З рохканьнем накручвае свае колы сансары стары вэнтылятар. Калі ягоныя лопасьці паварочваюцца да стала, купка сьцяблінак пачынае лёгка трымцець. У роце Марыі – чамусьці саланаваты прысмак.
Сьвятло слабенькай лямпачкі без абажуру бязладна расьсейваецца па-над усім гаражом, спараджаючы сапраўдны тэатар ценяў. Кветкі, якія выглядаюць драпежнымі, чалавечыя рукі (іх ахвяры), выпадковыя прадметы (проста сьведкі)... У сьвеце ценяў характар узаемадзеяньня гэтых чыньнікаў падаецца зусім іншым, ніж ён ёсьць насамрэч.
Марыя пасьпяхова сканчае вытворчы цыкль і тут жа набірае новы камплект сьцяблінак, лісткоў і галовак.
Плястмасавыя кветкі чамусьці атрымліваюцца ненатуральна яркімі і – гэтаксама ж ненатуральна – дасканалымі па сваёй форме.
За суседнім сталом шчыруе Елізавета Міхайлаўна. Праца выходзіць у яе назьдзіў шпарка. Ейныя тоўстыя пальцы з адрузлай скурай і кароткімі бруднымі пазногцямі ўвішна сплятаюць зялёныя сьцяблінкі ды націнаюць на іх чырвоныя суквецьці. Вусны пры гэтым напяваюць нешта з рэпэртуару Укупніка, забясьпечваючы ці ня кожны радок камэнтарамі з багатага жыцьцёвага досьведу. У глыбокія барозны зморшчынаў на яе твары трапляе сьвятло настольнае лямпы, і яго ледзь прыкметная воку гульня дадае гэтай кабеце яшчэ большую рухавасьць.
Елізавета Міхайлаўна падобная да павучыхі, якая імкнецца ахапіць усю даступную ёй прастору, зьнітаваць сваімі ніткамі тыя рэчы і зьявы, якія здавалася б, месьцяцца зусім далёка адна ад адной і зусім непрыдатныя для зьнітоўваньня. Ніткі вільготныя і клейкія.
Гатовыя кветкі складаюцца ў вялізную кардонную скрыню, і за восем гадзін працы іх там назапашваецца прыблізна дзьве тысячы. Ужо праз дзень-два яны разыдуцца па сьвежых грудках, чые будучыя насельнікі пакуль яшчэ бесклапотна пацягваюць сваю гарбату альбо бырла.
Поруч з Елізаветай Міхайлаўнай Марыя пачувае сябе няўклюдна ды няўпэўнена, яна ня ведае, як з гэтым змагацца і ці наогул трэба. Вядома, часам ёй даводзіцца нешта адказваць. Часам вокрыкі Елізаветы Міхайлаўны ратуюць яе ад нечаканага наплыву ўспамінаў, што, як заўсёды, здараюцца ў самы неспрыяльны момант.
Але гэтым разам Марыя балюча ўкалола палец, калі яе напарніца зноў прыгадала сваю ўлюбёную прымаўку пра шлях да мужчыны праз ягоны страўнік. Не абышлося бяз лаянкі.
Тут шэрыя неатынкаваныя сьцены з аблупінамі старой фарбы і намёртва ўпаянымі ў бэтон шматкамі старых газэтаў. Гэтай пярэстай паверхні ўласьцівая дзіўная фактура, і ўглядацца ў яе можна да бясконцасьці: яно супакойвае.
Марыя кладзе ў кошык чарговую гатовую кветку. Шурпатая нізкаякасная плястмаса непрыемна трэцца аб фалянгі ейных пальцаў. Але гэтае тактыльнае адчуваньне неспадзеўкі надае ёй бадзёрасьці, яно нібыта вяртае да рэчаіснасьці з той прастрацыі, куды так часта трапляе Марыя. Праца ідзе трохі весялей, але зусім нядоўга.
Па радыё Колька віншуе сваю малую Настку Зелянуху з пасьпяховым выключэньнем з хабзы за прагулы і просіць паставіць чырвоную плесьню.
Яшчэ толькі дванаццаць. Дакладней, дванаццаць нуль восем, але гэта ня так ужо і істотна. Да канца працоўнага дня застаецца як мінімум шэсьць гадзін.
Марыя спрабуе надаць сваім рухам манатоннасьць ды ўявіць, быццам яна – аўтамат. Атрымліваецца ня надта ўдала. Сьцябло выпадае зь яе пальцаў, Елізавета Міхайлаўна перапыняе свой аповед, каб спытаць, у каго яна закаханая.
Тады Марыя мяняе тактыку і заклікае ў сваю сьвядомасьць дэманаў радасьці. Але вольных паблізу не апынулася, усе былі занятыя на іншай працы альбо паленаваліся адгукацца на яе выклікі, а прынаджваць іх пэўнымі рэчывамі ў дадзеным выпадку наўрад ці мэтазгодна.
Стары будзільнік на століку павольна адлічвае свае хвіліны. Відавочна, ён зусім не адаптаваўся да цяперашняй хуткаплыннай эпохі, час у гэтым гадзіньніку ідзе гэтаксама разьмерана, як у старых фільмах пра партызан або міліцыянераў, што здаваліся іх стваральнікам вострасюжэтнымі.
Марыя ўздыхае. Перакруціць старую кінастужку ў паскораным тэмпе наўрад ці атрымаецца – яна проста парвецца.
Не зважаючы на раздражнёныя позіркі, Марыя зноў адкладае працу ды выходзіць на ганак папаліць. Пэўны час пальцы яшчэ адчуваюць тую шурпатасьць, якая можа быць уласьцівай толькі штучным кветкам.
Марыі вельмі падабаецца ламаць і грызьці штучныя пялёсткі, хаця пах у іх далёка ня самы лепшы. Перад выхадам з працы яна набірае цэлыя кішэні шурпатай зялёнай плястмасы з кардоннай скрыні, на якой напісана “брак”.
Елізавета Міхайлаўна заўсёды зьдзіўляецца: навошта? Маючы практычны розум, яна безвынікова сіліцца дапяць, якую карысьць можа прынесьці ў гаспадарцы гэтае лайно.
Калі ўвечары Марыя сядзіць за кампутарам, яна раз-пораз засоўвае руку ў кішэню, наўгад дастае адтуль кавалачак і бы дзіця запіхвае яго ў рот. Зубы фіксуюць выгіны формы, язык плаўна праходзіцца па няроўнай фактуры, адзначаючы шматлікія атожылкі.
Гэты мілы занятак – добры паратунак ад дэманаў мінулага, якія ў такую пару сутак асабліва сіляцца ўцягнуць Марыю ў свае віры беспрычынных успамінаў.
Рух, адчуваньні болю і смаку – акурат тое, чаго хранічна не стае Марыі. Але дапамагае яно ненадоўга, неўзабаве сківіцы Марыі працуюць ужо ўхаластую, не забясьпечваючы сьвядомасьць ніякімі ўражаньнямі, а затым і наогул спыняюцца. Яна з агідай выплёўвае знявечаны згустак плястыку.
У такі момант ёй часта хочацца застыць, замерці ў нейкай як мага больш натуральнай паставе – бы на партрэце post mortem віктарыянскай эпохі. У яе гэта атрымліваецца, яна засякае хвіліны. Максымум дванаццаць, неблагі вынік.
Затым нешта чэшацца, тэлефануе, сыгналіць у двары. Марыя без асаблівага імпэту вяртаецца ў сьвет жывых, каб ізноў пераканацца, што ў ім нічога не адбываецца.
Міжчасьсе, калі сьнег пераўтвараецца ў ваду яшчэ толькі ў паветры.
Міжмоўе, калі вымушанае маўчаньне не прарастае словамі, захрасаючы ў роце бы пялёсткі плястмасавых ружаў.
Міжладзьдзе, калі эмоцыі і спакой адначасова ёй недаступныя, бо запакаваныя ў тонкую плёнку абыякавасьці.
Пяць гадоў таму Марыя ўпершыню адчула, што ейная гісторыя скончылася.
Пяць гадоў таму Марыя ўсьвядоміла, што яна болей не Мадам Брык, ня Ксюша Люцік і не Медсястра Тая. Адгэтуль яна зноў Марыя. Цалкам, канчаткова і незваротна.