Нехта ў той дзень, напэўна, ахайна падшыў апошні ў яе справе аркуш, лёгка пацёр змакрэлыя ад стараньня далоні, паправіў гальштук, пачухаў шурпатымі пальцамі нос, закрыў тэчку і завязаў матузкі. Праца на сёньня завершаная, цяпер яе можна здаваць у архіў ды ісьці на сьвежае паветра.
У гэтай тэчцы было сьвятло сафітаў, вынаходлівыя скураныя вырабы, двайное пранікненьне і пранізьлівыя енкі, якія ў Марыі атрымліваліся амаль натуральна. Там так і было адзначана, побач з усімі іншымі важнымі для пэўных анкет парамэтрамі.
Цяпер яны ўжо зусім неістотныя. Ёсьць толькі брудная кватэрка, сьвярблівыя болі ў інтымных месцах ды плястмасавыя пялёсткі.
Аднак новая гісторыя Марыі ўсё ніяк не сьпяшаецца пачынацца.
Напэўна, справа ў тым, што адказны за гэта дзядзька насамрэч ня надта адказны, думае яна. Ён скончыў працу, прыйшоў дахаты, павесіў у шафу свой строгі касьцюм, ахайна распрастаўшы пінжак на плечыках, надзеў працёртыя трэнікі, паеў пельменяў і заваліўся на канапу глядзець тэлевізар.
Наўрад ці ў яго ёсьць жонка, чамусьці лічыць Марыя.
На экране – футбол, матч ня клеіцца, і ён уважліва назірае за тым, як гульцы бязмэтна ганяюць мяч з аднаго канца поля ў іншы. Лік на таблё – 0:0.
Раптам нехта тэлефануе, але дзядзька не ўстае з канапы. Ён заварожана сочыць за ходам падзей, і паступова ягонае дыханьне набывае адпаведны ім рытм. А ўсьлед за дыханьнем – і крывацёк, і абмен рэчываў.
Аднастайная камбінацыя рухаў паўтараецца і паўтараецца. Гэта доўжыцца нават пасьля таго, як сканчаюцца адведзеныя рэглямэнтам паўтары гадзіны. Футбалісты ўсёй камандай бягуць да брамы суперніка, затым – у самы, здавалася б, востры момант – нібы наўмысна аддаюць мяч, і рух адбываецца ўжо ў зваротным кірунку.
Матч не завяршаецца і тады, калі яго глядач раптоўна памірае ад спыненьня сэрца, разрыву мачавога пухіра, а тое і проста ад голаду.
На працы нават не заўважылі адсутнасьць аднаго з клеркаў. Калегі працягвалі кідаць у бок яго працоўнага месца звычайныя “здрасьце”, на стол па-ранейшаму траплялі тэчкі з гісторыямі такіх, як Марыя, а карпаратыў з нагоды юбілею арганізацыі скончыўся поўным алкачадам, і не заўважыць страты байца ў гэтым тумане было зусім няцяжка.
Пагатоў, у кожнага ж ёсьць свая ўласная гісторыя, і ніхто не захоча па сваёй волі ёю дзяліцца.
А між тым, дзядзька паціху раскладаўся сабе на сваёй канапе. Суседзі, якіх бянтэжылі непрыемныя пахі, аднойчы ўжо амаль наважыліся патэлефанаваць у міліцыю. Але паколькі з кватэры ўсё яшчэ даносіліся гукі матча, яны вырашылі, што ўсё ў парадку – проста, прагнілі назапашаныя на бальконе памідоры.
А потым наступіла зіма, выпаў сьнег, і ўсім увогуле стала не да таго.
Зь безьлічы магчымых варыянтаў, чаму новая гісторыя Марыі так упарта ня хоча пачынацца, ёй самой найбольш падабаецца менавіта гэты.
Чарговы пялёстак чамусьці аказаўся гаркавым на смак.
Ад няма чаго рабіць Марыя прыдумляе сабе новую забаўлянку. Сядае за кампутар і пачынае запісваць уласную гісторыю. Так, нібыта гэта робіць чалавек, які мае магчымасьць назіраць за Марыяй звонку. Адпаведна, у трэцяй асобе.
Прычым гэта павінен быць бесстароньні назіральнік, тут жа дадае Марыя. Неперадузяты і ў пэўнай меры нават цынічны.
Яна цюкае пальцамі па клявіятуры, і на экране паступова зьяўляецца яе гісторыя.
У адным невялічкім гарадку СССР нарадзілася прыгожая пульхная дзяўчынка, якую мама назвала Марыяй – хаця тата хацеў, каб яна была Васілісай. Але назвалі ўсё ж Марыяй, і гэта аказалася слушным рашэньнем, бо тата хутка выправіўся на камсамольскую будоўлю, і болей яго ня бачылі.
Яна спрабуе ўявіць, што яе скура стала празрыстай, і назіральнік можа аглядаць усё зьмесьціва – бы ў плястыкавай торбе.
У тым гарадку былі тапалёвыя прысады і крама з назвай “Дамашні”, у ёй прадавалі даўгія ледзяшы, якія ўсе называлі “карандашы”. Яшчэ там былі старыя могілкі, дзе Марыя зь сябрамі любіла гуляць у хованкі. Адчуваньне рыхласьці глебы на грудках (калі наступаеш нагой) яна памятае і пагэтуль.
Дотык босых ступакоў да нагрэтага за дзень асфальту.
Гульня ў класікі на вялікіх пашчэрбленых плітах ля райвыканкама, пабітыя каленкі.
Паляваньне на конікаў, шматгалосьсе жабаў увесну ў старой сажалцы.
Ровар, канешне ж, ровар.
На нейкі момант гульня так захоплівае Марыю, што яна і сапраўды амаль упэўненая, нібы гэтая гісторыя адбывалася зусім ня зь ёю, а з кімсьці іншым. Зусім-зусім іншым – бялявай танюткай дзяўчынкай у жоўтых сандаліках.
“Што тут яшчэ важна дадаць?” – пытае сябе Марыя. Можа, пра дзіцячы садок, пра школу, дзе заўсёды пахла падгарэлай кашай, пра тое, як аднойчы яна паспрачалася, што вып’е тры літры кіслага малака, але адужала толькі два, і пасьля малако яшчэ пару дзён выходзіла праз усе дзіркі яе арганізма?
Альбо гэта ня так і важна? Мабыць, і сапраўды ня так важна.
Але што тады важна? Гукі горна, што даносіліся зь сіпатых дынамікаў на піянэрскіх лінейках? Трапныя ўдары па пальцах вялікай драўлянай указкай, калі матэматыца Ліпухіна, зь яе ваеннай выпраўкай, заўважала, што гэтыя пальцы занятыя чымсьці ня тым? Пачуцьцё сораму, калі яе засьпелі зь Мішам на ганку закінутай лодачнай станцыі?