Купал царквы абрынуўся разам з дахам, але скляпеньні збольшага ацалелі – калі не лічыць некалькіх невялікіх прабоінаў. Дзякуючы ім гукі ўнутры спусьцелага храму падаюцца яшчэ больш дзіўнымі. Кожны крок брата Зосімы спараджае рэха, якое ў гэтых акустычных варунках пачынае тыражаваць самое сябе.
Унутры – паваленыя прылаўкі, абломкі шыльдаў, чыесьці боты, торбачкі, разьбітыя сьняжаны. Сьляды крыві на рэклямным банэры птушкафабрыкі. На сьценах выдрапаныя непрыстойныя надпісы, абліччы сьвятых выкарыстоўвалі ў якасьці мішэняў.
Адсутнасьць людзей у гэтым месцы нейкая асабліва ўжо адчувальная. Ажно становіцца вусьцішна.
Праціскацца ўперад даводзіцца з асьцярожнасьцю. Але нягледзячы на гэта, брат Зосіма падае, калі яго нага трапляе ў парожняе вядро, і яно пачынае каціцца. Устае, аглядае сьвежую драпіну.
Ён думае, з чаго пачне размову, калі сустрэне яе, якая будзе ягоная першая фраза. Раней ён ніколі на гэты конт не хваляваўся, але шмат што ўжо пасьпела зьмяніцца.
Паверх аблупленых і апаскуджаных фрэсак ён раптам заўважае дзіцячыя малюнкі. Гэта лініі, выведзеныя белай крэйдай, потым схематычныя фігуры людзей і жывёлаў, урэшце – нейкія знакі, якія трохі нагадваюць літары.
Брат Зосіма ўважліва разглядае тую крамзаніну. Для яго гэта сьведчаньне, што ён не памыліўся адрасам.
І сапраўды, ускудлачаныя валасы на патыліцы раптам адчуваюць нечы позірк.
– Пагала, ву, пяпька які плыйшоў, балада, – словы нібы іскрацца, адбіваючыся ад прадзіраўленых скляпеньняў
Брат Зосіма абарочваецца і бачыць у алтарнай частцы дзяўчынку гадоў трох. Ашалеўшы ад цікаўнасьці, яна подбегам рушыць яму насустрач, зусім не баючыся незнаёмца.
Ён стаіць нерухома, нібы здранцьвеўшы, але потым усё ж выціскае зь сябе ўсьмешку.
Дзяўчо хапае яго за крысо, патрабуе, каб ён узяў яе на рукі. І адразу ж пачынае кудлаціць ягоную бараду. Ускараскваецца на карак, выпускаючы ручаінкі сьмеху.
– Цязал мой лёгкі, – прыгаворвае пры гэтым яна. – Цяжал мой лёгкі, ялмо маё любае.
Малітва блаславеннай Марыі Камсамольскафасфацкай, занатаваная ігуменам Зосімам
У імя Айца і Сына і Сьвятога Духа. Амін.
Божа! у гэтай даліне нічога болей не пакідае ценю
сьвятло тут роўнае і бляклае пляскаты пляскаты сьвет
нібыта ў больніцы якая вядома ж ня сьмерць
дзе марна чакаць на збавенную цемру на сон
як не выпадае чакаць і на абуджэньне
Божа, Які ні памёр для мяне
ні ўваскрос
што мне рабіць са сьвіньнямі
якія абсмоктваюць мае зьбялелыя косьці?
яны зусім не падобныя да леапардаў
што мне рабіць з гэтым днём
які Ты мне так неабачліва даў?
што мне рабіць з гэтым небам? ветрыкам? птушкамі?
Божа! навошта мне дадзены вочы
няўжо на тое каб назіраць