— Да заўтрага, дзеці мае,— сказаў святар на развітанне.
— Да заўтрага,— адказаў дон Гарсія,— цалуем вашы рукі і разлічваем на вас.
Як толькі святар пайшоў, дон Гарсія аж падскочыў ад радасці.
— Няхай жыве святакупства! — закрычаў ён.— Цяпер, спадзяюся, нам нічога не пагражае. Калі вамі зацікавіцца суд, дык гэты святы айцец за тыя дукаты, што ён атрымаў і што яшчэ спадзяецца з нас выцягнуць, засведчыць, што мы маем не большае дачыненне да забітага вамі сеньёра, чым бязвінныя немаўляты. Ідзіце да сябе, будзьце напагатове і адчыняйце дзверы толькі самым надзейным знаёмым. А я пабегаю па горадзе, паслухаю, што там кажуць.
Вярнуўшыся дадому, дон Хуан не распранаючыся кінуўся ў ложак. Ён не спаў усю ноч, з галавы не ішло толькі што ўчыненае забойства, а асабліва магчымыя яго вынікі. Кожнага разу, чуючы з вуліцы нечыя крокі, ён уяўляў сабе, што яго прыйшлі арыштоўваць. Аднак стома ўзяла сваё, дый галава была яшчэ цяжкая пасля студэнцкага абеду, і ён заснуў на світанку.
Праспаўшы пару гадзін, ён быў абуджаны сваім слугою, які паведаміў, што з ім хоча пагаварыць нейкая пані з закрытым тварам. У той самы момант у пакой увайшла жанчына. З ног да галавы яна была захінутая шырокім чорным плашчом, з-пад якога выглядала толькі адно вока. Яна паглядзела гэтым вокам спачатку на слугу, пасля на дона Хуана, быццам кажучы, што хоча пагаварыць сам-насам. Слуга адразу выйшаў. Пані села, пільна паглядзеўшы на дона Хуана адзіным непрыкрытым вокам. Крыху памаўчаўшы, яна пачала так:
— Сеньёр кавалер, мой учынак, мабыць, здасца вам дзіўным, і вы можаце падумаць пра мяне што благое, але калі б вы ведалі, што мяне сюды прывяло, вы б мяне не ганілі. Учора вы пабіліся з адным тутэйшым кавалерам...
— Я? — закрычаў збялелы дон Хуан.— Але, шаноўная пані, я не выходзіў з гэтага пакоя...
— Не спрабуйце мне зманіць, я дам вам прыклад шчырасці.
Сказаўшы гэта, яна адхінула плашч, і дон Хуан пазнаў донью Тэрэсу.
— Сеньёр дон Хуан,— працягвала яна, чырванеючы,— я мушу вам прызнацца, што я захапляюся вашай адвагай. Нягледзячы на маё замяшанне, я ўбачыла, што ў вас зламалася шпага і што вы кінулі яе каля нашых дзвярэй. Калі ўсе завіхаліся вакол параненага, я спусцілася і падабрала тронак гэтай шпагі. Разгледзеўшы яе, я ўбачыла вашае імя і зразумела, якая б вам пагражала небяспека, калі б шпага трапіла ў рукі вашых ворагаў. Вось яна. Я вельмі радая, што маю шчасце вам яе аддаць.
Як і трэба было чакаць, дон Хуан укленчыў перад жанчынай, сказаў, што ён абавязаны ёй жыццём, але што яго гэты дарунак не ўратаваў, бо цяпер ён памрэ ад кахання. Донья Тэрэса вельмі спяшалася і хацела адразу ж пайсці. Але ёй было так прыемна слухаць дона Хуана, што яна не магла наважыцца яго спыніць. Так мінула каля гадзіны — не бракавала клятваў у вечным каханні, пацалункаў у ручкі, настойлівых просьбаў з аднаго боку і нерашучых адмоваў з другога. Раптам увайшоў дон Гарсія і перапыніў іх прыемную гутарку. Ён, зрэшты, зусім не збянтэжыўся і перш-наперш супакоіў Тэрэсу. Пасля ён доўга хваліў яе адвагу і вытрымку і ўрэшце папрасіў яе пахадайнічаць перад сястрой аб большай да яго спагадлівасці. Донья Тэрэса паабяцала зрабіць усё, што ён просіць, шчыльна абкруцілася плашчом і пайшла, паабяцаўшы тым самым вечарам паказацца са сваёй сястрой на бульвары ў дамоўленым месцы.
— Справы ідуць добра,— сказаў дон Гарсія, як толькі яны засталіся адны.— На вас ніхто не думае. Карэхідор, які не зычыць мне нічога добрага, спачатку зрабіў мне гонар, згадаўшы пра маю асобу. Ён быў перакананы, што дона Крыставаля забіў я. I ведаеце, чаму ён перадумаў? Нехта яму сказаў, што я ўвесь вечар быў з вамі, а ў вас, даражэнькі, такая вялікая рэпутацыя, што яе хапіла б на некалькі чалавек. Што б там ні было, нас ніхто не падазрае. А дзякуючы падарунку гэтай міленькай Тэрэсы мы можам быць спакойныя за будучыню. Дык жа забудземся на ўсё гэта і будзем думаць толькі пра вясёлае.
— Ах, Гарсія,— тужліва ўздыхнуў дон Хуан,— смутная рэч — забіць свайго бліжняга!
— Ёсць і смутнейшая,— адказаў дон Гарсія,— калі твой бліжні заб’е цябе. Ёсць яшчэ і трэцяя рэч, смутнейшая за гэтыя дзве — гэта пражыць дзень без абеду. I таму я запрашаю вас сёння паабедаць у добрай кампаніі, дзе ўсе будуць вельмі радыя вас бачыць.
Сказаўшы гэта, ён выйшаў.
Каханне ўжо было прыглушыла пакуты сумлення нашага героя. Пыхлівая гордасць канчаткова выціснула іх з душы дона Хуана. Студэнты, з якімі ён абедаў у Гарсіі, даведаліся ад гаспадара, хто быў сапраўдны забойца дона Крыставаля. Гэты Крыставаль быў кавалер, што славіўся сваім спрытам і адвагай, яго баяліся нават студэнты. I таму яго смерць толькі дадала весялосці застольнікам, і шчаслівы супернік забітага быў адораны безліччу віншаванняў. Як паслухаць іх — дык ён быў гонар, краса і апірышча універсітэта. Усе заўзята пілі за яго здароўе, а адзін студэнт з Мурсіі склаў экспромтам санет у ягоны гонар, параўнаўшы яго з Сідам і Бернардам дэль Карпіо. Устаўшы з-за стала, дон Хуан яшчэ адчуваў нейкі цяжар на сэрцы, але калі б ён нават меў чароўную здольнасць уваскрэсіць дона Крыставаля, дык наўрад ці ён гэтым скарыстаўся б — каб не страціць рэпутацыі і павагі, якія прынесла яму гэтае забойства ў вачах усяго саламанкскага універсітэта.
Калі настаў вечар, абодва бакі без спазнення прыйшлі на спатканне на беразе Тормэса. Донья Тэрэса ўзяла за руку дона Хуана (тады яшчэ не браліся пад руку), а донья Фаўста — дона Гарсію. Прайшоўшы колькі разоў у адзін і другі бок, абедзве пары рассталіся вельмі задаволеныя, паабяцаўшы не абмінаць ніводнае нагоды сустрэцца зноў.
Развітаўшыся з сёстрамі, яны напаткалі цыганак, якія танчылі з бубнамі ў гурце студэнтаў. Яны далучыліся да кампаніі. Танцоркі спадабаліся дону Гарсію, і ён вырашыў запрасіць іх на вячэру. Цыганкі адразу згадзіліся. Дон Хуан, як fidus Achates[34], таксама да іх далучыўся. Пакрыўджаны заўвагаю аднае цыганкі, быццам ён падобны да маладзенькага манаха, ён пастараўся зрабіць што толькі мог, каб давесці адваротнае: ён крычаў, скакаў, спяваў і піў адзін столькі, колькі не здолелі б выпіць і два студэнты другога года навучання.
Па паўночы яго з вялікай цяжкасцю завялі дадому, ён быў удрызг п’яны і такі злы, што мерыўся падпаліць усю Саламанку, а пасля выпіць увесь Тормэс, каб не было чым тушыць пажар.
I так дон Хуан страчваў адну за адной усе дадатныя якасці, што далі яму прырода і выхаванне. За тры месяцы побыту ў Саламанцы ён пад кіраўніцтвам дона Гарсіі канчаткова спакусіў няшчасную донью Тэрэсу, а яго таварыш дамогся перамогі на восем або дзесяць дзён раней. Спачатку дон Хуан кахаў сваю выбранніцу так, як хлопец яго гадоў кахае першую жанчыну, што яму аддалася. Але дон Гарсія без цяжкасці пераканаў яго ў тым, што вернасць — вартасць няпэўная і хімерычная, тым болей што, калі ён будзе паводзіць сябе падчас студэнцкіх оргій не так, як яго таварышы, гэта можа нашкодзіць рэпутацыі самой Тэрэсы. Бо, казаў ён, толькі надзвычай палкаму і задаволенаму каханню хапае аднае жанчыны. Да таго ж кампанія, у якую трапіў дон Хуан, забірала ў яго ўвесь час, не пакідаючы ніводнай вольнай хвіліны. Ён рэдка з’яўляўся на занятках або, зняможаны начнымі гулянкамі і распустай, засынаў на вучоных лекцыях самых выдатных прафесароў. Затое на бульвар ён прыходзіў першы і адыходзіў адтуль апошні. Што ж да начэй, дык, калі донья Тэрэса не магла яго прыняць, ён праводзіў іх у шынку ці ў яшчэ горшых мясцінах.
Аднае раніцы ён атрымаў ад сваёй дамы цыдулку, дзе яна паведамляла, што прызначанае на бліжэйшую ноч спатканне, на жаль, не можа адбыцца. Да іх у Саламанку прыехала старая сваячка, і яе размясцілі ў пакоі Тэрэсы, тым часам сама Тэрэса будзе начаваць у матчыным пакоі. Гэтая навіна, аднак, не надта засмуціла дона Хуана, і ён знайшоў, як прабавіць гэты вечар. Калі ён, абдумваючы свае планы, выйшаў з дому, нейкая жанчына, захінутая вуаллю, перадала яму яшчэ адну цыдулку — зноў ад доньі Тэрэсы. Ёй удалося перабрацца ў іншы пакой, і яны з сястрой гатовыя да спаткання. Дон Хуан паказаў пасланне дону Гарсію. Спачатку яны вагаліся, але ўрэшце, як па завядзёнцы, звыклым ужо спосабам узлезлі на балкон сваіх каханак і засталіся на ноч.
У доны Тэрэсы на грудзях была даволі заўважная радзімка. Дону Хуану быў удзелены вялікі гонар, калі яму было дазволена ўпершыню на яе паглядзець. Нейкі час ён лічыў гэтую радзімку найпрыгажэйшым, што толькі ёсць на свеце. Ён параўноўваў яе то з фіялкай, то з пралескай, то з кветкаю альфальфы. Але ў хуткім часе гэты знак, які інапраўду быў даволі мілы, перастаў падабацца перасычанаму дону Хуану. «Вялікая чорная пляма, і ўсё,— казаў ён сам сабе і ўздыхаў.— Дый яшчэ ў такім месцы. Надта падобная да болькі. Да д’ябла гэтую радзімку!» Аднойчы ён нават спытаўся ў Тэрэсы, ці не раілася яна з лекарам, каб яе вывесці. На што бедная дзяўчына, зачырванеўшыся, як ружа, адказала, што ён — адзіны мужчына, які бачыў гэты знак, і да таго ж яе старая мамка казала, што такія радзімкі прыносяць шчасце.
У той вечар, пра які ідзе гаворка, дон Хуан, прыйшоўшы на спатканне ў даволі злым гуморы, зноў пабачыў тую няшчасную радзімку, якая здалася яму яшчэ большай, чым раней. «Да д’ябла! Яна падобная да вялікага пацука,— сказаў ён сам сабе, разглядаючы плямку.— I праўда, якая брыдота! Гэта пячатка ганьбы, як тая, якой быў пазначаны Каін. Трэба быць зусім безгаловым, каб выбраць такую жанчыну за каханку». Ён быў пануры і змрочны, як чорт, раззлаваны да апошняга. Ён сварыўся без прычыны на бедную Тэрэсу, давёў яе да слёз і на досвітку пакінуў яе нават не пацалаваўшы. Дон Гарсія, што выйшаў разам з ім, ішоў нейкі час моўчкі. Пасля раптам спыніўся і сказаў:
— Згадзіцеся, дон Хуан, што сёння ўночы мы з вамі нудзіліся. Што да мяне, дык мне гэта ўсё абрыдла, і я б з задавальненнем адаслаў маю князёўну да ўсіх д’яблаў!
— Дарма вы так,— адказаў дон Хуан.— Фаўста — цудоўнае стварэнне, яна белая, як лебедзь, і заўсёды вясёлая. I яшчэ так вас кахае! Праўда, вы вельмі шчаслівы.
— Белая? Ну і хай сабе, але без колеру, без смаку, і побач са сваёй сястрою яна выглядае, як сава побач з галубкай. Хто ўжо шчаслівы, дык гэта вы.
— Дзе ўжо там,— адказаў дон Хуан.— Малодшая і напраўду мілая, але гэта яшчэ дзіця. З ёй і не пагаворыш як след. У яе галава набіта рыцарскімі раманамі, і яна думае пра каханне чорт ведае што. Вы сабе не ўяўляеце, якая яна патрабавальная.
— Проста вы, дон Хуан, яшчэ занадта малады і не ўмееце муштраваць сваіх каханак. Жанчына, каб вы ведалі, як конь: калі вы дазволіце яму набірацца дрэнных звычак, калі вы не пераканаеце яго, што не даруеце яму ніводнага выбрыку, вы ніколі ад яго нічога не даможацеся.
— Дык вы, дон Гарсія, трымаеце вашых каханак, як коней? Ці часта вы ўжываеце бізуна, каб адвучыць іх ад выбрыкаў?
[34] Верны Ахат (лац.).