Здыхлік ужо прачнуўся, ён сноўдаецца ў адных майтках на кухні. Хоча наліць сабе вады з крана, у яго сушняк.
За тыя гады ягоная пастава моцна зьмянілася, адзначае Марыя. Хударлявы, сутулы, скрыўленыя валасатыя ногі з жоўтымі пазногцямі. Зрэшты, ён ніколі не вылучаўся прыгажосьцю. Ён жа прадзюсар, ад яго не патрабавалася. А ўсё, што яму было трэба ад дзяўчат, мог узяць на кастынгу альбо пасьля здымак. Так бы мовіць, па-сяброўску. Марыя ў такіх выпадках асабліва не высільвалася, але былі дурніцы, якія думалі, быццам гэткім чынам можна палепшыць кар’еру.
Здыхлік дэбілоідна пасьміхаецца, гледзячы на яе. Марыя чамусьці асабліва востра адчувае, што лета ўжо скончылася, прычым незваротна. Лінолеум пачаў адрывацца ад падлогі, адкрываючы воку дзіўны сьвет жыцьця бактэрый.
Марыя расшпільвае куртку і вешае яе на цьвічок у вітальні. У яе зьяўляецца адчуваньне нейкай незавершанасьці. Вяртаецца на кухню, набірае ў рондаль вады, ставіць на пліту. Мые пад кранам памідоры, рэжа іх на дошцы, затым адным махам нажа скідае ў міску, соліць, налівае алею. Дастае зь лядоўні кавалак сала, распалосвае яго на лусты. Усё як звычайна.
Калі тры дні таму ў яе кватэры раптам раздаўся званок, Марыя ажно схамянулася. Такое здаралася і раней: суседзі заходзілі каб пазычыць пласкагубцы альбо на пляшку, цыганы зьбіралі “на апэрацыю сыну”, абаяльныя і гладка паголеныя мужчыны пры гальштуках прапаноўвалі наборы посуду.
Кожнага разу ўнутры Марыі раптам успыхвала надзея. Нешта абавязкова валілася з рук – як быццам яе нехта прыгадваў.
Расчараваньне было настолькі балючым, што ў адказ на спакусьлівыя дзелавыя прапановы або ўмольныя просьбы Марыя толькі моўчкі ківала галавою, ня надта ўсьведамляючы, чаго ад яе хочуць.
– Дэбілка, навернае, – ледзь чутна казалі тады візытанты. Паціскалі плячыма ды сыходзілі ад граху падалей.
Здыхлік зьявіўся ў кватэры неспадязвана для Марыі – і бадай незаўважна. Пасьля таго, як яго бізнэс лёг пад націскам сьняжанаў, ён недзе туляўся, нават спрабаваў ажаніцца.
Не даслухаўшы ягоны аповед, Марыя ідзе на кухню, каб прынесьці шклянкі для “трох сякераў”.
За ўвесь вечар яна прамаўляе хіба пару словаў. Здыхлік таксама.
Калі партвэйн сканчаецца, Марыя выключае тэлевізар, і яны кладуцца спаць.
Вада ва ўнітазе цурчыць тонкім струменьчыкам. Марыя мае вельмі абвостраны слых. Часам яна можа чуць нават сіплае дыханьне суседа Толіка, які ў сьне нібы адхарквае назапашаныя за доўгі век успаміны.
Касыя промні месяцовага сьвятла пакідаюць палосы на сьцяне пакою. Здыхлік робіць сваю справу і неўзабаве засынае, а Марыя яшчэ доўга паліць, лежачы на сьпіне і ўслухоўваючыся ў цурчаньне вады, ціхае-ціхае-ціхае.
Цяпер, калі Марыя гатуе есьці, Здыхлік гаворыць нечакана шмат. Пра тое ды пра іншае. Яго цікавіць японская культура і ў прыватнасьці кодэкс бусідо. У тым, што ён кажа, вельмі шмат клічнікаў і словаў-паразытаў (“Э... ну, кароча...”), і Марыя зьвяртае на іх увагі нават болей, ніж на самі словы. Але часам яго маўленьне становіцца хуткім і ўпэўненым. “У штодзённых справах трэба не забываць пра сьмерць і захоўваць гэтае слова ў сэрцы” – па памяці цытуе Здыхлік.
Марыя хапае брудны ручнік і здымае з фаеркі рондаль з бульбай. Усё-такі абпальвае палец і нязлосна лаецца.
Здыхлік нагінаецца, каб пачухаць сваю лытку. Валасы на ягоных грудзях зьвісаюць няроўнымі пасмамі. І гэта той лес, у якім ты зусім ня хочаш схавацца.
Марыя паўтарае ягоны рух, але ўжо без усялякага сэнсу. Чухае лытку, хаця яна ня чэшацца. Ёй хочацца пераканацца, што маторыка пальцаў у іх са Здыхлікам абсалютна розная.
Затым змахвае крышынку хлеба, якая ўжо каторы дзень чарсьцьвела на стале. Здыхлік у гэты момант пераходзіць да тэмы пачуцьця віны ў кодэксе самурая.
У двары скрыпнулі арэлі. Зваліўшыся зь іх, п’яны Толік раптам пачынае сьпяваць – замест таго, каб проста мацюкнуцца.
Сёньня першы дзень, калі яна не адчувае Іншага побач з сабою.
Уздоўж суседняга дома праязджае белая машына. Шапаціць лісьце, ускалыхнутае ўжо даволі прахалодным ветрыкам. Пахне спаленай гумай. Здыхлік кажа: “Шлях самурая – гэта памкненьне да сьмерці”.
Марыя пачуваецца відэарэгістратарам, які абыякава фіксуе тое, што адбываецца навокал. Прымусіць сябе ўзяць у руку відэлец у такіх варунках асабліва складана. А калі гэта ўсё ж удаецца, высьвятляецца, што ўжо позна. Здыхлік заўсёды валодаў унікальным умельствам гаварыць і есьці адначасова.
Спахапіўшыся, Марыя ўключае радыё, каб не прапусьціць паведамленьне пра камэнданцкую гадзіну. Вецер ускалыхвае клён, што расьце ля самых вокнаў, і яго аголеныя галіны падаюцца Марыі безьліччу хцівых рук, якія мкнуцца долу каб схапіць за горла сваю ахвяру.
Важную інфармацыю яны выслухоўваюць моўчкі, а затым сыты і задаволены Здыхлік пачынае зноў разважаць пра самураяў ды пра сьмерць. Матор лядоўні раптам заводзіцца, як быццам бы з мэтай запярэчыць.
Сьмерць можа быць у простых рухах, думае Марыя. У тым, як яна звычайна запальвае фаерку альбо адразае лусту хлеба, насамрэч вельмі шмат сьмерці. Гэта, лічы, запаволенае харакіры. Запаволенае настолькі, што ўжо ў сярэдзіне дзеяньня ты зусім ня памятаеш, з чаго яно пачыналася. Ня кажучы пра яго мэту.
Марыя выключае радыё. Надыходзіць вечар, які нясе звыклы безнадзейны спакой.
Колькі яшчэ такіх вечароў яе чакае?
Прытаміўшыся ад інтэлектуальнай працы, Здыхлік прылёг на канапу, і неўзабаве ўжо можна пачуць ягоны храп. Грудзі рытмічна ўздрыгваюць, аброслыя шчэцьцю шчокі надзімаюцца і зьдзімаюцца – нібы ён напампоўвае паветрам гумовы балёнік. Здыхлік сьпіць спакойна, як і кожны чалавек з чыстым сумленьнем.
Марыя бярэ з кухоннага стала даўно нямыты нож з наліплым хлебным месівам, выцірае яго крысом майкі, распалосвае некалькі пальцаў на левай руцэ і піша чырвоным на палінялых шпалерах: ПАРТЫЯ СУПРАЦЬ БУДУЧЫНІ.