— А, вы маеце на ўвазе вяселле гэтага малойца! — перапыніў ён мяне.— Не хвалюйцеся, вяселле адбудзецца паслязаўтра. Вы пагуляеце з намі, у сям’і, бо маладая цяпер у жалобе па сваёй цётцы, якая пакінула ёй спадчыну. I таму ніякага свята, ніякай гулянкі... Шкада... Вы б пабачылі, як скачуць нашы каталонкі... Яны прыгожанькія, і, можа, у вас узнікла б жаданне пайсці за прыкладам майго Альфонса. Адно вяселле, кажуць, цягне за сабой другое... У суботу, як толькі маладыя ажэняцца, я буду вольны, і мы рушым у дарогу. Вы ўжо даруйце, вам, пэўна, будзе нудна на правінцыйным вяселлі. Вы, парыжане, нагледзеліся на розныя святы... а тут вяселле, ды яшчэ без гулянкі! Аднак вы пабачыце маладую... маладую... ну вы пасля мне скажаце, ці яна вам спадабалася... Але ж вы чалавек паважны і на жанчын ужо, пэўна, не гледзіцё. У мяне ёсць штось цікавейшае вам паказаць. Ужо ж я вам нешта пакажу!.. Рыхтуйцеся на заўтра да вялікай неспадзяванкі.
— Ды дзе ўжо там,— адказаў я.— Цяжка мець дома скарб, каб усе навокал пра яго не ведалі. Здаецца, я здагадваюся, што за неспадзяванку вы мне рыхтуеце. Але калі вы маеце на ўвазе вашу статую, дык тое, што сказаў мне мой праваднік, толькі абудзіла маю цікавасць і настроіла мяне на захапленне.
— А, дык ён расказаў вам пра стодзіва — так яны называюць маю чароўную Венеру Тур... але болей я вам нічога не скажу. Заўтра ўдзень вы яе пабачыце і скажаце, ці я маю рацыю, што лічу яе шэдэўрам. Да д’ябла, як дарэчы, што вы прыехалі! Там ёсць надпіс, які я, бедны невук, тлумачу па-свойму... але вы, навуковец з Парыжа!.. Вы, можа, будзеце смяяцца з майго тлумачэння... бо я напісаў даследаванне... я, стары правінцыйны аматар старажытнасцяў, я ўзяўся за... Я хачу агаломшыць прэсу... Калі б вы згадзіліся прачытаць і сёе-тое паправіць, я б мог спадзявацца... Напрыклад, мне вельмі цікава ведаць, як бы вы пераклалі гэты надпіс на цокалі: CAVE... Але не буду ў вас зараз нічога пытацца! Да заўтра, да заўтра! Ні слова пра Венеру сёння!
— I праўда, Пэрарад,— сказала яму жонка,— што ты прычапіўся са сваім стодзівам? Хіба ты не бачыш, што не даеш пану паесці. Пан, пэўна, бачыў у Парыжы статуі прыгажэйшыя за тваю. Там у Цюільры іх дзесяткі, і бронзавых таксама не бракуе.
— Вось яно — невуцтва, святое правінцыйнае невуцтва! — перапыніў яе пан дэ Пэрарад.— Параўнаць цудоўны антык з безгустоўнымі фігурамі Кусту[49]!
Вы ведаеце, мая жонка хацела, каб я пераплавіў маю статую на звон для нашай царквы і каб яна была яго хроснай. Расплавіць шэдэўр Мірона[50]!
— Шадэўр, шадэўр! Ужо яна дык адпаліла шадэўр — нагу чалавеку зламала!
— Слухай, кабета,— сказаў рашуча пан дэ Пэрарад і выставіў наперад правую нагу ў шаўковай панчосе,— калі б мая Венера зламала мне вось гэтую нагу, я б не шкадаваў.
— А божачкі! Пэрарад! Ну што ты такое вярзеш! Добра, што чалавеку ўжо лепей. Я дык і глядзець не магу на гэтую статую, што робіць столькі шкоды. Бедны Жан Коль!
— Паранены Венерай,— зарагатаў пан дэ Пэрарад.— Паранены Венерай, ён, невук, яшчэ і незадаволены: Veneris nec praemia noris[51]. Хто ж з нас не быў паранены Венерай?
Пан Альфонс, які лепей разумеў па-французску, чым па-лацінску, падміргнуў мне з разумным выглядам і паглядзеў на мяне, быццам пытаючыся: «Ну а вы, парыжанін, зразумелі?»
Вячэра скончылася. А я ўжо цэлую гадзіну нічога і не еў. Я стаміўся і пачаў раз-пораз пазяхаць. Пані дэ Пэрарад першая гэта заўважыла і сказала, што пара ўжо ісці спаць. I зноў пачаліся перапрашэнні, што мне, можа, будзе не надта ўтульна — гэта ж не ў Парыжы. У правінцыі ўсё так блага! Але хай я ўжо не крыўдую на іх, русільёнцаў. Я марна спрабаваў запэўніць іх, што пасля горнай прагулкі абярэмак саломы будзе мне найлепшай пасцеляй, але яны, не змаўкаючы, прасілі мяне прабачыць ім, бедным вяскоўцам, што яны не могуць прыняць мяне так, як бы ім хацелася. Урэшце пан дэ Пэрарад правёў мяне ў прызначаны мне пакой. Сходы, верхнія прыступкі якіх былі драўляныя, вывелі нас на сярэдзіну калідора з некалькімі пакоямі.
— Направа,— сказаў гаспадар,— пакой для будучай жонкі Альфонса. Ваш пакой — у другім канцы калідора. Вы ж разумееце,— дадаў ён, паспрабаваўшы падацца дасціпным,— што маладых трэба размясціць асобна. Вы будзеце ў адным канцы дома, яны — у другім.
Мы ўвайшлі ў добра абстаўлены пакой, і першае, што мне трапілася на вочы, быў ложак — сем стоп удоўжкі, шэсць ушыркі і такі высокі, што трэба было падстаўляць услончык, каб на яго ўзлезці. Мой гаспадар паказаў мне, дзе званок, сам праверыў, ці поўна ў цукерніцы, ці бутэлечкі з калонскай вадою стаяць на сваім месцы на туалетным століку, і, перапытаўшыся яшчэ колькі разоў, ці мне чаго не трэба, пажадаў мне добрай ночы і пайшоў.
Вокны былі зачыненыя. Перш чым раздзецца, я расчыніў адно акно, каб падыхаць свежым начным паветрам, такім чароўна-салодкім пасля працяглай вячэры. Трохі наводдаль перада мною высілася Канігу, заўсёды па-свойму прывабная, але гэтым вечарам, залітая месяцовым святлом, яна здавалася мне найпрыгажэйшай гарою ў свеце. Некалькі хвілін я захапляўся яе велічнымі абрысамі і ўжо збіраўся зачыніць акно, калі, апусціўшы позірк, убачыў статую на п’едэстале за дваццаць сажняў ад дома. Яна стаяла на рагу жываплота, які аддзяляў маленькі садок ад шырокага і раўнюткага прастакутніка, які, як я даведаўся пазней, быў местачковай пляцоўкай для гульні ў мяч. Гэтую пляцоўку, што была належала пану дэ Пэрараду, ён саступіў уладам мястэчка па настойлівым хадайніцтве свайго сына.
Здалёк мне было цяжка разгледзець статую, я мог меркаваць толькі пра яе вышыню, якая, як мне здалося, складала каля шасці стоп. Тым часам па пляцоўцы побач з жываплотам праходзілі два местачковыя вісусы, насвістваючы прыгожую русільёнскую мелодыю «Агні ў гарах». Яны спыніліся паглядзець на статую, адзін нават нешта сказаў ёй уголас. Ён гаварыў па-каталонску, але я ўжо даволі доўга вандраваў у Русільёне і таму збольшага разумеў, што ён кажа.
— А, дык вось ты дзе, паскудніца! (Каталонскае слова было трохі мацнейшае.) Вось ты дзе! Дык гэта ты зламала нагу Жану Колю! Каб ты трапілася мне, я б табе карак зламаў.
— Гы! А чым бы ты зламаў? — засумняваўся другі.— Яна ж медзяная і такая цвёрдая, што Эцьен зламаў свой напільнік, калі паспрабаваў папілаваць. Гэта медзь паганскіх часоў, цвёрдая, як няведама што.
— Каб у мяне было зараз маё зубіла (здаецца, гэта быў чаляднік-слесар), я б ёй хутка вочы павыкалупваў, як арэхі са шкарлупіны. Там срэбра болей чым на сто су.
Яны адышліся трошкі далей.
— Трэба пажадаць стодзіву добрай ночы,— сказаў большы з чаляднікаў, раптам спыніўшыся.
Ён нахіліўся і, пэўна, падняў камень. Я ўбачыў, як ён размахнуўся, нешта кінуў, і адразу штосьці бомкнула па бронзе. Праз момант чаляднік схапіўся за галаву і закрычаў ад болю.
— Яна кінула камень назад! — закрычаў ён.
I абодва шалапуты кінуліся наўцёкі. Відаць, камень адскочыў ад металу і пакараў хлопца за абразу, што ён прычыніў багіні.
Я зачыніў акно, пасмяяўшыся ад усёй душы.
— Яшчэ адзін вандал, пакараны Венерай! Каб жа кожнаму разбуральніку нашых старых помнікаў гэтак адскочыла ў галаву!
З гэтым міласэрным пажаданнем я і заснуў.
Калі я прачнуўся, быў ужо дзень. Каля майго ложка стаяў з аднаго боку пан дэ Пэрарад у халаце, а з другога — слуга, пасланы гаспадыняй, з кубкам шакаладу ў руцэ.
— Ану, уставайце, парыжанін! От ужо мне гэтыя сталічныя лайдакі! — казаў мой гаспадар, пакуль я паспешліва адзяваўся.— Ужо восьмая гадзіна, а ён яшчэ спіць! Я дык ужо а шостай устаў. Ужо трэці раз да вас паднімаюся, падышоў да вашых дзвярэй на дыбках: нікога, ні знаку жыцця. У вашым веку шкодна шмат спаць. Вы ж яшчэ не бачылі маю Венеру. Ану, выпіцетка хуценька кубачак барселонскага шакаладу... Сапраўдная кантрабанда... Такой у Парыжы няма. Набірайцеся сілы, бо, як толькі вы ўбачыце маю Венеру, вас ужо будзе ад яе не адцягнуць.
Праз пяць хвілін я быў гатовы, гэта значыць напалову пагаліўся, спехам зашпіліў гузікі і апёкся шакаладам. Я спусціўся ў сад і апынуўся перад чароўнай статуяй.
[49] Кусту — прозвішча трох вядомых французскіх скульптараў: Нікаля (1658—1733), яго брата Гіёма-бацькі (1677—1746) і Гіёма-сына (1716—1777). Тут, відаць, гаворка ідзе пра Нікаля Кусту.
[50] Мірон — грэчаскі скульптар (V ст. да н. э.).
[51] I ты не спазнаеш дарункаў Венеры (лац.).