Адным цудоўным днём паміж рамамі акна ў пакоі Марыя заўважыла шчыльнае і сухое павуціцьне, сярод якога праглядаліся высмактаныя трупікі мух. У эпіцэнтры гэтага валадарства боўтаўся і яго кароль, які ня вытрываў першых замаразкаў.
Марыя ў думках зьменшыла сябе да памераў Дзюймовачкі і ўявіла, наколькі ўтульна і бесклапотна было б ёй спачываць на мяккай пасьцельцы з павуты, сярод цішы і прыглушанага шарага сьвятла.
Калі пачынаўся абстрэл, Марыя спачатку разам з усімі хавалася ў падвале. Але затым перастала. Яна выходзіла на школьны стадыён і з узвышша назірала за тым, як начное неба перасякаюць аранжавыя лініі. Часам пра нешта думала, а часам і пра некага. Але, вядома, не пра Сяргея. І, канешне ж, не пра Здыхліка.
Здыхліка знойдуць толькі наступнай вясной, калі трывала ўсталюецца плюсавая тэмпэратура і зямля канчаткова адтае. Абгарэлыя пасьля выпадковага трапляньня супрацьтанкавай ракеты “Жыгулі” выцягнуць з балота жыхары бліжэйшай вёскі, каб выграбсьці адтуль разбухлую плоць, а больш трывалы матэрыял здаць у металалом.
Да таго часу ўжо многае пасьпее зьмяніцца. Падзеі гэтай восені будуць успрымацца як гісторыя. Проста як аповед, засьмечаны непатрэбнымі дэталямі – такімі, як прозьвішчы, пазыўныя, каардынаты і віды ўзбраеньняў.
У некаторых месцах гэтага аповеду апавядальнік будзе глыбока зацягвацца цыгарэтай, а ў некаторых – абыякава махаць сваёй мазалістай рукой з захраслым пад пазногцямі брудам.
Іншы прыязджае ў гэты горад зімным ранкам на першай электрычцы. Будні дзень, толькі некалькі бабулек у вагоне. Зьмерзлыя пальцы марна шукаюць хоць нейкае цёплае месца на целе, трымцяць. У сіплым дынаміку – паведамленьні прыпынкаў на чужой для яго мове. Няўтульна. Быў яшчэ кантроль, няголеныя твары, пах тытуню, блакітная ізастужка на ражку АКМ, непрыемнае адчуваньне, калі да цябе набліжаюцца чужародныя целы. Зьдзіўленьне, выкліканае ягоным пашпартам жыхара Эўразьвязу. “Журналіст? Не? Дык а якога хуя тады?”.
Згадалася раскудлачаная і пульхная Эльза ў сваім заўсёдным халаціку. Яна засталася ў іх рыжскай кватэры і яшчэ трошачкі ў яго памяці.
Але ў яго ўжо амаль няма памяці. І няма імя – як у тых фільмах, дзе акторы маюць толькі адпаведныя іх амплюа катэгорыі: “студэнты”, “рускія”... Цяпер ён проста Іншы.
Міжнародны цягнік, на які ён загадзя купіў квіток, акурат надоечы адмянілі, і таму давялося зрабіць перасадку у бліжэйшым абласным цэнтры. Электрычка затрымалася на дзьве гадзіны: на вакзале ішла пагрузка бранетэхнікі.
Пасьля блёкпосту, які адкрываў шлях на спрэчную тэрыторыю, ссастаў рухаўся надзвычай павольна, нібы зь цяжкасьцю пераадольваючы марознае перадранішняе паветра. У вакно было відаць толькі сьнежную роўнядзь, што раз-пораз парушалася амаль цацачнай хацінкай. У адной зь іх нават гарэла сьвятло, і Іншы на якое імгненьне адчуў сябе трохі ўтульней.
Яна, напэўна, яшчэ сьпіць, думае ён, калі цягнік нясьпешна падыходзіць да пэрону.
У яго сьвядомасьці – ніякіх вобразаў і прадчуваньняў. Няма таксама і ніякіх эмоцый. Проста набор зладжаных мэханічных рухаў.
Іншы кладзе пусты тэрмас у кайстру, зашпільвае, устае, разьмінаючы зьмерзлыя зацёклыя ногі.
Паміж сядзеньнямі ён заўважае запыленую абгортку ад марозіва, пакінутую там, мусіць, яшчэ ўлетку.
Пацепваючыся, выходзіць на бязьлюдны пэрон. Ліхтары не гараць, але вочы хутка прызвычайваюцца да сізаватага перадзолкавага сьвятла. На фанерыне, што закрывае разьбітую вітрыну шапіка, відаць нязвыклыя для яго кірылічныя літары “хо...дно... во”.
Сьнег на прывакзальнай плошчы даўно ўжо не прыбіралі, і апушчаны долу позірк Іншага счытвае палімпсэст незьлічоных сьлядоў. У залі чаканьня няма шыбаў і вялізная расколіна ад снараду. Аскепкі бітай цэглы ды колкага друзу наліпаюць на падэшвы ботаў.
Ён нейкі час паліць, не рэагуючы на вокрыкі таксістаў. Затым павольна ідзе пехатою па вуліцы, пэрспэктыву якой замыкае будынак вакзалу. Крочыць паўз зьнявечаны кораб тралейбуса па дазваньня вышчарбленым асфальце, пакрытым тонкай скарынкай лёду. Парэшткі паржаўленай савецкай зоркі на адным са слупоў падаюцца яму вобразам вечна заледзянелага тут часу.
Мёрзлы горад выклікае адно пачуцьцё дыскамфорту. Гэтае асяроддзе створана яўна не для яго, зусім не па ягоных законах, і прымаць чужаніцу яно ня надта схільнае. Дэкарацыі маглі б быць і лепшымі, міжволі думае ён.
Але з кожным крокам хада становіцца ўсё болей мэтанакіраванай. Ён прыехаў сюды дзеля таго, каб зьдзейсьніць сваю мару. І гэтая мара цяпер нават мае імя – Марыя.
Марыя ляжыць у ложку, накрыўшыся адразу дзьвюма коўдрамі. Ацяпленьне працуе дрэнна, і ў кватэры халадно. Час яшчэ вельмі раньні, але яна ўжо даўно ня сьпіць.
Дэманы мінулага, якія пранікалі ў яе амаль усю гэтую ноч, нарэшце суцішыліся, задаволіўшы сваю пажадлівасьць. Цяпер у Марыі засталося толькі лёгкае адчуваньне пустэчы.
Марыя ўслухоўваецца ў цішыню, сілячыся вычапіць зь яе тыя гукі, якія прынясуць ёй хоць каліўца радасьці. Але іх няма, і нічога тут не паробіш.
Раптам Марыя згадвае тыя адчуваньні, якія яна некалі перадавала словам “скурыстае”. Гэта калі мацаць пальчыкамі матуліны локці – на зьнешнім баку, там, дзе зморшчаная скура.
Маці паблажліва дазваляла ёй гэта рабіць першыя пару хвілінаў, але потым спрабавала ссадзіць дзяўчынку са сваіх каленяў. Спачатку пяшчотна ўгаворваючы, а потым усё болей настойліва.
Тады Марыя прасіла яшчэ хаця б хвілінку памацаць маміны локці. Тактыльнае адчуваньне захавалася ў нетрах яе памяці і пагэтуль, хаця твар маці ўжо даўно зацярушаны. Ад яе, па сутнасьці, і засталіся толькі гэтыя дотыкі да мяккай скуры.
Іншы ідзе міма цёмных вітрынаў крамы з надпісам “бувь” на старой бляшанай шыльдзе. Мінакоў зусім няшмат. Ранішнюю цішу парушаюць хіба гукі далёкіх выбухаў. У замёрзлай калюжыне застыў жаночы боцік на доўгім абцасе.
Знаёмства падаецца яму кароткім наборам немудрагелістых захадаў. Усё як у кіно. Ён вітаецца, тлумачыць прычыну свайго зьяўленьня. Напрыклад, пазычыць солі. Альбо гаечны ключ. Альбо перапіс насельніцтва. Альбо, можа, адразу прызнацца, што ён Арфэй, які прыбыў да сваёй Эўрыдыкі?
Іншы таксама мае ўласную гісторыю, якую тут будзе дарэчы апавесьці прынамсі ў двух словах. Працаваў у лягістычнай кампаніі, даўно жанаты, у офісе ёсьць Інтэрнэт, і спрактыкаваныя калегі падказалі, як не сьлядзіць у браўзэры.
Яму асабліва падабалася, калі яна была медсястрой. У першыя хвіліны – такой цнатлівай... Паступовасьць эвалюцыі ў рамках зададзенага фармату – гэта ці не найважнейшая якасьць акторкі. А потым ейныя бялявыя валасы пасмамі матляліся па твары, роўна ў такт з глыбокімі фрыкцыямі.