Марыя ўздрыгвае, быццам нехта пырснуў ёй за каўнер ледзяной вадой, Як выявілася, яна сядзіць у закінутым сквэрыку зь бюстам нейкага даўно забытага героя працы. На пашчэрбленым асфальце купы сьмецьця, у якіх утрапёна корпаюцца галубы. Па вуліцы зь дзікім сьвістам пралятае старэнькі тралейбус.
А пагодка-та нічаво сявоньня, праўда? Я б і на рыбалку паехаў, толька вот чо-та стромна. Там эці на ўезьдзе стаяць, блокпост, бля, а хер іх знает, што ў іх там наўме.
Птушка невядомага для Марыі віду раптам сядае на бэтонную лысіну героя. Галубы тут жа накідваюцца на чужынца, не зважаючы нават на ягоныя паважныя памеры.
У хаце волка, печка даўно няпаленая. Некалькі шыбінаў разьбітыя, і таму скразьняк.
Марыя чуе нейкі шоргат у глыбі вялізнага пакою. Як быццам скрыпіць стары ложак. Паварочваецца на гук.
Яна спадзяецца ўбачыць там старую, але замест яе – дзўчынка гадоў трох.
– Ты адна? – пытае Марыя.
– Ема ула айла, – кажа малая. – Айла.
Дзяўчынка бярэ Марыю за руку і настойліва цягне да вялізнага драўлянага крэсла, падобнага да царскага трону, што быў саматужна выраблены рукастым вясковым умельцам. Падабенства тым болей умацоўваюць няўцямныя сымбалі на ўзгалоўі: сонца, зь якога тырчыць сякера, і нейкі пухнаты зьвярок.
– Мяне жавуць Малыя, – кажа дзяўчынка. – Ма-лы-я. А цябе як?
Марыя пяшчотна пасьміхаецца, гладзіць дзяўчынку па галаве. Ёй трэба запытаць у яе нешта важнае.
Так шо, моэт, скінемся на маленькую? Голас упарта ўрываецца ў сьвядомасьць Марыі. Я дам, ты даш, і пасядзім тут трохі. Ну дык шо, скінемся, а? Пагодка харошая, на рыбалку я ўсё раўно не паеду сігоньня...
Марыя адчувае, што яна ўрэшце патрапіла па адрасе. Гэта яе дом – хаця за час ейнай адсутнасьці ён пасьпеў зьмяніцца да непазнавальнасьці. Але ёй усё адно становіцца тут невымоўна ўтульна.
Яна сядае на саматужны трон, і пад яе дупай раптам лопаецца плястыкавы пакунак. Такі жарт яны калісьці ў трэцяй клясе зрабілі з настаўніцай – таўставатай рыжай Аленай Паўлаўнай. Малая сьмяецца, і Марыя – таксама.
Раптам яна заўважае, што дзяўчынка расьце, літаральна на вачах. У яе зьяўляюцца грудзі, а клубы набываюць прывабныя акруглыя абрысы.
Марыя больш за ўсё на сьвеце прагне перашкодзіць гэтаму росту, прымусіць Малыю застацца ў цнатлівым дзяцінстве. І ў нейкі момант ёй здаецца, нібы яна ведае, як можна спыніць неспыняльнае.
Слушай ты чо, ебанутая, шо лі? Ілі ужэ ўмазалась с утрэца? Да чо ты как ненармальня, ёпт. Давай, давай прасыпайся, хуля.
Марыя хоцькі-няхоцькі расплюшчвае вочы. Хаты ўжо больш няма, зьнік і водар падгнілых яблыкаў. Засталася толькі пустэльная плошча зь бюстам героя.
Разам зь незнаёмцам яны моўчкі рушаць у бліжэйшую краму.
Недзе раз на тыдзень Марыя прыходзіць да брата Зосімы, хаця гэта і даволі далёка ад яе дома. Яна вельмі мала гаворыць, куды болей маўчыць.
Брат Зосіма распавядае пра тое, ува што ён верыць. Як Бог стаў чалавекам, як Творца сьвету прыняў выгляд слугі і быў укрыжаваны, каб выбавіць людзей ад іх грахоў.
Ён кажа пра гэта спакойна і нясьпешна, як быццам апісвае пажаўцелы клён за вакном.
Марыя ня можа прыняць гэтую гісторыю як нешта большае, чым проста гісторыя.
Ёй шматразова даводзілася быць удзельніцай чыіхсьці гісторый, робячы ў іх тое, што скажуць, становячыся ўвасабленьнем нечых фантазій, пругкім і мяккім месівам, зь якога скульптар мог ляпіць усё, што прыйдзе яму да галавы.
З таго часу на гісторыі ў яе трывалая алергія. Яна прызнае іх безумоўнае вяршэнства і ўладу, але ня можа нават сабе ўявіць, як у гісторыі можна верыць.
Паміж ёю і любой гісторыяй захоўваецца непераадольная дыстанцыя, заўсёды ўласьцівая адносінам актора і драматурга.
Словы брата Зосімы губляюцца сярод таго мноства размаітых сюжэтаў, якія хоцькі-няхоцькі ведае Марыя. Урыўкаў нечых гісторый, што выклікаюць у яе адстароненую абыякавасьць, а таксама ашмёткаў гісторыі ўласнай, здатных спарадзіць пякучыя прыступы болю.
Урэшце, Марыі хочацца нейкіх іншых гісторый – атракцыйных, здатных наталіць жыцьцядайнай вільгацьцю яе засохлыя эмоцыі. І абавязкова каб быў хэпі-энд. Такіх гісторый ёй даўно не хапае.
У брата Зосімы пасівелая барада. Ён ставіць на пліту імбрык, дастае аднекуль счарсьцьвелае печыва. На заводзе, дзе ён працуе, ужо трэці месяц ня плацяць заробак. Брат Зосіма кажа, што для яго гэта вялікая спакуса – упасьці ў нуду і асуджэньне. І толькі сілай Божай удаецца захоўваць кволы і крохкі мір.
Ён распавядае пра грэх і адкупленьне праз хрост у Ярдане. Пра ваду, здатную змыць усё мінулае. І пра кроў, якая надае вадзе гэтую моц.