— Рэдка, бо я занадта добры. Слухайце, дон Хуан, а ці не саступіце вы мне сваю Тэрэсу? Абяцаю, што праз два тыдні яна будзе слухмяная, як авечка. А вы бярыце сабе Фаўсту. Ці мне яшчэ што даплаціць?
— Не, я б не быў супраць,— усміхнуўся ў адказ дон Хуан,— калі б толькі згадзіліся дамы. Але донья Фаўста ніколі не захоча вас нікому саступіць. Абмен быў бы не на яе карысць.
— Вы занадта сціплы. Але ж не хвалюйцеся, учора я так яе раззлаваў, што цяпер першы стрэчны здасца ёй пасля мяне анёлам святла сярод пякельнай цемры. Ведаеце, дон Хуан,— працягваў дон Гарсія,— я гавару з вамі абсалютна сур’ёзна.
I дон Хуан засмяяўся з паважнага тону, якім яго сябар выкладаў усе гэтыя дзівосныя прапановы.
Гэтую павучальную гутарку перапыніў прыход некалькіх студэнтаў, якія надалі іх думкам іншы кірунак. Але ўвечары, калі абодва сябры сядзелі за бутэлькай мантыльскага віна, побач з якой стаяў кошык з валенсійскімі жалудамі, дон Гарсія зноў пачаў скардзіцца на сваю каханку. Ён толькі што атрымаў ліст ад Фаўсты, поўны пяшчотных словаў і мяккіх папрокаў, між якіх праглядалася яе дасціпнасць і ўменне бачыць смешнае ў кожнай рэчы.
— Дарэчы,— сказаў дон Гарсія, падаючы ліст дону Хуану і пазяхаючы на ўвесь рот,— прачытайце гэты цудоўны твор. Сёння зноў спатканне! Але хай мяне д’ябал возьме, калі я на яго пайду.
Дон Хуан прачытаў ліст, і ён здаўся яму чароўным.
— Па праўдзе кажучы,— сказаў ён,— калі б меў такую каханку, як ваша, я б зрабіў усё, што мог, каб яна была шчаслівая.
— Ну дык бярыце яе, дружа,— закрычаў дон Гарсія,— бярыце яе і рабіце з ёй усё, што захочаце. Я перадаю вам усе правы. Ці давайце зробім яшчэ лепш,— дадаў ён і ўстаў, нібы прасветлены раптоўным натхненнем.— Давайце згуляем на нашых каханак. Вось карты. Згуляем партыю ў ломбер. Я стаўлю донью Фаўсту, а вы выкладаеце на стол донью Тэрэсу.
Дон Хуан, смеючыся да слёз з дзівацтваў свайго таварыша, узяў карты і перамяшаў іх. I, не надаючы гульні ні найменшае ўвагі, ён выйграў. Дон Гарсія, ані не засмучаны няўдачай, папрасіў пісьмовыя прылады і склаў нешта накшталт вэксаля, выпісанага на донью Фаўсту, якой загадвалася аддацца ў распараджэнне падаўцы, зусім гэтак жа, як бы ён напісаў свайму аконаму адлічыць сто дукатаў аднаму з крэдытораў.
Дон Хуан, не перастаючы смяяцца, запрапанаваў дону Гарсію згуляць яшчэ, але той адмовіўся.
— Калі ў вас ёсць хоць трошкі смеласці,— сказаў ён,— вазьміце мой плашч і ідзіце да маленькіх дзвярэй, якія вы добра ведаеце. Там будзе толькі Фаўста, бо Тэрэса вас не чакае. Ідзіце за ёй і маўчыце. Як толькі вы зойдзеце ў пакой, цалкам магчыма, што яна здзівіцца і нават выцісне адну-дзве слязіны. Але хай гэта вас не спыняе. Будзьце пэўныя, што яна не наважыцца крычаць. Тады пакажыце ёй мой ліст, скажыце, што я страшны злачынца, нягоднік, пачвара, усё, што захочаце, каб ёй захацелася адразу лёгка і зручна мне адпомсціць. I паверце, помста гэтая не здасца ёй горкай.
З кожным словам Гарсіі д’ябал усё болей завалодваў душою дона Хуана і казаў яму, што тое, што ён дагэтуль лічыў пустым жартам, можа скончыцца для яго вельмі прыемна. Ён перастаў смяяцца, і юрлівая чырвань запалымнела ў яго на твары.
— Каб толькі ведаць,— сказаў ён,— што Фаўста згодзіцца на гэты абмен...
— Ці згодзіцца яна! — закрычаў распуснік Гарсія.— Але ж вы і смаркач, мой дружа! Вы думаеце, што жанчына хоць хвіліну будзе вагацца паміж каханкам, якога яна ведае ўжо шэсць месяцаў, і тым, каго ведае толькі адзін дзень! Але нічога, заўтра вы абое яшчэ будзеце мне дзякаваць, не сумняваюся. Адзінае, што я ў вас прашу ў якасці адшкадавання за страту, гэта дазволіць мне паўпадаць за Тэрэсітай.
Пасля, убачыўшы, што дон Хуан ужо амаль згадзіўся, ён сказаў:
— Ну, смялей, бо я зусім не хачу бачыць сёння Фаўсту. Калі вы не хочаце, дык я дам гэтую цыдулку таўстуну Фадрыке, а ўжо ён не адмовіцца.
— Ат, халера з ёй! — махнуў рукою дон Хуан і ўзяў пісьмо. А каб дабраць троху смеласці, кульнуў залпам вялікую чарку мантыльскага.
Прызначаны час набліжаўся. Дон Хуан, якога яшчэ стрымлівала рэшта сумлення, піў чарку за чаркай, каб забыцца. Нарэшце прабіў гадзіннік. Дон Гарсія накінуў свой плашч на плечы дону Хуану і правёў яго да дзвярэй сваёй каханкі. Пасля, падаўшы ўмоўлены сігнал, ён пажадаў яму добрай ночы і пайшоў, зусім не раскайваючыся ў брыдкасці свайго ўчынку.
Дзверы адразу расчыніліся. Донья Фаўста ўжо чакала.
— Гэта вы, дон Гарсія? — ціха спыталася яна.
— Я,— адказаў дон Хуан яшчэ цішэй, схаваўшы твар пад складкамі шырокага плашча.
Ён увайшоў, дзверы за ім зачыніліся, і ён пачаў падымацца па цьмяных сходах за сваёй праводніцай.
— Вазьміцеся за край мантыльі,— сказала яна,— і ступайце як мага цішэй.
Неўзабаве ён апынуўся ў пакоі Фаўсты. Там цьмяна гарэла самотная лямпа. Спачатку дон Хуан, не здымаючы ні плашча, ні капелюша, стаяў каля дзвярэй, не наважваючыся адкрыцца. Донья Фаўста нейкі час моўчкі на яго глядзела, пасля раптам падышла да яго, выцягнуўшы насустрач рукі. Дон Хуан, скінуўшы ўрэшце плашч, паўтарыў яе рух.
— Як! Гэта вы, сеньёр дон Хуан? — закрычала яна.— Што з донам Гарсіям? Ён хворы?
— Хворы? Не...— адказаў дон Хуан.— Але ён не можа прыйсці. Ён прыслаў да вас мяне.
— Ах, як шкада! Але скажыце, можа, якая іншая жанчына не дала яму прыйсці?
— Дык вы, значыць, ведаеце, які ён распуснік?..
— Як мая сястра будзе радая вас бачыць! Няшчаснае дзіця! Яна думала, што вы не прыйдзеце... Я выйду яе папярэдзіць.