Больш за ўсё яе хвалявалі, вядома, прышчы. Падыходзячы зранку да люстэрка, яна з жахам прадбачыла новыя адкрыцьці адносна ўласнай зьнешнасьці. У той самы час, прышчы было так прыемна ўпотайкі трушчыць у ваннай.
Калі ёй было гадоў пятнаццаць, яна любіла хадзіць на станцыю і слухаць, як цягнікі з сапеньнем прыпыняюцца ля пэрона, каб ужо праз хвіліну зноў зрушыцца зь месца.
Гэта былі летнія вечары, калі гарадок бы п’янкая дымка ахутвала нягучная добразычлівая гамана, яна вылівалася на вулкі праз адчыненыя вокны, пракрадалася ў коміны, сачылася цераз бярвеньні дамкоў, бы ладан уздымалася ў неба па-над завешанымі бялізнай дварамі.
У такую пару вельмі хораша сядзець на вэрандзе альбо ў палісаднічку, пасёрбваць слабенькую гарбату ды апавядаць тыя гісторыі, якія калісьці мелі да цябе дачыненьне, але даўно ўжо сталі проста адстароненымі сюжэтамі. Апавядаць такім тонам, якім звычайна пераказваюць падзейныя калізіі мыльнай опэры.
Цягнікі рушылі зь вялікіх гарадоў у вялікія гарады, прамінаючы транзытныя станцыі хутка і зь неахвотай – як падчас размовы пераадольваюць няўклюдную паўзу альбо перамотваюць на павышанай хуткасьці тыя эпізоды тэлесэрыяла, што ніяк не разьвіваюць сюжэт, бо прызначаныя адно накручваць хронамэтраж.
Людзі зь цягнікоў паглядалі на Марыю недаўменна і безэмацыйна. Кідалі пад колы недапалкі ды вярталіся на свае месцы – даядаць курыцу і даразгадваць крыжаванку.
Аднойчы Марыя падабрала ружовы пантофлік, які нехта выкінуў на пэрон праз фортку падчас п’янай сваркі.
Убачанае з вокнаў купэ здавалася пасажырам адно пласкаватымі дэкарацыямі. Ніхто зь іх не паверыў бы, што за пашыхтаванымі ў роўную лінію нягеглым станцыйным будынкам, воданапорнай вежай і закаванай у плітку “кабанчык” сьмярдзючай прыбіральняй ёсьць нешта яшчэ: ліштвы на вокнах прыземістых дамкоў, тапалёвы пыл у калюжынах, рабаціньне на замызганым дзіцячым твары, бусьлянка на даху міліцэйскага пастарунка, касыя лініі сьлядоў на сьвежай ральлі, пацалункі на ганку закінутай лодачнай станцыі, водар гарэлага лісьця, дзябёлая рыжая біялягіца Алімпіяда Паўлаўна, якую за вочы чамусьці называлі Карлсанам...
Марыя ўжо тады разумела, што некалі ёй наканавана сесьці ў такі самы цягнік ды разам зь ім зьехаць адсюль, і зьехаць незваротна.
Але гэта было яшчэ наперадзе. Пакуль што Марыя праводзіла позіркам хвост саставу, удыхала станцыйны пах мазуту ды вярталася ў знаёмы для сябе сусьвет. Ішла паўз пакрытую раскай сажалку, паўз ДК, адкуль даносіліся рытмы эстрады і хмельны дзявочы віскат, паўз задуменных коз ля аброслага хмызьзём абеліску з зорачкай, паўз пякарню зь яе водарам заўтрашняга хлеба.
Марыя ачомваецца і вырываецца з трансу сваіх успамінаў. Утрапёна трасе галавой, быццам выліваючы з вуха ваду.
Гэта зусім ня тое, чаго яна хацела: ад пачатку ставілася ўмова менавіта распавядаць гісторыю, а не дзяліцца нічога ня вартымі перажываньнямі.
Тым болей, яны належаць ня ёй, а нейкай дзяўчынцы ў калготках і з коскамі, гісторыю якой Марыя спрабуе прысабечыць.
Неўзабаве яна прыходзіць да высновы, што ня здатная распавесьці сваю ўласную гісторыю – так, каб гэта выглядала нібы звонку. Для падобнай справы куды лепей прыдаўся бы пэдантычны дзядзька ў строгім касьцюме.
Тым ня меней, яна наважваецца працягнуць.
Мама працавала выхавацелькай у дзіцячым садку. Яна пільна сачыла за тым, каб Марыя апранала толькі зацыраваныя і чыстыя калготкі і каб банцікі на яе галаве разьмяшчаліся ў строгай адпаведнасьці з законамі сымэтрыі.
Затым, ужо праз нейкі час, яна гэтак жа пільна сачыла, каб усе закаханасьці, што зьяўляліся ў дзявочым сэрцы, гінулі як мага хутчэй і незваротна.
Цела Марыі было жывым, яно чуйна рэагавала на ўсё, што дзеецца навокал. Выпадковыя дотыкі, павевы чужога дыханьня, кантраснае зьмяненьне тэмпэратуры...
Цела Марыі было жывым, маладым і чыстым. Як tabula rasa, гатовая для напісаньня на ёй самых важных словаў.
Марыя сутаргава хапае плястыкавы пялёстак, запіхвае яго ў рот, грызе. Адплёўваецца валасамі, што неспадзеўкі трапілі ў рот. Б’е па стале кулаком.
Праз хвіліну закрывае файл, адмовіўшыся захаваць зьмяненьні, ды ідзе гатаваць вячэру.
У гэтым сьне Марыя згубілася. Быццам дзіця, што забылася, як выглядае родны дом. Хаця яна не дзіця і цудоўна гэта ўсьведамляе, нават у сьне.
Яна па чарзе ўваходзіць у розныя памяшканьні: інтэрнацкія пакоі. кватэры, гатэльныя нумары, катэджы. Некаторыя зь іх зусім незнаёмыя, некаторыя абуджаюць цьмяныя ўспаміны, падобныя, хутчэй, на дэжавю. Але яны ўсё адно ня тое.
Марыя далей ідзе па вуліцы, якая няспынна відазьмяняецца – нібы хаатычная нарэзка кадраў розных фільмаў. Часам гэта вузкі праход паміж дамамі ўсходняга гарадка, часам – шырокі маскоўскі праспэкт.
Разгубленасьць з кожнай хвілінай мацнее.
Марыя заходзіць у наступны дом. Гэта пахіленая хатка з прагнілымі кроквамі. Ледзь не ўсутыч да ганку раскашавала вышэзнае хмызьзё, мокрае ды парыжэлае, бо цяпер восень. Паўсюль хмельны пах прагнілых яблыкаў – няма каму іх тут прыбіраць.
У боце нешта хлюпае: яна толькі што ўвалілася ў яміну. Марыя лаецца і зь дзікім рыпеньнем адчыняе дзьверы.
Яна спадзяецца засьпець тут вельмі старую жанчыну, успаміны пра якую прытаіліся ў адным з самых далёкіх закуткоў яе памяці.
Марыя ня можа дакладна сказаць, што гэта за жанчына, адкуль яе ведае і якія повязі іх лучаць. Захаваўся хіба пах ейных сівых валасоў – даўкі і перасьпелы бы настоянка на зёлках, забытая ў склепе сто гадоў таму. І цяпер Марыя інтуітыўна шукае гэты водар.
Дамачка, дай зажыгалку, чуе яна сіпаты голас. Ну ілі давай я так прыкуру.