Рака ўскалыхваецца, хвалі часам сягаюць за борт, цеча напаўняе вадою лодку знутры. Аднак вецер спрыяльны, і да мэты ўсё бліжэй і бліжэй. Невыразныя абрысы таго, што на другім беразе, паступова дэталізуюцца.
Брату Зосіму трохі боязна і неспакойна. Так бывае заўсёды, калі да мэты блізка.
Супрацьлеглы бераг пераўтварыўся ў суцэльныя джунглі. Хмызы пасьпелі вырасьці нават на бэтоннай узьбярэжнай, атачыўшы паржавелы павільён летняй кавярні, сям-там пашчэрблены кулямі, ліхтарні, лаўкі, паваленую скульптуру піянэра, у якога замест галавы – кавалак арматуры.
Зь цяжкасьцю прышвартаваўшыся і намачыўшы ногі па калена, брат Зосіма прадзіраецца ў бок шырокай вуліцы. Пад падэшвамі ягоных стаптаных берцаў шаргаціць друз.
Ідзе паўз цёмныя прагалы вокнаў і дзьвярэй, паўз абгарэлыя корабы аўтобусаў, паўз скрыўленыя ў безнадзейных усьмешках твары на выцьвілых білбордах.
Пляскаты пэнал супэрмаркета з прабітым снарадам дахам падобны да раструшчанага клапа, вантробы якога – паламаныя стэляжы, рэклямныя шыльды, штабэлі пакетаў солі – вылезьлі вонкі.
Нягледзячы ні на што, горад пазнавальны. Вока ўгадвае знаёмыя зь дзяцінства дэталі. Аптэка, зьбяркаса, музычная школа.
Пустэльны ляндшафт поўніцца ледзь улоўнымі вуху выпадковымі гукамі: пішчаньнем, скрыгатаньнем, шаргаценьнем. Яны даносяцца з усіх бакоў, міксуючыся ў надвячоркавым паветры. Пра іх крыніцы застаецца хіба здагадвацца.
Часам брат Зосіма інтуітыўна скідае з пляча адсутны цяпер ужо аўтамат, каб без запаволеньня даць чаргу туды, адкуль пачулася нешта падазронае. Так ён рабіў тут яшчэ зусім нядаўна.
Дарэчы, аднойчы там хаваліся дзеці. Добра, што ён толькі параніў у руку адну дзяўчынку.
Адрынуўшы ўспаміны, брат Зосіма ўслухоўваецца ў храбусьценьне сваіх падэшваў па друзе і бітым шкле, якім тут усеяна літаральна ўсё.
Сонечныя промні гарэзьліва гуляюцца зь ім, спараджаючы хутказьменлівую мазаіку зіхаценьня.
Брату Зосіму цяжка да канца ўпэўніцца, што мінулае ўжо стала мінулым. Што ён прымаў у тым мінулым непасрэдны ўдзел. Што ён нават быў лепшым байцом свайго ўзводу выведкі, а потым стаў яго камандзірам.
Гэта здарылася пасьля таго, калі ім загадалі ліквідаваць агнявы пункт, разьмешчаны ў дзіцячым замку. Штурмавая група брата Зосімы была ўжо пятай пачынаючы ад раніцы: папярэднія чатыры не вярнуліся і ня выканалі заданьне.
Калі яны патрапілі ў сэктар абстрэлу, трое адразу прыпалі да зямлі – і былі ўмомант расшкуматаныя кулямётнай чаргой.
Брат Зосіма ў гэты самы момант устаў у поўны рост.
Кулямётчык не ўлічыў, што брат Зосіма за час свайго манаства пасьпеў атрымаць пэўныя навыкі, якія нечакана аказаліся карыснымі. Напрыклад, ён больш-менш навучыўся не баяцца сьмерці.
Брат Зосіма таксама атрымаў раненьне, у нагу. Але папярэдне пасьпеў кінуць гранату. Усё, як ён і разьлічваў.
Яму балюча згадваць пра тое, як ён дабіваў кантужанага кулямётчыка нажом у артэрыю, дапоўзшы да яго пазыцыі. Але такі быў загад.
Менавіта ў той дзень асобная мотастралковая брыгада спэцыяльнага прызначэньня, дзе служыў брат Зосіма, прабіваючы ўсе заслоны, авалодала цэнтрам гэтага горада – пасьля двух тыдняў цяжкіх баёў, якія зьнішчылі ў ім усё жывое. Горада, які быў для яго родным.
Брат Зосіма схілецца ля парэшткаў зробленага з плястывакавых бутэлек пудзеля каля дзіцячай пляцоўкі (якое дзіва, што ён ацалеў!) і плача. Бы Ерамія, плача па занядбаным месьце і бы Давід – па сваіх грахах і па тым, чаго ўжо не адкруціш назад.
Цяпер ён мае сваіх дэманаў мінулага – альбо, дакладней, прусакоў, якіх ня так лёгка і вытруціць. Ён верыць, што яна здатная яму дапамагчы. Прабіць яго набрынялую гноем сьвядомасьць і стварыць той канал, па якім ягонае пакаяньне будзе сьцякаць у рэкі міласэрнасьці Божай.
– Ты, Марыя, не засталася ў бездані правінаў, куды ты ўпала, але чыстымі думкамі і цнатлівымі дзеяньнямі над усе спадзяваньні ўзьнялася на вышыню і зьдзівіла анёлаў, – прамаўляе пра сябе брат Зосіма.
Ён моліцца пра тое, каб адчуваць боль забітых ім як свой боль. Але пакуль што гэтага яму ня дадзена. Дадзеная толькі нячуйнасьць.
Брат Зосіма ідзе па вуліцах свайго роднага горада і думае, як распавесьці ёй пра ўсё гэта.
Ён спадзяецца, што яе пазнае. Балазе, ня так і шмат часу прайшло пасьля іх апошняй сустрэчы.
Натуральна, брат Зосіма ня ведае, дзе яе шукаць. Таму рушыць знаёмым маршрутам – да царквы, пераўтворанай некалі ў гандлёвы цэнтар.
Вуліцу, паабапал якой руіны, перагарадзіў кот. Гэта нашчадак тых хатніх улюбёнцаў, якія былі вымушаныя зьдзічэць. Праз пару пакаленьняў найтрывушчыя зь іх ужо цалкам адаптаваліся да жыцьця ў натуральных умовах.
Дзіка ашчэрыўшыся на прыхадня і працяўшы яго драцяным позіркам, кот рушыць далей па сваіх справах. Ад атакі куды большага па сваіх памерах драпежніка ён вырашыў устрымацца.
У нейкі момант брат Зосіма чамусьці ўтаперваецца ў блакітнаватыя цюлевыя занавескі, што дасюль упрыгожваць акно на першым паверсе блёчнай пяціпавярхоўкі. Наступныя паверхі практычна адсутнічаюць, замест іх – ірваныя абрысы. А тут на падваконьні за шыбай стаіць гаршчочак з кактусам. Магчыма, нават яшчэ жывым.