Гэта нічыйная тэрыторыя, невялікая пустка паміж аўтамагістральлю ды жылымі кварталамі. Вось ужо колькі дзесяцігодзьдзяў яна трывала выключана з цывілізацыйных працэсаў, стаўшыся для ўсіх лішняй. Яе прынята прамінаць па датычнай, на ладнай хуткасьці ды гледзячы выключна перад сабою.
Дзякуючы гэтаму, лапік зрабіўся сапраўдным запаведнікам для сьмецьця. Людзі рэгулярна выкідаюць туды самыя розныя рэчы, і ніхто – за выключэньнем хіба рэдкіх бамжоў – іх не прыбірае.
Гэтыя рэчы мэталічныя, плястмасавыя, скураныя, кардонныя. Чырвоныя, жоўтыя, парудзелыя, асклізла-шэрыя. Некаторыя зь іх даволі буйнагабарытныя, а некаторыя нават цяжка і ўгледзець у траве.
Позірк факусуецца на нейкіх дробных дэталях, кшталту паўсьцёртай наклейкі на кодабе дзіцячага грузавіка.
Марыя здатная бачыць пэўнае хараство ў выпадковых спалучэньнях прадметаў, арганізаваных паводле сваіх натуральных законаў – нібы непадуладная чалавечай рэгуляцыі экасыстэма.
Найперш гэтае хараство ў ненаўмыснасці. Ніводзін дызайнэр альбо мастак ня здолеў бы стварыць такую інсталяцыю.
Толькі вецер, павеў якога раптам кудлаціць яе валасы.
Марыі здаецца, што гэта месца, куды людзі адносяць свае ўспаміны і нерэалізаваныя жаданьні, каб пастарацца назаўсёды ад іх пазбыцца.
У сьпякотныя дні лета высокая трава, якую няма каму касіць, выгарае на сонцы, жоўкне і становіцца нібы з плястмасы. Цяпер позьняя восень, трава мокрая і аблезлая. Пад падэшвамі хлюпае.
Марыя забрыла сюды выпадкова і бяз дай-прычыны. Ёй ня надта карціць вяртацца дахаты і зноў бачыць чужы твар па той бок кухоннага стала.
Напэўна, па начах тут усё жыве сваім жыцьцём, думае яна. Рэчы цяжка ўзыхаюць, вохкаюць, жаляцца ды паўтараюць бы мантры свае даўно абрыдлыя суседзям гісторыі.
Але цяпер дзень, і шызаватае сьвятло агаляе іх банальную сутнасьць.
Яна адчувае сябе выпадковай сьведкай, міжвольнай вуаерысткай, якой собіла падгледзець недатычныя яе праявы чужога жыцьця
Марыя зь цікаўнасьцю ўздымае зь зямлі ўшчэнт прагнілы ружовы пантофлік на невялічкім абцасе. Прыкладна 36-ы памер. Ён вельмі нагадвае рэквізыт тых фільмаў, дзе ёй даводзілася здымацца. Нешта па-дзявочаму наіўнае. Такое заўсёды вабіла мэтаваю аўдыторыю – асабліва тых, хто з залысінамі, лішняй вагой і валасамі на пузе.
Марыя адкідае пантофлік ды рушыць далей. Ступае асьцярожна, вывяраючы кожны крок. Ёй ня хочацца парушаць натуральны ход падзеяў у гэтым запаведніку сьмецьця.
Мэтраў праз дваццаць спыняецца, чамусьці ідзе назад, зноў падымае пантофлік. Ёй здаецца, што гэтая вартая жалю рэч раптам пачынае да яе прамаўляць.
Адной цудоўнай раніцай Пол знайшоў той пантофлік на падлозе сваёй разьдзяўбанай “бэмкі” і пэўны час ня мог згадаць, каму б ён мог прыналежыць. А згадаўшы, тут жа палічыў за лепшае забыць. Пагатоў, далёка ня ўсе эпізоды яго начных прыгодаў былі прызначаныя для доўгатэрміновага захоўваньня ў памяці.
Пол паціснуў плячыма, вылаяўся ды выкінуў знаходку праз фортку – пакуль мама не заўважыла ды не ўчыніла чарговы скандал.
Пантофлікі Аня купіла акурат напярэдадні іх спатканьня – і, што ўжо тут утойваць, менавіта зь яго нагоды.
Аня была пульхнаватай і бязь меры наіўнай. У краме ёй нават не прадавалі піва, пакуль яна не пакажа дакумэнты.
Рабаціністы твар, сьветлыя валасы, сьмешны даўгаваты нос, падобны да неразьвітай дзюбы.
Яе міміка. Дзіўныя ўздрыгваньні правай рукі як рэакцыя на пачуты жарт.
Бачыш, кажа Аня, яно ўсё стала зусім іншым. Гэтае шызаватае сьвятло летняга золку, гэтыя правады, лаўка, закінуты запарожац ля ўзбочыны, мае прожылкі, што праглядаюцца праз белую скуру запясьця, яно ўсё стала зусім іншым, калі ты побач.
Аня кажа гэта сваім целам, пакуль Пол расьцірае пальцамі правы локаць. Ён доўга ляжаў у адной позе, і цяпер яму трохі муліць.
Яна кажа гэта, калі ўсё ўжо адбылося. Адбылося амаль як у тых фільмах, якія сёньня Пол назваў бы старамоднымі, але тады глядзеў ледзь ня суткамі.
Я стала часткай цябе, я зрабілася вадкай, падатлівай і амаль празрыстай, кажа Аня. Я пранікла праз тваю скуру, мой любы, і цяпер паволі расьцякаюся па тваіх артэрыях.
Голас Ані гучыць, перакрываючы тлум дыскатэкі, п’яныя крыкі на вуліцы, навязьлівы шум у галаве. Гучыць і неўзабаве змаўкае.
У тую летнюю ноч Аня прыйшла дахаты басанож і схлусіла маме, што аддала ружовыя туфлі сяброўцы на выпускны.
Потым былі дні колкага чаканьня, калі кожны званок мабільніка прымушаў яе ўскалыхнуцца бы сырэна паветранай трывогі.
Потым былі незьлічоныя зімовыя раніцы, падобныя адна да адной. Сон падступна абуджаў надзею, але першыя ж промні няўпэўненага дзённага сьвятла раскрышвалі яе на дробныя і гострыя аскепкі.