Пастар на ўскідку абірае адзін зь бізуноў, карцінна прымушае яго засьвісьцець у паветры, вытрымлівае патрэбную паўзу, а затым хлёстка апускае на цэлюлітавы азадак вінаватай. Затым яшчэ і яшчэ. Кожнага разу кабета павізгвае.
Маладзён увесь гэты час захоўвае флегматычны выраз твару. Так, нібыта робіць звыклую штодзённую справу, нейкі хатні абавязак. Ён увесь час маўчыць, толькі напрыканцы экзэкуцыі прамаўляе: “Цяжка ў навучаньні – лёгка ў паміраньні. Гэта табе будзе добрым урокам, сястра Мартыда Шостая”.
Кабета зь цяжкасьцю ўстае на ногі, няўклюдна нацягвае апранахі і пакрэкваючы рушыць на сваё месца. Пастар тым часам вяртаецца за катэдру.
– Што ж, дрэнна, дрэнна! – кажа ён у мікрафон. – Няўжо ніхто ня ведае тэмы хатняга заданьня? Добра, паўтару вам апошні раз: “Замаруджваньне электрахімічных працэсаў у кары галаўнога мозга”. Або, як кажуць у народзе, калі глузды не мігцяць, значна лепей паміраць.
Паводле яго словаў, гэта адзін з найважнейшых прыёмаў у пераадоленьні сьмерці. У жывёлаў дадзеныя працэсы адбываюцца куды павольней, і чалавеку тут ёсьць чаму павучыцца.
Ён пачынае пісаць на дошцы, сыплючы формуламі і навуковымі тэрмінамі. Іншыя ўважліва канспэктуюць.
Марыя таксама пачынае запісваць. Але раптам уяўляе, як яна злучаецца зь Іншым – так, як злучаюцца дзьве кроплі вады. І ёй усё становіцца абыякава.
Сьпярша іх целы становяцца вадкімі – не губляючы пры гэтым сваёй формы, а потым яны робяцца нечым адным. Субстанцыя гарэзьліва ўсьпеньваецца, брыкаецца бы дзіця ў чэраве, яна жывая.
Пастар яшчэ раз падымае з крэсла сястру Мартыду Шостую ды прымушае яе паўтарыць зьмест лекцыі. Бедачыне гэта даецца зь цяжкасьцю, але прымаўку пра глузды яна запомніла.
Пропаведзь завяршаецца рытуальнай вячэрай. Гэта практыкум па адпрэчваньні сьмерці.
У фае актавай залі парты ссоўваюць літарай П. Вернікі дастаюць з клунак слоікі зь ежай ды паўлітэркі. Рэжуць хлеб і вараную кілбасу. Шабуршаць плястыкавымі пакункамі. На тварах кабет прыкметнае ажыўленьне, завіхаючыся, яны перамаўляюцца міжсобку. Размаітыя пахі раздражняюць рэцэптары, прымушаючы Марыю згадаць даўно забытае пачуцьцё голаду.
Марыя разгубленна топчацца сярод усяго гэтага мурашніку. Яна нічога з сабой не прынесла, ды і няма ў яе ніякіх смакоцьцяў. А на пачастункі тут разьлічваць не выпадае: кожны трускае толькі сваё.
На той бяседзе нікому няма да яе справы. Па-над сталом пануе маўчаньне. Усе засяроджана працуюць сківіцамі.
У сярэдзіне стала сядзіць пастар побач зь сястрой Танатай, якую ён часам называе Наташай. Налівае ёй “Мэтаксы” ды падсоўвае талерку з пармэзанам. Па ўсім відаць, што яна для яго ня проста прыхаджанка.
Кожны спажывае сваю ежу сам – моўчкі і мэдытатыўна.
Апаражніўшы кілішак, пастыр гучна рыгае, заахвочваючы іншых рабіць тое самае. Разьняволеньне фізыялягічных працэсаў, паводле яго слоў, спрыяе мэнтальнаму аслабаненьню ад страху сьмерці.
Размаітае і несынхроннае чвяканьне раптам перакрывае роў матораў, што даносіцца аднекуль зь неба. Бамбардыроўкі дасюль здараліся вельмі рэдка. Часьцей абстрэлы.
Пастар налівае зноў ды ўстае, каб прамовіць тост. Але слухаюць яго няўважліва. Гул у небе з кожнай хвіляй прыкметна грамчэе.
Ён цюкае відэльцам аб шклянку, заклікае да ўвагі. Аднак хваляваньне прыыхаджанаў набыло той характар стыхіі, калі яго ўжо не суняць.
– Браты і сёстры, вы куды? Як кажа народная мудрасьць, лепш памерці ў школе, чым жыць у страху няволі, – на хаду калямбурыць ён. Але яго ўжо ніхто ня слухае.
Ён паварочваецца да сваёй флегматычнай напарніцы, аднак бачыць толькі нявыпіты кілішак. Яе месца пустое.
Самыя спрытныя пасьпяваюць запхнуць у клункі недаедзеныя стравы, іншыя ж кідаюць іх (гары яно гарам) ды ўцякаюць у чым ёсьць. У дзьвярах утваецца ладны затор, другая іх палавінка ўжо праз момант вынесеная націскам целаў.
Марыя не пасьпявае ўплішчыцца ў гэты вір і застаецца апошняй. У нейкі момант у памяшканьні толькі яна і пастар.
Марыя хоча нешта яму сказаць, падбірае належныя словы. Але ён яе ня чуе, адно лаецца, абхапіўшы галаву рукамі. Гул, тым часам, пачынае спакваля цішэць.
За наступныя пару тыдняў амаль нічога ня здарылася. Двойчы выпадаў, а затым раставаў сьнег. Урэшце, ён выпаў і ў трэці раз – каб, напэўна, ізноў растаяць.
Марыя чакала на сапраўдную зіму, здатную зьнерухоміць тую кволую пульсацыю жыцьця, што бессэнсоўна раілася ўнутры яе і вакол. Закансэрваваць усе безвыніковыя падзеі, надзеі і эмоцыі – гэтаксама, як скарынка лёду прымушае застыць на асфальце лісточкі і паперкі, пры плюсавой тэмпэратуры змушаныя да бессэнсоўнага руху пад уплывам пераменлівага ветру.
Зіма дазваляла пакінуць усё як ёсьць, адкласьці ўсё на потым і на гэты конт пакуль не хвалявацца. Але зіма пакуль не была ёй дадзена.
Нягледзячы ні на што, горад рыхтаваўся на навагодніх сьвятаў. У вітрынах запаліліся гірлянды, якія ў вечаровых прыцемках (электрычнасьць даводзілася эканоміць) выглядалі яшчэ больш злавесна, чым у звычайныя новыя гады. На лапіку перад крамай усталявалі кволую ялінку, упрыгожаную самаробнымі кветкамі з каляровай паперы – потым іх расьцерушыў першы ж моцны парыў сіверу. У самой краме нават аб’явілі зьніжкі на некаторыя з тых тавараў, што ўсё яшчэ заставаліся на паліцах. Да таго ж, там зьявіліся пратэрмінаваныя наборы цукерак, запакаваныя ў дзядоў марозаў – яўны рудымэнт старога новага году. Куплялі іх даволі актыўна.
Марыя штодня хадзіла ў краму, ажно пакуль у яе будынак не патрапіў снарад. Пасьля гэтага яна яшчэ пару дзён хадзіла паглядзець на ялінку (бо трэба ж было кудысьці хадзіць), але потым дрэўца павалілася, і ўсё стала зусім сумна.
Тады Марыя захапілася францускім кіно, старымі рамантычнымі камэдыямі. Глядзела іх з ранку да вечара, ня надта ўдаючыся ў тое, што адбываецца на экране. У галаве чамусьці адкладаліся толькі малазначныя дэталі: фрагмэнты адзеньня, жэсты пальцаў, пэйзажы, якія на імгненьне зьяўляліся ў кадры і ні пра што ня сьведчылі.