Аня цяпер працуе раздатчыцай у сталоўцы. Яна тоўстая, нязграбная, апранутая ў зашмальцаваны фартушок. Твар чырвоны. Дае аплявуху, калі хтосьці дзеля жарту хоча яе ўшчыкнуць за лытку. А па вечарох плача, выключыўшы тэлевізар пасьля чарговага сэансу мыльнай опэры.
Ружовы пантофлік на тонкім абцасіку ніяк бы ўжо не налез на яе тоўстую цэлюлітавую нагу. Яна проста яго растаптала б.
Рэчы застаюцца, калі зьнікаюць пачуцьці, кажа Марыя. Рэчы можна памацаць, патрымаць у руках, паднесьці да носа. А потым зноў выкінуць у мокрую траву.
Пантофлік з шоргатам туды апускаецца, Марыя выцірае прыліплую да пальцаў гразь.
Рэчы надзейныя і непарушныя, нават калі яны аддадзеныя пад уладу гніеньня. Людзі перастаюць быць значна хутчэй – спачатку адно для аднаго, а потым і для сябе саміх.
Марыя ўяўляе ўсю гісторыю толькі як сукупнасьць рэчаў. Трывалых, маўклівых, непадуладных эмацыйным павевам. І думае пра тое, што застанецца ў выніку ад яе.
У сьне Пол яшчэ неаднаразова дакранаўся да твару Ані і шторазу зьдзіўляўся яго ўласьцівай хіба для камянёў халадэчы.
Раніца. На кухні скразьняк. Праз прыадчыненую фортку разам са сьцюдзёным паветрам з вуліцы ўрываецца дзіцячы віскат, пах дрэннай саляркі, урыўкі апошніх навінаў.
Марыя ўжо хвілін пятнаццаць сядзіць ля вакна. Нічога ня робіць і ні пра што ня думае. Урэшце, пацепваецца ад холаду, устае і прычыняе фортку.
Нядзеля. Двор нагадвае карціну Брэйгеля. Хтосьці выбівае дыван. Хтосьці падыходзіць да кагосьці, хто гуляе ў даміно на капоце старога жыгулёнка, нязлосна лаецца і чуе прывітальную лаянку ў адказ. Хтосьці заклейвае вокны крыж-накрыж ды закладае мяхамі. Хтосьці караскаецца па канструкцыі, падобнай да бабілёнскай вежы, але захрасае на палове шляху, раптоўна спалохаўшыся вышыні. Хтосьці ў той самы час сасьлізгвае з самага верху падобнай канструкцыі. А потым гучна апавядае сябрукам пра тое, як учора “бубух”, і пра дзядзек, якія прыехалі на танку ў іхны двор ды пару разоў пальнулі з гарматы.
Шмат рухаў, шмат дэталізацыі. Фантасмагарычнасьць сюжэту адчуваецца толькі калі паспрабаваць правесьці паміж рознымі дзеямі паралелі, выкрышталізаваць іх агульны наратыў. У Марыі бадай атрымліваецца, сюжэт падаецца ёй выкшталцона-вар`яцкім, і гэта яе забаўляе.
У дзьверы грукаюць. Спачатку яшчэ даволі далікатна, з сэкунднай паўзай: бум... бум... бум, але неўзабаве ўжо гучна і нецярпліва. Марыя чуе мацюкі: “Ды тут ён, хуля, зашыўся, бля, сука”.
Яна ведае, што гэта зноў прыйшлі па Здыхліка. Пару дзён таму ён паспрабаваў абрабаваць краму на прывакзальнай плошчы. Зразумела ж, няўдала. Ягоны твар патрапіў у камэру відэаназіраньня, а злоўлены ў тую ж ноч няздара-напарнік ведаў адрас Марыі.
Яна ўстае з крэсла і нясьпешна ідзе адчыняць. Байцы народнай міліцыі пахнуць баршчом з часныком – зрэшты, чым яшчэ яны могуць пахнуць?
– Ды ня ведаю я, сноўдаецца недзе, – з парогу кажа яна, ледзь не апярэдзіўшы запытаньне. – Ён мне ўвогуле... муж ці што?
– Ну, любезная, так а тады хто?
– Конь у пальто, – адказвае Марыя.
Яны не сьпяшаюцца сыходзіць, хутка прыкідваючы, чым ім можа быць карысная гэтая зусім яшчэ нестарая кабета. Але іх позіркі натыркаюцца на вочы Марыі, беспахібна счытваючы ў іх агеньчыкі шаленства. Абодва сынхронна прыходзяць да высновы: з такой лепей ня зьвязвацца, ну яе нах. І неўзабаве іх крокі ўжо чуваць на лесьвіцы.
Марыя вяртаецца на кухню, у галаве млява варушацца кавалкі пачутых толькі што каструбаватых фразаў: “абавязаны уведаміць а прысутствіі”, “сакрывацельства являецца саучасьціем”. Усё гэта паралелізуецца з усьведамленьнем таго, што сёньня нядзеля.
Здыхліка, напэўна, хутка знойдуць, думае яна. І тады расстраляюць. Звычайна такіх расстрэльваюць, асабліва ў такі час.
Марыя зноў займае свой назіральны пункт ля вакна. За прамінулыя пару хвілін у агульнай карціне адбыліся прыкметныя зьмены. Купка дзяцей пакінула горку ды згрупавалася ля мужыка ў камуфляжцы і з аўтаматам. Гэта адзін з той самай народнай міліцыі, ён жыве ў суседнім доме, і малыя яго ведаюць.
Умольна просяць даць ім пастраляць. Урэшце, мужык згаджаецца – “але толькі адзіночнымі”. Кулі адна за адной угрызаюцца ў сьцяну прыземістага буданчыка электрашчытавой. Захопленыя ўскрыкі, сьмех...
Марыя ўстае – трэба нарэшце памыць падлогу. Але тут жа зноў млява апускаецца на сваё крэсла. Бездапаможна запальвае і вырашае яшчэ пасядзець ля вакна.
Яно цудоўна замяняе ёй тэлевізар, забясьпечваючы ненавязьлівы фон з рухаў і гукаў. Прычым, як няцяжка заўважыць, падзеі за вакном часам нават менш прадказальныя, ніж на экране.
Марыя часта засынае ў самых нечаканых месцах: у аўтобусе, у чарзе па талёны на хлеб, падчас размовы за выпадковай пляшачкай зь нейкімі напаўзнаёмымі ў парку.
У гэты момант Марыя кажа: я – сон. Я зусім сон. Альбо, дакладней, сьненьне, бо маецца на ўвазе ня зьява, але вязкі, павольны працэс. Нібы сочыва пакрысе выплёскваецца з-пад накрыўкі цуда-гаршчочка, прымушаючы ўсіх навакольных мух замерці ў экстазе блаславёнай сьмерці.
Сьненьне – гэта працэс. Паступовае зьмяненьне тэмпэратуры цела, колераў унутры, тактыльных адчуваньняў.
Ліхтарны слуп ёй падаецца зробленым з плястыліну. Як, зрэшты, і асфальт пад нагамі, якому цяпер яна можа надаваць прывабную форму, націскаючы мыском свайго бота. Твар міліцыянэра – таксама з плястыліну, варта дакрануцца да яго, каб гэта зразумець.
У сьне яна любіць ляпіць з паўсюднага плястыліну дзівосныя фігуры, паступова зьмяняючы аблічча зямлі.
А праз грузнае тулава мужчыны ў скуранцы і кепцы, здаецца, можна і наогул прасунуць руку.