Марыя ўмее спаць не заплюшчваючы вачэй, не спыняючы млявай размовы, не выпускаючы шклянкі з рук.
Сон цячэ па ейных венах бы лёгкая эфірная субстанцыя, замяняючы ацяжэлую кроў.
Часам у сьне яна адчувае, нібы яе скура стала зусім тонкай, працерлася амаль да дзірак. Як быццам, яшчэ зусім трошкі – і ўсё тое, што ўнутры, адтуль пасыплецца.
Часам у сьне яна нават зьбірае ўласнае зьмесьціва з падлогі ды зь нявіннай усьмешачкай запіхвае яго назад – быццам памаду і туш, што выпалі з парванай касмэтычкі. І зьдзіўляецца таму, наколькі лёгкімі могуць быць лёгкія.
У сьне яна заўсёды трапляе ў нейкае бясьпечнае і ўтульнае месца. Лясная рачулка, чые берагі парасьлі мохам, у абдоймах якога яе дакладна ніхто не пакрыўдзіць. Печ закінутага крэматорыя, у якой можна прыемна распрастаць ногі, загарнуўшыся ў цёплую коўдру. Надзейна абсталяваная схованка ля цеплатрасы ў пад’езьдзе, якая здаецца паратункам пасьля шэрагу папярэдніх падзей – самі яны чамусьці засталіся па-за кадрам.
Часта ёй падаецца, нібы яе цела атачае вадкасьць – трохі клейкая, але прыемная і цёплая. Там ёй надзвычай камфортна, як быццам у пляцэнце.
Сон Марыі ўпарты, яго проста так не адолець. Ён рашуча адсоўвае ў бок нягеглую рэчаіснасьць (талая вада пад нагамі, грубы вокрык на блёкпасту, нехта штурхае яе за плячо са сваім апяць наркаманка).
У гэтыя моманты Марыя шэпча: я – гэта сон. Альбо, дакладней, сьненьне, калі мець на ўвазе ня зьяву, але працэс.
Cон расстаўляе свае акцэнты ўспрыманьня, і крывыя цені галінак, што пакалыхваюцца на шурпатым шэрым асфальце, падаюцца ёй ня менш істотнымі, ніж пачутыя сёньня навіны пра пачатак спэцапэрацыі.
У сьне кроплі дажджу, што сьцякаюць па шыбіне, раптоўна атрымліваюць сваю вызначаную звыш мэту шляху. А вечнае пытаньне “Навошта?” і наогул становіцца шапаценьнем каляровых паперак на прутках вэнтылятара.
Сон здатны выткаць казачныя сюжэты, сон спараджае лёгкае жаданьне, якое ахоплівае беспрытомную прынцэсу акурат напярэдадні доўгачаканага пацалунку прынца.
Часам сон абуджае да дзеяньня іголачкі беспрычыннага шчасьця, ад уколаў якіх яшчэ доўга ніякавата, нібы з бадуна.
Але самае цікавае ў сьне – гэта сьмерць. Падзеньне з хмарачоса, лабавое сутыкненьне на матацыкле, мернае і, відавочна, незваротнае апусканьне ў водную бездань. Бясплённая барацьба, адчуваньне адчаю, канвульсіі...
Марыя любіць паміраць, у яе гэта атрымліваецца вельмі часта – і, здараецца, даволі вынаходліва. Сьмерць хоць ненадоўга абуджае замарожаныя нэрвовыя клеткі. Сьмерць падаецца ёй найлепшым атракцыёнам у жыцьці.
Марыя засынае і цяпер – яна ўжо даўно навучылася рабіць гэта нават з расплюшчанымі вачыма, – калі Здыхлік ізноў нешта вярзе ў яе на кухні. Здаецца, пра Бхагавад-гіту.
Яна ўжо ведае, што Здыхлік вырашыў уцячы. Гэты подзеўбень адпраўляў эсэмэскі зь яе тэлефона, не парупіўшыся іх нават выдаліць. Баба ў дадзеным выпадку – толькі перашкода, праінструктавалі яго. У адказ ён напісаў, што паедзе бяз бабы: так болей шанцаў прарвацца, калі на блёкпасту іх машыну спыняць і давядзецца рушыць праз лес пехатой.
Марыя сьпіць, седзячы за сваім кухонным сталом. Яна дакладна адчувае, як тэмпэратура яе цела паступова павышаецца – вельмі марудна, літаральна па градусе ў хвіліну. Але нарэшце яно становіцца лавай, якая толькі цудам яшчэ ўтрымлівае пэўную форму.
Нечаканае пытаньне выбівае яе з каляіны. Нешта пра рэінкарнацыю, і адразу, у тым самым сказе, дай грошай. Ідзі на хуй, кажа яна скрозь сон. Трэба заплаціць за рамонт зімовых чаравікаў, зіма ж ужо на носе, а праз тыдзень брат прышле, тлумачыць Здыхлік.
Марыя хоцькі-няхоцькі зусім вяртаецца ў рэчаіснасьць і ў адказ пытае Здыхліка пра ягоныя жыцьцёвыя пляны. Яго адразу перасмыкнула, мускулы твару нэрвова ўздрыгваюць. Ён падобны да шкаляра, якога засьпелі ў прыбіральні за ананізмам.
Назіраючы за ім, Марыя атрымлівае задавальненьне. Гэта адзінае задавальненьне, якое можна атрымаць ад Здыхліка.
Ён пачынае з ходу прыдумляць пра сваю новую звышсакрэтную працу, затым ізноў цытуе Бхагавад-гіту. З носу ў яго тырчаць некалькі валасінак. Ад няма чаго рабіць Марыя іх лічыць: дзьве ў левай і тры ў правай ноздры.
Яшчэ зранку яна задумвалася пра помсту і нават была пасьпела выбудаваць адзін вынаходлівы плян. Але цяпер яе раптам ахоплівае поўная абыякавасьць. Марыя назірае за Здыхлікам так, як людзі звычайна назіраюць за жывой прыродай: зь цікаўнасьцю, але ня ўмешваючыся і без асаблівых эмоцый.
Адчуваючы, што яго падазраюць, Здыхлік пачынае запэўніваць Марыю ў іх сумеснай будучыні ды прапануе абмеркаваць цікавую бізнэс-ідэю.
– Сячэш, мужыку важна ня тое, што яна гаворыць, а як, – Здыхлік натхнёна аргумэнтуе сваю задуму навучыць кітайскіх сьняжанаў тутэйшаму акцэнту.
Па ўсім відаць, ён прыдумляе на хаду, хаця і кажа, быццам усё ўжо пралічыў. Марыя не рэагуе на ягоныя словы настолькі ніяк, што яе рэакцыя падаецца яму зацікаўленай, і ён працягвае:
– Трэба, каб яму звыкла было, каб як родненькая, як жывая... Уябаў такой па рыле – а яна, ціпа: “Э, ты чо! Ішчо раз рукі распусьціш – месяц даваць ня буду...”. А ня проста гэтая тупізна: “Мілы, я цябе кахаю, бла-бла-бла, ты мужчына маёй мары, вазьмі мяне на раялі...”.
Марыя міжволі адзначае, што Здыхлік даўно адстаў аж жыцьця: мяркуючы па гуках з кватэры суседа, сьняжаны ўжо забясьпечваюцца цэлым наборам падобных функцый. Да патрэбаў кліента яны адаптаваныя нават з улікам рэгіянальных дыялектычных асаблівасьцяў, ня кажучы пра сацыяльны статус.
– Галоўнае, што ў будучыні мы будзем разам, – завяршае сваю прамову Здыхлік. І дадае нешта з усходняй філязофіі.
У гэты самы момант Марыя ў сваім новым сьне ўваходзіць у офіс Партыі супраць будучыні. Там мяккія дывановыя дарожкі, добрая вэнтыляцыя. З дынамікаў гучыць павольная музыка. Марыя пытае ў прыёмнай, дзе можна аплаціць сяброўскія ўнёскі, але выяўляецца, што сівы сакратар сьпіць – яшчэ глыбей, чым яна. Безапэляцыйна сьпіць.
Здыхлік, тым часам, працягвае фантазіраваць, ягоная фантазія становіцца ўсё больш бурлівай. У іх колішнім творчым калектыве ён выконваў функцыі сцэнарыста, і некаторыя ягоныя сьмелыя задумы яшчэ доўга прымушалі цела Марыі балець.