Марыя думала, яны не адкладуцца ў яе памяці – як не запамінаюцца твары сустрэтых на вуліцы мінакоў. Але, як выявілася потым, кожны зь іх захаваўся ў нейкіх патаемных рэгістрах – каб раз-пораз неспадзеўкі нагадваць пра сябе.
Яна чакае, што нехта выключыць у залі сьвятло, і спэктакль скончыцца, бо сцэну паглыне цемра.
На бегавой дарожцы стадыёна хутка зьяўляецца вялізная калюжына. У ёй адлюстроўваецца месяц (цяпер амаль поўня), а таксама, вельмі блякла, агні кватэр бліжэйшых дамоў.
Іншы? Яна пакуль ня ведае, што рабіць зь Іншым. Адмовіцца ад яго чаканьня – вышэй за ейныя сілы. Хаця розум падказвае, што так трэба.
Але ён ня можа патлумачыць, што застанецца пасьля таго, як Іншы перастане для яе існаваць.
Занураная ў свае думкі, Марыя не заўважае, што ўжо даўно рушыць па коле. Нібы яна займаецца спартыўнай хадой. Тым часам, дождж сьціхае.
У калюжыне адлюстроўваецца край ейнага твару, зьнізу ўверх. Яна адчувае сябе выпадковым прадметам, які зьнянацку патрапіў у кадр, сапсаваўшы яго бездакорную кампазыцыю.
Замест таго каб своечасова скарэктаваць маршрут і ўсё ж трапіць у краму, Марыя чамусьці скіроўваецца да ракі. Яна зусім недалёка, зарослыя хмызьзём берагі ў такую пару абсалютна пустэльныя.
Сярод вецьця самотнага дуба на невысокім схіле цёмнымі плямамі праглядаюцца пустыя птушыныя гнёзды. Быццам пакінуты сваімі насельнікамі горад.
Марыя выходзіць на невялічкі пляжык, дзе месяцовае сьвятло адбіваецца ад пацёртага і адпаліраванага часам дна перагорнутай рыбацкай лодкі. На тым беразе відаць цьмяныя абрысы заводскіх трубаў.
Вада тут надзвычай брудная, гэта ведае кожны. Але не зважаючы ні на што, Марыя раптам пачынае верыць: рака валодае звышпрыроднай здольнасьцю ачышчаць – змываючы дазваньня.
Змываючы дэманаў радасьці, дэманаў мінулага, дэманаў надзеі...
Рака падаецца ёй Ярданам. Марыя думае, што калі яна туды ўвойдзе, воды адразу зьменяць свой напрамак ды пацякуць ад Чорнага мора да тых ледзь прыкметных ручаінак, што бруяцца зь нетраў зямлі недзе ў зацішных лясах.
У такі момант, як цяпер, Марыя вельмі хоча ўбачыць цуд. Хаця цудам ёй можа падацца і звычайны фокус.
Падыходзіць бліжэй. Кожны крок усё больш рызыкоўны. Глейкая гразь прагна ўсмоктвае яе красоўкі. Поўня разлазіцца па зыбістай воднай паверхні, быццам вадкае мыла па пральнай дошцы.
Яшчэ адзін рух наперад – і яна злучыцца з ракою. Марыя хоча легчы на ваду, распасьцерці рукі. І ўпэўненая, што вада будзе яе трымаць – столькі, колькі будзе патрэбна.
І яна будзе плысьці па рацэ – да тых ручаінак, адкуль рака пачынаецца.
Марыя робіць няўпэўнены крок. Падэшва сьлізгае. Нага амаль міжволі пераадольвае мяжу іншай стыхіі. Красовак умомант прамакае. Марыя ўздрыгвае ад нечаканага холаду.
І ў тую ж сэкунду рэзка адторгвае нагу і хуткаю хадою выбіраецца да сьцяжыны. Не азіраючыся, рушыць у бок гарадзкіх агнёў. У той бок, дзе ёсьць пяціпавярхоўкі, крама і чаканьне Іншага.
ІІ. Партыя супраць будучыні
I said to my soul, be still, and let the dark come upon you
Which shall be the darkness of God.
T.S. Eliot. East Coker
Як і трэба было чакаць, наступны дзень выдаўся пахмурным. Марыя ўстае позна і доўга разглядае зморшчыны на азызлым пасьля сну твары. Цяпер яна магла б патрапіць хіба ў разьдзел “сьпелыя”, прасьлізнула думка. Але там заўсёды вялі рэй дагледжаныя немкі ды францужанкі, а месца “рускіх” было толькі ў супрацьлеглай катэгорыі “лаліты”.
У ранішнія часы розум нібы выскоквае па-за межы цела, нібы аддаляецца ад яго некуды па сваіх справах.
Цела Марыі цьвёрдае і сухое, быццам счарсьцьвелы кавалак велікоднага пірага.
Цела, дотык да якога прыносіць яму адно нэрвознасьць, а калі цёплым альбо вострым, тады рэфлектарнае ўздрыгваньне.
Цела, якое здаецца ёй адзінай уласнасьцю, і менавіта таму яно стала чужым.
Яно даўно ўжо не прыдатнае да спажываньня. Яно проста функцыянуе.
Марыя разглядае ямінкі, складкі, варыкозныя прожылкі, шчылінкі, бугарочкі, валасінкі, чырвоныя плямкі. Смочкі апушчаны долу – ня тое што раней.