Папярэдняй бяссоннай ноччу Марыя зразумее, што Сяргей – гэта зусім ня Іншы. Гэта Сяргей, рахманы і адданы чалавек, які робіць вывераныя ў дробязях жыцьцёвыя рухі, зьмешваючы пэдантызм з безразважнасьцю. У яго заўсёды чыстыя боты, бездакорна адпрасаваныя джынсы ды шкарпэткі ў сінюю палосачку.
Марыі будзе абсталютна ўсё адно, што адчуе ў гэты момант Сяргей. Яе цікавіць толькі Іншы, а Сяргей яе не цікавіць.
Ужо праз два дні Сяргей загіне ў перастрэлцы – цяпер і праўда спакойна, без залішніх эмоцый.
У дажджлівы лістападаўскі вечар Марыя прыходзіць у актавую залю суседняй школы. Тут зьбіраюцца тыя, хто ня верыць у сьмерць.
Пераважна кабеты каляпэнсійнага веку, але ёсьць і мажныя, чыста паголеныя маладзёны ў скуранках і з барсеткамі. Адзін зь іх нават аддалена падобны да Іншага.
Апошнім часам сьмерць для жыхароў горада стала надзённай праблемай, і таму ў залі даволі шматлюдна.
Гэта накшталт сэкты, хаця фармальна ўсё называецца Міжнародны грамадзкі фонд абсалютнага небыцьця.
Марыя прапанавала перайменаваць арганізацыю ў Партыю супраць будучыні, але на яе адразу накінуліся і ледзь ня выпхнулі за дзьверы, назваўшы правакатаркай.
Кіруе ўсім прыземісты хлопец гадоў трыццаці, у акулярах і з паўкруглай залысінай. Пакуль на яго не сышло прасьвятленьне, ён быў ды-джэем на мясцовай FM-станцыі.
Ён прызвычаіўся, што кожнае ягонае слова выслухоўваюць вельмі ўважліва. Марыя гэтак і робіць – ці, прынамсі, стараецца.
Яна слухае ня словы, але ягоны голас – глыбокі, з аксамітным тэмбрам, грунтоўны і пераканаўчы. Такі голас можна слухаць і слухаць.
Сьмерць – гэта тое, чаго ня трэба баяцца, і зьмірацца зь ёю таксама ня трэба, кажа хлопец. Пра сьмерць трэба проста забыць, яе трэба ўзяць ды выкрасьліць. Або выключыць, як выключаюць тэлевізар.
Для жывёлаў не існуе сьмерці. Дакладней, яна для іх усяго толькі факт, а зусім не праблема.
Крэслы ў зале абабітыя цыратай, месцамі яна прадзёртая, зь дзюрак тырчыць паралён.
Сьмерць ставіць перад намі невырашальныя пытаньні, адкрывае неаспасьцігальныя пэрспэктывы, прышчапляе страх, змушае крычэць у неабсяжнае, матывуе да руху ўглыб – бы морква на канцы палкі, што пастаянна матляецца перад асьлінымі вачыма.
Сваім аксамітным голасам прамоўца заклікае выштурхнуць сьмерць па-за межы ўласнай сьвядомасьці, адмовіць ёй у найменшым праве на існаваньне.
– Няма лепш за той куток, дзе закапалі твой трупок! – цытуе ён напрыканцы народную прымаўку.
Відавочна, ягоныя словы знаходзяць водгук у прысутных. Людзі слухаюць уважліва, некаторыя нават з заплюшчанымі вачыма. Многія нешта занатоўваюць. У залі поўная цішыня.
Сьмерць і раней не ўяўлялася ім надта вялікай праблемай, пра яе забывалі, адкладалі ў доўгі яшчык, запіхвалі на антрэсолі, каб заняцца чым-небудзь больш надзённым. А калі яна раптам зьявілася на даляглядзе і стала рэальнасьцю, спатрэбілася нейкая ад яе панацэя – як мага больш простая і даступная.
“Родная зямелька – як цёплая пасьцелька” – запэўнівае ўсталяваны па-над катэдрай постар.
– А зараз – практычная частка, мы зноў будзем вучыцца паміраць, – кажа прамоўца. – Але сьпярша хатняе заданьніца, та-ак, заданьніца... Ці ўсе вы справіліся? Нагадайце-ка, як называлася тэма?
Прысутныя зьлякана і бездапаможна апускаюць вочы альбо вывучаюць свае пазногці, сілячыся знайсьці хоць якую падказку.
– Сястра Мартыда Шостая, як называлася тэма? Не-не, я ж сказаў – Шостая. Як называлася тэма?
Непрыкметная кабета гадоў пяцідзесяці ў зялёным пухавіку ўстае са свайго крэсла, падыходзіць да сцэны з катэдрай. Нічога ня кажа.
– Як называлася тэма? – перапытвае пастар.
У цішыні чуваць, як нехта выпусьціў газы.
– Што ж, дрэнна, дрэнна... Сястру Мартыду Шостую давядзецца нам па-ля-чыць. Сястра Таната, будзьце ласкавыя мне трохі дапамагчы.
Сястра Таната – гэта маладзіца з кароткай фрызурай і ярка нафарбаванымі губамі. Яна ўстае са свайго месца на першым шэрагу. Яе рухі жвавыя, дакладныя, дзелавыя. Зьнікае ў каморцы справа ад сцэны і неўзабаве зьяўляецца з плястмасавым вядром, зь якога, аднак, замест швабры тырчаць бізуны.
Сястра Мартыда марудна закасвае пухавік, зь вінаватым вохканьнем спускае нагавіцы з начосам, затым зацыраваныя панталёны і становіцца на калені перад катэдрай, абапёршыся рукамі на паслужліва паднесенае сястрой Танатай крэсла.
Нават з задніх шэрагаў відаць, што рыхлае цела бедачыны працінаюць дрыжыкі.