Цела Марыі падаецца ёй грузным, аморфным, напаўжывым. Кожная яго малекула настолькі набрыняла гноем мінулага, што аддзерці яго не атрымаецца нават ацэтонам. Нават разам са скурай.
Зь іншага боку, цела – гэта адзіная рэальнасьць, у якую яна верыць.
Марыя мэханічна грызе печыва, крышынкі падаюць на джынсы. У целе нешта чэшацца, муліць, пабольвае. Яна ніколі гэтага не аддасьць.
Далей брат Зосіма кажа, што мінулае ўжо прамінула, яго проста няма.
Ён кажа пра сьмяротную сілу мінулага, пра тое, як блізкія некалі людзі пераўтвараюцца ў галівудзкіх зомбі, у паразытаў, што высмоктваюць сілы бы павук высмоктвае ўсё жывое зь цельца злоўленай ім мухі.
Відавочна, ён ведае, пра што кажа. Марыя таксама ведае.
Затым ён кажа пра небясьпеку будучыні, пра атрутныя міязмы надзей, пра драпежныя кветкі чаканьня.
І пра тое, што ні ў якім разе нельга ад іх пазбаўляцца.
Пра лёд унутры і лёд звонку і пра скрыгат, які ўзьнікае пры дотыку гэтых двух гатункаў ільду.
Пра эга, успухлае як гематома: яно нарывае, баліць пры кожным дотыку, гніе.
Затым ён кажа пра Прысутнасьць і пра тое, што мы не адны.
Кажа пра Нябачную царкву – там, дзе двое альбо трое.
Кажа пра Сьвятло лагоднае, якое ня здатны гэты сьвет пагасіць.
І кажа пра цемру, пра пустэльню безжыцьцёвую і збавенную.
Марыя ўспрымае ягоныя словы найперш як мэханічныя хістаньні паветра. Іх роўная амплітуда яе заварожвае.
Наступным разам дзьверы кватэры брата Зосімы адчыніць незнаёмы мужчына, тоўсты, лысы і няголены. Наставіўшы на Марыю рулю пісталета, ён прымусіць яе падняць рукі, дбайна абмацае з галавы да ног і паведаміць, што былы гаспадар “таго, на падвал”.
Марыя нават не паспрабуе даведацца працяг гэтай гісторыі.
– Ну, Міла-таміла, давай ужэ, хваціт меня таміць.
Ён прыціскае яе да сябе – пра што можна меркаваць па ейным напускным узьвізгваньні – затым, напэўна, садзіць на калені. Далей працяжныя пацалункі, час ад часу яны перапыняюцца ўзаемнымі камплімэнтамі: бусечка, мілашка, осьлік, сам ты осьлік. Шаргаценьне тканіны. Ай, парвёш жа! Шчас, я астарожненька, да не парву я, ня бойся...
Марыя міжволі ўслухоўваецца ў гукі, што даносяцца праз ня надта трывалыя сьцены панэлькі. Іншага выбару ў яе няма. Тыя дзеяньні, якія гукамі не пазначаюцца, цалкам можна рэканструяваць з дапамогай уяўленьня.
Зь Дзімам, які жыве ў суседняй кватэры, яны дасюль добра не пазнаёміліся, хіба вітаюцца пры сустрэчы на лесьвічнай клетцы. Марыя амаль нічога пра яго ня ведае. Здаецца, ён так і не ажаніўся.
Марыя не адчувае людзей, якія знаходзяцца побач зь ёю. Для яе яны нават зазвычай пазбаўленыя паху, ня кажучы пра эмацыйны водгук. Яны даўно ўжо для яе людзі-функцыі, а не самадастатковыя суб’екты. І, тым болей, ня людзі-знакі.
А тым часам, яны існуюць – і цалкам аўтаномна ад волі Марыі. Прычым існуюць менавіта тут і цяпер, на адлегласьці яе выцягнутай рукі – калі б яе можна было выцягнуць цераз сьценку.
Нягледзячы на млявы супраціў, Дзіма ўмела расшпільвае станік і авалодвае ім, бы трафэем. Правая пяцярня абхоплівае мяккі пульхны паўконус, плаўна яго сьціскае. Пальцы паступова скіроўваюцца ў эпіцэнтар, да смочка. Міла глыбока і імпульсіўна ўцягвае вільготным ротам паветра, раптам зь яе вырываецца кароткі стогн.
Але затым хватка слабне. Пругкасьць падаецца Дзіму недастатковай, і ён намацвае левай рукой пульт. Памылкова трапляе пальцам не на тую кнопку, пасьля чаго Міла адразу здымае зь яго спартыўныя порткі ды цягнецца вуснамі да чэлеса.
Гэта пакуль зарана. Дзіма робіць адмену (Міла імпульсіўна адторгвае руку і выпростваецца па стойцы “сьмірна”), павялічвае пругкасьць грудзей, а заадно і трохі іх памер, натхнёна ціскае.
Затым яго правая рука прасочваецца ў ейныя майткі. “Ай, ня жмякай так, о... а... як хораша, родненькі, як хораша!” – вырываецца зь яе рота, які ўсё бліжэй да ягонага вуха.
– Как будта год не ібалась! – бурчыць Дзіма ды зноў цягнецца па пульт, каб прымусіць сваю каханую стаць крыху халаднейшай.
Раней здольнасьць хутка рабіць Мілу шчасьлівай цешыла ягонае самалюбства, але цяпер гэта ўжо надакучыла. Хочацца нейкай драматургіі працэсу.
Рот Мілы раптам адсланяецца ад ягонага вуха. На яе твары прамалёўваецца засяроджанасьць або, хутчэй, нават адчужанасьць. Міла ўскоквае на ногі, нясьпешна дэфілюе да вакна. Дзіма не адрываючыся сочыць за ёй вачыма.