Але цяпер Марыя пра гэта не прыгадвае. Яна чым далей тым болей пагружаецца ў вязкую прастрацыю – пакуль Здыхлік працягвае несьці сваю ахінею, пакуль паверхам вышэй злосна лаецца на жонку Толік, пакуль Дзіма выціскае са сваёй сьняжаны натхнёныя енкі, пакуль галубы па той бок шкла утрапёна дзяўбуць бляху падваконьня.
І ўвесь гэты час ідзе час.
Але раптам па радыё гучыць песьня пра разьбітае сэрца. Марыя ўскалыхваецца ад раптоўнага і невытлумачальнага прыступу болю. Банальныя словы, пакладзеныя на просьценькі рытм, аказаліся здатнымі незваротна парушыць яе сон – як нішто іншае.
Марыя ачомваецца, уважліва вывучае Здыхліка вачыма і разумее, што ёй ня хочацца ніяк яго апісваць альбо даваць яму тыя ці іншыя характарыстыкі. Здыхлік не зьяўляецца ў яе сьвядомасьці нейкай цэласнай істотай. Хутчэй, гэта набор розных дробных дэталяў: пажоўклы даўгі пазногаць на назе, зморшчынка на ілбе, рух вялікага пальца ўніз-уверх, калі ён пераканана хлусіць... і так да бясконцасьці.
Марыі хочацца разадзіночыць гэтыя часткі канструктара ды ў бязладнасьці запхнуць іх у шуфляду. Хай там і ляжаць, толькі моўчкі.
Ёсьць адно месца, пра якое Марыя распавядае Іншаму найчасьцей. Яна апісвае яго доўгімі складаназалежнымі сказамі, засяроджваючы ўвагу на такіх малазначных дэталях, якія ня кожны ўгледзіць, нават там апынуўшыся: шчарбіна на плоце, абламаная галінка вярбы, чэрап сабакі, схаваны недзе ў траве (прычым толькі яна і сяброўка Лена ведаюць, дзе менавіта). Ёй здаецца, нібы Іншаму гэта надзвычай цікава.
У яе родным гарадку, назва якога амаль ужо сьцерлася з памяці, ёсьць старыя могілкі на беразе вялізнай ракі. Паламаныя абяліскі зь “яцямі”, урослыя ў зямлю пліты, паржавелыя зорачкі і засяроджаныя твары побач са сьмешнымі прозьвішчамі. Шмат імху ў самых розных яго разнавіднасьцях. Бярозка, што паціху расьце на даху даўно апаганенай панскай спачывальні.
Вядома ж, наўкола нікога няма. Натуральна, ужо восень. Так, менавіта ўжо, бо гэтая восень зьяўляецца ня проста парою года, а менавіта тым, што насьпела. Тым, што ўрэшце замяніла сабою доўгае, здавалася б, бясконцае летуценнае яшчэ.
Але зьмены пораў году ня варта блытаць з рухам альбо разьвіцьцём падзеяў – яны адно толькі падкрэсьліваюць непарушнасьць тутэйшага часу.
– Тут час ня проста спыніўся, ён загусьцеў, стварожыўся, – кажа яна, калі яе боцік напалову патанае ў рыхлай зямлі на ледзь бачным грудку. – Чуеш, сьпевы птушак тут захрасьлі ў паветры – як нямыя ўздыханьні. Зрэшты, на могілках, напэўна, трэба думаць пра вечнасьць, а не пра завіслы час.
Са старога дуба падаюць жалуды, сыплючыся ёй проста за каўнер.
На адным з крыжоў вісіць элегантны дамскі капялюшык. Што ён можа рабіць у такім месцы або пра што ён тут сьведчыць, нават цяжка здагадвацца.
Марыя рушыць па сьцяжынцы далей – да закінутай драўлянай царквы. Пакрытая бляхай макаўка на ёй ужо пакасілася ды пагрозьліва зьвісае крыжам долу. У даху відаць прабоіны. Дзьверы выдзертыя зь мясам, а на падлозе – сьляды ад трактара. Хтосьці па п’яні туды заехаў.
У дзяцінстве бабуля вадзіла яе сюды на службу. Тады царква яшчэ дзейнічала, па нядзелях яе напаўняў пах ладану і васковых сьвечак, які зьмешваўся з водарам саміх прыхаджанаў. Прыемным, чыста вясковым водарам, напоўненым быцьцёвасьцю настолькі, наколькі ёй увогуле могуць быць напоўненыя целы.
Пасьля таго, як гэтыя целы памерлі, царква закрылася, і цяпер у ёй узносяць свае малітвы толькі кажаны ды мышы – разам са сьвятымі, чые пачарнелыя вочы дасюль пазіраюць з наіўных росьпісаў.
Бабуля калісьці яшчэ ля ганку апранала ёй хустачку, брала яе малюткія пальчыкі ў свае і вучыла жагнацца. Марыя адчувала тады моц старых мазолістых рук. Затым яны заходзілі ўнутар, бабуля клала тры зямныя паклоны і цалавала выпілаваны з простай фанеры крыж. Аднойчы Марыя ўсьлед за ёй зрабіла тое самае, і раптам ёй падалося, нібы ўкрыжаваны Збаўца ёй па-змоўніцку падміргнуў.
Дзяцінства, лета, пыл на гасьцінцы і яе босых нагах... Пах каровіных ляпёшак. Асіны, пераплеценыя паміж сабою, ствараюць дзіўныя лябірынты для сонечнага сьвятла. Далей імёны ўласныя: Сігаўка, Ленка-Каленка, Мумзік, Лёня Адарвівуха...
Марыя апавядае пра ўсё гэта Іншаму. Пра тое, як яны беглі на Чортаў Яр купацца, пра сіпатага Адамыча, пра высокі бур’ян на падворку закінутай лодачнай станцыі, пра тое, як яна трапна ўдарыла Ліпкіна ранцам па галаве...
Гэта акурат тая частка біяграфіі, якую ёй хочацца апавядаць падрабязна, у дэталях. Бы на сэансе ў псыхааналітыка.
Састарэлыя мроі, што нібы матрошка ўкладаюцца ў іншыя мроі, завабліваюць яе ўсё глыбей. Прыемная дэзарыентацыя ў пэрыядах жыцьця і порах году.
Але потым зноў восень і зноў закінутая царкоўка на старых могілках.
На нейкі час ёй уяўляецца, нібы яна бачыць гэтую восень вачыма Іншага. Нібы гэта ягоная скура адчувае подых сіверу, што даносіцца сюды з ракі. Здаецца, Марыя нават чуе ягонае пакашліваньне і пацепваецца так, як можа пацепвацца толькі ён.
Аднак зьнянацку, бяз дай прычыны, нешта здараецца. Гэты напрамак руху яе мрояў аказваецца тупіковым, і неўзабаве яна зусім адна. Тая ж самая восень, тая ж царкоўка, але ўжо бяз Іншага.
Марыя хоча пакланіцца фанернаму крыжу, які ўсё яшчэ стаіць ля адной са сьцен спусьцелага храма, але чамусьці ў яе не атрымліваецца. І гэтак шторазу.
Сяргей выціскае зь цюбіка пасту, набірае ў рот вады. Чысьціць зубы. Рухі дакладныя, вывераныя да драбніц. Управа, улева, трошкі вышэй, затым трэба ўхітрыцца выгнуць шчотку, каб дацягнуцца да тых аддаленых куточкаў рота, куды дабрацца ня так проста. Мэтадалёгія яго дзеяньняў бадай бездакорная, яна праверана і часам і жыцьцёвым досьведам.
Старанна палошча рот, выключае ваду, выціраецца рушніком – сьпярша тыльны бок далоні, а потым і ўнутраны, – прасачыўшы за тым, каб ні кропелькі вады не засталося паміж пальцамі. Уважліва ўглядаецца ў свой твар і пераконваецца, што паголены ён ідэальна. Выключае сьвятло, выходзіць, зачыняе за сабою дзьверы ў ванную.
Валасы ў яго ўжо кранутыя сівізною, заўважае Марыя. Яна ўпотайкі назірае за Сяргеем са свайго месца за кухонным сталом.
Яны пазнаёміліся пазаўчора, проста на вуліцы. Сяргей падышоў да яе, каб спытаць, як патрапіць у адзін з аддаленых раёнаў горада. Там у іх месца дыслякацыі. І хаця атрымаў вычарпальны адказ, туды ён не паехаў – ні ў той дзень, ні ў наступны.
Ужо праз дзесяць хвілінаў яны пілі ў маленькай забягалаўцы дрэнную распушчальную каву, абмяркоўваючы фільмы Таркоўскага. Сяргей неўзабаве сказаў, што Марыя падаецца ёй вельмі блізкім чалавекам.
– Нечакана блізкім, – удакладніў ён.