцаў бітве капітан Гамарэ быў смяротна паранены. Дон Хуан, убачыўшы, як той упаў, падбег да яго і паклікаў салдатаў, каб яго перанесці, але адважны капітан, сабраўшы рэшту сілы, сказаў яму:
— Дайце мне памерці тут, чую, што прыйшоў мой канец. Якая розніца — памру я тут або трохі далей. Беражыце салдатаў, ім давядзецца папрацаваць, бо вунь я бачу, ідуць галандцы, і нямала. Хлопцы,— дадаў ён, павярнуўшыся да салдатаў, што яго абступілі,— гуртуйцеся вакол сцягоў і не турбуйцеся за мяне.
У гэты момант з’явіўся дон Гарсія і спытаўся ў капітана, ці не мае ён якога жадання, каб выканаць яго пасля смерці.
— Якое, да д’ябла, жаданне ў такі момант?..
Але хвіліну падумаўшы, ён сказаў:
— Я ніколі не думаў пра смерць і не спадзяваўся, што яна прыйдзе так хутка... Я быў бы не супраць пабачыць зараз святара... Але ўсе нашы манахі цяпер у абозе... А ўсё ж цяжка паміраць без споведзі!
[35] ...пачынаючы хоць бы з Сіда.— У паданнях пра Сіда апавядаецца пра тое, як ён, баронячы бацькоўскі гонар, забіў бацьку сваёй каханай Хімены.
[36] Пакіньце Мінерву і паспрабуйце паслужыць Марсу.— У антычнай міфалогіі Мінерва лічылася багіняю навук і мастацтваў, Марс — богам вайны.