Цемра паступова становіцца ейным домам, такім неўсьвядомным і доўгачаканым.
І Марыя разумее, што гэта цемра Бога.
ІІІ. Новае цела
Напэўна, уся праблема ў тым, што я так і не навучыўся захоўваць сваё сэрца, думае брат Зосіма.
Ён асьцярожна падносіць да вуснаў гарачую лыжку, стараючыся роўна трымаць яе двума ацалелымі на правай руцэ пальцамі – вялікім і мезенцам. Дзьме на зьмесьціва лыжкі, пералівае яго ў рот.
Нічога не адчувае, толькі як гарачае саланаватае месіва кранаецца языка.
Захоўваць сэрца – гэта не даваць яму быць апанаваным эмоцыямі. Ня бегчы цуцыкам усьлед за сваімі надзеямі і пачуцьцямі.
Сэрца тахкае, трохі баліць. Брат Зосіма ўслухоўваецца ў яго пульсацыю, адзначаючы няроўнасьць рытму. Спрабуе на ёй засяродзіцца.
Гэты травеньскі вечар выдаўся па-летняму цёплым. Густая трава навокал пакалыхваецца ад ветру. Перад вачыма яшчэ дасюль стаіць суцэльнае жоўтае мора. Апошнія кілямэтраў сем яму давялося ісьці праз рапс, які раскашаваў тут у належны для яго час – быццам нічога і не здаралася.
Брат Зосіма ўяўляе, як выглядае яго постаць у бурлівым жоўтым моры – бы малюткі чаўнок, што пакалыхваецца на ціхіх хвалях.
Рапсавае поле, ідылія якога была ненадоўга парушаная чалавечай постацьцю, засталося ўжо ззаду, як і многае іншае. Наперадзе – невялічкі рэдкі гаёк. Брат Зосіма расклаў сваё цяпельца на самай яго ўскраіне.
Гэта акурат такі вечар, калі нічога не адбываецца. І бязьдзейнасьць падаецца мудрай, прыемнай. Менавіта ў такія вечары цягнікі самі сыходзяць з рэек – ціха і для ўсіх бяскрыўдна. Бо разумеюць, што ім нікуды болей ня трэба ехаць.
Вясновае паветра поўніцца гукамі (скрыгат, пошчакі, шаргаценьне, візгат...). Брат Зосіма адзначае, што яны зноў спакваля пачынаюць утвараць у яго сьвядомасьці рытмічныя канструкцыі. Хай пакуль і ўрыўкавыя ды зусім недасканалыя.
Як раней крокі наглядчыка па калідоры падвалу, удары дубцом па ягонай сьпіне, адзіночныя стрэлы.
Але калі страляў ён сам – ужо потым, пасьля вызваленьня і ўсіх тых зьменаў, што зь ім адбыліся, – гэтыя гукі не выбудоўваліся ні ў якую суладнасьць. Яны заставаліся проста наборам гукаў – і ўсё.
Нават coup de grace у галаву, які завяршаў чыесьці бессэнсоўныя курчаньні на толькі што захопленых тваім падразьдзяленьнем пазыцыях.
Скончыўшы пасілак, брат Зосіма мые ў ручаі казан, загортвае ў старую газэту, кладзе ў свой хатулёк. Паводле разьлікаў, да горада засталося ўсяго некалькі кілямэтраў – значыць, дацямна ён дакладна пасьпее.
Рушыць па ледзь прыкметнай сьцяжынцы ўздоўж лясной ручаіны, услухоўваючыся ў яе цурчаньне.
Па-першае, тут куды меней шансаў натрапіць на міны, ніж на гасьцінцах або шашы. І па-другое, ручаі заўсёды ўпадаюць у рэкі. А рака – самы надзейны арыентыр.
І сапраўды, неўзабаве ён ужо зь цяжкасьцю выбіраецца на яе падтоплены павадкам бераг. Выкараскваючыся з хмызоў, ледзь не ўтыркаецца ва ўсімі забыты жоўты паралелепіпэд пляжнай пераапранальні.
Азірнуўшыся, разумее, што нейкім цудам патрапіў акурат туды, куды ішоў.
Праваруч брат Зосіма бачыць абгарэлыя корабы дзевяціпавярховак ускраіннага мікрараёна. Шэрыя спаруды супраць сонца выглядаюць расплывістымі плямамі.
Адна зь іх – мусіць, пятая зьлева, – некалі была ягоная. Але ісьці туды праз забалочаныя зарослыя палеткі не ўзьнікае ніякага жаданьня.
У яго няма ўспамінаў. Ён проста ня можа сабе іх дазволіць, каб навекі ня ўгразнуць у гэтым глеі.
Таму рака ўспрымаецца найперш як перашкода, пераадолець якую ня так і проста. Брат Зосіма ведае, што ўсе масты ўзарваныя ў тую зіму. Пераплыць у яго ня хопіць сілаў.
Ён чуў, што праведніца, якая жыве на руінах горада, здатная пераходзіць раку так, як быццам яна ідзе па полі. Гэты дар быў дадзены ёй пасьля многіх гадоў аскетычнага подзьвігу.
Таму людзі з навакольных вёсак яе баяцца і ня сунуць сюды носу.
Гэтую жанчыну любяць толькі дзеці. Некалькі разоў яе, нібыта, бачылі ў бліжэйшых гарадках – на дзіцячых пляцоўках, у вірлівай гамане. Але пры зьяўленьні дарослых яна адразу некуды зьнікала – нібы правальвалася скрозь зямлю.
А самі дзеці распавядалі, што гуляліся зь дзяўчынкай у калготках і з коскамі.
Лядашчы чаўнок, нейкім цудам знойдзены на беразе, пакрысе набірае ваду. Але брат Зосіма ўжо на сярэдзіне ракі. Вусны няспынна прамаўляюць малітву.