Ты можаш падысьці і пагладзіць гэтых герояў па іх збуцьвелай скуры, кажа Марыя. І дакранаецца да свайго шурпатага ад ветру твару.
Станоўчыя героі, адмоўныя героі... усім ім наканавана месца на адной паліцы марыянэтак.
Марыя выходзіць з пад’езда і ідзе па знаёмай вуліцы, не зьвяртаючы ўвагі на перастрэлку.
Мерны строкат буйнакалібэрнага кулямёта абумоўлівае рытмічны малюнак яе крокаў.
Гэты горад ужо гатовы да фотасэсіі, ён падобны да мерцьвяка, які прыняў прыгожую паставу. Засталося толькі трохі папудрыць носік.
У вечаровых прыцемках мільгаюць фігуры ў камуфляжы. Яны на дзіцячай пляцоўцы, каля трансфарматарнай будкі, пад даўно згарэлым “Масквічом” Толіка.
Тое, як яны чапляюцца за знаёмы для Марыі ляндшафт, выкарыстоўваючы ў сваіх мэтах кожны яго выгін, кожную ямінку, кожную складку на гэтым спакутаваным целе, падаецца даволі сьмешным. Як быццам бы яны сур’ёзна, зьдзіўляецца Марыя.
Яны бегаюць, поўзаюць і шмат страляюць, абіраючы ў якасьці мішэні ўсё, што здатнае выклікаць падазрэньні. Граната з АГС-40 неўзабаве трапляе і ў пакінутае расчыненым акно Марыі. Азірнуўшыся, яна бачыць, як у кватэры пачынаецца пажар.
Але гэта адбываецца ўжо недзе ззаду, за сьпінай. І мала яе бянтэжыць.
Мы ніколі ня зможам быць кімсьці болей, ніж я і ён, цэдзіць скрозь зубы Марыя.
Нашыя целы ніколі ня злучацца як дзьве кроплі вады. Пры іх судакрананьні чуваць толькі глухія ўдары – як быццам гэта цюкнуліся адна аб адну дзьве гіпсавыя статуі.
У вузкім прагале між дзьвюма пяціпавярхоўкамі Марыя ледзьве разьмінаецца з бронетранспарцёрам, які зь вясёлым рокатам запаўзае ў іх двор. Паволі рушыць у бок яе дома, трушчачы паржавелыя рэшткі карусэляў.
– Што застанецца, калі ссохнуць і рассыплюцца нацятыя на іголачкі мары? – уголас пытае Марыя, назіраючы за тым, як у вакне на першым паверсе паказваецца няголены твар, а ўсьлед за ім – кароткая жалезная трубка.
– Што застанецца ад маіх сьлёзаў? Ад майго лёгкага выгіну вуснаў?
На якую хвілю Марыя асьлепленая і аглушаная. Выбуховая хваля прынесла ёй пах гары. На месцы бронетранспарцёра застаўся толькі слуп агню і дыму.
– Ад складкі на маім жываце? Ад звычкі адкідаць назад валасы?
Брыдзе па вуліцы, не разьбіраючы дарогі, утыркаецца ў пакрыты колкай скарынкай сумёт, устае і працягвае рух, нягледзячы на вокрык “Стой, дура!”.
Краем вока бачыць сваю постаць у калюжыне на асфальце, на імгненьне асьветленай моцным усполахам. Мэханічна адзначае: ізноў пацяплела.
Адліга дазволіла набрыняць скрываўленым целам, зьледзянелым пасьля мінулага бою.
Адліга пераўтварыла чырвоны лёд у гнойнага колеру жыжу.
Адліга падаецца ёй толькі бессэнсоўнай адтэрміноўкай для таго, што ўрэшце рэшт павінна замерзнуць ды скамянець.
Што застанецца, калі ссохнуць і рассыплюцца нацятыя на іголачкі мары? Гісторыя.
Стэляжы запратакаляваных фактаў і пажухлых фота.
Што застаецца, калі памірае жаданьне? Гісторыя.
Адстароненая фіксацыя далёкіх да цябе падзей з далікатнай усьмешкай на твары.
Што застанецца ад маіх сьлёзаў? Ад майго лёгкага выгіну вуснаў? Ад складкі на маім жываце? Ад звычкі адкідаць назад валасы? Ад бясконцых сумневаў?
Старонкі ў архівах, на якія нехта будзе праліваць боршч.
Партрэты ў падручніках, якім вісусы-шкаляры будуць прымалёўваць рожкі.
Музэйныя стэнды, у кутках якіх плятуць сваю павуту разносчыкі шчасьця.
Вершы, вядома ж вершы. Вершаў у такіх выпадках заўсёды бывае шмат – прыгожых і дасканалых бы пялёсткі плястмасавых ружаў.