як зяленіва першых парасткаў
пакрываецца скарынкай ільду
як чарнеюць пухнатыя пупышкі надзеі
як зерне памірае не прынёсшы плоду
колькі можна трываць імпатэнцыю гэтага часу?
Божа! несупынны мой рух
адно адчайная
спроба застацца на месцы
на месцы тут і нідзе
дзе твой боль ніколі ня стане маім паратункам
а мой боль я нашу на грудзёх
як мэдаль вэтэрана
дзе лякуны
ўтвораныя ў целе тваім адсутнасьцю
цела майго
ты ніколі не дазволіш запоўніць
дзе туга
нібы зьмесьціва страўніка
ў мыйніцы прыбіральні ў клюбе, куды ты дзівам ад іх высьлізнула, каб
ты блюеш а яе становіцца ўсё болей і болей
Божа! навучы нас не лавіць рэчаіснасьць словамі
прыбіваючы іх потым да сьцен
нашых панылых каморак
бы постары кіназорак у інтэрнаце ПТВ
навучы нас што яна як рака
а яе сваім грэбаным сачком ня зловіш
хіба толькі глею камяк ці парожнюю пляшку
ці гандон які
Божа! усё рассыпаецца ад дотыку маіх пальцаў
рэчы пачуцьці і людзі