І вось, цяпер Сяргей сядзіць за яе кухонным сталом.
Ён жыве ў іншай частцы краіны, працуе мастаком-керамістам. Нядаўна разьвёўся з жонкай і ня хоча распавядаць, чаму. Прыехаў сюды добраахвотнікам. У войску ніколі не служыў, але кажа, што яшчэ літаральна ўчора вельмі добра ўяўляў сябе ў якасьці салдата.
– Тут ня трэба ўяўляць, трэба проста дзейнічаць, – адразу ж пярэчыць ён сам сабе. – Звычайны набор рухаў. Ты ўстаў, апрануў боты, выйшаў за дзьверы, сеў у машыну... Адно дзеяньне наступствуе іншаму, утвараючы непахісную пасьлядоўнасьць. Стрэл – гэта таксама дзеяньне.
Марыя раптам схамянулася. Міміка на ягоным твары нагадала эпізоды тых фільмаў, у якіх ёй калісьці даводзілася здымацца. Чамусьці падумалася, што акторскіх здольнасьцяў Сяргея цалкам хапіла б для нядрэннага выкананьня ролі немаладога безэмацыйнага цыніка, які зараз будзе мэтадычна рабіць балюча нявіннай дзяўчынцы.
Але Сяргей, насамрэч, толькі падобны да актора. У крайнім выпадку, гэта актор, які старанна грае сябе самога. Паводле дбайна выпрацаванай і выкшталтаванай тэхнікі.
– Ты хочаш спытаць, ці не баюся я памерці? – пытае ён, калі Марыя ставіць яму на стол кубак гарбаты. – Вядома, я думаў пра гэта. Не, не баюся. Так, гэта я шчыра. Рэч у тым, што я проста не цаню сваё жыцьцё. Мне няма болей для каго яго цаніць. Раней каштоўнасьць яму надавалі іншыя, блізкія людзі. Цяпер засталася толькі старэнькая мама – пасівелая, маршчыністая, адрузлая. Пачуцьцё да яе – гэта зусім ня тое, што можа прымусіць цябе трымацца на плыву.
Сяргей насыпае ў кубак тры лыжкі цукру, доўга перамешвае. Вымае гарбатны пакунак, дакладным рухам лыжачкі яго адціскае і кладзе на сподачак. Затым робіць глыток. Марыя маўчыць.
– Дзеці? – перапытвае сам сябе Сяргей. – Дзеці сталі чужымі, калі ад мяне сышла іх маці. Тая мяжа, што зьявілася паміж намі, здаецца мне ўжо непераадольнай. І, да ўсяго, рэўнасьць! Так, рэўнасьць да ўласных дзяцей, калі ты мяне разумееш. Я адчуваю, што прайграў ім, і мне прыкра.
Марыя ледзь прыкметна ківае галавой.
– Ды і ўвогуле... Гэта рэўнасьць, напэўна, да ўсяго сьвету. Да кожнага, хто прачынаецца ў сваёй кватэры, у абдымках каханага чалавека, хто сядзіць за сямейным сталом і трохі нэрвуецца, калі жонка нагадвае яму, каб заплаціў за газ альбо, нарэшце, прыбраў недапалкі з балькону.
Ён змаўкае. Марыя маўчыць па-ранейшаму, і яму нічога не застаецца, як толькі працягваць.
– І таму я зь лёгкім сэрцам прыехаў сюды. Шчыра кажучы, нават не задумаваючыся ні пра што, акрамя практычных пытаньняў. Зранку я склаў сьпіс патрэбных рэчаў, удзень набыў сёе-тое з самага неабходнага, увечары хутка сабраў заплечнік...
Марыя ўяўляе, як ён зьбірае заплечнік. Загортвае ледзь ня кожную пару шкарпэтак у асобны поліэтыленавы пакунак. Цяжкія рэчы кладзе ўніз, каб правільна збалянсаваць вагу. У кішэню зьмяшчае пару сурвэтак, запалкі, сьцізорык. Рухі дакладныя, грунтоўныя, нічога лішняга.
– А наступнай раніцай пайшоў на прыпынак, сеў у аўтобус і ўжо апоўдні патрапіў у штаб добраахвотніцкага палка. Гэта быў проста набор рухаў, ня болей за тое. Там усё патлумачыў у двух словах, і вось, праз пару дзён я тут.
Марыя адзначае дзіўную мяккасьць яго маўленьня: зычныя вывальваюцца з рота і адразу крышацца. Быццам згусткі рыхлага сьнегу, якія акурат цяпер падаюць з даху, часам разьбіваючыся аб бляшанае падваконьне.
– Так было да заўчорашняга вечара, калі я сустрэў цябе, – Сяргей ставіць на стол кубак і паварочвае да яе галаву. – Пасьля гэтага ў маім жыцьці многае зьмянілася. Прынамсі, я зноў адчуваю яго каштоўнасьць. Я адчуваю, што ёсьць нешта, апрача мэханічнага набору рухаў. Ты нават не паверыш: я (голас амаль пераходзіць на шэпт) зноў баюся (у ім зьяўляюцца непадробныя дрыжыкі) памерці!
Апошняе слова нібы завісае ў паветры – перад тым, як бездапаможна грымнуцца на падлогу.
Марыя маўчыць.
– У маім жыцьці зьявілася нейкае апірышча, і мая ўласная сьмерць зноў стала для мяне цяжкім выпрабаваньнем, – нібы выбачаючыся, тлумачыць ён. – Тыя ідэалы, якія прымусілі мяне прыехаць сюды, пахіснуліся, адышлі на другі плян, і цяпер...
Сяргей працягвае гаварыць. Відавочна, гэта не імправізацыя: усе фразы ім загадзя дбайна прадуманыя. Цалкам магчыма, тыя маналёгі сфармаваліся ў ягонай сьвядомасьці яшчэ задоўга да сустрэчы з Марыяй.
– Мне заўсёды здавалася, што каб спраўдзіць сваё існаваньне, ты павінен адлюстроўвацца ў вачах іншых людзей. Каб проста быць, ты мусіш няспынна быць для кагосьці. Гэта глупа, праўда, Марыя? Кожны з нас самадастатковы, ці ня так?
Марыя зьбіраецца яму запярэчыць, аднак замест гэтага толькі няпэўна паціскае плячыма.
– Але цяпер я разумею, што праўда недзе пасярэдзіне. Каб быць, мне дастаткова адлюстроўвацца толькі ў адных вачах – каханага чалавека. І гэта твае вочы, Марыя.
За вакном няўмольна растае першы сьнег. Сьвет пакрысе запаўняецца вадою. І апрача гэтага там, за вакном, здаецца, болей наогул нічога не адбываецца.
– Ты можаш стаць маёй мэтай, Марыя, – працягвае ён. – І для гэтага табе нічога ня трэба рабіць. Проста будзь. Будзь побач са мною – так блізка, каб мы маглі зьліцца бы дзьве кроплі вады.
Ён прыціскае яе да сябе, садзіць на калені, праводзіць рукою па ейным твары. Марыя абдымае яго, адчуваючы, як у нетрах цела нараджаецца хай цьмянае, але ўсё ж такое доўгачаканае жаданьне.
Ён працягвае гаварыць і ў ложку, ужо пасьля таго, як Марыя атрымала свой першы за апошнія пяць гадоў аргазм:
– Яшчэ нядаўна маё жыцьцё здавалася мне сукупнасьцю вар’яцкіх падзей, але тваё зьяўленьне надала кожнай зь іх сэнс. Усе мае расчараваньні, увесь боль, усе дні, поўныя роспачы, былі прызначаныя толькі для аднаго: каб у пэўны цудоўны момант мы маглі з табою сустрэцца. Усё мінулае было проста падрыхтоўкай да гэтай сустрэчы.
Словы падаюць, падаюць бы жалуды – у марнай надзеі апладніць скамянелую зямлю.
Гэта апошні раз, калі яны побач. Заўтра зраніцы Марыя скажа Сяргею, што ў іх нічога не атрымаецца.