Дон Хуан стаяў пад акном, што было бліжэй да дона Крыставаля і таму мусіў бараніцца першы. Супраціўнік быў спрытны, да таго ж у левай руцэ ў яго быў невялічкі жалезны шчыт, якім ён засланяўся ад удараў. У дона Хуана ж была толькі шпага і плашч. Адступаючы пад імпэтным націскам дона Крыставаля, ён вельмі дарэчы ўспомніў выпад, якому вучыў яго сеньёр Убэрці, настаўнік фехтавання. Ён упаў на левую руку, а правай прасунуў шпагу пад шчытом дона Крыставаля і ўтыркнуў яе між рэбраў з такою сілай, што лязо зламалася, увайшоўшы ў цела на даўжыню далоні. Дон Крыставаль закрычаў і ўпаў, заліты крывёю. Падчас гэтае сутычкі, што заняла меней часу, чым расказ пра яе, дон Гарсія паспяхова адбіваўся ад двух супраціўнікаў, якія, убачыўшы, што іх гаспадар забіты, кінуліся наўцёкі.
— Уцякайма і мы,— сказаў дон Гарсія.— Цяпер няма часу забаўляцца. Бывайце, красуні!
I ён сілком пацягнуў за сабою дона Хуана, агаломшанага сваім подзвігам. Калі яны адбегліся крокаў на дваццаць, дон Гарсія спыніўся і спытаўся ў таварыша, куды той падзеў сваю шпагу.
— Шпагу? — перапытаў дон Хуан, які толькі цяпер заўважыў, што не трымае яе ў руках.— Не ведаю... напэўна, я яе ўпусціў.
— О неба! — закрычаў дон Гарсія.— На тронку выбіта ваша імя!
У тую хвіліну яны ўбачылі, як з суседніх дамоў выбеглі людзі з паходнямі і кінуліся да забітага. З другога канца вуліцы хутка набліжаўся гурт узброеных людзей. Гэта, пэўна, быў начны патруль, што прыбег на крыкі музыкаў і шум бойкі.
Дон Гарсія насунуў на вочы капялюш, закрыў плашчом ніжнюю частку твару, каб яго не пазналі, і кінуўся, не зважаючы на небяспеку, у гушчу людзей, спадзеючыся знайсці шпагу, якая без сумнення навяла б на след забойцы. Дон Хуан бачыў, як ён сыпаў ударамі налева і направа, гасіў ліхтары і валіў на дол усё, што траплялася яму на дарозе. Хутка ён ужо бег з усіх ног, трымаючы ў кожнай руцэ па шпазе: за ім гнаўся ўвесь патруль.
— Ах, дон Гарсія,— закрычаў дон Хуан, схапіўшы шпагу, якую той яму падаў,— я вам так удзячны!
— Уцякайце! Уцякайце! — закрычаў Гарсія.— Бяжыце за мной, і калі нехта з гэтых ёлупаў будзе наступаць вам на пяты, торкніце яму, як таму кавалеру.
I яны пабеглі так хутка, як дазваляла іх маладая сіла, падвоеная страхам перад панам карэхідорам[31], які да студэнтаў быў суровейшы, чым да зладзеяў.
Дон Гарсія, які ведаў Саламанку, як Deus det[32], з незвычайным спрытам зварочваў у бакавыя вулкі, кідаўся ў вузкія прысады, тым часам як яго менш дасведчаны таварыш з вялікай цяжкасцю за ім паспяваў. Іх пачала ўжо браць задышка, калі раптам на адной вуліцы яны сустрэлі гурт студэнтаў, што гулялі і спявалі пад гітару. Як толькі студэнты ўбачылі, што за двума іх таварышамі гоніцца патруль, яны пабралі ў рукі каменне, кіі і ўсё, што было пад рукою. Задыханыя патрульныя палічылі недарэчным распачынаць сварку і абачліва адступілі, а два злачынцы зайшлі ў бліжэйшую царкву, каб схавацца і трошкі адпачыць.
Перад уваходам дон Хуан хацеў укласці шпагу ў ножны, лічачы, што будзе недарэчна і няварта хрысціяніна зайсці ў дом Божы са зброяй у руках. Але шпага не пралезла ў ножны, як ён ні ціснуў, і дон Хуан зразумеў, што гэта была не яго шпага. Дон Гарсія схапіў споспеху першую, што яму трапілася, шпагу, якая, відаць, належала забітаму ці некаму з памагатых. Справы былі кепскія, дон Хуан сказаў пра гэта свайму сябру, на якога ён прывык глядзець як на дарадцу.
Дон Гарсія насупіў бровы, закусіў губу, выгнуў палі капелюша і пачаў хадзіць туды-сюды, тым часам як дона Хуана, збітага з тропу жахлівым адкрыццём, апанавала трывога і пакуты сумлення. Паразважаўшы чвэрць гадзіны, дон Гарсія, якому хапіла прыстойнасці ні разу не спытацца: «Нашто вы згубілі вашу шпагу?», узяў дона Хуана за руку і сказаў:
— Хадземце са мной, я ведаю, што рабіць.
У гэты момант з сакрыстыі выйшаў святар і ўжо збіраўся пайсці, але дон Гарсія прыпыніў яго.
— Я маю гонар гаварыць з вучоным ліцэнцыятам Гомэсам, ці не так? — спытаўся ён, адмахнуўшы глыбокі паклон.
— Я яшчэ не ліцэнцыят,— адказаў святар, відавочна ўлешчаны, што яго палічылі за ліцэнцыята.— Мяне завуць Мануэль Тардоя, да вашых паслугаў.
— Ойча,— сказаў дон Гарсія,— вы якраз той, з кім я вельмі хацеў пагаварыць. Гаворка ідзе пра справы сумлення, а вы, калі верыць чуткам, якраз і ёсць аўтар славутаго трактата De casibus conscientiae[33], які нарабіў столькі шуму ў Мадрыдзе?
Святар, аддаючыся граху пыхлівасці, прамармытаў, што ён хоць і не аўтар гэтай кнігі (якой, праўду кажучы, увогуле не існавала), але шмат займаўся падобнымі пытаннямі. Дон Гарсія, які меў прычыны не прыслухоўвацца да гэтых тлумачэнняў, працягваў:
— Вось, мой ойча, у двух словах справа, аб якой я хацеў з вамі параіцца. Сёння, менш за гадзіну назад, аднаго майго сябра пераняў на вуліцы нейкі чалавек і сказаў: «Кавалер, зараз за два крокі адсюль я буду біцца, а ў майго супраціўніка шпага даўжэйшая за маю. Ці не пазычыце мне вашую, каб зброя была аднолькавая?» I мой сябар памяняўся з ім шпагаю. Ён пачакаў на рагу вуліцы, пакуль скончыцца справа. Калі звон шпагаў сціх, ён падышоў. I што ж ён бачыць? Ляжыць чалавек, праткнуты шпагай, якую ён толькі што пазычыў незнаёмаму. З таго часу ён у роспачы, ён папракае сябе за сваю зычлівасць, ён баіцца, што ўчыніў смяротны грэх. Я спрабую яго супакоіць, я лічу, што гэты грэх даравальны, бо калі б ён не пазычыў шпагі, ён спрычыніўся б да таго, што людзі біліся б няроўнай зброяй. Што вы пра гэта скажаце, ойча? Ці згодныя вы са мною?
Святар, казуіст-пачатковец, уважліва выслухаў гісторыю і нейкі час цёр сабе лоб, як чалавек, які ніяк не можа згадаць патрэбную цытату. Дон Хуан не разумеў, куды вядзе дон Гарсія, але маўчаў, баючыся сказаць нешта недарэчнае.
— Ойча,— прадаўжаў Гарсія.— Відаць, справа сапраўды складаная, калі нават такі вялікі вучоны, як вы, не можа яе вырашыць. Калі вы дазволіце, мы прыйдзем заўтра, каб пачуць вашыя меркаванні. А пакуль я вас прашу, адгаварыце самі або закажыце, калі ласка, пару імшаў за душу памерлага.
Сказаўшы гэта, ён уклаў у руку святару два ці тры дукаты, і гэта канчаткова прыхіліла яго да гэтых маладых людзей, такіх пабожных, такіх сумленных і, галоўнае, такіх шчодрых. Ён запэўніў іх, што заўтра на тым самым месцы ён перадасць ім сваё заключэнне, выкладзенае пісьмова. Дон Гарсія шчодра сыпаў падзякамі, а пасля дадаў вольным тонам, нібы нейкую нязначную заўвагу:
— Абы толькі суд не абвінаваціў нас у гэтым забойстве! Мы спадзяемся, што вы дапаможаце пагадзіць з Богам нашыя душы.
— Што да суддзяў,— адказаў святар,— дык вам няма чаго баяцца. Бо ваш сябар, калі ён толькі пазычыў сваю шпагу, паводле закону, зусім не лічыцца супольнікам.
— Так, мой ойча, але забойца ўцёк. Пачнуць разглядаць рану, можа, нават знойдуць залітую крывёй шпагу... хто ж ведае? Гэтыя судоўцы, кажуць, страшныя людзі.
— Але вы былі сведкам, што ваш сябар пазычыў шпагу? — запытаўся святар.
— Ну вядома ж,— запэўніў дон Гарсія.— Я засведчыў бы гэта перад любым судом у каралеўстве. Дый вы, мой ойча,— дадаў ён як мага больш лісліва,— і вы б маглі пацвердзіць праўду. Мы звярнуліся да вас задоўга да таго, як пра гэтую справу будзе вядома, каб спытацца вашай духоўнай парады. Вы б маглі нават засведчыць абмен шпагамі... Вось вам доказ,— ён узяў шпагу ў дона Хуана.— Паглядзіце-тка на гэтую шпагу, бачыце, яна нават не ўлазіць у ножны!
Святар кіўнуў галавою, перакананы ў праўдзівасці гісторыі. Ён моўчкі ўзважваў рукою дукаты і бачыў у іх неабвержны аргумент на карысць гэтых двух маладых хлопцаў.
— А ўрэшце, мой ойча,— сказаў дон Гарсія пабожным тонам,— што нам людскі суд? Мы хочам апраўдацца перад судом нябесным.
[31] Карэхідор — гарадскі начальнік, прызначаны каралём.
[32] Хай Бог пашле (нам свой спакой) (лац.) — пачатак каталіцкай малітвы.
[33] Пра справы сумлення (лац.).