Сказаўшы гэта, ён з усёй сардэчнасцю падаў дону Хуану руку. Дон Хуан, чакаўшы зусім іншае размовы, паспешліва адказаў на пачцівую ветлівасць дона Гарсіі, запэўніўшы, што будзе вельмі ўсцешаны мець за сябра такога прыстойнага чалавека.
— Вы яшчэ зусім не ведаеце Саламанкі,— працягваў дон Гарсія.— Калі вы згодзіцеся, каб я быў вашым правадніком, я буду рады паказаць вам усё да найменшых драбніц у краі, дзе вам давядзецца жыць.
Пасля ён павярнуўся да студэнта, што сядзеў побач з донам Хуанам:
— Ану, Пэрыка, ідзі-тка адсюль. Ці ты думаеш, што такі хамуйла, як ты, можа сядзець побач з сеньёрам донам Хуанам дэ Маранья?
Сказаўшы гэта, ён даў яму добрага штурхаля і сеў на яго месца.
Калі лекцыя скончылася, дон Гарсія даў новаму сябру свой адрас і ўзяў з яго абяцанне прыйсці ў госці. Пасля ён па-сяброўску памахаў рукою на развітанне і выйшаў, элеганцкім рухам накінуўшы на плечы свой дзіравы, як рэшата, плашч.
Дон Хуан з кнігамі пад пахай спыніўся ў галерэі калегіі, каб паглядзець старыя надпісы на сценах, калі заўважыў, што студэнт, які першы з ім загаварыў, падышоў да яго, быццам хочучы разгледзець тыя самыя надпісы. Дон Хуан, кіўнуўшы, каб паказаць, што пазнаў яго, збіраўся быў пайсці ўжо, але студэнт прытрымаў яго за крысо плашча.
— Сеньёр дон Хуан,— сказаў ён,— калі вы нікуды не спяшаецеся, ці не будзеце вы так ласкавыя і ці не падаруеце мне хвілінку, каб пагаварыць?
— Калі ласка,— адказаў дон Хуан і прыхіліўся да калоны,— я вас слухаю.
Пэрыка з трывогай азірнуўся навокал, быццам баючыся, што нехта яго ўбачыць, і падышоў да дона Хуана, каб сказаць яму нешта на вуха. Здаецца, гэта была залішняя асцярога, бо ў прасторнай гатычнай галерэі, апроч іх, нікога не было. Памаўчаўшы хвіліну, студэнт запытаўся ціхім дрыготкім голасам:
— Скажыце, калі ласка, ці ваш бацька сапраўды ведаў бацьку дона Гарсіі Навары?
Дон Хуан здзівіўся.
— Вы ж чулі, як дон Гарсія толькі што пра гэта гаварыў.
— Чуў,— адказаў студэнт, яшчэ больш сцішыўшы голас,— але ці ваш бацька калі-небудзь казаў вам, што ён ведаў сеньёра Навару?
— Вядома ж казаў, ён разам з ім ваяваў супраць марыскаў.
— Цудоўна. Але ці чулі вы, каб гэты паважны дваранін меў... сына?
— Праўду кажучы, я не надта слухаў, што мой бацька мог пра гэта казаць... Але нашто гэтыя пытанні? Хіба дон Гарсія не сын сеньёра Навары?.. Ці ён пазашлюбнае дзіця?
— Хай неба будзе мне сведкам, што я нічога гэткага не казаў,— закрычаў напалоханы студэнт, зазіраючы за калону, да якой прытуліўся дон Хуан,— я толькі хацеў у вас запытацца, ці не ведаеце вы тую дзіўную гісторыю, якую шмат хто расказвае пра дона Гарсію?
— Нічога не ведаю.
— Кажуць, што... заўважце: я толькі паўтараю тое, што чуў ад іншых... кажуць, што дон Дыега Навара меў сына, які ў шэсць ці сем гадоў захварэў на нейкую цяжкую і такую дзіўную хваробу, што лекары не ведалі, чым яму дапамагчы. Бацька, у якога болей не было дзяцей, слаў шчодрыя ахвяраванні розным святым, даваў хвораму дакрануцца да святых мошчаў, і ўсё марна. I вось аднойчы, кажуць, упаўшы ў роспач, ён сказаў, стоячы перад абразом святога Міхала: «Ты не можаш уратаваць майго сына, дык паглядзім, ці той, хто ў цябе пад нагамі, не мацнейшы за цябе».
— Якое страшнае блюзнерства! — закрычаў збялелы ад абурэння дон Хуан.
— У хуткім часе хлопчык ачуняў... і гэты хлопчык... гэта дон Гарсія!
— I з тых часоў у доне Гарсіі жыве д’ябал,— сказаў, засмяяўшыся, дон Гарсія і выйшаў з-за суседняй калоны, дзе ён хаваўся і чуў усю гутарку.— Па праўдзе кажучы, Пэрыка,— сказаў ён халодна і зняважліва аслупянеламу ад страху студэнту,— калі б вы не былі баязліўцам, я б змусіў вас раскаяцца за смеласць гаварыць пра мяне. Сеньёр дон Хуан,— звярнуўся ён да Мараньі,— калі вы лепш нас уведаеце, вы не будзеце траціць час на гэтага балабона. Дарэчы, каб вы і сапраўды не падумалі, што я выпладзень пекла, хадземце зараз жа ў царкву святога Пятра. А калі мы памолімся, я дазволю сабе запрасіць вас на сціплы абед разам з параю таварышаў.
Сказаўшы гэта, ён узяў за руку дона Хуана, які, збянтэжаны тым, што яго заспелі за слуханнем дзіўнага апавядання Пэрыка, адразу ж пагадзіўся, каб паказаць свайму новаму сябру, што ён не надае ніякае ўвагі толькі што пачутым абгаворам.
Увайшоўшы ў царкву святога Пятра, дон Хуан і дон Гарсія ўкленчылі каля аднаго з бакавых алтароў, вакол якога сабралася багата вернікаў. Дон Хуан адчытаў ціхім голасам сваю малітву, і, хоць гэтая пабожная справа заняла належны час, ён убачыў, падняўшы галаву, што яго таварыш усё яшчэ ахоплены малітоўным экстазам. Ён ціхенька варушыў вуснамі, і здавалася, што да канца яго медытацый яшчэ далёка. Дону Хуану зрабілася сорамна, што ён скончыў так рана, і ён пачаў ціхенька адчытваць літаніі, што прыходзілі яму на памяць. Літаніі хутка скончыліся, а дон Гарсія ўсё яшчэ нерухома стаяў на каленях. Дон Хуан безуважна адшаптаў яшчэ некалькі кароткіх моддаў, пасля, бачачы, што яго таварыш усё яшчэ моліцца, ён вырашыў трошкі агледзецца навокал, каб прабавіць час і дачакацца канца гэтага няспыннага малення. Яго ўвагу адразу прыцягнулі тры жанчыны, што кленчылі на турэцкіх дываночках. Адна, мяркуючы з яе веку, акуляраў і вялізнага чапца, была няйначай дуэнья. Дзве іншыя былі маладзенькія і прыгожыя, яны глядзелі на ружанец, апусціўшы вочы якраз настолькі, каб можна было заўважыць, што вочы гэтыя былі вялікія і прыгожыя. Дон Хуан з задавальненнем разглядаў адну з іх, з задавальненнем, можа, і залішнім для святога месца. Забыўшыся, што таварыш моліцца, ён патузаў яго за рукаў і ціхенька спытаўся, хто тая паненка, што трымае бурштынавы ружанец.
Гарсія, ані не абураны тым, што яго перапынілі, адказаў:
— Гэта донья Тэрэса дэ Охэда, а гэта — донья Фаўста, яе старшая сястра, абедзве — дочкі аўдытара кастыльскае рады[30]. Я закаханы ў старэйшую, а вы паспрабуйце закахацца ў маладзейшую. Глядзіце,— дадаў ён,— яны ўсталі і зараз выйдуць з царквы. Хадземце хутчэй, каб пабачыць, як яны удуць садзіцца ў карэту. Можа, вецер прыўзніме ім спадніцы, і мы ўбачым прыгожанькую ножку ці нават дзве.
Дон Хуан быў так уражаны прыгажосцю доны Тэрэсы, што, не зважаючы на таварышаў непрыстойны тон, пайшоў за донам Гарсіям да дзвярэй царквы і ўбачыў, як дзве шляхетныя паненкі селі ў карэту і з’ехалі з плошчы ў адну з найбольш людных вуліц. Калі яны ад’ехалі, дон Гарсія, ссунуўшы капялюш набакір, весела сказаў:
— Цудоўныя дзяўчаты! Хай мяне халера возьме, калі праз дзесяць дзён старэйшая не будзе мая! А як у вас пайшлі справы з малодшай?
— Што? Як пайшлі справы? — наіўна перапытаўся дон Хуан.— Ды я ж упершыню яе бачыў!
[30] Аўдытар — член суда або кароннай рады.