Гэта і напраўду была Венера, незвычайна прыгожая. Вышэй пояса яна была голая, як звычайна старажытныя скульптары падавалі багінь. Правая рука, прыўзнятая да грудзей, была павернутая даланёю ўнутр, вялікі і два наступныя пальцы былі выцягнутыя, два астатнія трошкі сагнутыя. Другою рукой каля клуба яна трымала складкі ўбрання, што закрывала ніжнюю частку цела. Поза гэтай статуі нагадвала мне вядомага «Гульца ў мору»[52], якога, няведама чаму, называюць «Германікам»[53]. Можа, скульптар хацеў паказаць багіню, што гуляе ў мору.
Што б там ні было, немагчыма было ўявіць сабе штосьці больш дасканалае за цела гэтай Венеры, больш прывабнае і пажадлівае за яго абрысы, больш густоўнае і шляхотнае за яе ўбранне. Я чакаў убачыць нейкі твор часоў Позняй Імперыі, а перада мною быў шэдэўр найлепшых часоў скульптурнага мастацтва. Больш за ўсё мяне ўразіла выключная праўдзівасць формаў, быццам гэта быў злепак з натуры, калі толькі прырода магла ствараць такія дасканалыя ўзоры.
Валасы, адкінутыя з ілба, некалі, напэўна, былі залачоныя. Галава маленькая, як амаль ва ўсіх грэчаскіх статуй, была трошкі нахіленая ўперад. Што ж да твару, дык я ніколі не здолею апісаць яго незвычайнасць, тып яго і блізка не быў падобны да ніводнай антычнай статуі, што я ведаў. Гэта была зусім не тая спакойная і суровая прыгажосць грэчаскіх майстроў, якія, згодна з традыцыяй, надавалі рысам твару велічную застыласць. А тут, наадварот, я з подзівам угадваў падкрэсленае жаданне творцы перадаць у твары падступнасць, амаль злоснасць. Увесь твар быў крышачку напружаны: вочы трошкі скошаныя, ражочкі вуснаў прыўзнятыя, ноздры крыху раздзьмутыя. Пагарда, іронія, жорсткасць — вось што чыталася на гэтым, зрэшты, незвычайна прыгожым твары. I праўда, чым болей я глядзеў на гэтую статую, тым болей мне рабілася прыкра, што такая неверагодная прыгажосць можа спалучацца з суцэльнай бессардэчнасцю.
— Калі і сапраўды ў гэтай статуі быў жывы прататып,— сказаў я пану дэ Пэрараду,— хоць я і сумняваюся, каб неба магло спарадзіць такую жанчыну, дык мне шкада яе каханкаў! Ёй, пэўна, падабалася прымушаць іх паміраць ад роспачы. У яе твары ёсць нешта жорсткае, і, аднак, я ніколі не бачыў такой прыгажосці.
— «Вось Венера звязала ахвяру сілкамі!»[54] — закрычаў пан дэ Пэрарад, усцешаны маім захапленнем.
Пякельная іронія яе твару, мабыць, яшчэ больш падкрэслівалася кантрастам яе бліскучых вачэй з чарнавата-зялёнай пацінай, якая з часам укрыла ўсю статую. Гэтыя бліскучыя вочы стваралі ілюзію рэальнасці, здаваліся жывымі. Я згадаў, як праваднік казаў мне, што яна змушае апусціць вочы таго, хто на яе глядзіць. Гэта было амаль праўдай, і я нават трошкі зазлаваў на сябе, адчуўшы нейкую няёмкасць перад гэтай бронзавай постаццю.
— А цяпер, мой дарагі калега ў антыкварных справах, калі вы ўсё добра паглядзелі, давайце распачнем навуковы дыспут. Што вы скажаце пра гэты надпіс, на які вы яшчэ не звярнулі ўвагі?
Ён паказаў мне на п’едэстал статуі, дзе я прачытаў наступныя словы:
— Quid dicis, doctissime?[56] — спытаўся ён у мяне, паціраючы рукі.— Паглядзім, ці мы пагодзімся на сэнсе гэтага cave amantem!
— Але,— адказаў я,— тут можа быць два сэнсы. Можна перакласці: «Беражыся таго, хто цябе кахае». Аднак у гэтым выпадку наўрад ці cave amantem — прыклад добрай лаціны. Пабачыўшы д’ябальскі твар гэтае пані, я хутчэй падумаў бы, што творца хацеў папярэдзіць гледача ад гэтай жахлівай прыгажосці. Тады б я пераклаў: «Беражыся, калі яна цябе пакахае».
— Гм! Можна дапусціць і такое тлумачэнне. Але не сярдуйце, мне больш падабаецца першы пераклад, які я раскрыю шырэй. Вы ведаеце, хто быў каханкам Венеры?
— Іх было шмат.
— Так, але першы быў Вулкан. Ці не хацеў мастак сказаць ёй: «Нягледзячы на тваю прыгажосць, на твой пагардлівы позірк, тваім каханкам будзе кульгавы і брыдкі каваль»? Добры ўрок для баламутак!
Я міжволі ўсміхнуўся, настолькі штучным і ненатуральным падалося мне гэтае тлумачэнне.
— Лаціна з яе сцісласцю — жахлівая мова,— заўважыў я, каб не спрачацца з гэтым аматарам старажытнасцяў, і адступіў некалькі крокаў, каб лепей разгледзець статую.
— Хвіліначку, калега! — спыніў мяне за руку пан дэ Пэрарад.— Вы яшчэ не ўсё пабачылі. Тут ёсць яшчэ адзін надпіс. Устаньце на п’едэстал і паглядзіце на правую руку,— сказаў ён і дапамог мне падняцца.
Без лішняй цырымонлівасці я абхапіў за шыю Венеру, да якой я ўжо пачаў прызвычайвацца. Я нават на хвілінку зазірнуў ёй проста ў твар, і зблізу яна здалася мне яшчэ злейшай і разам з тым яшчэ прыгажэйшай. Пасля я заўважыў, што на руцэ быў выбіты нейкі надпіс, як мне здалося, антычным скорапісам. Уздзеўшы акуляры, я праслібізаваў наступнае, тым часам як пан дэ Пэрарад паўтараў за мною кожнае слова, ківаючы галавою і махаючы рукамі. Вось што я прачытаў:
Пасля слова TVRBVL у першым радку, як мне здалося, сцерлася некалькі літар, але TVRBVL чыталася выразна.
— Тут ёсць адно слова, што я пакуль не магу растлумачыць,— адказаў я.— Астатняе тлумачыцца проста: Эўтых Мірон зрабіў гэты дарунак Венеры на яе загад.
— Цудоўна. Але TVRBVL, што вы скажаце пра гэта? Што гэта за TVRBVL
— TVRBVL для мяне загадка. Я ніяк не магу знайсці хоць які вядомы эпітэт Венеры, які мог бы мне дапамагчы. Што б вы сказалі наконт TVRBVLENTA? Венера, якая хвалюе, узрушае... Вы бачыце, мне ўвесь час не дае спакою яе злосны твар. TVRBVLENTA не такі ўжо і благі эпітэт для Венеры,— сціпла дадаў я, бо і сам не быў дарэшты задаволены сваім тлумачэннем.
— Венера неспакойная, Венера тлумная! Вы што, думаеце, мая Венера — дзеўка з карчмы? Ні ў якім разе, пане, гэта Венера з прыстойнага таварыства. Але я вам растлумачу гэтае TVRBVL... Толькі паабяцайце мне, што нікому не скажаце пра маё адкрыццё, пакуль маё даследаванне не будзе надрукавана. Справа ў тым, што я вельмі ганаруся гэтай знаходкай... Дайце ўжо і нам, бедным правінцыялам, падабраць пару каласкоў. Бо вы ж, шаноўныя парыжскія навукоўцы, такія багатыя!
З вышыні п’едэстала, на якім я ўсё яшчэ стаяў, я ўрачыста паабяцаў, што ніколі не ўпаду так нізка, каб украсці ў яго адкрыццё.
— TVRBVL... пане,— сказаў ён, падышоўшы бліжэй і сцішыўшы голас, каб ніхто, апроч мяне, не мог яго пачуць,— трэба чытаць TVRBVLNERAE.
— Я не зусім разумею.
— Паслухайце. За адно лье адсюль, ля падножжа гары ёсць вёска Бультэрнэр. Гэта сапсаванае лацінскае слова TVRBVLNERA. Гэткія інверсіі — рэч звычайная. Бультэрнэр быў рымскім горадам. Я даўно аб гэтым падазраваў, але ў мяне ніколі не было ніякіх доказаў. I вось, доказ перад вамі. Гэтая Венера была мясцовым боствам горада Бультэрнэра. А слова «Бультэрнэр», старажытнае паходжанне якога я вам растлумачу пазней, даводзіць яшчэ цікавейшую рэч. Справа ў тым, што Бультэрнэр, да таго як быць рымскім горадам, быў горадам фінікійскім!
Ён на хвілінку спыніўся, каб перавесці дух і парадавацца майму здзіўленню. Я ледзь стрымаўся, каб не засмяяцца.
— I сапраўды,— працягваў ён,— TVRBVLNERA — гэта фінікійскае слова. TVR — вымаўляйце «тур»... «Тур» і «Сур» — тое самае, праўда? «Сур» — фінікійская назва горада Тыра, няма патрэбы нагадваць вам сэнс гэтай назвы. BVL — гэта Баал, або Бал, Бэл, Бул — з нязначнымі адрозненнямі ў вымаўленні. Што да NERA, дык тут мне прыйшлося трохі пакруціць галаву. Я схільны меркаваць, не знаходзячы адпаведнага фінікійскага слова, што яно паходзіць ад грэчаскага «νηρός», вільготны, багністы. Значыць, гэта гібрыднае слова. Каб пацвердзіць слова «νηρός», я пакажу вам у Бультэрнэры, як горныя ручаі зліваюцца там у смуродныя лужыны. З другога боку, канчатак NERA мог быць дададзены значна пазней у гонар Нэры Півэзувіі, жонкі Тэтрыка[57], якая магла нешта зрабіць для горада Турбула. Але ж з прычыны лужын я аддаю перавагу этымалогіі з «νηρός».
I, задаволены, ён зажыў нюшок табакі.
— Але пакінем фінікійцаў і вернемся да надпісу. Значыць, я пераклаў так: Венеры Бультэрнэрскай Мірон прысвячае, паводле яе загаду, гэтую статую, створаную ім.
[52] Мора — старажытная народная гульня: гульцы адначасова паказваюць пальцы і называюць лічбу. Перамагае той, хто ўгадаў колькасць усіх пальцаў. Статуя «Гулец у мору» знаходзіцца ў Луўры, яе аўтарам лічыцца старажытнагрэчаскі скульптар Клеамен (I ст. да н. э.).
[53] Германік (15 г. да н. э.— 19 г. н. э.) — рымскі ваявода, празваны Германікам за перамогі над германскімі плямёнамі.
[54] «Вось Венера звязала ахвяру сілкамі!» — радок з трагедыі Расіна «Федра» (дзея 1, з’ява 3).
[56] Што скажаш, найвучонейшы? (лац.).
[57] Тэтрык — прызначаны Рымам прэфект Аквітаніі (паўднёва-заходняя Францыя), у 268 г. н. э. ён захапіў уладу і абвесціў сябе імператарам Галіі. Яму ўдалося трымаць уладу да 273 г.