Марыя злосна сплёўвае сабе пад ногі – так, нібыта яна адным пляўком хоча змыць увесь культурны слой гэтай плянэты разам зь яго абрыдлымі насельнікамі.
Кулі пралятаюць зусім блізка, але ніводная ў яе не трапляе.
Марыя скіроўваецца да ракі. Спускаецца па сьлізкім схіле, некалькі разоў падае, устае, не выціраючы гразь з калашынаў. І ўрэшце апынаецца на маленькім дзікім пляжыку.
Тут нічога не зьмянілася. Перагорнутая лодка на месцы. Паваленая асіна па-ранейшаму мочыць свае карані ў рацэ.
Гэта мёртвая зона, нецікавая ніводнаму з бакоў канфлікту, і снарады ды ракеты пралятаюць недзе над галавой.
Рака цячэ ў сваім звычайным тэмпе – як цякла і раней. Вецер пакалыхвае збуцьвелы асот, што выглядае з-пад сьнегу. Ля самага берага боўтаюцца кляновыя лісты. Другі бераг амаль не відаць, бо туман і прыцемкі.
Follow the river, кажа яна сабе.
Марыя ўглядаецца ў туман – і адчувае невытлумачальную цішыню, нягледзячы на разрывы снарадаў. Туман цягучай магмай уваходзіць у яе і запаўняе пустоты ўнутры.
Няўцямнае прадбачаньне, нібы нешта павінна адбыцца, ізноўку наведвае яе. Але Марыя прызвычаілася да яго падманлівасьці.
Ногі ўшчэнт прамоклі, амаль ужо заледзянелі. Марыя заўважае, што міжволі ўздрыгвае ад холаду – хаця яе цела цяпер вельмі слаба рэагуе на раздражняльнікі.
Марыя раскрывае рот і ва ўсю моц дыханьня ўцягвае ў сябе туман. Доўга стаіць на месцы, чакаючы невядома чаго. Ні пра што ня думае.
Між тым, выбухі становяцца настолькі гучнымі, што нічога ад іх не ратуе. Марыя ўстрывожаная, бо яе цяперашняя прастрацыя хутка скончыцца. Немаведама чым, бо яна толькі прэлюдыя. Бы зацемненая прастора за кулісамі, дзе актор чакае на свой выхад – гэтым разам зусім для яго непажаданы.
Дзевачка-дзевачка, дэманы мінулага знойдуць цябе і тут...
І Марыя ведае, што гэтае прадчуваньне яе не падманвае.
Неўзабаве яна заўважае нейкі рух на тым беразе. Сьпярша ён амаль неаддзельны ад туману, ад невыразных абрысаў дрэваў і заводскіх буудынкаў, ад зыбістай паверхні вады. Але неўзабаве прызвычаены да цемры зрок чым далей тым болей дазваляе праяўляць дэталі.
На супрацьлеглым баку ракі Марыя бачыць усіх сваіх мужчынаў. Іх целы падаюцца ёй ненатуральнымі – як быццам яны зробленыя з гліны тэракотавага колеру.
У сьвятле месяца, якое пакідае блікі на вадзе, гэтыя фігуры выглядаюць велічна ды злавесна.
Марыя ня можа іх пералічыць, хаця некаторыя твары падаюцца ёй знаёмымі нават здалёк.
Неўзабаве яна заўважае нейкі рух, і гэта зусім не аптычная ілюзія. Тэракотавая армія пашыхтавалася ды рушыла ў атаку.
Кожны зь іх мае імя – не Сяргей альбо Здыхлік, як клікалі іх прататыпаў, але зусім іншае, куды больш пагрозьлівае.
Яны прасоўваюцца паволі, пагойдваючыся нібы балваны. Рукі шчыльна прыціснутыя да тулава. Хрыбетнік у кожнага выпрастаны. Як быццам нехта торкае іх зьверху за прывязаныя да макавак нітачкі.
Іхняя нясьпешнасьць можа сьведчыць хіба пра адно: у Марыі няма паратунку. Ані ў ахопленым полымем горадзе, ані ў цёмных зацішных паплавах ля ракі, ані ў лесе, ані ў полі, ані ў нетрах зямлі.
Марыя робіць нясьмелы крок ім насустрач. Больш нічога ёй проста не застаецца.
Вада мяккая, красовак плаўна на яе становіцца, нібы нага ступіла ў густы мурог.
На пачатку ацяжэлае тулава яе амаль ня слухаецца. Яна ідзе павольна, рухі ненатуральныя, пастава скрыўленая. Але кожны крок становіцца ўсё больш упэўненым.
Агні і ўсполахі хутка тонуць у цемрыве. Тэракотавая армія таксама раптам кудысьці падзелася. Пэўны час Марыя яшчэ бачыць макаўкі яе жаўнераў, але неўзабаве яны зьнікаюць – нібы настаўніца ўпэўненымі рухамі выцірае са школьнай дошкі нісянеціцу нейкага двоечніка.
Яна азіраецца назад – туды, дзе цёмны бераг, закінутая лодка, ахопленыя пажарамі дамы. Але затым рушыць далей.
Яшчэ некалькі крокаў – і навокал толькі цемра.
Цемра напаўняе яе знутры быццам лёгкі газ, робіць бязважкім ейнае цела, падхоплівае на рукі бы каханы мужчына.
Цемра прыносіць з сабой цішыню, і прызвычаеныя да безьлічы бессэнсоўных гукаў вушы патрабуюць да яе адаптацыі.