Але праз імгненьне Іншы раптам застывае, яго ахоплівае поўная апатыя. Сабака зь цяжкасьцю ўстае ды ідзе сабе паміраць у нейкую адно яму вядомую схованку. Іншы ж яшчэ доўгі час ня зрушваецца зь месца.
Затым крочыць на вакзал. На пэроне яго нібы спэцыяльна чакае апошні цягнік, якому наканавана выправіцца з гэтага горада.
Дзьверы ў кватэру Толіка прыадчыненыя. У вітальні гарыць лямпачка без абажуру, магутнасьцю ня болей чым у 40 ват. Яе сьвятло робіць бачным цэлую плойму самых разнастайных прадметаў: зімовыя боты з драпежнай ухмылкай аддзёртай падэшвы, міліцэйскі шынэль, акумулятар ад “Масквіча”, не падлучаны да сеткі дыскавы тэлефон, перавязаны шпагатам збор твораў Дастаеўскага і нават зламаны велатрэнажор, які месьціцца тут бяз справы гады ўжо з два.
Ідучы праз вітальню, трэба пільнаваць, каб не ўступіць нагой у згнілы недагрызак яблыка, што пасьпеў пераўтварыцца ў карычневую пастападобную субстанцыю. Наведвальнік быў няўважлівым, і цяпер ён старанна чысьціць свае падэшвы аб дыван на падлозе пакоя.
На дыване раскіданыя абгорткі ад пельменяў, недапалкі, пажаўцелыя ад гною кавалкі ваты, некалькі кніг кулінарных рэцэптаў, рэпрадукцыі карцін.
Спасярод усяго гэтага – процьма пафарбаваных у чорны піўных коркаў. Некаторыя зь іх нават спалучаныя паміж сабою ды ўтвараюць дзіўныя фігуры, падобныя да птушак. Сьнягір разламаны напалам, галава сініцы адвалілася, але сваімі лапкамі яна намёртва ўчапілася ў драцяную галінку.
Наведвальнік зь цікаўнасьцю мацае адну з птушак мыском бота. Затым націскае, яна трушчыцца, востры край корка помсьліва прабівае падэшву. “Ой-вой” – кажа наведвальнік, а пасьля доўга лаецца.
Адчыняе шафу, абклееную плякатамі з пажухлай “Міс-СССР”, вывальвае на дыван зьмесьціва паліцаў. Пацёртыя зашмальцаваныя штаны “са складачкай”, дзіравыя шкарпэткі, майткі, нескарыстаныя ў свой час і даўно пратэрмінаваныя прэзэрватывы... Ёсьць нават жаночы бюстгальтар трэцяга памеру. Усё гэта можа выклікаць адно гідлівасьць. Увагу прыцягвае хіба рэмень, але, павагаўшыся, наведвальнік кідае яго на падлогу.
Урэшце, пошукі ўсё ж прыносяць вынік. На паліцы, прызначанай для галаўных убораў, наведвальнік знаходзіць пляшку каньяку. Такога ўжо не выпускаюць. Толік купіў яе шэсьць гадоў таму, калі пачаў працу над сваёй скульптурай, ды пастанавіў не чапаць да завяршэньня. І хаця рукі ня раз сьвярбелі, ён заўсёды адужваў сябе.
Наведвальнік рэзка зрывае корак, падносіць рыльца да рота ды робіць вялікі глыток. Сьвет адразу становіцца для яго лепшым.
Затым пакідае кватэру, хрумсьцячы падэшвамі па чужых рэчах. Спускаецца па лесьвіцы, чуе жаночы голас паверхам ніжэй. “Мілы... Ау... Мі-ілы!.. Коцік... Бусьлік...”
Сьняжана, пакінутая Дзімам нявыключанай, вось ужо каторую гадзіну разгублена і безвынікова кліча свайго каханага.
Калі-небудзь гэта ўсё будзе здавацца глупым і недарэчным, раптам кажа Марыя.
Калі-небудзь гэта ўсё стане проста чыёйсьці гісторыяй, цэдзіць яна скрозь зубы. Тое, што мы гаворым, адчуваем, прагнем, трызьнім. Наш боль, летуценная радасьць, надзеі, лібіда, сны.
Нашы фалянгі пальцаў, зморшчыны, пакусаныя вусны.
А таксама той момант, калі я сплятаю свае рукі з тваімі і шапчу: глядзі, якая ў цябе белая скура. Мы ў ложку, яшчэ ўсяго шэсьць раніцы, але промень летняга сонца ўжо трапляе праз фіранку гатэльнага нумара.
Калі-небудзь гэта ўсё стане нечым адстароненым сюжэтам.
Калі-небудзь гэта ўсё будзе здавацца адно кан’юнктурнай тэмай, тэхнічным заданьнем для літаратурнага нэгра, знакамі, усьляпую набранымі на клявіятуры. І кожны зь іх будзе аплачаны паводле прэйскуранту.
Гісторыя – гэта тэлесэрыял, а мы толькі пэрсанажы аднаго зь яе сэзонаў.
І жвавыя пухнатыя бабулькі будуць перамываць нашыя ссохлыя зьбялелыя косьці, седзячы ля пад’ездаў сваіх аблезлых хрушчовак у малюткім гарадку, які застыў на вечнай мяжы паміж валадарствамі тут і ніколі.
Дый мы самі назвалі б такія сюжэты тупымі. Мы б кпілі зь іх і сьмяяліся, каб маглі ў нашым стане сьмяяцца.
Пляснуўшы дзьвярыма кватэры ды пакінуўшы іх наросхрыст, Марыя спускаецца па запляванай лесьвіцы пад’езда. Шыбаў у вокнах амаль ужо не засталося. Пад нагамі хрумсьціць шкло бы рассыпаны ў дзіцячым парку папкорн.
На пляцоўцы паверхам ніжэй прытаіўся снайпэр. Марыя прасьлізгвае міма, ледзь не задзеўшы сваім плячом ягоны бушлят, ён праводзіць яе вінаватым поглядам ды зноў прыліпае да прыцэлу. Праз момант куля трапляе ў пашчэрбленую сьцяну, захрасаючы ў шматслойным пірагу тынкоўкі.
А магчыма, наратарамі будзем мы самі. Магчыма, гэта будзе нават наша гісторыя, думае Марыя, пацепваючыся ад раптоўнага павеву вільготнага ветра. І мы будзем апавядаць яе сваім выпадковым гасьцям на цеснай міленькай куханьцы, пацягваючы слабенькую гарбатку і пачухваючы сьсівелыя валасы, калі all passion spent. Марудна і роўным голасам – як выдатнік пераказвае на ўроку твор кагосці з савецкіх пісьменьнікаў.
Слова “каханьне” будзе гучаць з нашых вуснаў гэтаксама супакойвальна, як харканьне вады ў праржавелым кране. А слова “надзея” – падаць у вушы бы эмаляваная накрыўка ў чыгунную мыйніцу.
У кожным разе, гэта будзе чужая гісторыя, кажа Марыя. У кожным разе, наша гісторыя калісьці стане чужой.
І гэта будзе гісторыя мёртвых людзей, крычыць Марыя.
Гэта будуць фотапартрэты post mortem віктарыянскай эпохі, дзе нябожчыкі робяць выгляд, нібыта яны жывыя. Набальзамаваны Рамэа няўклюдна цалуе шкляныя вочы сваёй Джульеты. Штатывы, што падтрымліваюць іх целы ў вэртыкальным стане, выклікаюць скептычны сьмех у наведвальнікаў гэтай кунсткамэры.
Мы зьнікнем, шэпча Марыя. Мы вырачаныя на зьнікненьне. Нам наканавана рассыпацца ў прысак – на асобныя жэсты, эмоцыі, пахі і біяпылінкі. Няма таго сілавога поля, якое трымае нашыя малекулы разам.
Яна заўважае, што дасюль яшчэ кажа “мы”, хаця ўжо не разумее, хто апрача яе ўваходзіць у гэты зборны займеньнік.