Неўзабаве пасля смерці капітана Гамарэ ў роту, дзе служылі дон Хуан і дон Гарсія, запісаўся рэкрутам малады салдат. Ён выглядаў рашучым і адважным, але характар меў скрытны і таямнічы. Ніхто не бачыў, каб ён калі піў або гуляў з таварышамі. Цэлымі гадзінамі ён сядзеў у вартоўні і назіраў за мухамі або пстрыкаў спускавым кручком свайго аркабуза. Салдаты, што кпілі з яго ціхмянасці, далі яму мянушку «Мадэста»[38]. Пад гэтым імем яго і ведалі ў роце, і нават яго начальнікі не называлі яго іначай.
Паход скончыўся аблогай Бэрг-оп-Зума, якая, як вядома, сталася самай крывавай падзеяй гэтае вайны, бо абложаныя абараняліся з адчайдушнай зацятасцю. Аднае ночы абодва сябры разам неслі варту ў траншэі, так блізкай да муроў крэпасці, што гэтае месца было ці не самае небяспечнае. Абложаныя выступалі даволі часта, стралялі густа і цалка.
Першая палова ночы мінулася ў няспынных трывогах. Пасля абложнікі і абложаныя, здаецца, паддаліся стоме. Страляніна з абодвух бакоў сунялася, і на ўсёй раўніне запанавала глыбокая ціша, парушаная адно рэдкімі стрэламі, якія даводзілі, што хоць супраціўнікі перасталі біцца, яны тым не меней працягвалі несці пільную варту. Было каля чацвёртай гадзіны раніцы, час, калі чалавек, не спаўшы ноч, адчувае нясцерпны холад і разам з тым маральную прыгнечанасць, спрычыненую фізічнай стомай і неадольным жаданнем заснуць. Не знойдзецца ніводнага прыстойнага вайскоўца, які б не прызнаўся, што якраз у такім фізічным і духоўным стане ён здольны на ўчынкі, за якія яму прыйшлося б чырванець, як настане дзень.
— Да д’ябла,— закрычаў закручаны ў плашч дон
Гарсія, тупаючы, каб сагрэцца.— Я адчуваю, як у мяне кроў спыняецца ў жылах. Здаецца, галандскае дзіця забіла б мяне цяпер піўным куфлем. Папраўдзе, я сябе не пазнаю. Вось я здрыгануўся, пачуўшы стрэл. О, калі б я быў пабожны, я б сам палічыў гэты мой дзіўны стан як папярэджанне неба.
Усе прысутныя, асабліва дон Хуан, вельмі здзівіліся, што ён загаварыў пра неба, бо яно ніколі яго не цікавіла, і калі ён пра яго гаварыў, дык толькі каб пакпіць з яго. Убачыўшы, што сёй-той усміхнуўся на яго словы, ён пыхліва закрычаў:
— Каб жа толькі хто з вас не падумаў, што я баюся галандцаў, Бога або д’ябла, бо інакш, скончыўшы варту, я з ім парахуюся!
— Галандцаў дык хай сабе, але ж Бога і Таго — чаму ж іх не баяцца? — сказаў стары сівавусы капітан, у якога пры шпазе вісеў ружанец.
— А што яны мне зробяць? — запытаўся дон Гарсія.— Маланка б’е не трапней за пратэстанцкі аркабуз.
— А як жа ваша душа? — запярэчыў стары капітан і перажагнаўся, пачуўшы гэтае страшнае блюзнерства.
— Ат, душа... Спачатку трэба быць пэўным, што яна ў мяне ёсць. Хто мне калі казаў, што ў мяне ёсць душа? Святары. Аднак жа гэтая прыдумка з душой прыносіць ім столькі прыбытку, што няма чаго і сумнявацца, што якраз яны яе і выдумалі, гэтак жа, як пекары выдумалі печыва, каб яго прадаваць.
— Дон Гарсія, вы кепска скончыце,— сказаў стары капітан.— Нельга казаць такія словы ў траншэі.
— У траншэі, як і ў іншым месцы, я кажу тое, што думаю. Але я памаўчу, бо вось у майго сябра дона Хуана зараз капялюш зваліцца з галавы — валасы сталі дыбарам. Ён верыць не толькі ў душу, але і ў душы чыстца.
— Я зусім не вальнадумец,— сказаў, смеючыся, дон Хуан,— і часам я зайздрошчу вашай незраўнанай абыякавасці да справаў таго свету. Але ж я прызнаюся вам, хоць бы вы і смяяліся з мяне — часам тое, што расказваюць пра адрынутых Богам, наводзіць мяне на непрыемныя думкі.
— Лепшы доказ слабасці д’ябла — тое, што вы стаіце сёння жывы ў гэтай траншэі. Даю вам слова, панове,— дадаў дон Гарсія, ляпаючы дона Хуана па плячы,— калі б д’ябал існаваў, ён бы даўно забраў гэтага хлопца. Хоць і малады, ён сапраўдны грэшнік. Ён спакусіў больш жанчын і звёў у магілу больш мужчын, чым бы гэта маглі зрабіць двое францысканаў і двое валенсійскіх шыбенікаў, узятыя разам.
Ён яшчэ нешта гаварыў, калі з траншэі, што падступала пад стан іспанцаў, пачуўся стрэл. Дон Гарсія схапіўся за грудзі і закрычаў:
— Я паранены!
Ён нахіліўся і адразу ўпаў. Тым часам усе ўбачылі, як нейкі чалавек паспешліва ўцякае, але цемра хутка схавала яго ад даганятых.
Рана дона Гарсіі была смяротная. Стралялі з блізкай адлегласці і адразу некалькімі кулямі. Але вытрымка гэтага заўзятага вальнадумца не пакінула яго ні на хвіліну. Ён адаслаў як найдалей тых, хто намаўляў яго да споведзі, і сказаў дону Хуану:
— Адно мяне будзе засмучаць пасля смерці — тое, што капуцыны пераканаюць вас, нібыта смерць мая — пакаранне Госпада. Але ж згадзіцеся, што няма нічога больш натуральнага, чым калі ў страляніне забіваюць салдата. Яны кажуць, што стралялі з нашага боку: значыць, нейкі злапомны зайздроснік наняў забойцу. Павесьце яго, не рахуючыся, калі зловіце. Паслухайце, дон Хуан, у мяне ёсць дзве каханкі ў Антверпене, тры ў Бруселі і яшчэ ў іншых гарадах, я ўжо і не памятаю ўсіх... Я перадаю іх вам... Болей у мяне нічога няма. Вазьміце яшчэ маю шпагу... і не забудзьцеся прыёму, што я вас навучыў... Бывайце... а замест імшы хай мае таварышы добра пагуляюць пасля майго пахавання.
Прыблізна такія былі яго апошнія словы. Пра Бога і пра той свет ён рупіўся не болей, чым калі быў поўны жыцця і сілы. Ён памёр з усмешкаю на вуснах, ягоная пыха надала яму сілы да канца датрымацца агіднае ролі, што ён так доўга граў. Мадэста болей не з’яўляўся. Усе былі ўпэўненыя, што дона Гарсію забіў ён, але спробы зразумець прычыны гэтага забойства не ішлі далей за марныя здагадкі.
Дон Хуан смуткаваў па доне Гарсіі больш, як па брату. Ён, шаленец, казаў сабе, што быў яму абавязаны ўсім. Гэта ён адкрыў яму таямніцы жыцця, расплюшчыў яму вочы на свет. «Кім быў я, пакуль не сустрэў яго?» — пытаўся ён у сябе, і яго самалюбства казала, што ён стаў вышэйшы за іншых людзей. Урэшце ўсё благое, што спрычыніла знаёмства з гэтым бязбожнікам, ён абарочваў на добрае і быў за гэта так удзячны, як вучань бывае ўдзячны свайму настаўніку.
Сумнае ўражанне, што зрабіла на яго гэтая смерць, надоўга завалодала яго душою, і ён мусіў на некалькімесяцаў змяніць свой звыклы жыццёвы лад. Але паволі ён вярнуўся да старых прызвычаенняў, якія ўжо сядзелі ў ім так глыбока, што іх не мог змяніць нейкі там выпадак. Ён зноў пачаў піць, гуляць, заляцацца да жанчын і біцца з іх мужамі. Штодня ў яго былі новыя прыгоды. Сёння ён прабіраўся ў пралом варожай крэпасці, а заўтра ўзлазіў на чужы балкон; раніцаю біўся на шпагах са зняважаным мужам, а ўвечары піў з куртызанкамі.
Бавячыся ў распусце, ён даведаўся, што памёр ягоны бацька і што маці перажыла яго адно на колькі дзён, так што ён атрымаў абедзве навіны адразу. Людзі, што зналіся на справах, раілі яму — і гэта адпавядала ягоным памкненням — вярнуцца ў Іспанію і ўзяць валоданне над маяратам і зямлёю, што ён атрымаў у спадчыну. Ужо даўно яму было прабачана забойства дона Альфонса дэ Охэда, бацькі доньі Фаўсты, і ён лічыў гэта даўно скончанай справай. Дарэчы, яму хацелася паспрабаваць сябе на шырэйшым боішчы. Ён марыў пра ўцехі Севільі і пра мноства прыгажунь, якія, вядома ж, толькі і чакалі ягонага прыезду, каб яму аддацца. I так, скінуўшы збройны рыштунак, ён паехаў у Іспанію. Прабыўшы нейкі час у Мадрыдзе, ён звярнуў на сябе ўвагу на карыдзе багаццем убрання і ўменнем валодаць пікаю, зваяваў некалькі сэрцаў, але не спыніўся там надоўга. Прыехаўшы ў Севілью, ён зачараваў усіх сваім багаццем і раскошаю. Штодня ён ладзіў святочныя прыёмы і запрашаў на іх найпрыгажэйшых жанчын Андалусіі. Дзень пры дні новыя ўцехі, новыя гулянкі ў яго пышным палацы. Ён стаў завадатарам хеўры распуснікаў, якія, звычайна свавольныя і неўтаймавальныя, падпарадкоўваліся яму з пакорлівасцю, якую часта можна сустрэць у злачынных суполках. Урэшце, не было такой распусты, у якую б ён не пускаўся. Але ж багаты распуснік небяспечны не толькі сам сабою, і таму ягоны прыклад пачаў зводзіць з добрага шляху андалусійскую моладзь, якая насіла яго на руках і лічыла за ўзор да пераймання. Без сумнення, калі б Божы правід цярпеў даўжэй яго нягодніцтва, спатрэбіўся б вогненны дождж, каб выпаліць севільскі бязлад і злачынствы. Хвароба, што пратрымала дона Хуана ў ложку некалькі дзён, не змусіла яго агледзецца. Наадварот, ён прасіў лекара як найхутчэй вярнуць яму здароўе, каб аддацца новым уцехам.
Калі пайшло на попраўку, ён, бавячы час, склаў спіс усіх жанчын, якіх ён спакусіў, і ўсіх мужчын, якіх ён зняславіў. Спіс быў старанна падзелены на два слупочкі.
У адным стаялі імёны жанчын і агульнае апісанне іх знешнасці, а побач — імёны і род заняткаў іх сужонцаў. Ён з вялікай цяжкасцю прыгадваў імёны няшчасных ахвяр, і, трэба думаць, спіс гэты быў далёка не поўны. Аднойчы ён паказаў яго аднаму свайму сябру, што прыйшоў яго наведаць. У Італіі ён неяк расчуліў сэрца жанчыны, што мела смеласць пахваліцца, нібыта яна была каханкай самога папы, і таму спіс пачынаўся з яе імя, а імя папы распачынала спіс мужоў. Далей ішоў кароль, пасля герцагі, маркізы, аж да простых рамеснікаў.
— Вось, даражэнькі мой,— сказаў ён сябру,— бачыш, ніхто ад мяне не ўбярогся, ад папы да шаўца, няма такога стану, які б не сплаціў мне сваёй долі.
Дон Тарывіо — так зваўся сябар — уважліва прагледзеў спіс і аддаў дону Хуану, урачыста заявіўшы:
— Гэты спіс няпоўны!
— Што? Няпоўны? Дык каго ж тут бракуе?
[38] Сціплы (ісп.).