— Ды няўжо? — засмяяўся дон Гарсія.— А вы думаеце, я ведаю Фаўсту даўней? Аднак жа сёння я паспеў перадаць ёй цыдулку, і яна прыняла яе прыхільна.
— Цыдулку? Але ж я не бачыў, каб вы нешта пісалі!
— Я заўсёды нашу з сабой ужо гатовыя, і калі на іх не стаіць імя, дык можна слаць іх любой жанчыне. Толькі, каб не рызыкаваць, не трэба пісаць кампліментаў наконт колеру вачэй і валасоў. А што да слёзаў, каханняў-уздыханняў, дык гэта кожнай будзе да душы — і бялявай, і чарнявай, і жанчыне, і дзяўчыне.
Гаворачы так, дон Гарсія і дон Хуан падышлі да дзвярэй дома, дзе іх чакаў абед. Гэта быў студэнцкі стол, можа, не надта шыкоўны і разнастайны, але ж затое ежы было багата: вострыя рагу, салёнае мяса — ад усяго вельмі смажыла. Але ж не бракавала і віна ламанчаскіх і андалусійскіх гатункаў. Некалькі студэнтаў, сяброў дона Гарсіі, ужо яго чакалі. Зараз жа селі за стол, і нейкі час не было чуваць нічога, апроч чвякання і звону шклянак. Хутка віно падагрэла настрой застольнікаў, завязалася гаворка, якая рабілася штораз шумнейшая. Гаварылі толькі пра дуэлі, пра любосныя прыгоды і розныя шкалярскія выбрыкі. Адзін расказаў, як ён абдурыў сваю гаспадыню, з’ехаўшы з пакоя за дзень да таго, як плаціць. Другі заказаў у гандляра віном некалькі збаноў вальдэпанскага на адрас аднаго паважнага прафесара тэалогіі і перахапіў збаны па дарозе, а прафесару давялося аплаціць рахунак. Той набіў начнога патрульнага, іншы з дапамогай вяровачнай лесвіцы прабраўся ў пакой сваёй каханкі, нягледзячы на ўсе захады раўнівага мужа. Слухаючы гэтыя распусныя апавяданні, дон Хуан спачатку разгубіўся. Але выпітае віно і весялосць застольнікаў патроху развеялі яго сарамяжлівую ціхмянасць. Ён смяяўся з гісторый, што расказвалі таварышы, і нават пачаў зайздросціць славе, што некаторыя сабе здабылі сваімі спрытнымі выбрыкамі і махлярствам. I ён пачаў забывацца на тыя мудрыя прынцыпы, з якімі ён прыехаў ва універсітэт, і засвойваць правілы паводзін студэнтаў. Правілы гэтыя былі простыя, выконваць іх было няцяжка — рабі што хочаш, назаляй, як толькі можаш, усім «чмутам» — той частцы чалавечага роду, якая не запісана ва універсітэцкія рэгістры. Студэнт сярод «чмутоў» — як у варожай краіне, і ён мае права абыходзіцца з імі так, як старажытныя яўрэі абыходзіліся з хананеянамі. Вось толькі пан карэхідор, на жаль, мала паважаў святыя універсітэцкія законы і адно шукаў нагоды, каб як-небудзь дадзець шкаляроў, і таму тыя мусілі трымацца адзін за аднаго, як мага адзін аднаму дапамагаць і, галоўнае — непарушна захоўваць тайну.
Гэтая павучальная гутарка цягнулася, пакуль хапала віна. Калі бутэлькі апаражнелі, думкі ва ўсіх дзіўным чынам пераблыталіся і ўсіх ахапіла неадольнае жаданне спаць. Сонца стаяла яшчэ высока ў небе, і ўсе разышліся, каб трошкі адпачыць. Дон Хуан згадзіўся зайсці да дона Гарсіі. Як толькі ён выцягнуў ногі на скураной канапе, стома і вінныя выпарэнні адолелі яго, і ён заснуў глыбокім сном. Спачатку яго сны былі такія блытаныя і дзіўныя, што ён адчуваў толькі нейкую няясную млосць, не разумеючы яе прычыны. Але патроху ён пачаў разбірацца ў сваім сне, калі можна так сказаць, сон зрабіўся складнейшы. Яму здавалася, што ён плыве ў лодцы на вялікай рацэ, шырэйшай і бурлівейшай, чым Гвадалквівір узімку. У лодцы не было ні ветразя, ні вёслаў, ні стырна, берагі былі пустыя. Хвалі так моцна калыхалі лодку, што да яго млосці дадалося яшчэ пачуццё, што адчуваюць севільскія разявы, плывучы ў Кадыкс, калі яны ў вусці Гвадалквівіра церпяць першыя прыступы марской хваробы. Неўзабаве рака павузела, ён ужо мог бачыць абодва берагі, і, калі б крыкнуў, яго б там пачулі. Тады на абодвух берагах разам паказаліся дзве святлістыя постаці, яны набліжаліся, кожная са свайго боку, нібы збіраліся яго ўратаваць. Спачатку ён павярнуў галаву направа і ўбачыў старога з паважным і суровым абліччам, босага, з грубай накідкай на плячах замест вопраткі. Здавалася, ён працягнуў дону Хуану руку. Пасля ён паглядзеў налева і ўбачыў высокую жанчыну з вельмі шляхетным і павабным тварам, у руцэ яна трымала вянок з кветак. Разам з тым ён заўважыў, што лодка яго кіруецца сама сабой, без вёслаў, падпарадкоўваючыся ягонай волі. Ён збіраўся высадзіцца на бераг, дзе стаяла жанчына, але крык з правага берага змусіў яго азірнуцца павярнуць лодку. Стары на беразе глядзеў яшчэ суравей.
Усё цела яго, смяротна-бледнае, было пакрыта ранамі і засохлай крывёю. У адной руцэ ён трымаў цярновы вянок, у другой — бізун з жалезным круком на канцы. Дон Хуан жахнуўся ад гэтага відовішча і хуценька павярнуў да левага берага. Здань, што так яго прычаравала, яшчэ не знікла. Валасы жанчыны развіваліся пад ветрам, вочы гарэлі незвычайным агнём, замест вянка яна цяпер трымала ў руцэ шпагу. Перш чым высадзіцца, дон Хуан спыніўся на хвілінку і, прыгледзеўшыся, заўважыў, што лязо шпагі было чырвонае ад крыві, крывавая была і рука гэтае спакусніцы. Спалохаўшыся, ён падскочыў і прачнуўся. Расплюшчыўшы вочы, ён міжволі закрычаў, бо ўбачыў перад сабою аголеную шпагу. Але шпагу трымала не прыгожая спакусніца. Дон Гарсія збіраўся абудзіць сябра, і, убачыўшы побач з ложкам шпагу адмысловае работы, ён пачаў разглядаць яе вокам знаўцы. На лязе быў надпіс: «Будзь верны». А на тронку, як мы ўжо зазначалі, быў герб, імя і дэвіз роду Маранья.
— У вас прыгожая шпага, дружа,— сказаў дон Гарсія.— Вы, відаць, ужо адпачылі. Ужо ноч, хадземце трошкі пагуляем, а калі прыстойныя людзі ў гэтым горадзе вернуцца дадому, мы пойдзем, калі вы не супраць, спяваць серэнады нашым боскім стварэнням.
Дон Хуан і дон Гарсія гулялі нейкі час на беразе Тормэса і разглядалі жанчын, што выйшлі падыхаць паветрам і зірнуць употай на сваіх каханкаў.
Пасля прагульнікаў трохі паменела, і ўрэшце яны зусім зніклі.
— Цяпер настала тая пара,— сказаў дон Гарсія,— калі горад цалкам належыць студэнтам. Цяпер «чмуты» не наважацца перашкодзіць нам у нашых нявінных забавах. Што ж да начной варты, калі мы выпадкам з ёю сутыкнемся, дык мне не трэба вам тлумачыць, што гэтых нягоднікаў можна не шкадаваць. А калі гэтае навалачы будзе зашмат і нам прыйдзецца трошкі даць працы нагам, дык не хвалюйцеся: я ведаю тут усе сцежкі, бяжыце проста за мною і будзьце пэўныя, што ўсё будзе як мае быць.
Сказаўшы гэта, ён накінуў плашч на левае плячо так, што большая частка твару схавалася, а правая рука засталася свабодная. Дон Хуан зрабіў тое самае, і абодва рушылі да вуліцы, дзе жыла донья Фаўста з сястрою. Мінаючы нейкую царкву, дон Гарсія свіснуў, і невядома адкуль паявіўся яго пахолак з гітараю ў руках. Дон Гарсія ўзяў гітару і адпусціў хлопца.
Калі яны выйшлі на Вальядалідскую вуліцу, дон Хуан сказаў:
— Я бачу, вы хочаце, каб я сцярог вас, пакуль вы будзеце спяваць серэнаду. Будзьце пэўныя, што я заслужу вашае пахвалы. Севілья, мая радзіма, выраклася б мяне, калі б я не здолеў абараніць вуліцу ад злыдняў!
— Я не збіраюся ставіць вас на варту,— адказаў дон Гарсія.— Маё каханне тут, але тут жа і вашае. Кожнаму свая здабыча. Ціха! Вось іх дом. Я стану пад гэтым акном, вы — пад тым, і — увага!
Дон Гарсія наладзіў гітару і пачаў спяваць даволі прыемным голасам раманс, у якім, як звычайна, было пра слёзы, уздыханні і гэтак далей. Можа, ён сам яго і склаў.
Пасля трох ці чатырох куплетаў жалюзі на абодвух вокнах лёгка адсунуліся і пачуўся ціхі кашаль. Гэта значыла, што спевака слухалі. Кажуць, што музыканты ніколі не граюць, калі іх просяць або калі іх слухаюць. Дон Гарсія паклаў гітару на межавы слуп і пачаў ціха гаварыць з адной слухачкай.
Дон Хуан, падняўшы вочы, убачыў над сабою ў акне жанчыну, што, здавалася, пільна яго разглядала. Ён не сумняваўся, што гэта была сястра доньі Фаўсты, тая, што паводле ягонага густу і адпаведна з выбарам дона Гарсіі мелася стацца дамай яго сэрца. Але яму яшчэ не ставала смеласці і досведу, ён не ведаў, з чаго пачаць. Раптам з акна ўпала насовачка і пачуўся мілы галасок:
— Ой, Езус!.. мая насовачка ўпала!
Дон Хуан зараз жа яе падхапіў, паклаў на вастрыё шпагі і падняў да акна. Гэта была нагода загаварыць. Той самы галасок пачаў з падзякі, а пасля спытаўся, ці сеньёр кавалер не быў раніцай у царкве святога Пятра. Дон Хуан адказаў, што быў і што пакінуў там спакой свае душы.
— Як жа гэта?
— Калі ўбачыў вас.
Лёд быў зламаны. Дон Хуан быў родам з Севільі, ён ведаў на памяць усе маўрытанскія казкі з іх багатаю мовай кахання. Ён не мог прапусціць нагоды паказаць сваё красамоўства. Яны гаварылі амаль гадзіну. Раптам Тэрэса закрычала, што чуе, як ідзе бацька, і што трэба ўцякаць. Абодва кавалеры пакінулі вуліцу толькі тады, калі дзве беленькія ручкі высунулі за з-пад жалюзі і кінулі кожнаму па галінцы язміну. Дон Хуан вярнуўся дадому і заснуў, галава ў яго поўнілася найчароўнейшымі вобразамі. Што да дона Гарсіі, той пайшоў у шынок і прабавіў там амаль усю рэшту ночы.
Назаўтра зноў былі ўздыханні і серэнады. Так паўтаралася яшчэ колькі начэй. Пасля належных дзеля прыстойнасці ўпінанняў абедзве дамы згадзіліся абмяняцца з кавалерамі пасмачкамі валасоў з дапамогаю ніткі, спушчанай з акна. Дон Гарсія, не звыклы задавольвацца дробязямі, пачаў гаварыць пра вяровачную лесвіцу ці пра падробныя ключы. Гэтую прапанову палічылі занадта смелай і, калі не адкінулі, дык, прынамсі, адклалі на няпэўны тэрмін.
Амаль цэлы месяц дон Хуан і дон Гарсія спявалі пад вокнамі сваіх каханак без значнага поспеху. Адной цёмнай ноччу яны занялі сваё звычайнае месца пад вокнамі, як салдаты на варце. Гаворка, на ўцеху ўсім размоўцам, доўжылася ўжо добрую часіну, калі ў канцы вуліцы паказаліся сем або восем чалавек у плашчах, у паловы з іх у руках былі музычныя інструменты.
— О заступнікі нябесныя! — закрычала Тэрэса.— Гэта дон Крыставаль ідзе спяваць нам серэнады. Ідзіце адсюль, малю вас, каб не было якой бяды!
— Мы нікому не саступім гэтае месца! — закрычаў дон Гарсія.— Гэй, кавалер,— крыкнуў ён таму, хто ішоў наперадзе,— гэтае месца занята, а гэтых дам ваша музыка не цікавіць. Дык, калі ласка, пашукайце шчасця ў іншым месцы.
— Нейкі там драны шкаляр думае, што не дасць нам прайсці! — закрычаў дон Крыставаль.— Ён дорага заплаціць за тое, што асмеліўся гаварыць з маёй каханай.
Сказаўшы гэта, ён схапіў шпагу. Адначасова дзве шпагі бліснулі ў руках у яго памагатых. Дон Гарсія з незвычайным спрытам накруціў плашч на руку, дастаў шпагу і закрычаў:
— Гэй, сюды, студэнты!
Але ў наваколлі не было ніводнага. Музыкі, відаць, баючыся, каб у бойцы не паразбівалі іх інструменты, кінуліся наўцёкі, а абедзве дамы тым часам клікалі на дапамогу ўсіх нябесных святых.