Іншы правальваецца ў калюжыну, выгуквае нешта лаянкавае і тут жа працягвае рух. Ён чым далей тым меней дбае пра няўтульнасьць таго сьвету, у якім яму ня так даўно собіла апынуцца. Яна ўжо стала для яго звыклай. Тутэйшая няўтульнасьць мала чым розьніцца ад той, якую ён адчуваў учора і заўчора, у роднай Рызе альбо нават у Парыжы, куды яны лёталі з жонкай на юбілей іх вясельля.
Іншага мог задаволіць адно ідэальны сьвет, поўны плаўнага сьвятла, якое падае на жаночую скуру. І апушчаных долу пасмаў бялявых валасоў.
Мужчыны ў такіх фільмах выглядалі куды менш прывабнымі за дзяўчат. Што абнадзейвала. Іншы, канешне ж, ня ведаў, што гэта была ўсяго толькі спэцыфіка індустрыі, зь яе скіраванасьцю на адмысловую мэтавую аўдыторыю і дастаткова абмежаванымі бюджэтамі.
Іншы не адзін год шукаў ейныя кантакты, распачаўшы шматхадовую апэрацыю з мноствам падстаўных асобаў. Некалькі разоў выходзіў на ілжывы сьлед і ледзь ратаваўся ад паліцыі і разводу. Пакуль гэта доўжылася, здымкі зь ёю на спэцыяльных сайтах былі перанесеныя ў разьдзел “рэтра”, саступіўшы месца рэкляме сьняжанаў.
Адну зь іх, найноўшай мадэлі, калегі (як людзі спрактыкаваныя, яны нешта падазравалі) падаравалі яму на саракагадовы юбілей. Але ён выліў яе зьмесьціва ва ўнітаз пасьля першай жа размовы.
Складанасьці пошуку яго толькі натхнялі. Ён кінуў піць, стаў раней прачынацца і болей працаваць. На нейкі час сьвет пачаў здавацца яму трохі меней няўтульным, ніж звычайна. Нават Эльза адзначала пэўныя станоўчыя зьмены, калі яны клаліся разам.
Урэшце, паляваньне прынесла свой плён. Таму цяпер ён тут, ён ідзе па вуліцах вымерлага горада, які ў гэтыя дні лічыцца адным з найнебясьпечнейшых месцаў на сьвеце. Ён нават ведае, што яе імя Марыя. У нататніку запісаны ейны адрас.
З-пад нагі з грукатам адлятае нейкая жалязяка з вострымі краямі. Ён аглядае свой бот: на шчасьце, усё ў парадку. Раптам у яго сьвядомасьці ўспыхвае Марыя-медсястра. За тыя дзесяць ці колькі гадоў многае, магчыма, зьмянілася. Але яму ўсё адно.
Сёньня ён хоча стаць яе мужчынам. Альбо, іншымі словамі кажучы, – стаць для яе іншым чалавекам. Тым іншым, які быў бы заўсёды побач.
Іншы спраўдзіў па навігатары адрас. І сапраўды, чырвоны надпіс на пяціпавярхоўцы ўтрымліваў патрэбныя яму лічбы. Значыць, недзе тут.
Ён збочыў у прагал паміж двума дамамі, ледзь разьмінуўшыся з раньнім сабачнікам, які бег трушком, мармычучы сабе нешта пад нос.
Як і шторанак, Марыя паліць, гледзячы ў акно. Раней у гэты час можна было назіраць за дзеткамі, што шыбуюць у школу, але пасьля аднаго зь нядаўніх абстрэлаў заняткі адмянілі. Нешта невыразнае сочыцца па тым баку шыбіны: ці то вада, ці то талы гразкі сьнег. На дрэвах яшчэ відаць шэрань, але неўзабаве, калі ўжо зусім разьвіднее, яна зьнікне.
На пліце кіпіць старэнькі імбрык. Электрычнасьці зранку няма, добра, што хоць газ не адключаюць.
Машынальна выкалупвае нешта са шчылінкі між зубоў.
За вакном чутно гаману. Гэта суседскі “Масквіч” ізноў не заводзіцца, і яго штурхаюць.
Марыя паволі прыўздымаецца са свайго крэсла, навобмацак шукаючы попельніцу. Брудная накрыўка рондаля, што ляжала на стале, з грукатам валіцца на лінолеум. Марыя нагінаецца, каб яе падняць, але яе апярэджвае Іншы.
Марыя абарочваецца, падкурчыўшы ногі на крэсьле. На яе кухні цяпер сядзіць Іншы. Ён сядзіць на іншым крэсьле, абапёршыся локцямі аб стол, і не адрываючыся глядзіць на яе.
Сізаватае полымя ў запаленай фаерцы няспынна пульсуе, пакідаючы страшныя цені на шпалерах. Адзін зь язычкоў адбіваецца ад носа Іншага, потым і ад залысіны. Марыю гэта трохі сьмешыць, і раптоўныя рухі яе губ яшчэ болей паглыбляюць непаразуменьне.
Яны маўчаць ужо болей за паўгадзіны. Затым Марыя падхоплівае брудным рушніком гарачы імбрык ды ідзе ў ванную. Паміж лыткамі ў яе нешта клейкае, і адмыцца халоднай вадой не атрымалася. Мімаходзь вока выхоплівае ложак у спальні. Зьмятыя іх целамі прасьціны ўжо даўно пасьпелі састыць у такой халадэчы.
Кульгаючы, сабака адбягае на некалькі мэтраў, але Іншы рыўком даганяе яго і ўціскае ў сьнег моцным ударам бота. Віскат замест звычайнага для гэтай істоты дыскантнага брэху. Рудаватая поўсьць сям-там праточаная лішаямі і зьліплая ад бруду.
Ледзь толькі апусьціўшы нагу, Іншы наносіць яшчэ адзін удар. На сьнезе зьяўляецца першая крывавая пляма.
Фарба на рагулі для выбіваньня дываноў ужо зусім адлушчылася. Не зважаючы на зіму ды на нішчымніцу, купа сьмецьця, што назапасілася непадалёк ад дзьвярэй у пад’езд, даволі моцна пахне. Прычым часткова нават харчовымі адкідамі.
Іншы падносіць задубелыя пальцы да вуснаў, затым пачынае іх расьціраць. Холад стаў невыносным, ён працінае ажно да костак, хаця тэмпэратура, нібыта ж, і плюсавая.
Шары дзень ужо напоўніцу ўступіў у свае правы, абудзіўшы ў гэтых мясьцінах звыклы бязладны рух. Сьнег паціху цьвярдзее, камякі набываюць больш выразную форму, а сям-там на асфальце нават зьяўляюцца лужыны. З вуліцы даносіцца рокат матораў рэдкіх машын, у небе нехта сіліцца зьбіць з ПЗРК вэрталёт, але абодва разы не трапляе. Бабуля цягне з калёнкі два вядры вады, уважліва гледзячы сабе пад ногі ды нягучна мацюкаючыся.
Сабака вельмі схуднеў, шкуру трымае адзін толькі шкілет. Бот Іншага кранаецца рэбраў, выклікаючы чарговае ўзмацненне віскату.
Сабака ўскоквае на лапы ды спрабуе ўратавацца, але бот Іншага зноў яго даганяе. Наступным разам Іншы б’е па галаве.
Расколіны ў асфальце, што агаліліся з-пад сьнегу перад самым домам, перакрыжоўваюць рыскі літар. Там паўсьцёрты надпіс «Мулик я тебя люблю».
Іншы наносіць яшчэ некалькі ўдараў, гэта ўрэшце дапамагае яму сагрэцца. Нага трохі пабольвае – мабыць, невялічкі вывіх.
Відаць, сабака моцна зьнясілены альбо нават хворы. Ён адчайна круціцца па зямлі, нават не спрабуючы ўхапіць Іншага за лытку.
Іншы б'е цяпер непасрэдна па пысе. Гук удару прыносіць яму асаблівую асалоду.