Міла пару хвілін моўчкі ўглядаецца некуды ў далечыню. Затым паварочваецца і пачынае дэклямаваць верш Цьвятаевай.
Словы “Повторю в канун разлуки” літаральна магнэтызуюць Дзіму. Міла цяпер падаецца яму далёкай, амаль недасяжнай, і ад гэтага яшчэ больш жаданай.
– Ну што ты, мая харошая, ну што, ну што... – ён спрабуе абняць Мілу ззаду, але яна рэзка вырываецца. Ейны погляд колкі бы ледзяная дзіда.
“И еще скажу устало, – Слушать не спеши!”... – мэтрычная паэзія дзейнічае на Дзіму ня менш узбуджальна, ніж жалейка Нільса на пацукоў.
Яго рукі міжволі цягнуцца да Мілы. Пераадольваючы яе абыякавы супраціў, ён абхоплівае каханую, сьціскае ў сваіх абдымках, літаральна ўгрызаецца ў ейны рот сваім пацалункам.
На вачах Мілы зьяўляюцца сьлёзы, яна песьціць Дзіму гэтак лагодна, як раней у яе, здаецца, не атрымлівалася ніколі.
Як водзіцца, акурат у гэтую хвілю зьвініць тэлефон. Дзіма лаецца, ставіць Мілу на паўзу, тэпае басанож у вітальню, адшуквае слухаўку ў кішэні курткі.
Гэта іх бухгальтарка Валя. Дзіма ледзь стрымлівае эмоцыі, калі з дынаміку чуецца ейнае “Как настрае-еніе?”. Фонам ідзе нецьвярозы жаночы сьмех. Відавочна, Валя там не адна.
– Настраеніе ахуенія, – сур’ёзна адказвае Дзіма, разглядаючы ў люстэрку свой дугападобны чэлес.
Босым нагам халадно на плітцы, ён пацепваецца.
– Ну так давай да нас, – запрашае яго Валя. – Тут і шашлычок, і вінішка найдзёцца. І водачкі, есьлі што.
Дзіма з радасьцю выгукнуў бы ў адказ нешта злоснае і непрыстойнае, але вырашыў стрымацца. Сварыцца з калегамі па працы наўрад ці выпадае.
– Не, Валюша, куда мне? Я ж на мамінай дачэ, работы ішчо неўправарот! Вот толька шыфер палажыў, а нада ж і сьцяжку дзелаць...
– Ой, тружэнік ты наш, – Валя не хавае расчараваньня. – А мы думалі, пасядзім трохі ў выхадной...
Дзіма цудоўная разумее, што пасьля зьяўленьня даступных па цане сьняжанаў жыцьцё такіх кабет, як Валя і яе сяброўкі, стала куды складанейшым. Але наўрад ці ён схільны вырашаць чыесьці праблемы за ўласны кошт.
– И что ж теперь? И где все это? И долговечен ли был сон? – працягвае дэклямаваць зноў уключаная Міла.
Дзіма сядае на канапу, слухае пару хвілінаў, ягоны запал паціху згасае. У страўніку нешта булькоча, зьяўляецца пачуцьцё голаду. А да ўсяго, ён згадвае, што а дзявятай па тэліку хакей.
Лёгкі націск на патрэбную пімпачку хутка мяняе ход падзей.
– Давай ужо, слушай, не цяні, очэнь-очэнь хочацца, – вільготныя вусны Мілы зноў абхопліваюць ягонае вуха.
Неўзабаве іх целы прымаюць гарызантальнае становішча.
Увогуле, пара б ужо паспрабаваць нешта новае, думае Дзіма падчас працэсу. Напрыклад, груба і ў дупу. Балазе, тэхніка дазваляе. Ды і софт хаця палены, але кракнулі яго адэкватна, і глюкаў амаль няма.
Сваёй сьняжанай ён не стамляецца ганарыцца. Асабліва прыемна ўяўляць, якім каралём ён будзе на сяброўскай сустрэчы з нагоды 8 сакавіка. Тым болей, гэта была надзвычай добрая пакупка.
Папярэднюю сьняжану, Рытку, у геніталіях якой ад часу і ўтрапёнага карыстаньня ўтварыліся прагалы, ён здолеў выгодна ўцюхаць нейкаму прышчаваму шкаляру (хай практыкуецца падшыванец, падрасьце – і на што лепшае назьбірае грошай). А потым удалося па акцыі ўзяць сьняжану шостага пакаленьня.
...Між тым, Марыя мэтадычна, з псыхапатычнай падрабязнасьцю згадвае тыя моманты, якія павінны былі скіраваць ейнае жыцьцё ў іншы бок, але ўрэшце захраснулі недзе ў паветры. Тыя завязкі інтрыгоўных гісторый, якія, насуперак усім законам жанру, счэзьлі, так і не разьвіўшыся да кульмінацыі. Зародкі, што ня здолелі стаць дзецьмі, і цяпер знайшлі сваё пачэснае месца ў слоіках са сьпіртам кунсткамэры яе памяці. Сьпіс вельмі доўгі.
Такі занятак ня менш атракцыйны ніж тое, чым цяпер займаецца Дзіма. Марыя, як заўсёды, кажа гэта Іншаму. Да яго скіравана большасьць важных словаў, што зьяўляюцца ў яе сьвядомасьці.
Іншы ўжо, напэўна, ведае пра яе вельмі шмат. Яна нават трохі баіцца яму надакучыць ды падацца балбатлівай кабетай.
Марыя абхоплівае далоньню падбароддзе і на нейкі час застывае ў мройлівым задуменьні.
Праз сцены кватэры даносяцца пранізьлівыя гукі жаночага шчасьця. Яны па-тэатральнаму дэманстратыўныя – прыблізна як у тых фільмах, дзе калісьці здымалася Марыя. Відавочна, менавіта падобныя крыніцы і бралі за ўзор распрацоўшчыкі адпаведнага софту.
Неўзабаве ўсё сьціхае. Міла шэпча на вуха Дзіму пяшчотныя словы, але той ад яе адварочваецца. Нерухома ляжыць ніцма.
Ён адчувае сябе спустошаным. Як быццам яго ўзялі за ногі і патрэсьлі, высыпаўшы ўсё, што знаходзіцца ўнутры. Да таго ж, вельмі моцна муляюць вялізныя 3D-акуляры.