Душы чыстца
Цыцэрон сказаў у адным месцы, здаецца, у трактаце «Аб натуры багоў»[19], што ёсць некалькі Юпітэраў — адзін Юпітэр на Крыце, яшчэ адзін у Алімпіі, яшчэ адзін у іншым месцы — так што ў Грэцыі няма ніводнага хоць трохі вядомага горада, дзе б не было свайго ўласнага Юпітэра. З усіх гэтых Юпітэраў зрабілі аднаго, якому прыпісалі ўсе авантуры кожнага яго цёзкі. Гэтым і тлумачыцца тая незлічоная колькасць любосных прыгодаў, з якіх славіцца гэты бог.
Гэткая ж самая блытаніна адбылася і з донам Хуанам, персанажам, які сваёй славутасцю набліжаецца да Юпітэравай. Адна толькі Севілья мае некалькіх донаў Хуанаў. Свой дон Хуан ёсць і ў шмат якіх іншых гарадах. Аб кожным з іх некалі было асобнае паданне, але з часам усе яны зліліся ў адно.
Аднак, прыгледзеўшыся ўважлівей, можна лёгка вылучыць долю кожнага з прататыпаў у агульным паданні або, прынамсі, адрозніць сярод іх двух герояў, а менавіта: дона Хуана Тэнорыо[20], якога, як усім ведама, уцягнула за сабою каменная статуя, і дона Хуана дэ Маранья[21], які скончыў зусім інакш.
Пра жыццё абодвух расказваюць аднолькава: паданні розняцца толькі развязкаю. А развязак шмат — на ўсе густы, як у п’есах Дзюсі[22], якія, залежна ад чуллівасці чытачоў, могуць канчацца або добра, або дрэнна.
Што ж да праўдзівасці гэтага апавядання ці гэтых двух апавяданняў, дык яна бясспрэчная, і вы б надзвычай абразілі мясцовы севільскі патрыятызм, калі б засумняваліся ў існаванні гэтых шыбенікаў, якія паставілі пад падазрэнне радаводы найшляхотнейшых севільскіх сем’яў. Дом дона Хуана Тэнорыо паказваюць іншаземцам, і няма ніводнага аматара мастацтваў, які б, пабыўшы ў Севільі, не наведаў царквы Міласэрнасці. Там можна пабачыць магілу рыцара дэ Маранья, а на ёй такі надпіс, прадыктаваны яго пакорнасцю ці, калі хочаце, гордасцю: Aquí yace el peor hombre que fué an el mundo[23]. I як пасля гэтага сумнявацца? Паказаўшы вам гэтыя два помнікі, ваш чычэронэ, безумоўна, раскажа вам і пра тое, як дон Хуан (невядома каторы) зрабіў дзіўныя прапановы Хіральдзе, бронзавай статуі, што вянчае маўрытанскую вежу катэдры, і як Хіральда гэтыя прапановы прыняла; пра тое, як сагрэты віном дон Хуан, гуляючы левым берагам Гвадалквівіра, папрасіў агню ў чалавека, што ішоў правым берагам і курыў цыгару, і як рука таго чалавека (а гэта быў не хто іншы, як сам д’ябал) падоўжылася настолькі, што працягнулася праз раку і падала дону Хуану цыгару, ад якое ён запаліў сваю, ані не зважыўшы на гэтае папярэджанне, гэтак знячулела яго душа...
Я паспрабаваў вызначыць долю кожнага з донаў Хуанаў у агульнай карціне іх зладзействаў і злачынстваў. Не бачачы лепшага выйсця, я пастараўся апісаць толькі тыя прыгоды майго героя дона Хуана дэ Маранья, якія паводле ўстойлівае традыцыі не прыпісваюцца дону Хуану Тэнорыо, так добра ў нас вядомаму дзякуючы шэдэўрам Мальера і Моцарта.
Граф дон Карлас дэ Маранья быў адным з самых багатых і паважаных дваран Севільі. Ён паходзіў са славутага роду і ў вайне супраць паўстанцаў-марыскаў сваёю смеласцю даказаў, што варты сваіх выбітных продкаў. Пасля скарэння Альпухары ён вярнуўся ў Севілью са шнарам на лобе і з безліччу запалоненых дзяцей нявернікаў, якіх ён парупіўся ахрысціць і з выгодай прадаў у хрысціянскія дамы. Нягледзячы на раны, якія, зрэшты, зусім не псавалі яго твару, ён спадабаўся адной панне з добрага дому, і яна аддала яму перавагу над шматлікімі кавалерамі, што дамагаліся яе рукі. Ад гэтага шлюбу нарадзілася спачатку некалькі дачок, з якіх адны па пэўным часе выйшлі замуж, а другія пайшлі ў кляштар. Дон Карлас дэ Маранья ўжо быў зусім зняверыўся мець прадаўжальніка роду, як урэшце нарадзіўся сын, і сэрца яго напоўнілася радасцю і спадзяваннем, што яго старажытны маярат не пяройдзе да бочнае лініі.
Дон Хуан, гэты так чаканы сын, герой гэтае праўдзівае гісторыі, рос пестуном, як і належыць адзінаму спадкаемцу славутага імя і вялікага багацця. Яшчэ зусім дзіцем, ён ужо быў сам сабе гаспадар, і ў бацькавым палацы ніхто не наважваўся яму пярэчыць. Але ж толькі маці хацела, каб ён быў гэткі пабожны, як яна, а бацька — каб сын быў адважны, як і ён сам. Тая, годзячы дзіцяці пяшчотамі і пачастункамі, прымушала яго завучваць літаніі, ружанцы, усе абавязковыя і дадатковыя малітвы. Замест калыханкі яна чытала яму з жыццяў святых. Са свайго боку, бацька вучыў сына рамансам пра Сіда[24] і Бернарда дэль Карпіо7, расказваў яму пра паўстанне марыскаў і глядзеў з ухвалай, калі сын праз цэлы дзень практыкаваўся кідаць кап’ё, страляць з арбалета ці нават з аркебузы ў ляльку, убраную на маўра, якую ён загадаў паставіць у канцы саду[25].
У хатняй бажніцы графіні дэ Маранья вісела карціна ў сухім і змрочным стылі Маралеса[26], на якой паказваліся чыстцовыя пакуты. Усе магчымыя катаванні, якія толькі мог сабе ўявіць мастак, былі змаляваныя з такой дакладнасцю, што і кат-інквізітар не згледзеў бы там ніводнае хібы. Чыстцовыя душы месціліся ў нейкай вялізнай яміне-пячоры, уверсе якое віднелася прадушына. Над краем гэтай адтуліны анёл падаваў руку душы, што пакідала гэтае месцішча пакутаў, а побач з ім стаяў немалады ўжо чалавек з ружанцам у сашчэпленых руках і, па ўсім відаць, з незвычайным запалам маліўся. Гэты чалавек быў данатарам карціны, што прызначалася царкве ва Уэсцы. Паўстанцы-марыскі падпалілі горад, царква загінула ў пажары, але праз нейкі цуд карціна ацалела. Граф дэ Маранья прывёз яе з сабою і ўпрыгожыў ёю жончыну бажніцу. Кожнага разу, як маленькі Хуан заходзіў у матчын пакой, ён спыняўся перад карцінай і доўга разглядаў яе са страхам і захапленнем. Асабліва ўражваў яго на карціне чалавек, што вісеў, зачэплены за рэбры жалезнымі крукамі, над палаючым вуголлем і якому змяя выядала нутро. Звярнуўшы застрашаны і спадзеўны позірк да прадушыны, гэты гаротнік, здавалася, прасіў пабожнага данатара аб малітвах, што выбавілі б яго ад гэтулькіх пакутаў. Графіня не прапускала нагоды, каб растлумачыць сыну, што гэты няшчасны церпіць такое пакаранне, бо не ведаў як след катэхізіса, бо смяяўся са святара, бо няўважліва слухаў набажэнствы ў царкве. Душа, што адлятала да раю, была душою аднаго сеньёра з роду Маранья, за якім, відаць, былі нейкія дробныя правіны; але граф дэ Маранья маліўся за яго, раздаваў грошы царкоўнікам, каб адкупіць яго ад агню і катаванняў, і мог урэшце ўсцешыцца, што душа яго родзіча адляцела ў рай, не вельмі доўга марнуючыся ў чыстцы.
— Але ж, Хуаніта,— дадавала графіня,— і я некалі буду так пакутаваць і застануся на мільён гадоў у чыстцы, калі ты не будзеш заказваць імшаў за збавенне маёй душы! Як нядобра будзе пакінуць бедаваць маці, якая цябе выгадавала!
Тады хлопчык пачынаў плакаць, і, знайшоўшы ў кішэні некалькі рэалаў, спяшаўся аддаць іх першаму стрэчнаму збіральніку ахвяраванняў на збавенне чыстцовых душ.
Уваходзячы ў кабінет свайго бацькі, ён бачыў панцыр, пашчэрблены пішчальнымі кулямі, шалом, што быў на графе дэ Маранья падчас аблогі Альмерыі[27] і на якім застаўся след мусульманскае сякеры; гэты пакой аздаблялі дзіды, маўрытанскія шаблі, забраныя ў няверных вайсковыя штандары.
— Гэтую шаблю я забраў у вехерскага кадзі[28],— сказаў граф.— Ён паспеў тройчы мяне ўдарыць, перш чым я рашыў яго жыцця. Пад гэтым штандарам ваявалі паўстанцы Эльвірскай гары. Яны знішчылі хрысціянскую вёску, і я прыскакаў туды з дваццаццю коннікамі. Чатыры разы я спрабаваў убіцца ў сярэдзіну іх атрада, каб захапіць гэты штандар, і чатыры разы адступаў. На пяты раз я перажагнаўся і, закрычаўшы «Святы Якубе!», уварваўся між паганцаў. А бачыш гэтую залатую чару, што я нашу ў сваім гербе? Адзін маўрытанскі альфакі[29] выкраў яе з царквы, дзе ён учыніў безліч брыдкасцяў. Яго коні елі авёс з алтара, а яго салдаты раскідалі святыя мошчы. Альфакі піў з гэтае чары шэрбет са снегам. Я заспеў яго ў намёце, калі ён падносіў да вуснаў гэтую свяшчэнную пасудзіну. Перш чым ён паспеў прамовіць «Алах!», пакуль напой яшчэ цёк у горле, я секануў гэтай добрай шабляй паголены чэрап гэтага сабакі, і лязо ўвайшло ў галаву да самых зубоў. Як напамін пра гэтую свяшчэнную адпомсту кароль дазволіў мне ўзяць у герб залатую чару. Я кажу табе пра гэта, Хуаніта, каб ты расказаў сваім дзецям, хай яны ведаюць, чаму ў цябе герб трошкі не такі, як герб твайго дзеда, дона Дыега, што вымаляваны над яго партрэтам.
Вагаючыся ў душы паміж ваяўнічасцю і пабожнасцю, хлопчык праз цэлы дзень майстраваў з лясачак крыжыкі або, узброіўшыся драўлянай шабляю, біўся ў горадзе з вялізнымі гарбузамі, што вельмі нагадвалі, як яму думалася, галовы маўраў у цюрбанах.
У васемнаццаць год дон Хуан даволі слаба ведаў лаціну, добра ўмеў служыць імшу і валодаў рапіраю або двуручным мячом не горш за Сіда. Бацька, уважаючы, што дваранін роду Маранья мусіў мець яшчэ сякія-такія веды, вырашыў адаслаць яго ў Саламанку. Хутка ўсё было гатова да ад’езду. Маці дала яму з сабою безліч ружанцаў, шкаплераў і пасвянцоных абразкоў, а таксама навучыла яго шматлікім малітвам, дужа прыдатным у самых розных жыццёвых абставінах. Дон Карлас падараваў яму шпагу са срэбным узорам і сямейным гербам на тронку.
— Дагэтуль ты жыў сярод дзяцей,— сказаў ён сыну.— Цяпер будзеш жыць сярод мужчын. Запомні, што найвялікшая каштоўнасць двараніна — яго гонар, а твой гонар — гэта гонар роду Маранья. Хай лепш загіне апошні атожылак нашага роду, чым запляміцца яго гонар! Вазьмі гэтую шпагу, яна абароніць цябе, калі на цябе нападуць. Ніколі не даставай яе першы, але памятай, што твае продкі ніколі не ўкладалі яе ў ножны, пакуль не перамагалі, адпомсціўшы за крыўду.
I так, абаронены нябеснай і зямною зброяй, малады нашчадак роду Маранья сеў на каня і пакінуў бацькоўскае гняздо.
Саламанкскі універсітэт быў тымі часамі ў поўні славы. Ніколі ў ім яшчэ не было столькі студэнтаў, ніколі не было такіх вучоных прафесараў. Але разам з тым ніколі гараджанам не даводзілася цярпець столькі свавольстваў неўтаймаванае моладзі, што жыла, ці, лепей сказаць, панавала ў іх горадзе. Серэнады, гвалт, начныя скандалы — гэткі быў іх звычайны жыццёвы лад, аднастайнасць якога часам ажыўлялі выкраданні чужых жонак і дачок, крадзяжы і бойкі. Прыехаўшы ў Саламанку, дон Хуан патраціў колькі дзён на тое, каб перадаць рэкамендацыйныя лісты бацькавым сябрам, наведаць сваіх будучых выкладчыкаў, абегчы ўсе цэрквы і агледзець святыя мошчы, што там захоўваліся. З бацькавай волі ён перадаў аднаму выкладчыку даволі значную суму грошай, каб той раздаў іх бедным студэнтам. Гэтая шчодрасць мела вялікі поспех, і ў яго адразу з’явілася шмат сяброў.
Дон Хуан прагнуў вучыцца. Ён намерыўся слухаць, як словы Евангелля, усё, што выйдзе з вуснаў яго выкладчыкаў, і, каб нічога не прапусціць, ён вырашыў сесці як мага бліжэй да кафедры. Увайшоўшы ў залу, дзе мелася адбыцца лекцыя, ён убачыў пустое месца зусім побач з выкладчыкам і сеў. Нейкі нехлямяжы, калматы студэнт у лахманах замест вопраткі, якіх багата бывае ва універсітэтах, на хвіліну адарваўся ад кнігі і здзіўлена ўтаропіўся на дона Хуана.
— Вы селі на гэтае месца,— сказаў ён амаль напалохана,— ці вы не ведаеце, што тут звычайна сядзіць дон Гарсія Навара?
Дон Хуан адказаў, што заўсёды думаў, што месца належыць першаму, хто яго зойме, і што, убачыўшы пустое месца, ён падумаў, што мае права яго заняць, а пагатоў, калі шаноўны дон Гарсія не папрасіў свайго суседа патрымаць для яго гэтае месца.
— Вы, як я бачу, тут чужы,— адказаў студэнт,— і прыехалі зусім нядаўна, калі не ведаеце дона Гарсію. Дык жа ведайце, што гэты чалавек адзін з самых...
Студэнт сцішыў голас, відаць, баючыся, каб яго не пачуў хто іншы.
— Дон Гарсія — страшны чалавек. Гора таму, хто яго абразіць! У яго кароткае цярпенне і доўгая шпага, і будзьце пэўныя, што, калі нехта сядзе на месца, дзе ўжо двойчы сядзеў дон Гарсія, гэтага будзе дастаткова для сваркі, бо ён дужа крыўдлівы. Калі ён сварыцца, ён б’е, а калі ён б’е, ён забівае. Але ж мая справа — папярэдзіць, а вы ўжо рабіце як хочаце.
Дону Хуану падалося дзіўным, што гэты дон Гарсія дамагаецца найлепшых месцаў, а сам не дбае нават пра тое, каб прыйсці без спазнення на лекцыю. Разам з тым ён убачыў, што многія студэнты не зводзяць з яго вачэй, і адчуў, якая будзе ганьба, калі ён пакіне гэтае месца. З другога боку, ён зусім не збіраўся сварыцца толькі прыехаўшы, а тым болей з такім небяспечным чалавекам, якім нібыта быў дон Гарсія. Ён разгублена сядзеў на месцы, не ведаючы што рабіць, калі ў залу ўвайшоў нейкі студэнт і накіраваўся проста да яго.
— Гэта дон Гарсія,— сказаў сусед.
Дон Гарсія быў зграбны шыракаплечы маладзён са смуглым тварам, гордым позіркам і пагардлівымі вуснамі. На ім была зношаная камізэлька, некалі чорная, і дзіравы плашч, а паверх усяго вісеў доўгі залаты ланцуг. Вядома, што ва ўсе часы студэнты ў Саламанцы і іншых іспанскіх універсітэтах лічылі за гонар апранацца ў лахманы, хочучы, мабыць, паказаць тым самым, што сапраўдная цнота можа абысціся і без аздобаў, пазычаных у багацця.
Дон Гарсія падышоў да лавы, дзе ўсё яшчэ сядзеў дон Хуан, вельмі пачціва з ім павітаўся і сказаў.
— Сеньёр студэнт, вы сярод нас навічок, аднак я добра ведаю ваша імя. Нашы бацькі былі блізкія сябры, і, калі вы не запярэчыце, гэткімі ж сябрамі стануць і іх сыны.
[19] ...у трактаце «Аб натуры багоў» — дакладней, у раздзеле XXI трэцяй часткі згаданага трактата Цыцэрона.
[20] Дон Хуан Тэнорыо — персанаж шэрагу легендаў, распуснік і валацуга, яго вобраз выкарыстаны ў камедыі Мальера «Дон Жуан», Моцартавай оперы з той самай назвай і ў драме Пушкіна «Каменны госць».
[21] Дон Хуан дэ Маранья — маецца на ўвазе севільскі арыстакрат дон Мігель дэ Маньяра (1626—1679), які, прабавіўшы маладыя гады ў распусце, пасля пакаяўся, стаў на шлях дабрачыннасці і пайшоў у манастыр. Мерымэ выкарыстоўвае ў навеле рысы абодвух персанажаў.
[22] Дзюсі Жан-Франсуа (1733—1816) — французскі драматург, аўтар сентыментальных меладрам і перапрацовак п’ес Шэкспіра.
[23] Тут спачывае найгоршы з людзей, што толькі жыў на свеце (ісп.).
[24] Рамансы пра Сіда — кароткія эпічныя песні, што ўзніклі ў Іспаніі ў XIV — XV стст. і апавядалі пра нацыянальнага героя Руі Дыяса, празванага Сідам.
[25] Бернарда дэль Карпіо — нацыянальны герой Іспаніі.
[26] Маралес Луіс (каля 1509—1586) — іспанскі мастак, аўтар карцін на рэлігійныя тэмы.
[27] ...падчас аблогі Альмерыі...— Гэты іспанскі горад і порт на Міжземным моры быў адваяваны ў маўраў у 1489 годзе.
[28] Вехерскі кадзі — суддзя ў мусульманаў (тут — з андалусійскага горада Вехер).
[29] Альфакі — тут: мула, што стаіць на чале збройнага атрада.