– Ну што ты маўчыш, пуська мая, скажы хоць славечка, – Міла абдымае яго за плячо і спрабуе зазірнуць у вочы.
Дзіма адхіляе яе, абарочваецца, прыўздымае па-над канапай сваё тулава і з размаху б’е па твары. Узьнікае паўза.
У яго ёсьць усяго некалькі імгненьняў, каб прыдумаць матывацыю сваёй агрэсіі, і ён не дае сабе рады за такі кароткі час.
– Што, сука, саўсем ахуела! – толькі і кажа ён. – Я ж цібе ўсё прыпомню, усё...
Выглядае непераканаўча, але эфэкт гарантаваны. Міла пачынае румзаць.
Дзіма скідае яе з канапы, а затым зноў б’е па твары. Потым яшчэ пхае нагой, акунаючы ступак у мяккія тканкі жывата.
– Мілы, зз...зз...за што? – усхліпвае Міла. – Ня трэба, ня трэба, каханы...
Яна кідаецца перад ім на калені. Рука Дзімы, зноў паднятая для ўдару, міжволі апускаецца.
– Ну скажы, што, што я табе зрабіла? – працягвае свой надрыўны маналёг сьняжана, шморгаючы носам і зьлізваючы соплі, перамяшаныя з крывёй. – Чаму ты руку на мяне падняў?
Дзіму і самому становіцца сорамна, але што тут паробіш: накаціла ды ўсё. Замест выбачэньня, ён моцна абдымае Мілу. “Ну ладна, малая, ладна, ты ж знаеш... Ладна, малая, не бяры да галавы...”
Далей чуваць грукат посуду, дзыньканьне шклянак, хіхіканьне, чмоканьне.
Марыі трохі боязна. Яна чула, што піць са сьняжанамі катэгарычна забараняецца: пры найменшай няспраўнасьці гэта можа выклікаць кароткае замыканьне, а затым – пажар. Дзіма, напэўна, таксама чытаў інструкцыю па эксплюатацыі, але лічыць, што ў кабетах і зьвязанай зь імі тэхніцы бясьпецы ён разьбіраецца куды лепей за іншых.
Недзе праз паўгадзіны вясёлы шум заціхае. Дзіма згадвае пра хакей, выключае Мілу (у хакеі бабы ўсё адно ні халеры ня цямяць і будуць толькі перашкаджаць) і ўладкоўваецца ля тэлевізара. Цяпер ён адчувае, што праграма напоўніцу выкананая, і гэта прыносіць яму прыемнае задавальненьне – як пшаніцу прадаўшы. Самы час расслабіцца і засяродзіцца на гульні.
Ён нават і не падазрае, што ўвесь гэты час быў не адзін. Зрэшты, у кожным разе... Тую ненаўмысную сьведку, той кволы згустак жыцьця, які цепліцца за сьцяной яго кватэры, цалкам можна было адразу сьпісаць з рахункаў і наогул ня браць пад увагу.
Звычайна шлях Марыі з крамы дадому займае ня болей за пяць хвілінаў. Выйшаўшы з пад’езда, трэба збочыць у прагал паміж аднолькавымі панэлькамі – такімі самымі, як тая, дзе яна жыве. Затым абмінуць дзесяціпавярховы слупок – ён тырчыць тут бы клык састарэлага вампіра, што даўно ўжо не бываў у стаматоляга. Затым рушыць уздоўж высокага глухога паркана, які атачае рэшткі хімічнага завода.
Марыя дакладна ведае зьмест і разьмяшчэньне ўсіх нанесеных на яго цела надпісаў.
Урэшце, дарога прыводзіць да мэты. Увечары гэты лапік – адзіны, асьветлены ліхтарамі, – падаецца аазісам жыцьця. Нібы цёплы струмень у паўночным моры.
Апошнім часам Марыя рэдка ходзіць кудысьці, апрача крамы. Шчыра кажучы, і хадзіць ёй асабліва няма куды.
Ёй шторазу падабаецца, калі зь цемры вонкавай яна трапляе туды, дзе цёпла, сьветла і добра пахне. А яшчэ ёй даспадобы ўпэўненыя вывераныя рухі, уласьцівыя кожнаму пакупніку. Яны вельмі грунтоўныя, сур’ёзныя, пераканаўчыя. Дакладнаму набору дзеяньняў спадарожнічае і загадзя вызначаны асартымэнт эмоцый.
Але гэтым разам яна чамусьці адхіляецца ад звычайнага маршруту. Выйшаўшы з пад’езду, ідзе не налева, а направа. Там усё тое самае – такія самыя пашарпаныя пяціпавярхоўкі.
На нейкі час спыняецца, каб паназіраць за рабочымі, якія корпаюцца ў глыбокай водаправоднай канаве, асьветленыя шахцёрскімі ліхтарыкамі. Гэты хтанічны рытуал чамусьці яе палохае, але зусім нядоўга. І неўзабаве Марыя абыякава рушыць далей, гледзячы сабе пад ногі.
Праз пару хвілін яна трапляе на школьны стадыён. Ужо позна, заняткі даўно скончыліся, у будынку сьвецяцца толькі некалькі вокнаў. У пустой клясе прыбіральшчыца з мацюкамі аддзірае ўтаптаную ў падлогу жуйку.
На стадыёне амаль нікога. Самотны хлапчына гадоў дзесяці гойдаецца на мокрых арэлях, але неўзабаве сыходзіць і ён.
Сёньня першы дзень лістапада, згадвае Марыя. І акурат у гэты момант пачынае ліцца дождж.
Чамусьці яна чакала на гэты лістапад. Як быццам, нешта ў ім павінна было адбыцца. Што дакладна, было незразумела, як невытлумачальныя і ўсе спадзяваньні.
У кішэні курткі раптам намацаўся плястмасавы пялёстак, і Марыя адразу запіхвае яго ў рот. Гэта апошні, бо Марыя болей у той майстэрні не працуе.
Дождж плаўна сьцякае па яе валасах, агінае няроўныя абрысы цела, сочыцца ўздоўж абцягнутых панчохамі каленяў.
Яна чакае, што лістапад змые ўсё.
Дэманаў радасьці, дэманаў мінулага, дэманаў надзеі, урэшце, дэманаў самога чаканьня.
Змые твары мужчынаў, што былі зь ёю цягам жыцьця. Барадатыя, вусатыя, паголеныя, даўганосыя, маршчыністыя і нават адзін чарнаскуры. Шматлікія твары.