Праз адчыненае вакно чуваць выбух. Гэта ўпершыню, таму Марыя палохаецца. Фортка грукае аб сьцяну, шкло трасецца ад вібрацыі, але не разьбіваецца. У дзясяткаў машын сынхронна спрацоўвае сыгналізацыя – у кожнай на свой матыў, – і ў гэтым гармідары першапачатковая прычына неяк хутка забываецца.
Марыя апранае халацік, запальвае і падыходзіць да вакна. Ля пад’езда бязладная гамана. Усе паказваюць у бок цагельнага завода. Відавочна, снарад пацэліў менавіта туды.
Марыя згадвае апошнія навіны на мясцовым радыё, але тут жа лічыць за лепшае іх забыць.
Марыя не распрануўшыся плюхаецца ў ложак, на брудныя прасьціны, якія яна ніколі не прыбірае. Стома чамусьці даецца ў знакі куды болей, ніж голад. Стома, нібы нецярплівы мужчына, навальваецца на яе і авалодвае, лёгка пераадольваючы млявы супраціў.
У кватэры ўжо паўзмрок, але яна не запальвае сьвятло. Подзьмухі ветру адсланяюць фіранку, і ў пакой трапляюць водблескі фар выпадковых машын.
У суседняй кватэры Дзіма глядзіць футбол. Паверхам вышэй чуваць грукат посуду. “Да ацтань, ня буду я твае катлеты. Апяць булкі дахуя налажыла”.
Марыя перакотваецца са сьпіны на жывот і ўтыркаецца тварам у падушку. Заплюшчвае вочы. Прыемная нерухомасьць.
Ёй хочацца засьпяваць для яго песьню, і яна ўяўляе, як песьня злучае іх, утварае ў іх целах скразныя адтуліны і робіць іх нечым адным.
Цела Марыі цяпер ужо не здаецца ёй такім маналітным, як гэта бывае звычайна. У ім адкрываюцца поры, праз якія трапляе паветра. Яна можа адчуваць сваім целам паўзмрок, што пануе ў пакоі, выгіны кветак на падваконьні і нават дождж, які пачнецца за вакном яшчэ толькі праз пару хвілінаў. Цяпер яна можа сьпяваць сваім целам.
І вось, песьня ўжо гучыць у яе ўяўленьні. Ён таксама ў яе ўяўленьні, і песьня робіць яго там прысутным. Яна здатная нават чуць гэтую песьню яго ўяўленьнем.
І няма нічога страшнага ў тым, што гэтая песьня пра сьмерць.
Марыі хочацца прамаўляць гэтае слова на музычны лад, цягнуць яго сваім прыгожым сапрана, якое было дадзена ёй таксама толькі ва ўяўленьні.
Сьмерць ва ўсе часы была найлепшай тэмай для песень.
Сьмерць – гэта зусім не яе цяперашняя рэальнасьць.
Сьмерць бывае адно ў шумерскіх паданьнях альбо на карцінах прэрафаэлітаў.
Сьмерць ніколі ня прыйдзе ў яе аднапакаёўку з выцьвілымі кветачкамі на шпалерах і лінолеумам на кухні – узбухлым, як ёй падаецца, ад сьлёз.
Тут, сярод аднолькавых пашарпаных пяціпавярховак, проста ня можа быць сьмерці. Тут ёсьць польская сантэхніка, эўрарамонт. У кожнай зь ячэек цепліцца сваё жыцьцё, мілае знутры, але бясконца панылае для адчужанага погляду назіральніка.
Сьмерць заўсёды ўяўлялася ёй нейкай атрыбутыўнай прыкметай часу, але тут час застыў, бы кавалкі тушаніны ў бляшанках на забытым стратэгічным складзе.
Аднак Марыі цяпер дадзена адчуваць час, прычым зусім не як непазьбежнасьць альбо імпэратыў. Але таксама і зусім не як сьмерць.
Яе цяперашнім часам раптоўна становяцца панчохі, зьнятыя пасьля насычанага ўражаньнямі дня і пакладзеныя на ўскраек гатэльнага ложка, складкі на якім будзяць прыемныя ўспаміны. Альбо замілаваньне, калі ў парку спасярод вялізнага горада яна раптам убачыла вожыка. Альбо той выпадак, калі яе папрасілі трохі патрымаць на руках пяцімесячную дзяўчынку, і немаўля пасьпела насікаць Марыі на сукенку.
Марыя хоча занурыцца ў кожны з гэтых момантаў і навекі зрабіць яго сваёй рэчаіснасьцю. Як быццам паставіць на паўзу фільм на самым прыемным ягоным кадры – перад тым, як здарыцца непазьбежны ў драматургіі канфлікт.
Разуменьне таго, што гэта немагчыма, накотваецца бы лавіна цэмэнту. Сваімі абгрызенымі пазногцямі Марыя ўтыркаецца ў мяккія тканкі ля запясьця.
Затым устае з ложка, чамусьці ідзе ў вітальню, вяртаецца, уключае тэлевізар, некалькі разоў шчоўкае пультам, калі бачыць на кожным канале выявы свайго няроднага горада. Урэшце, трапляе на прагноз надвор’я па “Эўраньюс” і пакорліва выслухоўвае, колькі градусаў заўтра будзе ў Монтэвідэа, а колькі ў Бэйруце.
Затым выключае тэлевізар і зноў кладзецца ў ложак. Затым устае, каб памыць яшчэ заўчорашні посуд, але замест гэтага чамусьці з усяе моцы б’е нагой парожнюю бутэльку ад піва, што стаяла пасярод кухні. Затым ізноў уключае тэлевізар, і ён узрывае паветра злавеснымі гукамі калыханкі.
Поры цела Марыі паступова закрываюцца, быццам бронезаслонкі ў кулямётнай амбразуры, і ўжо неўзабаве яна ня можа адчуваць зусім нічога.
Цела Марыі – гэта яе абалонка, якая абараняе і аберагае.
Марыя вяртаецца з крамы, цягнучы пакунак з алеем, бульбай, памідорамі. Сёньня ізноў падаражэла.
Нейкі час яна магла ўвогуле ня есьці, проста забывала пра гэта. Сядзела ў сваім крэсьле ля вакна і паліла цыгарэту за цыгарэтай. У зарослым двары ля паржаўленых арэляў бавіліся дзеці, стаяла гамана. Потым цямнела, у суседнім доме запальваліся вокны. Аднойчы яна нават бачыла ў небе кітайскі ліхтарык.
Але тое было даўнавата, калі яна толькі сюды прыехала. Цяпер Марыя нешта есьць, хаця вельмі няшмат і лянуецца гатаваць.
Марыя ставіць клункі на падлогу і пачынае выкладаць іх зьмесьціва ў старэнькую лядоўню.